Музыка. І – дабрачыннасць

Культура Нумары

image_pdfimage_print

Вялікую канцэртную праграму падрыхтаваў для выхаванцаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра і іх матуляў творчы калектыў Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Каля чатырох дзясяткаў юных артыстаў, сярод якіх – вакальная група «Верасень» і ўзорны дзіцячы тэатр «Волшебники», ансамблі скрыпачоў і мажарэтак, «Жавароначкі»  і  сольныя выканаўцы, стварылі цудоўнае свята пад назвай – «Музыка. Жанчына. Вясна». Як адзначае загадчыца аддзялення Наталля Макава, словы ўдзячнасці і прызнання – педагогам і вучням школы мастацтваў за такі поліфанічны канцэрт, у якім арганічна спляліся самыя розныя віды мастацтва –  песня, танец, паэзія, музыка… Паколькі сёлета аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў пераехала з будынка тэрытарыяльнага цэнтра ў памяшканні фізкультурна-аздараўленчага комплексу, то падобныя запамінальныя сустрэчы, накшталт гэтай, вясенняй, напаўняюць іх своеасаблівым творчым дызайнам, каларытам цяпла і ўтульнасці.      

– Нашы выхаванцы з нецярпеннем чакаюць прыгожых пачуццяў і эмоцый, – каменціруе Наталля Макава. – Падчас ранейшых выступленняў іх проста «завялі» сваім вясёлым і жыццярадасным норавам клоўны Міня і Чупа. Не магла не падкупіць бязмежная шчырасць гэтых двух герояў, якія адкрылі дзецям дзівосны свет свайго майстэрства – падарылі цэлае прадстаўленне! Панаваў класны настрой, таму што гульні і розыгрышы былі аздоблены акваграфікай – малюнкамі на твары ў выглядзе кветачак і сэрцайкаў, так бы мовіць прызнанняў у любові і дружбе адзін да аднаго. Для выхаванцаў нашага аддзялення працавала ад душы і вясёлая каманда prazdnikof.by у саставе Сяргея Новіка і Алены Паўхлеб. Яны прыехалі ў наш горад і стварылі атмасферу свята вакол нас, у зале, і нават на твары кожнага ўдзельніка пры дапамозе аквагрыму. Дзякуй усім нашым спонсарам і партнёрам за такія падарункі, за дабрачыннасць!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *