Галы, ачкі, секунды

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

НА П’ЕДЭСТАЛЕ І ПОБАЧ З ІМ

Міжнародныя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы камандаў дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ Беларусі, Расіі, Украіны і Літвы. Такая афіша не можа не зацікавіць. І прыемна, што на такім высокім узроўні юныя лёгкаатлеты Стаўбцоўшчыны не былі статыстамі.

Найбольшага поспеху дабіўся Аляксей Вяршынін, вучань Вішнявецкай СШ. Хлопец хутка прагрэсіруе. У бегу на 800 метраў яго вынік стаў найлепшым. Узнагарода – залаты медаль і дыплом пераможцы. І гэта яшчэ не ўсё, на больш працяглай дыстанцыі паўтара кіламетра ў Аляксея трэцяе месца.

Трэці вынік, адпаведна бронзавы медаль у Ігара Пахадні, які на роўных вёў спрэчку з лепшымі спартсменамі ў спартыўнай хадзьбе на  тры кіламетры. Трэнер ДЮСШ і выкладчык фізвыхавання СШ № 3 Анатоль Турчыновіч называе таксама рабят, якія спыніліся літаральна за крок ад п’едэстала – занялі чацвёртыя месцы. Гэта Валянцін Бугроў, які стартаваў у бегу на 800 і 1500 метраў, Ягор Сыч – у спрынтарскім бегу на 60 метраў. У скачках вызначаліся Ілья Звярынскі і Уладзіслаў Лапко – адпаведна ў трайным скачку і скачках  у даўжыню. Усе гэтыя рабяты вучацца ў СШ № 3 г. Стоўбцы. Аліна Навіцкая, якая займаецца ў Заямнаўскай школе, стала чацвёртай у бегу на 1500 метраў.

Аляксей Вяршынін, Валянцін Бугроў, Аліна Навіцкая і Ксенія Гацура запрошаны для прагляду да залічэння ў вучылішча алімпійскага рэзерву. Відавочна, што ва ўсіх адзначаных юніёраў ёсць перспектыва.

 

ТРЭЦІЯ СЯРОД ДЗЕСЯЦІ

У Клецку прайшлі спаборніцтвы на першынство Мінскай вобласці па валейболе сярод юнакоў. Удзел у турніры прынялі 10 камандаў, у тым ліку і зборная Стаўбцоўскага раёна, за якую выступалі валейбалісты Дзераўнянскай ДЮСШ.

На папярэднім этапе нашы спартсмены перамаглі каманды Чэрвеньскага, Мядзельскага і Уздзенскага раёнаў.  Вельмі ўпартай была гульня ў паўфінале з гаспадарамі спаборніцтваў. Наперад выходзіла то адна, то другая каманда. Усё ж у абедзвюх партыях з перавагай у два ачкі – 25:23 і 26:24, верх узялі валейбалісты Клецка.

За трэцяе месца нашы валейбалісты змагаліся з камандай Жодзіна і атрымалі ўпэўненую перамогу. За каманду выступалі Ілья Супрановіч, Уладзіслаў Дзям’янка, Сяргей Навіцкі, Уладзіслаў Шадрын, Сяргей Лукашэвіч, Арсеній Гаптар, Цімафей Макась і Дзяніс Шаламоўскі. Рыхтаваў каманду да спаборніцтваў трэнер ДЮСШ Віктар Гаптар.

 

БАМБАРДЗІРЫ – У СТРАІ

Дзмітрый Даўбейка і Аляксей Рудзянок – асноўныя нападаючыя каманды «Нёман-Агра» на працягу апошніх сезонаў. Дзмітрый у мінулым годзе, а Аляксей раней былі самымі выніковымі бамбардзірамі першынства Мінскай вобласці па футболе.

Абнадзейвае, што і з пачаткам новага сезона футбалісты набіраюць належную форму. Даўбейка і Рудзянок правялі па два мячы ў сустрэчы з ФК «Клецк». Яшчэ адзін гол на рахунку нязменнага капітана каманды Андрэя Шпадарука. Такім чынам была забяспечана перамога над клецкімі футбалістамі, якія таксама ўпарта змагаліся. Лік сустрэчы – 5:4 на карысць стаўбчан.

Гульні, якія праводзяцца перад пачаткам афіцыйнага турніру, з’яўляюцца трэніровачнымі. Але перамогі заўсёды прыемныя, яны абнадзейваюць.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *