Навіны Стаўбцоўшчыны

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

У ФЕРМЕРСКАЙ ГАСПАДАРЦЫ

Напружаная пара зараз у земляробаў фермерскай гаспадаркі «Сула», дзе разгарнуліся веснавыя работы. Асноўны клопат – апрацоўка глебы, падрыхтоўка і праверка элітных сартоў бульбы перад будучай пасадкай. Штодня адказныя работнікі Анатолій Ваўчок і Андрэй Гарох сочаць за тэмпературным рэжымам, вентыляцыяй бульбасховішча, запісваюць паказчыкі электронных датчыкаў.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

СЕЮЦЬ І НА РАДЗІМЕ КОЛАСА

На гэтым тыдні, у сераду, прыступілі да сяўбы ранніх яравых збожжавых і хлебаробы ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Першым пачалі засяваць поле ля Жыгалак. Як расказвае галоўны аграном Аляксей Чандакоў,  збожжавыя культуры зоймуць плошчу 591 гектар. Больш пасеюць ячменю – 481 гектар. Сёлета набылі суперэлітнае насенне сорту «стратус», які ў далейшым будуць размнажаць. На сяўбе заняты два механізатары, якія працуюць на магутных імпартных трактарах з камбінаванымі пасяўнымі агрэгатамі. Гэта Міхаіл Ванагель і Іван Ажгірэвіч. На загрузчыках насення працуюць вадзіцелі Эдуард Рымашэўскі і Іосіф Шпакоўскі. Паралельна ў гаспадарцы вядзецца падрыхтоўка глебы. Своечасова і якасна выконваюць гэтую тэхналагічную аперацыю Аляксандр Андронаў і Яўген Чэмка. На ўнясенні мінеральных угнаенняў шчыруе Марат Берташ. Усе працаўнікі вопытныя, таму і ў кіраўніцтва няма сумнення ў тым, што з пастаўленай перад імі задачай яны справяцца. А вось на пратручванні насення рупіцца малады спецыяліст Аляксандр Бушма.

 

КАБ СТОЎБЦЫ ПРЫГАЖЭЛІ

Сёлета камунальнікі плануюць вырасціць каля 20 тысяч штук кветкавай расады – для азелянення горада, а таксама для продажу ўсім жадаючым.

З першым веснавым цяплом пачаліся сезонныя работы ў цяпліцы аб’яднання камунальных службаў. Як расказала ландшафтны архітэктар прадпрыемства Наталля Грынюк, сёлета выдаткавана каля васьмі мільёнаў рублёў на набыццё насення кветак. Закуплены яны ў ААТ «МінскСортНасенАгародніна» і ТДА «Аграрна-прамысловы дом». Значна больш, чым летась, набыта такіх відаў кветак як петуніі, сальвіі, астры карлікавыя, кермек, ільвіны зеў, цынія, геліхрызум, сланечнік «Медвежонок». Асобна хочацца вылучыць фіялку (віёлу), якая павінна надаць клумбам нашага горада асаблівую прывабнасць. А для аздаблення святога месца ў нашым горадзе – плошчы Бесмяротнасці – будуць закуплены і высаджаны напярэдадні Дня Перамогі вечнаквітнеючыя кусцікі бягоніі.     

 

ЗВЫШ ПЯЦІДЗЕСЯЦІ ТРАКТАРОЎ

Машынна-трактарны парк раёна ў бліжэйшы час істотна папоўніцца сельскагаспадарчай тэхнікай. Згодна з заключанымі дагаворамі, ААТ «Мінскі трактарны завод» паставіць сельгаспрадпрыемствам і арганізацыям, якія абслугоўваюць сельскую гаспадарку, 51 трактар. А іменна, шэсць маркі «Беларус-3522», дзесяць – «Беларус-1523», чатырнаццаць – «Беларусь-1221.2» і дваццаць адзін – «Беларус-920». Усе трактары апошняй маркі ўжо прапісаліся на мехдварах гаспадарак. Найбольшую колькасць, па сем адзінак тэхнікі, набудуць ААТ «Вішнявецкі-агра» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», шэсць – ААТ «Рубяжэвічы»,  па чатыры  – ААТ «Радзіма Якуба Коласа» і «Радзіма Дзяржынскага». Завод прадстаўляе сельгасвытворцам выгадныя ўмовы набыцця тэхнікі – беспрацэнтную растэрміноўку плацяжу тэрмінам ад двух да трох гадоў з першапачатковым узносам 25 працэнтаў ад кошту трактара.

 

БЯРОЗАВІК З РЫНКУ

У мінулыя выхадныя на Калгасным рынку ў Стоўбцах лесаводы  рэалізоўвалі свежы бярозавы сок.

Продаж соку ў пяцілітровай тары працягнецца і ў бліжэйшыя выхадныя дні на тым жа Калгасным рынку.

– Каб арганізаваць гандаль на разліў, у райспажыўтаварыства няма бочак. Ды і вырашыць пытанні санітарыі і іншыя не так  проста, – зазначае галоўны інжынер Стаўбцоўскага доследнага лясгаса Генадзь Шпілеўскі.

Калі кагосьці не задавальняе рыначная цана на свежы бярозавік, лесаводы прапануюць набываць яго непасрэдна ў лясніцтвах. Для нарыхтовак  у сёлетнім сезоне вызначаны наступныя лясніцтвы: Акінчыцкае, Хатаўское, Налібацкае і Прудское. «У любым з гэтых лясніцтваў можна выпісаць адрыўны талон і атаварыцца, – падказвае Генадзь Шпілеўскі. –  Цана на сок у лесе – прыкладна тысячу рублёў за  літр. Такім чынам насельніцтву ўжо прададзена каля чатырох тон соку».

Паводле апошніх даных, на перапрацоўку на Стаўбцоўскі філіял ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» пастаўлена лясгасам каля ста тон ляснога напітку.

 

НА БАЦЬКОЎСКІХ СХОДАХ

Валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ала Шыдлоўская выступіла на бацькоўскіх сходах у Наваколасаўскай, Дзераўнянскай і Вішнявецкай школах.

У сваім выступленні яна звярнула ўвагу бацькоў на такое важнае і вельмі актуальнае пытанне як прафілактыка наркотыкаў і ўжывання спайсаў.

Ад бацькоў  залежыць, як праводзяць свой час іх дзеці, чым напоўнена іх жыццё. Бацькам была данесена інфармацыя аб пагубнасці спайсаў на арганізм дзіцяці і падлетка. Ужо з першага прыёму яны выклікаюць залежнасць.

Сярод вучнёўскай моладзі  праведзена анкетаванне.

 

ВІТАМІННАЯ ПРАДУКЦЫЯ

Нарыхтоўчы аддзел райспажыўтаварыства рэальна адчуў эфект ад новаўвядзенняў. Чатыры запушчаныя новыя камеры захоўвання агародніннай прадукцыі з праграмным кіраваннем дазваляюць да вясны забяспечыць высокую якасць садавіны і гародніны.

Цяпер кіраўніцтва нарыхтоўчага аддзела занята пытаннямі найбольш выгаднай рэалізацыі вітаміннай прадукцыі. Канешне ж, у першую чаргу выконваюцца экспартныя заяўкі. У гэтыя веснавыя дні райспажыўтаварыства загружае машыны з бульбай, морквай, цыбуляй і іншай зборнай агародніннай прадукцыяй у Расійскую Федэрацыю. У поўным асартыменце вітамінная прадукцыя прысутнічае ва ўсіх магазінах райцэнтра і сельскай мясцовасці. Ідзе актыўная рэалізацыя яблыкаў, морквы, сталовых буракоў, капусты, цыбулі, бульбы на кірмашах у сталіцы.

 

ЗАГУДЗЕЎ НОВЫ ВУЛЕЙ

Сёлета, як і ў мінулым годзе, Стаўбцоўскі доследны лясгас абнавіў сваю пасеку новымі вуллямі.

– Работа гэтая вядзецца мэтанакіравана, ужо другі год, таму што замены чакаюць і ўсе астатнія вуллі. У нас утрымліваецца 300 пчаласем’яў у  трох лясніцтвах – Акінчыцкім, Старынскім і Кляцішчанскім. Пчолы добра перазімавалі. З улікам ранняй вясны мы ўжо пачалі іх падкормліваць, – зазначае старшы пчаляр лясгаса Міхаіл Каўгарэня.

У мінулым годзе стаўбцоўскія лесаводы атрымалі па дзевяць кілаграмаў мёду на кожную пчоласям’ю. Таксама і ў гэтым годзе плануюць сабраць не меншы ўраджай. Для гэтага рупяцца дзве пчалярскія сям’і – Міхаіла і Валянціны Каўгарэняў, Васіля і Алены Парашчукоў і, бадай, адзін са старэйшых пчаляроў Стаўбцоўшчыны – Мікалай Лецка.     

 

САМАГОННАЕ «ХОБІ»

47-гадовы жыхар аграгарадка Налібакі А. Ч. Лукашэвіч на працягу года тройчы папаўся на вырабе самаробных алкагольных напіткаў.

Першы раз, у чэрвені мінулага года, супрацоўнікамі міліцыі быў выкрыты цэлы міні-завод, замаскіраваны ў лясным масіве. Аб’ёмы яго сапраўды нагадваюць прамысловыя маштабы – на нелегальным канвееры «булькала» 1750 літраў самагоннай брагі! Брага была знішчана, а парушальніка суд пакараў штрафам у памеры 2 250 000 рублёў.

Праз пэўны час гэты ж грамадзянін ізноў узяўся за старое. Рэйдавай групай у складзе ўчастковага інспектара міліцыі Яўгена Сянько і оперупаўнаважанага аддзялення крымінальнага вышуку Паўла Даўнаровіча пры аглядзе гаспадарчых пабудоў і жылога дома было знойдзена сем літраў самагону. І самы свежы факт датаваны 9 сакавіка бягучага года – захоўванне 750 літраў самагоннай брагі і дзесяці літраў самагону.            

– Брага знаходзілася ў гаспадарчых пабудовах у вялікіх ёмістасцях, была старанна схавана за дровамі, – расказала начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі Юлія Белавусава.

Зразумела, не кожны, як гэты жыхар Налібакаў, пойдзе на такі рызыкоўны «бізнес». Да тых, хто хоча зарабіць на продажы самагону, у грамадстве ставяцца адназначна негатыўна.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *