Занятак для ўсёй сям’і

Захапленні Нумары

Мастацтва арыгамі ўтрымлівае першынство па папулярнасці сярод іншых тэхнік работы з паперай. Стварэннем фігурак са звычайнага папяровага ліста займаюцца дзеці і дарослыя. Любоў Літвінчык з Засулля захапляецца арыгамі на працягу пяці гадоў. За гэты час сабрала з папяровых модуляў звыш ста  экспанатаў.

– Упершыню ўбачыла прыгожыя фігуркі з паперы ў пляменніцы, – расказвае Любоў Пятроўна. – Спадабаліся яны мне вельмі, і я ўсур’ёз зацікавілася гэтым мастацтвам. Папрасіла Васілісу навучыць, і яна сказала, што  нічога складанага тут няма, можна паглядзець у інтэрнэце, там усё напісана. Як аказалася, тэхніка арыгамі і сапраўды даволі простая, нават не патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі.

Першай фігуркай, якую зрабіла жанчына, быў зайчык. Занятак настолькі захапіў яе, што работа была пастаўлена на паток. З-пад майстравых рук Любові Пятроўны выйшлі сямнаццаць зайчыкаў-«блізнят», якіх яна падарыла сяброўкам па рабоце. А працуе Любоў Літвінчык у СЗАТ «Агракамбінат «Колас» майстрам мясаперапрацоўчага цэха. Навучыла Любоў Пятроўна мастацтву арыгамі і сваіх знаёмых. 

– Дзеці таксама прызвычаіліся да данага занятку, – дадае майстрыха, – дзеля гэтага купляем у магазіне спецыяльную паперу. Старэйшая дачка Вольга таксама навучылася рабіць розныя фігуркі. І малодшая Віка спрабуе ад яе не адстаць. А Дзяніс дапамагае нам модулі вырабляць.

Тэхніка арыгамі хоць і нескладаная, але карпатлівая, патрабуе ўвагі і ўседлівасці. І, як гаворыць Любоў Пятроўна, галоўнае, каб было жаданне і больш вольнага часу.  Менавіта зімою ёй  і атрымліваецца займацца сваім  захапленнем, бо летам і так дастаткова работы.

– Вельмі люблю кветкі – гэта мая слабасць. Вырошчваю на прысядзібным участку мноства розных відаў, у прыватнасці, ружы, гладыёлусы, адных толькі лілій налічваецца сорак сартоў.  

Па прафесіі Любоў Літвінчык швачка. Раней шыла на заказ адзенне і старалася задаволіць сваіх кліентаў. А таксама прапаноўвала ім свае эскізы, каб мадней і прыгажэй апрануць заказчыкаў. Вязала розныя рэчы для сябе і дзяцей.

– Прага нешта майстраваць у мяне з дзяцінства, а магчыма гэта здатнасць перадалася ў спадчыну, – разважае Любоў Пятроўна. – Бацька кошыкі ўмеў плесці, а мы з сястрой дапамагалі яму аплятаць шпагатам аснову. Нават спаборнічалі між сабою – хто хутчэй справу зробіць. Кветкі розныя з каляровага дроціку рабіла, яны і сёння дома стаяць. Разам з дзяўчатамі ўпрыгожвалі палаткі на вяселлях, самі рабілі кветкі. І цяпер, як убачу ў каго што новае, то адразу з’яўляецца жаданне абавязкова самой зрабіць.  

Да свята Уваскрэсення Хрыстовага ў сям’і Літвінчыкаў згодна з тэхнікай арыгамі змайструюць карзіну з велікоднымі яйкамі. 

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара

 

***

Гэты дзень узвяліч, з ім – святочны куліч

Хрысціяне ўсяго свету рыхтуюцца сустрэць светлае свята Вялікадня. Адным з абавязковых яго атрыбутаў з’яўляецца святочны стол, на які ў гэты дзень падаецца асабліва багатая і разнастайная ежа. На стале прысутнічаюць тры галоўныя стравы, якія асвячаюць у суботу: куліч, тварожная паста і фарбаваныя яйкі.

Рэцэпты гэтых страў а таксама “Месяцавы каляндар” можна прачытаць на 3-й старонцы спецвыпуску “Праменя” “Альбуцкі куфэрак”.

***

На 4-й старонцы “Альбуцкага куфэрка” размешчаны заметкі пра надзвычайныя з’явы прыроды, якія можна было назіраць на Стаўбцоўшчыне.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *