Выслухаць, унікнуць і дапамагчы

Нумары Прамая лінія Улада. Слова. Справа Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

Па суботах ва ўсіх рэгіёнах прадаўжаюць працаваць прамыя тэлефонныя лініі. Новы фармат «сустрэчы» ўлады з грамадзянамі стаў адным з самых эфектыўных спосабаў вырашэння мясцовых праблем. Меры аператыўнага рэагавання, якія прымаюцца пасля тэлефонных зваротаў, ужо дазволілі зняць шмат якія пытанні на месцах.

У мінулую суботу на прамой лініі працаваў  старшыня райвыканкама Юрый Горлаў. За тры гадзіны работы прамой лініі паступіла 22 тэлефанаванні. Званкі ішлі не толькі ад жыхароў Стаўбцоўшчыны, але нават і з іншых абласцей. Большасць пытанняў тычылася добраўпарадкавання і праблем жыллёва-камунальнай сферы.

Першы тэлефонны званок на прамую лінію паступіў з мікрараёна «Акінчыцы». Жыхарка вуліцы Коласаўскай адразу падзякавала старшыні райвыканкама за асфальтаванне вуліцы, а затым выказала просьбу. Мінулагодняе лісце за прыпыначным пунктам (насупраць філіяла музея Якуба Коласа) не прыбрана  і сёння. У гэтых мясцінах часта бывае шмат гасцей і нядобра такім «нацюрмортам» сустракаць іх.

Юрый Мікалаевіч запэўніў жанчыну, што парадак будзе зроблены ў бліжэйшыя дні, тым больш, што зараз у раёне ідзе месячнік па навядзенні парадку на зямлі, праводзяцца суботнікі, усё чысціцца і прыбіраецца.

Жыхар горада Стоўбцы звярнуўся да старшыні райвыканкама з набалелай праблемай. Ён прасіў дапамогі ў вырашэнні пытання пракладкі пешаходнай дарожкі каля дома № 3-а па вуліцы Цэнтральнай. Жыхары гэтага дома некалькі разоў звярталіся ў розныя інстанцыі, але вынікаў ніякіх няма.

Юрый Горлаў растлумачыў, што ў пачатку года заўсёды складаюцца графікі работ па рамонце дарог, жылля і г. д. У гэтым годзе пра ўсе намечаныя работы па рамонце дарог, жылля, газіфікацыі і г. д. было паведамлена ў раённай газеце «Прамень» за 17 студзеня 2015 года. Будаўніцтва ці рамонт данай пешаходнай дарожкі на бягучы год не запланаваны, але гэтае пытанне будзе ўзята на кантроль, разгледжана і прынята канкрэтнае рашэнне.

Па пытаннях добраўпарадкавання дарог паступалі тэлефонныя званкі са Стоўбцаў (вул. Адамовіча, вул. Беларуская, вул. Лясная мікрараёна  Акінчыцы),  з вёсак Новы Свержань (зав. Лясны) і  Мешычы.

Жыхарку горада Бабруйска хвалявала пытанне работы маршрутнага аўтобуса Стоўбцы – Ціскаўшчына. Да вёскі Гурнаўшчына, куды яна прыязджае да сваіх бацькоў, ён не даходзіць. Аўтобус на Стоўбцы ходзіць толькі два разы на тыдзень, а людзям патрэбна  ў бальніцу, аптэку, магазін і г. д. Асвятленне ў вёсцы адсутнічае. Жанчына вельмі непакоілася за пажылых людзей і прасіла пайсці ім насустрач і арганізаваць маршрут аўтобуса да Стоўбцаў хаця б яшчэ адзін раз сярод тыдня.

Кіраўнік раёна сам наведаў гэтую вёску, паглядзеў на ўмовы пражывання яе жыхароў. Адпаведным структурам дадзена даручэнне да 1 кастрычніка 2015 года зрабіць вулічнае асвятленне ў вёсцы Гурнаўшчына. Што тычыцца аўтобуснага маршруту, то тут існуюць стандарты, і яны выконваюцца ў адпаведнсці з заканадаўствам.

З пытаннямі аб  аўтобусным  руху да старшыні райвыканкама звярнуліся і стаўбчане. Яны прасілі дапамогі ў арганізацыі аўтобуснага прыпынка каля гарадскіх могілак.

–       Абавязкова пойдзем насустрач. У гэтым годзе будзе толькі прыпынак аўтобуса, а на наступны год пабудуем прыпыначныя пункты з двух бакоў вуліцы, – запэўніў Юрый Мікалаевіч.

Шмат пытанняў тычылася і работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Жыхарка вёскі Новы Свержань (вул. Трактарная) скардзілася на тое, што ў іх дамах у летні час няма гарачай вады.

На чарговай апаратнай нарадзе Юрый Горлаў вярнуўся да гэтага праблемнага пытання для жыхароў данай вуліцы і даў даручэнне выправіць сітуацыю. Людзі павінны быць з гарачай вадой і зімой, і летам.

Жыхары аграгарадка Дзераўная скардзіліся, што лазня ў іх населеным пункце   не працуе ўжо амаль  месяц.

–       Будзе створана камісія, якая разбярэцца з усімі праблемамі і вызначыць аб’ём рамонтных работ.

На прамую лінію паступіла тры тэлефонныя званкі аб аварыйным стане дрэў на праваслаўных гарадскіх могілках. Данае пытанне ўзята на кантроль і ў бліжэйшыя тэрміны будзе вырашацца.

Некалькі гараджан патэлефанавалі старшыні райвыканкама з прапановамі, якія сапраўды заслугоўваюць увагі. Адна слушная прапанова тычылася арганізацыі веласіпедных стаянак каля кожнага магазіна, другая – аб будаўніцтве воднай свідравіны ў аграгарадку Заямнае замест станцыі абезжалезвання.

 Некалькі тэлефанаванняў насіла прыватны характар.

Па нявырашаных пытаннях адказным службам райвыканкама дадзены даручэнні выехаць на месца, разабрацца і выправіць сітуацыю ў бліжэйшы час.

Галоўная мэта мясцовай улады – дапамагчы людзям. Юрый Мікалаевіч, дзелячыся думкамі аб эфектыўнасці прамых ліній, адзначыў: «Тое, што прамыя лініі праходзяць кожную суботу, – вельмі  выніковая практыка. Многія праблемы ўжо вырашаны. Жыхары нашага раёна звяртаюцца на прамыя лініі, падымаючы не толькі бытавыя, але і глабальныя праблемы. Адны пытанні можна зняць аператыўна, іншыя патрабуюць часу і фінансавых сродкаў. Але стараемся знаходзіць варыянты іх вырашэння. Гэты факт пацвярджае эфектыўнасць падобнай формы работы з грамадзянамі».

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб прыняцці новай рэдакцыі Дырэктывы № 2 «Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату». Ключавой асаблівасцю новай рэдакцыі Дырэктывы № 2 з’яўляецца ўстаноўка на вырашэнне ўсіх праблем і цяжкасцяў насельніцтва ў першую чаргу непасрэдна на месцах. У гэтай сувязі стварэнне неабходных умоў для забеспячэння нармальнай жыццядзейнасці грамадзян, павышэнне якасці аказання паслуг насельніцтву аднесена да найважнейшых задач мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Для павышэння адкрытасці дзяржаўных органаў на кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў (іх намеснікаў) ускладваецца абавязак праводзіць кожную сераду з 08.00 да 13.00 асабісты прыём грамадзян, кожную суботу з 09.00 да 12.00  – прамыя тэлефонныя лініі, не радзей як адзін раз на квартал – выязныя асабістыя прыёмы. Як бачым, усё робіцца для чалавека і ў імя чалавека. Нездарма яшчэ К. Каліноўскі пісаў: «Не народ для ўрада, а ўрад для народа».

На прамой лініі працавала Нэлі АСТРЭЙКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

Пытанні паступілі розныя

Адбылася прамая тэлефонная лінія з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам райсельгасхарча Дзянісам Колесенем. Людзі на працягу ўсяго часу, як прамыя лініі пачалі праводзіцца, скарыстоўваюць магчымасць агучыць мясцовай уладзе свае праблемы. Пытанні ад грамадзян паступілі розныя, але большасць тычылася работы камунальнай службы. Некаторыя  вырашаны адразу, іншыя патрабавалі дэталёвага вывучэння.

Першай патэлефанавала мінчанка Таццяна Ягорава, бацька якой пражывае ў Ціскаўшчыне. Чалавек ён пажылы і хворы, мужчыну трэба часта ездзіць у бальніцу. Жанчына папрасіла, каб рэйсавы аўтобус Стоўбцы – Ціскаўшчына, дадаткова да пятніцы і нядзелі, хадзіў і ў сераду. Паскардзілася таксама, што першыя два тыдні месяца ў вёску не прыязджала аўталаўка. І дадала ў тэму, што магазін на колах не гандлюе малочнай прадукцыяй.

Станіслаў Русевіч з пасёлка Меліяратараў выказаў заклапочанасць тым, што не працуе лазня.

Абодвум  грамадзянам Дзяніс Сяргеевіч паабяцаў у іх сітуацыях разабрацца і даць адказ.

Людміла Джыган з Заямнага пацікавілася, калі стабілізуецца падача вады з воданапорнай вежы і калі будзе пабудавана станцыя абезжалезвання вады. 

Кацярына Лабун з Літвы папрасіла растлумачыць, як набыць ва ўласнасць дом жыллёвага фонду гаспадаркі і адразу атрымала слушную параду.

Марыя Капейчанка са Стоўбцаў запыталася, ці запланавана па вуліцы Гагарына – ад магістралі ў бок Заямнага, тратуарная дарожка. Адказ жанчыну задаволіў – па левым баку вуліцы, на якой яна пражывае, сёлета будзе пакладзены тратуар.

Іван Шуцько з Ніўнага папрасіў прагрэйдзіраваць вуліцу Стараніўнянскую.

Гэтая работа будзе праведзена згодна са складзеным графікам.

Падрыхтавала Надзея БАТАЛКА

 

З «ПРАПІСКАЙ» У НОВЫМ СВЕРЖАНІ

Прыгарадны ў адносінах да райцэнтра Новы Свержань прагучаў сёлета не адзін раз: абодва прадпрыемствы, размешчаныя на яго тэрыторыі, – Навасвержанскі лесазавод і Стаўбцоўскі райаграсэрвіс – вызначаны пераможцамі сярод працоўных калектываў у раённым спаборніцтве за 2014 год.

Названыя прадпрыемствы адзначаны, безумоўна, за дасягнутыя вытворчыя паказчыкі. Лесазавод, мадэрнізаваны апошнім часам сучаснымі тэхналагічнымі лініямі, імкліва павялічвае   аб’ёмы выпушчанай прадукцыі. Большая яе частка адгружаецца на экспарт і карыстаецца нязменным попытам у спажыўцоў. У нагу з часам стараецца крочыць і райаграсэрвіс, які, у прыватнасці, развівае ўласныя тэхнічныя распрацоўкі. Адна з іх адрасавана акурат тым, хто займаецца лесаперапрацоўкай і нарыхтоўкай для гэтай вытворчасці сыравіны.

Разам з тым, у мясцовых прадпрыемстваў, як сцвярджае старшыня Навасвержанскага сельвыканкама Анатоль Богдан, ёсць і іншыя заслугі грамадскага характару. «Прапісаныя» ў Новым Свержані, яны з году ў год знаходзяць магчымасці для таго, каб падтрымліваць сваё паселішча ў добраўпарадкаваным выглядзе. Выдзяляюць тэхніку, прадастаўляюць на дапамогу сваіх работнікаў.  

Так, у бліжэйшы час на вуліцах Маладзёжнай, Галавенчыцкай і Свабоды ў Новым Свержані, а таксама на хутары Караліна неабходна выразаць кустоўе на пустых зямельных участках. У далейшым усе яны будуць выкарыстаны для будаўніцтва жылых дамоў. Вольныя зямельныя ўчасткі атрымаюць у першую чаргу тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і выкажа жаданне будаваць свой дом. Але і ўсе жадаючыя змогуць набыць зямельны ўчастак па кадастравым кошце. Гэта таксама адносна невялікая цана.

– Праблем з набыццём зямельнага ўчастка не існуе. Неабходна звярнуцца ў сельвыканкам з заявай, – падкрэслівае Анатоль Богдан і выказвае ў сувязі з гэтым спадзеў на жыхароў буйных гарадоў, якія захочуць займець нерухомасць у мясцінах, што суседнічаюць з ракой Нёман і багатыя не толькі маляўнічымі краявідамі, а і гісторыяй, і, да таго ж, вылучаюцца зручнымі транспартнымі пад’ездамі ў любую пару года. Перавагай з’яўляецца і тое, што большасць зямельных участкаў, якія прапануюць да продажу ў Новым Свержані, забяспечаны  інжынернымі камунікацыямі.                  

Мясцовыя прадпрыемствы традыцыйна аказваюць сельвыканкаму пасільную дапамогу ў ліквідацыі несанкцыянаваных міні-звалак, уборцы накіданага за зіму смецця на пустырах і т. п.

З надыходам вясны працягнецца спілоўванне аварыйных дрэў. Для новасвяржан гэта праблема. Летась шмат векавых небяспечных вербаў было прыбрана на вуліцы Галавенчыцкай, па якой дзеці ідуць у школу, а ўсяго – каля трох з паловай дзясяткаў дрэў. Ад іх засталіся ёмістыя пні, якія звужаюць вуліцу, таму надзённая задача на бягучы год – выкарчаваць іх з дапамогай спецыялізаванай тэхнікі.    

Несумненна і тое, што вясна ў Новым Свержані пачынаецца з суботнікаў. Тутэйшыя жыхары выходзяць на ўборку сваіх двароў, могілак і іншых грамадскіх месцаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *