Матацыкліст на дарозе

Ахова правапарадку Нумары

image_pdfimage_print

Матацыклы, скутары, макікі, мапеды – гэтыя віды транспарту апошнім часам набылі асаблівую папулярнасць сярод моладзі. Аднак іх аматары часта нават не знаёмыя з элементарнымі правіламі дарожнага руху.  

Мотатэхніка – транспартны сродак, а не забава. Да 16-ці гадоў кіраваць ім забаронена. Атрыманне вадзіцельскага пасведчання на права кіравання матацыклам або мапедам падразумявае самападрыхтоўку па правілах дарожнага руху, асновах аказання першай медыцынскай дапамогі, мерах адказнасці вадзіцеля і засвойванне азоў ваджэння.

Пры дасягненні 16-гадовага ўзросту кожны жадаючы можа атрымаць права на кіраванне механічным транспартным сродкам (за выключэннем колавага трактара) катэгорыі «АМ» і падкатэгорыі «А1». Катэгорыя «АМ» адносіцца да мапедаў і прадугледжвае здачу толькі тэарэтычнага экзамену па правілах дарожнага руху. Падкатэгорыя «А1» датычыць матацыклаў з рабочым аб’ёмам рухавіка, які не перавышае 125 см3 і з максімальнай магутнасцю не больш за 11 кВт (лёгкія матацыклы).

Асоба, якая дасягнула 18-гадовага ўзросту, можа атрымаць права на кіраванне механічным транспартным сродкам катэгорыі «А» – матацыклы. Для атрымання вадзіцельскага пасведчання катэгорыі «А1,А» неабходна здаць як тэарэтычны экзамен па правілах дарожнага руху, так і практычны, па ваджэнні.

Здача тэарэтычнага экзамену па правілах дарожнага руху ў МРЭА АДАІ райаддзела міліцыі ажыццяўляецца па чацвяргах, пятніцах і суботах з 09.00 да 12.00, 15.00. Пры сабе неабходна мець дакумент, які пацвярджае асобу (пашпарт, пасведчанне на права жыхарства), медыцынскую даведку аб допуску да кіравання транспартным сродкам адпаведнай катэгорыі, аплату дзяржпошліны (за здачу правіл дарожнага руху – 0,3 базавай велічыні, ці 54 000 рублёў; за ваджэнне матацыкла – 0,7 базавай велічыні, ці 126 000 рублёў).

Для здачы тэарэтычнага экзамену неабходна адказаць на 10 пытанняў, дапускаецца адна памылка. Прыём практычнага экзамену ў горадзе Стоўбцы будзе ажыццяўляцца з красавіка пры спрыяльных пагодных умовах па чацвяргах.

Для здачы практычнага экзамену неабходна выканаць праезд прама па калейнай дошцы 10х0,25 м, габарытнай «васьмёрцы», не апускаючы ногі з падножкі, а таксама рух па прамой з пераключэннем перадач з ніжэйшай на вышэйшую і ў зваротнай паслядоўнасці.      

Рэгістрацыя транспартных сродкаў у МРЭА АДАІ (у тым ліку і мотатранспарту) ажыццяўляецца з аўторка па суботу. Пры рэгістрацыі адбываецца агляд транспартнага сродку (у тым ліку і матацыкла). Пры сабе неабходна мець пашпарт або іншы дакумент, які засвядчае асобу, і дакумент, які пацвярджае законнасць набыцця транспарнага сродку, аплату дзяржпошліны (369 000 рублёў – за рэгістрацыю мапеда, матацыкла, 21 600 рублёў – за камп’ютарныя паслугі, афармленне заявы).

Здачу тэарэтычнага і практычнага экзаменаў, агляд мотатранспарту можна ажыццявіць у абслуговых МРЭА АДАІ райаддзела міліцыі раёнах па наступным графіку: першая серада месяца – Клецкі раён (на тэрыторыі Клецкага ліцэя), другая серада месяца – Нясвіжскі раён (на тэрыторыі Нясвіжскай РАС ДТСААФ), трэцяя серада месяца – Уздзенскі раён (на тэрыторыі Уздзенскага ліцэя), чацвёртая серада месяца – Дзяржынскі раён (на тэрыторыі Дзяржынскай РАС ДТСААФ).

Нагадваем, што кіраванне транспартным сродкам без вадзіцельскага пасведчання караецца штрафам у памеры ад пяці да 30 базавых велічынь, а аналагічнае правапарушэнне на працягу года можа абыйсціся штрафам ад 20 да 50 базавых велічынь.

Аляксандр ВАЙТОВІЧ, начальнік МРЭА АДАІ райаддзела міліцыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *