Падтрымліваць імідж аўтапарка

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

З 2008 года ў дзейнасць ДУП «Аўтапарк № 17», традыцыйна прадстаўленую пасажырскімі і грузавымі перавозкамі, літаральна ўварваўся новы павеў – турыстычны. Здаецца, гэта было зусім нядаўна, але без яго ўжо немагчыма ўявіць прадпрыемства. Са з’яўленнем новага напрамку не толькі расшырыўся дыяпазон паслуг, але і імідж аўтапарка стаў больш сучасным, эканамічна эфектыўным. 

З першых дзён займаецца развіццём турыстычнага напрамку Леаніда Высоцкая, дасведчаны і вопытны спецыяліст. Сёння стаж яе работы ў гэтай галіне налічвае не менш за тры дзясяткі гадоў, акурат столькі, колькі і добра вядомаму на Стаўбцоўшчыне турбюро.

Менавіта ў турбюро Леаніда Высоцкая, філолаг па адукацыі, зрабіла свае першыя крокі ў турыстычнай дзейнасці і, так атрымалася, у ёй знайшла сваё прызванне. Яе нязменнымі кліентамі застаюцца прафсаюзныя арганізацыі прадпрыемстваў і ўстаноў, школы раёна, якія заказваюць для сваіх работнікаў і вучняў экскурсіі па Беларусі і за яе межамі. І сама Леаніда Высоцкая, выбраная ў аўтапарку старшынёй прафкама, не раз «падбівала» дырэктара на калектыўныя экскурсійныя паездкі, у тым ліку і такія, якія дагэтуль нікім з працаўнікоў нашага раёна не былі апробаваны. А далей гэтыя маршруты (як, напрыклад, Закарпацце) станавіліся для жыхароў раёна своеасаблівым «хітом» папулярнасці.

У размове з патэнцыйнымі заказчыкамі і кліентамі яе бясспрэчнымі довадамі выступаюць наступныя: падзялі паміж работнікамі невялікую прэмію, якую яны зарабілі, – назаўтра пра яе могуць і не ўспомніць, а пакліч людзей за гэтыя сродкі ў агульную паездку – памяць застанецца на- доўга, ва ўсіх. Культурная паездка згуртоўвае работнікаў і стымулюе іх працаваць яшчэ лепш. Чым больш такіх паездак, тым мацней і паўнавартасней калектыў.

Уласная думка ў вядучага спецыяліста службы аддзела перавозак аўтапарка № 17 Леаніды Высоцкай маецца і наконт яе асабістага ўдзелу ў гэтым працэсе:    

– Ёсць куды больш складаныя, чым мая, прафесіі, дзе людзі сапраўды заслугоўваюць увагі і самага высокага месца на працоўным п’едэстале.  Узяць тых жа механізатараў, што хлеб вырошчваюць.  Некалі мой бацька шчыраваў у калгасе, цяпер брат працягвае яго справу – я ведаю цану хлеба. Або праца вадзіцеля аўтобуса ў аўтапарку?!  Ад цямна да цямна ў дарозе, жывуць за рулём.   Вось іх, гэтых людзей, трэба ўзнімаць у вачах грамадства…

У жніўні мінулага года прыйшоў працаваць у калектыў аўтапарка сын Леаніды Высоцкай  Андрэй. З дзяцінства быў захоплены тэхнікай, а, калі не стала бацькі, вымушаны быў ва ўсім дапамагаць матулі па гаспадарцы. Пасля школы закончыў Слонімскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці і атрымаў размеркаванне ў аўтапарк.

«Мая надзея і апора», – з гонарам кажа пра сына матуля. Ён прызнаецца: «Вельмі адказна рабіць з мамай у адной арганізацыі».

Кіраўніцтва аўтапарка і непасрэдна станцыі тэхнічнай дыягностыкі аўтамабіляў, дзе Андрэй Высоцкі працуе інжынерам-дыягностам, ім задаволена. «Лёгкі на пад’ём, тэхнічна граматны малады спецыяліст», – гаворыць у яго адрас дырэктар прадпрыемства Іван Бычкевіч.

У Андрэя ў мінулым годзе разам з самастойнай працай з’явілася і ўласная сям’я. На вяселле матуля зрабіла маладым проста эксклюзіўныя падарункі!  І ўсё – сваімі рукамі, бо для яе пляценне з газетных трубачак, вышыванне крыжыкам або вязанне пад настрой – своеасаблівая аддушына, выхад яе кіпучай творчай энергіі. «Падарункаў родным, блізкім або сябрам не купляю – вырабляю іх сама. Мама зрабіла мне заказ – вышыць луг на льняной канве», – дзеліцца Леаніда Высоцкая.

Яшчэ адно яе хобі, прызапашанае на «дэсерт», – выпяканне тортаў. Яны, між іншым, не паўтараюцца. Рэцэптаў багата ў інтэрнэце, а далей усё залежыць ад уласнай імправізацыі, фантазіі.

Акрамя вытанчаных святочных шэдэўраў, прысутнічае ў жыцці і звычайная кухонная «проза». Напрыклад, штодзённа трэба варыць ежу для чацвераногіх, якія жывуць на прыватным падворку Леаніды Высоцкай. У доме жывуць у акварыуме рыбкі, бо некалі так захацеў сын. «Я за іх у адказе, як у «Маленькім прынцы», – любіць паўтараць Леаніда Генадзьеўна гэты вядомы выраз з Антуана де Сент-Экзюперы. Пры магчымасці чытае і перачытвае знаёмае са школы, з універсітэта. А добрая літаратурная класіка, як вядома, гэта таксама надзвычай захапляльныя «маршруты», падарожжы ў часе і прасторы, ад якіх хочацца жыць, любіць жыццё і быць яму ўдзячнай.      

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *