Як знішчалі паліцэйскі гарнізон у Рубяжэвічах

Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Нумары

image_pdfimage_print

Мікалай Багданкевіч, ураджэнец Рубяжэвічаў,  быў падлеткам, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Разам з бацькам і братам Іосіфам яны дапамагалі партызанам. Мікалай Сцяпанавіч добра памятае ўсё перажытае. У свае амаль 90 ён працуе над кнігай успамінаў, і  да 70-годдзя Вялікай Перамогі прапанаваў некалькі эпізодаў з уласнага партызанскага мінулага… 

На трэці дзень вайны, на світанку, я выйшаў на ўскраіну вёскі ў напрамку Стоўбцаў і ўбачыў, як рухаецца ў Рубяжэвічы вялікая колькасць нямецкіх салдатаў: у драбінах, запрэжаных коньмі, на веласіпедах і матацыклах. Кінуўся дадому, каб паведаміць пра гэта бацькам.

Праз некалькі мінут уся гэтая тылавая ваеншчына была ў нашай вёсцы. Паламалі ўсе платы, а коней запусцілі ў агароды. Тут жа расклалі вогнішчы. Расставілі палаткі. Узяліся лавіць курэй і гусей, каб смажыць іх на агні. У хаты сялян урываліся з вокрыкам: «Матка! Яйкі, сала, мяса!..» Тое, што ім спадабалася, забіралі насільна. Неўзабаве пачаўся пір. Вёска не змаўкала ад  смеху і песень на нямецкай мове…

Праз некалькі гадзін да нас у двор завітаў нямецкі афіцэр. Агледзеў пабудовы і паказаў бацьку на свой наручны гадзіннік: маўляў, хутчэй вызваляйце гумно ад саломы, рознай маёмасці і загародак, каб можна было арганізаваць у ім начлег для коней. Бацька і мы з братам сталі ўсё выцягваць на агарод. Усяго было так многа, а надвор’е стаяла гарачае, абліваліся потам.

Праз дзве-тры гадзіны на двары з’явіўся той жа афіцэр і ўбачыў, што не ўсё яшчэ вынесена. Ізноў паказаў на свой гадзіннік, дастаў з кабуры рэвальвер і моцна стукнуў ім па бацькавым твары. Ён упаў, заліўся крывёю. За плотам стаяў сусед Іван Лукашэвіч і назіраў за гэтай карцінай. Акурат у гэты час у наш двор прыбег аднасяльчанін Шарко з просьбай, каб афіцэр даў указанне салдатам вывесці коней з агарода. Яны ж знішчаюць усе пасевы.

Але афіцэр, раптам западозрыўшы падабенства Шарко да яўрэя, закрычаў: «Юда!» Дастаў з кабуры рэвальвер і хацеў застрэліць Шарко. Аднак сусед Іван Лукашэвіч гучна звярнуўся да яго на нямецкай мове: «Найн, гэта не яўрэй, гэта беларус!» Немец апусціў рэвальвер і пацікавіўся, адкуль той ведае чужую мову. Лукашэвіч расказаў, што падчас імперыялістычнай вайны трапіў у палон і быў вывезены ў Германію. Рабіў там тры гады ў нямецкага баўэра, і што гэты баўэр аказаўся добрым чалавекам, ніводнага разу яго не ўдарыў.

Немец застаўся задаволены сустрэчай з Лукашэвічам, а Шарко, улучыўшы момант, збег, перабраўся праз раку ў лес і вярнуўся толькі пасля таго, як гэтая нямецкая часць сышла далей на ўсход.

Рубяжэвічы за гэтыя два дні, што пагаспадарылі акупанты, былі разграблены, а агароды нагадвалі пустыры. Праз некалькі тыдняў у раённым цэнтры Івянец асталяваўся нямецкі гарнізон і стаў наводзіць свае акупацыйныя парадкі. У вёсках з’явіліся паліцэйскія з ліку мясцовых паслугачоў ворагаў. У Рубяжэвічах узначаліў паліцэйскі гарнізон жыхар вёскі Зарэчча Жыхар. Спачатку яны размясціліся ў доме шаўца, зяця Шарко, на рагу вуліцы Івянецкай, а праз два-тры месяцы занялі двухпавярховы будынак школы.

Калі з’явіліся партызанскія атрады, яны сталі граміць паліцэйскія гарнізоны. Але камендант Жыхар ператварыў школьны будынак у непрыступную крэпасць. На падаконнікі нацягалі мяхоў з пяском, а ўсе подступы падчысцілі ад пабудоў. 

Паліцэйскія ладзілі свае бясчынствы штодзённа. Грабілі і, у першую чаргу, яўрэяў. Патрабавалі ад іх каштоўнасці. Збівалі і расстрэльвалі. Не ў лепшым становішчы знаходзіліся і астатнія жыхары Рубяжэвічаў. Іх білі гумовымі палкамі, расстрэльвалі, асабліва тых, каго падазравалі ў сувязях з партызанамі. Жудасны прыклад – расправа над жыхаром вуліцы Ракаўскай Турам. Яго прыцягнулі на паліцэйскі ўчастак, збілі да крывавага месіва і зацягнулі ізноў у двор, дзе ён праз некалькі гадзін памёр. Тура абвінавацілі ў тым, што ён па просьбе суседа-яўрэя зарэзаў яму карову…

Мы, хлапчукі, усё гэта бачылі, і аднойчы цёмным вечарам  (нас было тады каля дзясятка чалавек)  узялі па добрым камені і, па камандзе, шпурнулі ў паліцэйскіх, якія знаходзіліся каля яўрэйскіх дамоў і грабілі іх. У адказ застракатаў аўтамат, але мы кінуліся ў роў і толькі адна куля трапіла ў калена Янаку Гайдуку. Ён заенчыў. Мы зацягнулі яго дамоў. Ягоным бацькам цудам удалося завезці параненага сына ў Койданава і знайсці хірурга. Дзякуючы паспяховай аперацыі, Янак застаўся жыць. Праўда, нагу прыйшлося ампутаваць…  Паступова мы пачалі разумець, што змагацца з фашыстамі і іх прыслужнікамі трэба зусім іншымі метадамі.

Пад апекай палітрука М. А. Аранжа         

Партызанскіх атрадаў станавілася ўсё больш. Многія перадавыя хлопцы і мужчыны папаўнялі іх рады, станавіліся сувязнымі. Мой бацька быў адным з першых сувязных партызанскага атрада імя Суворава. Палітрук атрада Мікалай  Аляксеевіч Аранж часта бываў у нас дома ноччу і атрымліваў ад бацькі звесткі аб паліцаях і немцах. Партызаны паўсюдна грамілі паліцэйскія гарнізоны. Дайшла чарга і да рубяжэвіцкага.

Напярэдадні аперацыі па разгроме варожага гнязда да нас прыходзілі ноччу партызаны, у тым ліку і М. А. Аранж. Яны распытвалі, як уладкаваліся паліцэйскія ў школе, дзе ў будынку знаходзіцца запасны выхад, якія запоры на вокнах і дзвярах. Я ведаў, што запасны ўваход знаходзіцца з тыльнага боку школы. Там ёсць пакойчык, у якім колісь жыў вартаўнік Векша, і з яго праз падвал можна было трапіць у памяшканне школы. Мы часта бывалі ў гэтым пакойчыку, бо сябравалі з вартаўніком і раней заходзілі да яго на вечаровыя пасядзелкі. Добра ведалі драўляны, з дошак, калідорчык, праз які можна было трапіць у школьны падвал, а адтуль па лесвіцы – у класы. Аб гэтым мой бацька расказаў М. А. Аранжу і знаёмаму партызану Пецю (так яго называў М. А. Аранж).

На досвітку, перад нападам партызан на паліцэйскі гарнізон, у наша акно пастукаў Пеця. Загадзя мы дамовіліся, на якія сігналы адчыняць дзверы. У руках у маладога партызана было вядро з рыззём, змочаным у мазуце і салярцы. Мой бацька параіў перакінуць гэтыя анучы ў кошык – лепш будзе гарэць і слядоў ніякіх не застанецца.

Цяпер трэба было незаўважна прабрацца да будынка школы. Я прапанаваў Пецю сваю кампанію. Мы пералезлі праз плот суседа Эдзіка Какошына, а там рукою падаць да  школьнага двара. Я ведаў, што каля школы быў выкапаны роў – ён служыў у якасці ціра на вучэбных стрэльбах. Разам з Пецем мы дапаўзлі па гэтым рове да самай сцяны школы. Выйшлі на тыльны бок, дзе знаходзіліся дзверы і акно пакойчыка вартаўніка. Я выклаў напарніку свой план: пакінуць кошык з запаленымі лахманамі ў дашчаным калідорчыку, адкуль агонь перакінецца ў падвал, дзе назапашаны сухія дровы.         

Цяпер нам трэба было праз акно ўкінуць гэты кошык. Акно тое добра падгніло, і Пеця прыкладам вінтоўкі выбіў аканіцу. Пакойчык аказаўся ў полымі. Агонь, як і меркавалі, дабег да падвала і да складзеных дроў. Мы з Пецем па той жа канаве папаўзлі назад і з нашага двара назіралі, як паказаўся з вокнаў школы дым.

Усчалася страляніна. Праз вокны бахалі паліцэйскія, на вуліцы з усіх бакоў – партызаны. Але, калі пажар ахапіў першы паверх будынка, паліцаі сталі ўцякаць хто як мог – і праз дзверы, і праз вокны. Першым выскачыў камендант Жыхар. Ён перасек вуліцу, стараючыся дабегчы да рэчкі, бо  далей быў фальварак Вайцяховіча, дзе камендант думаў схавацца. Але партызаны яго прыстрэлілі.

Адстрэльваючыся, паліцаі выпаўзалі са школы і тут жа траплялі пад кулі партызанаў.  Заложнікі выйшлі з будынка апошнімі. Яны дапамаглі патушыць пажар. У школе згарэлі толькі частка падлогі ў калідоры на першым паверсе і частка спартыўнай залы. 

Камандзіры партызанскіх атрадаў Сталіна і Суворава падзякавалі майму бацьку і мне за дапамогу ў разгроме паліцэйскага гарнізона. Палітрук М. А. Аранж прапанаваў маім бацькам забраць мяне і майго брата Юзіка ў свой партызанскі атрад імя Суворава. Бацькі згадзіліся, і мы аказаліся ў Налібацкай пушчы.

Нам было  цікава ў лясных партызанскіх зямлянках. Але рамантычны настрой хутка змяніўся баявымі буднямі. Юзіка залічылі ў атрад падрыўнікоў, а я знаходзіўся пад апекай М. А. Аранжа, выконваў ролю разведчыка. Пасля шматлікіх разведвальных аперацый я паступова ператварыўся ў сапраўднага партызана.

Цана Перамогі

Доўгім і шматпакутным быў шлях да Перамогі. 1418 дзён і начэй працягвалася нябачная ў гісторыі чалавецтва бітва. За ўвесь перыяд вайны колькасць жыхароў Беларусі, якія знаходзіліся ў радах Чырвонай Арміі, перасягнула 1,3 мільёна чалавек. Сярод іх – і мой брат Вікенцій, які служыў у танкавай брыгадзе і граміў фашыстаў пад Ленінградам. У 1943 годзе ён па-геройску загінуў у баі. Малодшы брат бацькі – Іван Вікенцьевіч Багданкевіч – дайшоў з баямі да самага Берліна, загінуў каля  Брандэнбурга.

Брат маёй жонкі Яўгеніі (светлай памяці) Юрый, выдатны лётчык, у баі з фашыстамі загінуў на Украіне. Яго старэйшы брат Пётр, удзельнік фінскай вайны, прайшоў усю Вялікую Айчынную, быў тройчы цяжка паранены, але застаўся жывы. Ён памёр у 1999 годзе ў горадзе Курган, дзе пражываў у мірны час. Жонка мая падчас вайны працавала ў ахове ваеннага завода № 47 у горадзе Арэнбургу. Яе родная сястра Таццяна, капітан Чырвонай Арміі, загінула ў першы дзень вайны.  Дарагой цаной дасталася  Перамога…

70 гадоў – невялікі тэрмін у кантэксце гісторыі. І як бы ні спрабавалі фальсіфікатары пераробліваць ісціну аб той Перамозе і нашым укладзе ў яе дасягненне, гэтага не адбудзецца. У нас яшчэ свежыя ў памяці страшныя вынікі той вайны, яшчэ шмат слядоў у зямлі беларускай ад мін і снарадаў, ды і не перазахаваны апошні салдат Вялікай Айчыннай…

Жывыя яшчэ, хаця і нямногія, удзельнікі той вайны. Яны вядуць патрыятычную работу сярод падрастаючага пакалення і сваім прыкладам заклікаюць вучыцца і працаваць на карысць нашай Рэспублікі Беларусь.

Адзначаючы 70-годдзе Перамогі нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, мы не можам забываць урокі  гісторыі, павінны быць пільнымі і памятаць, што развязаць вайну лёгка, а патушыць яе полымя вельмі цяжка.

Мікалай БАГДАНКЕВІЧ, в. Новы Свержань



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *