На шляху безбар’ерных інавацый

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Калектыў Дзяржаўнай установы «Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў» заняў другое месца сярод дамоў-інтэрнатаў Мінскай вобласці ў сацыяльна-эканамічным спаборніцтве за 2014 год.

За дасягнутыя вынікі Камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама калектыву дома-інтэрната ўручаны грамата і каштоўны падарунак. 

З чаго складваецца эфектыўнасць сацыяльнага абслугоўвання ў сучасных умовах? Адказаць на гэтае пытанне мы папрасілі дырэктара дома-інтэрната Валянціну АТРУШКЕВІЧ.

– Сацыяльнае абслугоўванне – гэта штодзённая карпатлівая праца, якая і вылілася ў пэўны вынік, – лічыць Валянціна Міхайлаўна. – А праведзены агляд ахопліваў вывучэнне цэлага комплексу пытанняў, звязаных з абслугоўваннем, забеспячэннем здаровых і бяспечных умоў для пражываючых, аховай працы ва ўстанове.

У нас, напрыклад, летась было асвоена з абласнога бюджэту на бягучыя рамонты фасадаў будынкаў, памяшканняў і сталовай 765 мільёнаў рублёў. Таксама праводзілі рамонты гаспадарчым спосабам. За адносна невялікія сродкі змаглі аздобіць нацяжной столлю музейны і сенсорны пакоі, а таксама сацыяльна-псіхалагічны цэнтр, адкрыты для адаптацыі «новенькіх». На добраўпарадкаванне тэрыторыі выкарысталі 24 мільёны пазабюджэтных рублёў. Яны былі пушчаны на падтрыманне ў парадку малых архітэктурных формаў (у нас на тэрыторыі 14 альтанак, 31 гіпсавая скульптура і т. п.), саду і, безумоўна, на такі важны напрамак як стварэнне безбар’ернага асяроддзя.

У першую чаргу мы займаліся рамонтам пандусаў і паніжэннем вышыні бардзюра на нашых унутрыдваровых пераходах. А так для фізічна аслабленых асоб у нас прадугледжаны парэнчы: у ванных, санвузлах, калідорах, фае, на ліфтавых пляцоўках. І, трэба сказаць, не першы год функцыянуе спецыялізаваны легкавы аўтамабіль, абсталяваны пад’ёмным устройствам. З яго дапамогай нашы пражываючыя выязджаюць, напрыклад, на экскурсіі.   

– Якімі набыткамі можаце пахваліцца?

– Для паслуг пражываючых купілі тры плазменныя тэлевізары. Аднак асноўныя набыткі – для медыцынскага блока. У нас ёсць усе неабходныя кабінеты: урача, працэдурны, перавязачны, фізіятэрапеўтычны, сенсорны, рэлаксацыі, два медыцынскія пасты, прыёмны пакой. І іх дадаткова аснашчаем абсталяваннем.

– Дом-інтэрнат прымае розныя катэгорыі грамадзян, у тым ліку і інвалідаў. Што робіцца для іх рэабілітацыі?

– Для рэабілітацыі інвалідаў функцыянуюць кабінет лячэбнай фізкультуры, трэнажорная зала. Для ажыццяўлення рэабілітацыйных мерапрыемстваў у нас адкрыты групы аздараўленчай гімнастыкі, карэкцыі агульнафізічнага стану і іншыя. Вялікая ўвага надаецца працатэрапіі. З гэтай мэтай адкрыты салон мастацкай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Дызайн», у які ўваходзяць восем профільных майстэрань. Працуюць профільна-інтэграцыйныя гурткі, сярод якіх магу выдзеліць такі цікавы і актуальны як гурток узаемадапамогі.    

У нас 32 пакоі, ці прыкладна чацвёртая частка з усіх пакояў дома-інтэрната, прызначаны для людзей на пасцельным рэжыме з поўнай або частковай стратай здольнасці да самаабслугоўвання. Для іх ёсць дастатковая колькасць інвалідных калясак, артапедычнага абутку, хадункоў і т. п. Цяпер разам з супрацьпролежневымі матрацамі мы выкарыстоўваем і такую навінку як супрацьпролежневыя сістэмы.

– Якія новыя паслугі з’явіліся? Якія новыя праекты ўкараняюцца ў рабоце з пажылымі людзьмі?

– Апошнім часам у нас з’явіліся тры новыя паслугі – суправаджальнае пражыванне, кароткатэрміновае пражыванне і пражыванне ў аддзяленні павышанай камфортнасці на бюджэтнай аснове (для ветэранаў працы). Рэалізуем два інавацыйныя праекты. Адзін з іх – рэспубліканскі праект «Крыніца жыцця» па ўкараненні методыкі якасці і ацэнкі прадастаўленых паслуг у сістэме сацыяльнага абслугоўвання. Дарэчы, за яго падчас агляду нам выставілі 20 балаў, максімальную ацэнку. Другі праект, які рэалізуецца, – «Духоўнае адраджэнне» – носіць сацыяльную скіраванасць.   

Адзначым, што ў доме-інтэрнаце працуе шмат грамадскіх фарміраванняў, такіх як савет ветэранаў, савет прафілактыкі, папячыцельскі савет. Для пражываючых тут праводзяцца самыя розныя культурна-масавыя мерапрыемствы, сярод якіх хацелася б выдзеліць скіраваныя на развіццё экалагічнага турызму і ўкараненне здаровага ладу жыцця.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ПАКУПНІК МАЕ ПРАВА

У райвыканкаме адбылася нарада з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія займаюцца рознічным гандлем харчовымі таварамі.

Намеснік старшыні райвыканкама Ірына Пашкевіч агучыла асноўныя патрабаванні Закона «Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання ў Рэспубліцы Беларусь». Не сакрэт, што сёння далёка не ўся інфармацыя прадастаўляецца пакупніку як аб гандлёвым аб’екце, так і аб  тавары, які рэалізуецца. З боку прадпрымальнікаў дапускаюцца  парушэнні пры складанні асартыментнага пераліку, таварным суседстве і т. п.

Ірына Пашкевіч звярнула асаблівую ўвагу на ўзмацненне кантролю за рэалізацыяй алкагольных напіткаў. На тэрыторыі раёна да канца года ўстаноўлены ў кожны трэці чацвер месяца Дзень цвярозасці. Падчас іх дзейнічае часовае абмежаванне на продаж спіртных напіткаў. Пры выяўленні невыканання гэтых патрабаванняў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. 

Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Ігар Кунцэвіч агучыў на нарадзе вынікі маніторынгу аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання раёна на працягу 2014 года і з пачатку 2015 года. Нягледзячы на прынятыя меры і сур’ёзныя штрафныя санкцыі, асобнымі прадпрымальнікамі дапускаецца рэалізацыя прадуктаў з сышоўшым тэрмінам прыдатнасці.

Аб неабходнасці клопату пра бяспеку пакупнікоў, а таксама саміх гандлёвых аб’ектаў нагадаў і начальнік Стаўбцоўскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Алег Тулейка. Сучасныя сродкі аховы дазволяць працаваць стабільна і без непрадказальных страт.         

Нагадаем таксама, што да 1-га красавіка індывідуальным прадпрымальнікам, якія вядуць рознічны гандаль, неабходна звярнуцца ў аддзел эканомікі з мэтай унясення ў гандлёвы рэестр даных аб гандлёвых кропках.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *