Вясна на Стаўбцоўшчыне

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

ДАЯР З ЗАРЭЧЧА

Рэдка на якой жывёлагадоўчай ферме можна сустрэць мужчыну, які працуе аператарам машыннага даення. Прафесія гэтая хоць і нялёгкая, але так склалася, што пераважаюць у ёй практычна адны жанчыны. Моцная палова звычайна рупіцца на іншых вытворчых участках, а іменна, даглядчыкамі-пастухамі, аператарамі па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы, падвозчыкамі кармоў, слесарамі і інш. А вось на МТФ «Зарэчча» ААТ «Каганец» даярамі працуюць некалькі мужчын. І адзін з іх – Сяргей Клепчукоў. Старанны і добрасумленны работнік, які рупіцца на ферме звыш пяці гадоў. Сяргей Валер’евіч надаіў летась у сярэднім ад кожнай каровы сваёй групы 5541 кілаграм малака.   

 

ТОРФ ДЛЯ КАМПОСТАЎ

Згодна з прынятай у рэспубліцы праграмай «Торф», мэтай якой з’яўляецца павелічэнне здабычы і выкарыстання торфу ў сельскай гаспадарцы, сёлета запланавана даставіць у сельгаставарыствы для прыгатавання торфа-гноевых кампостаў дзве тысячы тон торфу.

Сродкі на вытворчасць работ выдзяляюцца з рэспубліканскага бюджэту. На вывазцы торфу ў гэтым годзе працавала толькі тэхніка торфабрыкетнага завода. З агульнага аб’ёму выдзеленага торфу спажыўцам дастаўлена 660 тон. Поўнасцю атрымалі яго работнікі ААТ «Дзераўное» – 400 тон. У ААТ «Агранёманскі» і «Вялікі Двор» патрэбна паставіць 1600 тон, пароўну кожнаму. Агранёманцам завезена 260 тон. Астатнюю колькасць торфу плануецца даставіць гаспадаркам у летні перыяд.

ЗАСЛУЖАНАЯ АДЗНАКА

На ўрачыстасці, прысвечанай 75-годдзю з дня ўтварэння нашага раёна, за шматгадовую і добрасумленную працу былі заслужана ўшанаваны руплівыя спецыялісты і работнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Ганаровую грамату Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь атрымаў брыгадзір МТФ «Вялікі Двор» аднайменнага таварыства Андрэй Мяшок. Ганаровыя граматы аблвыканкама ўручаны брыгадзіру вытворчага ўчастка ААТ «Агранёманскі» Генадзю Цвірку, галоўнаму заатэхніку ТАА «СЖК «Налібакі» Уладзіміру Чарняўскаму, аператару машыннага даення ААТ «Вялікі Двор» Людміле Марзалюк. Падзякамі аблвыканкама адзначаны механізатар ААТ «Жацерава» Ігар Рокаш і вадзіцель ААТ «Вішнявецкі-агра» Міхаіл Гузач. Ганаровымі граматамі абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу   ўзнагароджаны галоўны бухгалтар ТАА «СЖК «Налібакі» Яніна Ліпніцкая і вадзіцель ААТ «Дзераўное» Часлаў Гарохавік. Падзякі галіновага прафсаюза ўручаны аператару машыннага даення ААТ «Рочавічы» Марыі Пятруцік, слесару ААТ «Шашкі» Івану Кутасу, механізатару ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» Баляславу Цяўлоўскаму.

 

ЗГУРТАВАНЫ КАЛЕКТЫЎ

Нарошчвае вытворчасць малака згуртаваны і працавіты калектыў МТФ «Залужжа» ААТ «Агранёманскі». За два месяцы ў сярэднім ад кожнай каровы на ферме надоена на 93 кілаграмы больш, чым за адпаведны перыяд летась, а ўсяго – 1231 кілаграм. Гэта важкая заяўка на васьмітысячны рубеж. І жывёлаводы імкнуцца яго пакарыць. Лідарства па-ранейшаму ўтрымлівае Іна Дзядовіч з вынікам 1374 кілаграмы малака, якая прыбавіла 42 кілаграмы да мінулагодняга паказчыка. Іна Валер’еўна лепшая і сярод аператараў у таварыстве. Яна заняла летась другое месца ў раённым спаборніцтве з вынікам 8432 кілаграмы.

На ферме не толькі ў малочных справах плён. Ладзяцца і мясныя. З году ў год у пераможцах спаборніцтва цялятніца Ларыса Бабровіч, аператар па адкорме буйной рагатай жывёлы Мікалай Сахута. Узначальвае калектыў энергічны, ведаючы справу брыгадзір Юрый Крупец – сапраўдны гаспадар. Ён накіроўвае сваіх падначаленых на дасягненне вышэйшых паказчыкаў, і работа ладзіцца.

 

У КАГОРЦЕ ЛЕПШЫХ

Прафесія тэхніка-асемянатара ў сельскай гаспадарцы даволі значная. Менавіта ад гэтай катэгорыі работнікаў залежыць будучае жывёлагадоўчай галіны. У таварыствах раёна працуе нямала руплівых спецыялістаў. Летась вышэйшыя паказчыкі па прыплодзе цялят атрымалі Галіна Канатка з ААТ «Каганец» і Алена Шапялевіч з ТАА «СЖК «Налібакі». У кагорце лепшых Кацярына Кухарчык і Таццяна Рубін з ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». А таксама Святлана Неўмяржыцкая з ААТ «Рубяжэвічы», фотаздымак якой занесены на раённую Дошку гонару.

 

КАРОВЫ-РЭКАРДЫСТКІ

Самая высокаўдойная карова, ад якой летась надоена 13264 кілаграмы малака, утрымліваецца на МТФ «Вялікі Двор» аднайменнага таварыства. У велікадворцаў і ААТ «Радзіма Якуба Коласа» ёсць па дзве рагулі-рэкардысткі з удоем больш за дванаццаць тысяч. На фермах гэтых дзвюх гаспадарак, а таксама ТАА «СЖК «Налібакі» і ААТ «Каганец» налічваецца дзевяць кароў, чатыры з якіх даюць звыш адзінаццаці тысяч кілаграмаў малака і пяць – звыш дзесяці.

 

САКАВІЦКІЯ НАБЫТКІ

У бягучым месяцы па надоях малака ад каровы лідзіруюць жывёлаводы ТАА «СЖК «Налібакі». А вось другую прыступку, крыху апярэдзіўшы велікадворскіх рупліўцаў, займаюць работнікі фермаў ААТ «Каганец». У адрозненне ад сваіх калег  яны працуюць з плюсам. Варта яшчэ дадаць, што ў параўнанні з мінулагодняй колькасцю дойны статак сёлета тут павялічыўся на 131 карову. Найбольшы прырост кароў у ААТ «Агранёманскі» і «Рубяжэвічы» – адпаведна 141 і 138 галоў. Папраўляюцца малочныя справы ў ААТ «Жацерава», таварыства замацавалася па надоях ад каровы на чацвёртай пазіцыі.

 

КАНТРАЛЮЕ ДЭТЭКТАР

На малочнатаварных фермах ААТ «Жацерава» істотна палепшылася якасць пастаўленага перапрацоўшчыкам малака. У сакавіку амаль палова прадукцыі штодзень залічваецца на малаказаводзе гатункам «экстра». Паказчык неблагі, і дасягнуты ён менавіта дзякуючы старанням жывёлаводаў. А дапамагае ім у гэтым дэтэктар MAS-D-TEC для вызначэння субклінічнага мастыту, які набыты напрыканцы мінулага года. Кіраўніцтва і спецыялісты задаволены пакупкай. За некалькі секунд прыбор выяўляе наяўнасць саматычных клетак у кожнай долі вымя каровы, што дазваляе своечасова пачынаць лячэнне жывёлы. Па тым, як ідуць справы, затраты на набыццё дэтэктара акупяцца ў самы бліжэйшы час. А якасць малака ў далейшым, і ў гэтым няма сумнення, будзе паступова павышацца.

Падрыхтавала Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *