Дрэваапрацоўка – без шкоды для здароўя

Добраўпарадкаванне Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

У Стаўбцоўскім раёне дзейнічае 31 прадпрыемства дрэваапрацоўкі, з іх – тры дзяржаўныя і 28 прыватных. У галіне працуюць 918 чалавек, у тым ліку 182 жанчыны. Гэта складае 5,2 працэнта ад занятага насельніцтва.

На рабочай нарадзе ў старшыні райвыканкама было разгледжана пытанне аб наглядзе за дрэваапрацоўчымі прадпрыемствамі. Абмеркаванне ішло ў прысутнасці прадстаўнікоў арганізацый дрэваапрацоўкі.

Інтарэс да гэтай тэмы абумоўлены неабходнасцю прадаўжэння работ па прывядзенні ўмоў працы ў дрэваапрацоўцы ў адпаведнасці з гігіенічнымі нарматывамі. Неабходна далейшае ўдасканаленне культуры вытворчасці, паляпшэнне вытворчага асяроддзя, вырашэнне праблем санітарна-бытавога забеспячэння працаўнікоў.

Вынікі агляду ўсіх прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі раёна, праведзенага ў сёлетнія студзень – люты, пацвердзілі адчувальныя змены сітуацыі ў лепшы бок. Гэта знайшло адлюстраванне ў змяненні адносін да вытворчай санітарыі, утрымання тэрыторый, саміх вытворчых участкаў, у забеспячэнні належных бытавых умоў.

Яскравыі прыкладам гэтаму можа служыць РУП «Навасвержанскі лесазавод» (дырэктар В. С. Дзейчык). Сёння гэта экспартаарыентаваная добраўпарадкаваная вытворчасць, дзе выкарыстоўваюцца сучасныя тэхналогіі лесапілення. У рамках праграмы вытворчай мадэрнізацыі ўведзена ў эксплуатацыю сучасная фрэзерна-брусочная лінія. Прадугледжаны ўсе меры бяспекі на рабочых месцах. Для работнікаў створаны належныя санітарна-бытавыя ўмовы. Цяпер на месцы можна прыняць гарачы душ, перакусіць з калегамі ва ўтульным пакоі прыёму ежы, высушыць пры неабходнасці спецадзенне ў спецыяльна абсталяванай сушылцы і т. п.

На дасягнутым кіраўніцтва прадпрыемства не спыняецца. Працягваецца работа па прывядзенні ў парадак вытворчых участкаў, мадэрнізацыя якіх спачатку не прадугледжвалася.

Змяніўся падыход да культуры вытворчасці і з боку дрэваапрацоўчых арганізацый прыватнай формы ўласнасці. Прыкладам таму ПВГУП «Лесформінвест-плюс» у Заямным (дырэктар В. В. Жыбуль), ПВГУП «Сігда» ў Дзераўной (І. Г. Сінкевіч), ТАА «ЭкспаПрамВуд» у Літве (В. І. Канкаловіч) і іншыя. «Павеяла» чысцінёй ад выгляду такіх прадпрыемстваў як УП «Фэнсі Вок» у Слабадзе (В. В. Сачук), СТАА «Аіс-Біхест» у Ніўным (І. Л. Ваяводскі). Гэта ўсяляе пэўныя надзеі на поўнае прывядзенне названых прадпрыемстваў у належны стан.

Разам з тым работу па паляпшэнні ўмоў працы неабходна працягваць. Так, лабараторнымі даследаваннямі ўстаноўлена, што ўдзельная вага рабочых месцаў, якія не адпавядаюць гігіенічным патрабаванням па шуме, склала 33,9 працэнта, пылу – 127, мікраклімату – 4,5, асветленасці – 1,5 працэнта. На фоне гэтага абавязковай умовай для прафілактыкі вытворчага траўматызму з’яўляецца забяспечанасць рабочых і кантроль за выкарыстаннем імі сродкаў індывідуальнай аховы і спецадзення, што на большасці дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў ігнаруецца. Можна назваць ТАА «ПаннаСувенір» у Наваколасаве (М. М. Пяткевіч), ТАА «Сабук» у Трылесе (С. А. Сахута) і іншыя.

Нездавальняючае ўтрыманне тэрыторый вытворчых участкаў складае 20 працэнтаў у структуры парушэнняў. Негатыўны прыклад тут СТАА «ДзіСаВа» ў Вечатарове (М. Г. Шыбко). Адсутнічаюць належныя санітарна-бытавыя ўмовы на такіх прадпрыемствах як ТАА «Белсэрвісзабеспячэнне» ў г. Стоўбцы (І. В. Хадасевіч), ТДА «Дзінэз» у Наваколасаве (А. С. Мемус) і т. п.

Па выніках рабочай нарады зацверджаны План мерапрыемстваў на 2015 год, які павінен стаць завяршальным у справе навядзення парадку на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах раёна.

Увогуле ж мадэрнізацыя дрэваапрацоўчай прамысловасці – пытанне, якое разглядаецца і кантралюецца на самым высокім узроўні. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь на нарадзе, дзе разглядаўся праект указа па пытаннях удасканалення дзейнасці ў сферы лясной гаспадаркі, адзначыў: «Сёння стаіць задача забяспечыць эфектыўнае функцыянаванне ўсяго ляснога комплексу, і перш за ўсё мы маем на ўвазе глыбокую перапрацоўку лесаматэрыялаў, каб атрымаць прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю». Зразумела, што патрабаванні да галіны самыя сур’ёзныя.

Ігар КУНЦЭВІЧ,

галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Стаўбцоўскага раёна

НА ЗДЫМКАХ: 1 і 2. І на выторчасці, і ў бытавых памяшканнях Навасвержанскага лесазавода – парадак і чысціня;

  1. Як належыць абсталявана кантэйнерная пляцоўка на тэрыторыі ПВГУП «Лесформінвест-плюс»;
  2. УП «Фэнсі Вок» – дэманстрацыя «музейнай тэхнікі»;
  3. «Зручнасці» для работнікаў у памяшканні ТАА «Вівалія»;
  4. Бытавы закуток у СТАА «АіС-Біхест».

 

***

ІНФАРМАЦЫЙНАЕ ПІСЬМО. НЕ ДАПУСЦІЦЬ ТРАЎМАТЫЗМУ

Дрэваапрацоўчая вытворчасць з’яўляецца адной з самых траўманебяспечных.

Паводле  аператыўных даных Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь у 2014 годзе пры эксплуатацыі дрэваапрацоўчага абсталявання ў арганізацыях Рэспублікі Беларусь зарэгістравана 43 няшчасныя выпадкі з цяжкімі наступствамі. Прычым, пяцёра пацярпелых у момант траўміравання знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

Згодна з дадаткам 1 «Тыповы пералік работ з павышанай бяспекай» да інструкцыі аб парадку навучання, стажыроўкі, інструктажу і праверкі ведаў працаўнікоў па пытаннях аховы працы тыповы пералік работ з павышанай бяспекай, зацверджаны пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 28 лістапада 2008  г. № 175, эксплуатацыя дрэваапрацоўчага абсталявання адносіцца да работ з павышанай небяспекай, і, адпаведна, патрабуе правядзення дадатковых мерапрыемстваў для забеспячэння выканання работ.

Разам з тым, на практыцы прыходзіцца канстатаваць значныя недахопы пры арганізацыі і правядзенні работ па перапрацоўцы драўніны. Прычым, парушэнні патрабаванняў бяспекі працы дапускаюцца як кіруючай асобай, так і самімі пацярпелымі. З іх боку часта не ўдзяляецца ўвага тэхнічнаму стану абсталявання і выкананню тэхналогіі бяспечнага правядзення работ. Не адзінкавымі з’яўляюцца выпадкі адсутнасці кантролю з боку работадаўцаў за выкананнем работнікамі бяспечных прыёмаў работ,  патрабаванняў, што запісаны ў інструкцыях па ахове працы, а таксама прымяненнем сродкаў аховы. Ёсць выпадкі, калі да работ прыцягваюцца рабочыя без адпаведнай кваліфікацыі, якія не прайшлі стажыроўку, інструктаж і праверку ведаў па ахове працы. Невыкананне кіраўнікамі і спецыялістамі абавязкаў па ахове працы носіць масавы характар. З 33 зарэгістраваных няшчасных выпадкаў на вытворчасці з цяжкімі наступствамі пры эксплуатацыі дрэваапрацоўчага абсталявання адной з прычын устаноўлена адказнасць кіруючых асоб, якія дапусцілі парушэнні патрабаванняў па ахове працы, устаноўленых нарматыўнымі прававымі актамі і тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі.

З мэтай прафілактыкі і недапушчэння ў далейшым траўматызму работнікаў пры эксплуатацыі і абслугоўванні дрэваапрацоўчага абсталявання Дэпартамент дзяржінспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь рэкамендуе рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, іншым дзяржаўным арганізацыям, падначаленым Ураду Рэспублікі Беларусь, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам патрабаваць ад кіраўнікоў падначаленых (размешчаных на падведамаснай тэрыторыі) арганізацый бездакорнага выканання правіл аховы працы і прыняцця мер па рэалізацыі патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15.12.2014 № 5 «Аб узмацненні патрабаванняў да кіраўнікоў і работнікаў арганізацый».

Электронная версія пісьма размешчана на сайце: http://mintrud.gov.by/ru/inf_pismo_09032015.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *