Сярэбраная нітка памяці

Вялікай Перамозе прысвячаецца Нумары

image_pdfimage_print

Пад эгідай тэрытарыяльнага цэнтра валанцёры раённых арганізацый Чырвонага Крыжа і БРСМ наведалі адзінока пражываючых жыхароў Стоўбцаў – ветэранаў і інвалідаў вайны, вязняў фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў і іншых заслужаных у грамадстве людзей. Да іх далучылася і раённая арганізацыя КПБ на чале з Нінай Дубовік.

–  Акцыя праходзіць у рамках марафону «Сярэбраная нітка», прысвечанага 70-годдзю Вялікай Перамогі, – падкрэсліў загадчык аддзялення тэрытарыяльнага цэнтра Сяргей Есіс. – Для многіх нашых пажылых людзей яна стала прыемнай нечаканасцю.

Да прыкладу, для былога дырэктара школы і загадчыка раённага аддзела адукацыі Міхаіла Калкоўскага, які на той момант прыхварэў, сустрэча стала сапраўды гаючым сродкам. Падораны пазітыў і станоўчыя эмоцыі дапамогуць хутчэй паправіцца Міхаілу Міхайлавічу і, несумненна, працягнуць век заслужанай настаўніцы Анастасіі Сіткевіч, якая нядаўна адзначыла свой 90-гадовы юбілей. Вершы і песні-прысвячэнні імянінніцы падрыхтаваў член прэзідыума раённай ветэранскай арганізацыі і член літаратурнага аб’яднання «Аўтограф» Яўген Карпуць. Асаблівы гэты юбілейны год Вялікай Перамогі і для сямейнай пары Мікалая і Кацярыны Уласікаў.  Так склаўся лёс, што засталася адзінокай у старасці Аляксандра Мікоша, але пры маральнай падтрымцы валанцёраў вельмі хутка расквеціўся ўсмешкай і яе твар.

Усім гэтым людзям было надзвычай прыемна атрымаць віншавальныя паштоўкі, зробленыя рукамі супрацоўнікаў і наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра, падарункі ад раённай арганізацыі КПБ.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКУ: валанцёры ў гасцях у сям’і ветэрана вайны Мікалая Уласіка.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *