У Лянцэвічаў – сямейная «спецыялізацыя»

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

Выпадкова даведаліся пра даволі рэдкую для камунальнай гаспадаркі з’яву – на адным прадпрыемстве, у калектыве Стаўбцоўскага аб’яднання камунальных службаў, працуе цэлая сям’я. Сям’я стаўбчан Уладзіміра і Рэгіны Лянцэвічаў – гэта адразу чацвёра работнікаў: бацькі і двое іх дзяцей, дачка і сын. Кожны з іх заняты на сваім адказным участку. І кожны – заслугоўвае слоў удзячнасці за нялёгкую працу, за ўклад у агульную справу.

Сустрэцца з Лянцэвічамі дамовіліся з самай раніцы. Так ёсць шанц сабраць іх усіх разам, пакуль не раз’ехаліся-не разышліся па неадкладных справах. Прызначаем сустрэчу ў дыспетчарскай, дзе працуе галава сям’і – Уладзімір Міхайлавіч. Для яго, аператара, акурат заканчваюцца дзяжурныя суткі. Яны  прайшлі спакойна, без здарэнняў, таму і свайму зменшчыку надзвычай хутка перадаў усе паступіўшыя заяўкі. Ва ўсіх астатніх сямейнікаў, наадварот, рабочы дзень толькі пачынаецца. І асаблівае нецярпенне відавочна ў рухах жонкі Уладзіміра Міхайлавіча – Рэгіны Іосіфаўны. Яе, начальніка ўчастка грамадзянскага абслугоўвання насельніцтва, ужо чакае машына, трэба ехаць у камандзіроўку ў Мінск…    

Менавіта Рэгіна Іосіфаўна першая з членаў сям’і прыйшла ў камунгас. Было гэта ў 2002 годзе. Рабіла да гэтага на хлебазаводзе звычайнай рабочай. Узялі яе майстрам. Спачатку жанчына вяла рытуальныя паслугі, потым ёй дабавілі лазні, сталярны цэх. «А цяпер і забеспячэннем займаюся, таму кожны дзень у раз’ездах», – тлумачыць цану кожнай ранішняй мінуткі Рэгіна Іосіфаўна.            

Па яе прыкладзе праз некалькі гадоў прыйшлі працаўладкоўвацца ў камунгас адразу двое Лянцэвічаў – бацька і сын. Уладзімір Міхайлавіч на той момант фактычна застаўся без працы, бо малочны завод, дзе ён працаваў  будаўніком, стаў банкрутам. А  сын, Уладзімір-малодшы, – закончыў школу і выказаў жаданне працаваць разам з бацькам. Іх і вызначылі ў адну будаўнічую брыгаду. Завіхаліся разам на розных аб’ектах камунгаса, пакуль у 2007 годзе Уладзіміра Міхайлавіча не перавялі па стану здароўя на лягчэйшую пасаду – у дыспетчарскую. Сын жа і  сёння працуе ў будаўнічай брыгадзе, пад кіраўніцтвам брыгадзіра Ігара Забаўскага. Асвоіў прафесію тынкоўшчыка, ужо мае чацвёрты кваліфікацыйны разрад.

– Рамантуем дахі і падвалы дамоў, лазні абнаўляем. Сёння паедзем у Заямнае, будзем займацца дахам жылога дома, – мімаходзь дзеліцца бягучымі планамі Уладзімір.

За яго нешматслоўнасцю ўгадваецца ўпэўненасць у сваіх сілах, гатоўнасць пераадольваць любыя цяжкасці. А чаму б і не, калі заўсёды поруч з ім такая двайная падтрымка – і з боку таты, і з боку мамы?! Як высветлілася, яны не толькі працуюць на адным прадпрыемстве, а і жывуць разам. Два гады таму Уладзімір з жонкай падарылі бабулі і дзядулю ўнучку Вікторыю.

Ёсць у Лянцэвічаў, дарэчы, і ўнук – пяцігадовы Назар у дачкі Таццяны. З ім таксама вельмі дружаць, бо жывуць хоць і асобна, але вельмі блізка. Раніцай Назара адводзяць у дзіцячы садок, а яго мама, як і яе бацькі, брат, спяшаецца на работу – у камунгас.

Таццяна (цяпер яна ўжо не Лянцэвіч, а Дубатоўка) закончыла архітэктурна-будаўнічы каледж і інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці. У камунгасе працуе бухгалтарам. У 2005 годзе яе запрасіў на вакантнае месца тадышні дырэктар Міхаіл Радзіон, які добра ведаў сям’ю Лянцэвічаў. У Таццяны незнарок цікавімся пра яе мужа. А раптам і ён – работнік камунгаса?.. Не, але Таццянін бацька робіць важнае ўдакладненне: «У Дубатоўкаў – свая «спецыялізацыя», там усе працуюць на чыгунцы».

На хаду пытаемся ў Лянцэвічаў: «Калі збіраецеся на свята ўсе разам, пра што размаўляеце?»                    

– Бывае, што і пра работу. Як жа мы без яе, калі ўсе «жывём» у адным калектыве?! – усміхаецца Рэгіна Іосіфаўна, улоўліваючы падтэкст пытання.

Калі параўноўваць паміж сабою службовыя абавязкі Лянцэвічаў, то, напэўна, менавіта на ёй, начальніку ўчастка Рэгіне Іосіфаўне, ляжыць самая вялікая адказнасць, нагрузка. Нездарма яна задае сабе такі імклівы рытм з самай раніцы. Хаця і аператар дыспетчарскай службы Уладзімір Міхайлавіч знаходзіцца на пасту нумар адзін – першым прымае на сябе «ўдар» магчымых у камунальнай гаспадарцы аварыйных сітуацый і (немалаважна), кантактуючы з людзьмі, стараецца адвесці не толькі аварыйныя, але і канфліктныя сітуацыі… Таццяна і Уладзімір – маладыя кадры камунгаса, яго перспектыва. Для бацькоў – надзея. У душы яны радуюцца: «За дзяцей нам не сорамна».  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *