Святло Перамогі

Вялікай Перамозе прысвячаецца Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Нумары

Кветкі памяці

У сакавіку ў раённай бібліятэцы стартавала выстаўка работ наведвальнікаў дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра, прысвечаная 70-годдзю Вялікай Перамогі.

– Выстаўка праходзіць у рамках акцыі-марафону «Сярэбраная нітка памяці», якая злучае старэйшае і маладое пакаленні, а іх сувязь выступае як аснова маральнасці, канва нашага жыцця, – адзначае загадчык аддзялення Сяргей Есіс.   

Больш за трыццаць уласных работ з каляровай паперы, выкананых па тэхналогіі квілінгу, прадставілі на агляд грамадскасці стаўбчанкі Марыя Яфрэмава, Алена Гундзіловіч, Валянціна Кубрына, Валянціна Лаўрыенка, Людміла Ачылава, Святлана Багдановіч. Усе жанчыны – актыўныя ўдзельніцы гуртка «Жыццё без межаў», які працуе пад кіраўніцтвам Таццяны Шаўчук.

Што датычыць выстаўленых твораў, то памер іх ад звычайнай віншавальнай паштоўкі да маштабу сапраўднай карціны. Сюжэты  – разнастайныя  кветкавыя кампазіцыі. Усе яны выглядаюць як адзін вялікі рукатворны букет шаноўным героям Вялікай Перамогі. Падзівіцца на яго змогуць не толькі стаўбчане, але і жыхары Міншчыны, таму што ўжо ў красавіку тры работы з выстаўкі будуць прадастаўлены для ўдзелу ў абласным конкурсе ў бібліятэцы імя А. С. Пушкіна ў Мінску.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 

 

***

Вучань шостага класа СШ № 3 г. Стоўбцы Дзмітрый Суднік заняў першае месца ў абласным конкурсе творчых работ, прысвечаных святкаванню 70-гадовага юбілею Вялікай Перамогі.

Вайна вачыма дзіцяці

Ужо шмат гадоў на небе  над нашай краінай ззяе мірнае сонца. Каласяцца палеткі, будуюцца гарады, працуюць заводы, смяюцца дзеці.

Але так было не заўсёды. Вайна знішчальным полымем пранеслася па нашай зямлі, па жыццях і душах людзей.

Мужныя абаронцы Радзімы, яны выстаялі і перамаглі ворага: салдаты, партызаны, падпольшчыкі, нястомныя працаўнікі тылу. Па матэрыялах іх аповедаў-успамінаў напісаны мастацкія творы і гістарычныя артыкулы, пастаўлены спектаклі і зняты кінафільмы.

Час не збярог нашых сівых ветэранаў, мала іх засталося. Але яшчэ жывуць разам з намі непасрэдныя, нявольныя сведкі гэтага ліхалецця: маленькія дзеці вайны. Так, шмат было ўжо сказана пра падлеткаў-партызанаў, пра непаўналетніх вязняў. Гэта вельмі жахлівыя старонкі Вялікай Айчыннай… Іх было шмат. Але значна болей было дзяцей, якія кожную хвіліну, кожны дзень пражывалі ва ўмовах ваеннай рэчаіснасці, звычайнай, паўсядзённай рэчаіснасці. Яны немаўлятамі папалі на гэтую вайну, яны раслі на ёй, яны не ведалі іншага нармальнага жыцця. Гукі выбухаў і стрэлаў – замест матчынай калыханкі, гільза ад патрона – замест першай цацкі.

Гэтыя аповеды я пачуў з вуснаў майго роднага дзядулі Пятра Пятровіча Цыбулькі. Ён нарадзіўся ў вёсцы Белічы, што пад Слуцкам.  Пяцігадовым хлапчуком дачакаўся перамогі.

Пяцігадовым…  Якраз як мой малодшы брат Уладзік, які зараз нецярпліва тузае мяне за рукаў, замінаючы пісаць. Хоча пагуляць разам у машынкі, а потым паглядзець новы мульцік…

–  Што ты помніш, дзядуля, аб той вайне? – спытаў я.

–  Помню, унучак…

Пачатак вясны сорак чацвёртага быў халодным і галодным. Маленькі Петрык, яго старэйшыя сёстры і матуля Вольга, як і іншыя аднавяскоўцы, адкопвалі на полі рэшткі падмарожанай леташняй бульбы. Потым адтайвалі яе ў цяпле, дралі, дабаўлялі крышку грубай мукі і пяклі ў печы нешта накшталт аладак, цёмных, ліпкіх, прытарнага смаку. Петрык памятае, што есці хацелася заўсёды.

А ў той час у бацькоўскай хаце стаяла нямецкая вайсковая часць. Тры немцы у цьмяных, мышынага колеру, шынялях. Запомніўся самы старэйшы з іх, мажны, сівавусы, обер-лейтэнант Кош (мабыць, з-за смешнага прозвішча).

Салдатам з вайсковай кухні старэйшая чатырнаццацігадовая Ніна павінна была штодня прыносіць ежу. Які водар быў у сапраўднай кашы з мясам!.. Чатыры пары галодных вачанят блішчалі ў кутку хаты. І кожны раз сівы немец Кош, хаваючы сумныя вочы, браў вялікі чарпак, знакамі клікаў матулю, мармычучы ў вусы:

–  Фрау, на, на, эссэн, кіндэр, нох эссэн! (Ешце, дзеці, яшчэ ешце).

У тую вясну, мабыць, дзякуючы гэтаму, вялікая сям’я і выжыла.

За доўгія гады настаўніцкага жыцця (больш, чым паўстагоддзя) вучні не раз пыталі Пятра Пятровіча на ўроках гісторыі, калі праходзілі тэму Вялікай Айчыннай вайны, ці праўда, што ўсе фашысты былі злымі і жорсткімі? Тады дзядуля заўсёды расказваў ім гэты выпадак са свайго маленства. Як прыклад таго, што нягледзячы на тое, што на вайне забівалі людзей, ніводная вайна не здольна забіць у сапраўдным чалавеку рысы чалавека.

–  А яшчэ помніцца, –  працягвае дзядуля, – як шэрым зімовым золкам матуля апранае мяне соннага. Абвязвае крыж-накрыж сваёй вялікай карычневай, з паласою, хусткай. Завязвае вузел, а рукі чамусьці калоцяцца, і вусны дрыжаць, і слёзы капаюць з яе вачэй акурат на мой твар, такія пякучыя-пякучыя… А потым ідзём мы па снезе некуды. Маня, сястра мая, тады ляльку сваю любімую згубіла. Хацела шукаць ісці, але маці не дазволіла, ухапіла моцна за руку. Толькі праз многа гадоў маці, Вольга Пятроўна, адкрылася нам, дарослым. Расказала, што тым калядным ранкам наша вёсачка магла б паўтарыць лёс сумна вядомай Хатыні. Недзе непадалёку ад Белічаў нехта абрабаваў нямецкі фургон. Немцы адразу спалохаліся – партызаны! Вызвалі карнікаў, ужо з’явіліся яны ў чорнай вопратцы са свастыкай, на краі сяла на чорных машынах, ужо людзей сталі збіраць… Але нешта не зладзілася ў іх. Можа, адумаліся: якія могуць быць партызаны ў нашай мясцовасці – на многа кіламетраў вакол ніводнага лясочка. Дзе ім хавацца, партызанам? А можа іншая «чорная» работа для эсэсаўцаў з’явілася? Паехалі яны. Жывыя мы засталіся, дзякуй Богу.

Петрык яскрава помніць дзень вызвалення іх роднай мясцовасці. Праз вёску са Слуцка  ішла калона танкаў, зеленаватых, плямістых. Ажыўлена шчабяталі суседскія дзяўчаты, прыціскаючы да грудзей букеты кветак. А потым кідалі іх танкістам. У танкістаў былі запэцканыя пылам і попелам твары. Адзін з іх саскочыў і падбег да Петрыка і яго стрыечнага брата, трохгадовага Шуркі. Дастаў з кішэні шыняля два невялікія цёмна-бурыя кавалкі і пачаставаў хлапчанят.

Петрык тады вельмі здзівіўся: «Які незвычайны смачны салодкі хлеб!» Ён ніколі дагэтуль не спрабаваў цукру, не ведаў, які ён, салдацкі пачастунак, абсыпаны попелам і махоркай. Яго смак дзядуля помніць і сёння.

А восенню прыйшоў доўгачаканы ліст ад бацькі. Цяжка паранены, лежачы ў шпіталі, ён пісаў:

«Можа, я вам не патрэбны, такі калека, без правай рукі, як гаспадарку буду весці?..»

Галасілі старэйшыя сёстры. Ці то ўсхліпвала ад гора, ці то ўсміхалася ад радасці матуля. А малы Петрык раптам залямантаваў: «Мамачка, сястрычкі, напішыце, хай тата прыязджае хутчэй! Я ўсё-ўсё за яго рабіць буду: і хлеба яму адрэжу, і кашай з лыжкі пакармлю, і цыгарэту скручу! Хай толькі вяртаецца да нас!»

Часам, мне здаецца, што калі б былыя і сучасныя палітыкі хоць на пару імгненняў паглядзелі на вайну менавіта вачыма дзіцяці, то войны на планеце спыніліся б.

Зніклі б назаўсёды.

Дзмітрый СУДНІК, член аб’яднання па інтарэсах «Юны журналіст» СШ № 3 г. Стоўбцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *