Усё больш «нашых» адрасоў

Акцыі Нумары

image_pdfimage_print

Раённы дзень падпісчыка, які ладзіўся на гэтым тыдні ў гарадскім аддзяленні паштовай сувязі, даў магчымасць выказаць удзячнасць  тым, хто з году ў год, з квартала ў квартал не змяняе сваёй любімай «раёнцы».

Заўсёды прыемна сустракацца і кантактаваць з гэтымі людзьмі, нашымі даўнімі сябрамі. І ўдвая прыемней, калі ёсць магчымасць аддзячыць ім за вернасць і добрым словам, і памятным сувенірам. Безумоўна, у Дзень падпісчыка такая магчымасць ёсць.

На гэты раз пачаўся ён… з чаргі патэнцыйных падпісчыкаў на «Прамень». Маладая аператар аддзялення сувязі Надзея Гурневіч, рабочае месца якой у гэты дзень было спецыяльна вынесена ў залу, бліжэй да падпісчыкаў, хоць і афармляла падпіску хутка, з дапамогай камп’ютарнай праграмы, мякка кажучы не зусім паспявала за попытам. Шмат жадаючых падпісацца прыйшло ў адзін час, акурат да адкрыцця дня падпісчыка. Шчыра кажучы, для нас такая чарга – проста мяжа жаданняў. Ды і большасць удзельнікаў раённага Дня падпісчыка заказвалі, акрамя газеты «Прамень», яшчэ шмат якія перыядычныя выданні Рэспублікі Беларусь і краін СНД. З прыцэлам, каб было што пачытаць на працягу бліжэйшых трох месяцаў усім членам сям’і – і дарослым, і дзецям.

Адна з такіх падпісчыц, мама дваіх дзяцей-школьнікаў Тамара Кісун зазначыла ў размове:

– Раённую газету чытаем  з часу пражывання ў інтэрнаце філіяла маторнага завода. Пабудавалі сваю кватэру па вуліцы Міру і працягваем выпісваць «раёнку» ўжо на новы адрас.

«Нашых» адрасоў – каля шасці тысяч, і знаходзяцца яны паўсюдна на тэрыторыі раёна. Але пяць з іх  мы назавём сёння публічна, таму што менавіта гэтыя падпісчыкі аказаліся шчасліўчыкамі ў розыгрышы бясплатнай квартальнай падпіскі на «Прамень». Сярод іх – сем’і стаўбчан Навошаў (завулак Прытыцкага), Лойкаў (завулак Варашылава), Кісуноў (вуліца Міру), Бузуноўскіх (вуліца Сянкевіча) і Пашковічаў (вуліца Будзённага).

Жадаем названым і іншым сем’ям жыхароў Стаўбцоўшчыны новых творчых удач і несканчонага натхнення, спаўнення самых запаветных мараў. А рэдакцыя «Праменя» пастараецца апраўдаць вашы надзеі і спадзяванні, выканаць усе вашы пажаданні, шаноўныя падпісчыкі.

Да канца сакавіка застаецца яшчэ некалькі дзён, таму раім паспяшацца на пошту або звярнуцца да паштальёна тым, хто яшчэ не працягнуў падпіску на раённую газету на другі квартал.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *