Зробім Стаўбцоўшчыну чыстай

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

Аздобіць вясновыя вуліцы райцэнтра чысцінёй з першымі ласкавымі і сонечнымі днямі імкнуцца яго жыхары, працоўныя калектывы арганізацый і прадпрыемстваў.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ЗУСІМ НЕ ДРУГАСНАЯ ПРАДУКЦЫЯ

У нашай краіне прынята Дзяржаўная праграма збору і перапрацоўкі другаснай сыравіны на 2009-2015 гады. Яна прадугледжвае павелічэнне аб’ёмаў нарыхтовак другасных матэрыяльных рэсурсаў і задавальненне патрэбнасці перапрацоўчых прадпрыемстваў рэспублікі.

Як ажыццяўляецца гэты важны накірунак работы ў райспажыўтаварыстве, мы просім расказаць начальніка аддзела нарыхтовак Ірыну Тулейка.

–       Павышэнне ўвагі да збору і нарыхтоўкі другаснай сыравіны не выпадковае, – гаворыць Ірына Мікалаеўна. – Ад эфектыўнасці работы ў сферы адносін да адходаў у першую чаргу залежыць экалагічная бяспека. Па-другое, развіты рынак утылізацыі другаснай сыравіны і попыт на яго – адзін з фактараў павелічэння сыравіннай базы краіны, зніжэння матэрыяльных страт. Адным словам, гэты занятак эканамічна прыбытковы. Таму ў структуры нарыхтоўчай галіны спажывецкай кааперацыі збору другаснай сыравіны надаецца вялікая ўвага. Мы нарыхтоўваем макулатуру, шкло, палімерныя адходы (пэт-бутэлькі), лом чорных і каляровых металаў. З пачатку года выконваюцца даведзеныя месячныя планы па нарыхтоўцы гэтых відаў сыравіны. За студзень-люты нарыхтавана  55 тон макулатуры, 9 тон шклабою, адна тона – пэт-бутэлек, 33 тоны чорных металаў, 1,5 тоны – каляровых. Вялікую лепту ў збор другаснай сыравіны ўносяць адукацыйныя ўстановы, арганізацыі і прадпрыемствы раёна, насельніцтва. Такая дзейнасць – вельмі важны момант экалагічнага выхавання маладога пакалення, а таксама выхавання ў вучняў беражлівых адносін да прыродных рэсурсаў.  Любому школьніку вядома, што выкарыстанне макулатуры пры вырабе паперы і кардону захоўвае цэлыя лясы.

–       Ірына Мікалаеўна, як рэальна чалавеку можна здаць нарыхтаваную другасную сыравіну?

–       Збор праводзіцца на складзе другаснай сыравіны нашага аддзела, нарыхтоўчы пункт «Модуль» працуе ў Мікалаеўшчыне, нарыхтоўчую дзейнасць вядуць таксама сельскія магазіны райспажыўтавырства. Жыхары раёна па тэлефоне 5-46-64 могуць заказаць у нас машыну, калі сабралася пэўная колькасць другаснай сыравіны. Мы распрацавалі графікі выездаў у вёскі. Яны цяпер узгадняюцца з сельвыканкамамі. Згодна з зацверджаным графікам, рэгулярна будзе выязджаць машына ў пэўныя населеныя пункты з вагамі, прыёмшчыкам сыравіны. Людзі могуць здаць усё, што яны нарыхтавалі, і атрымаць матэрыяльнае ўзнагароджанне за гэтую прадукцыю.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

ВЫКІНУЎ СМЕЦЦЕ – ЗАПЛАЦІ 4,5 МІЛЬЁНА РУБЛЁЎ

За мінулыя выхадныя райінспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя складзены тры адміністрацыйныя пратаколы за несанкцыянаванае размяшчэнне цвёрдых камунальных адходаў.

Сярод парушальнікаў – дзве фізічныя асобы, а таксама юрыдычная асоба. Кожны з іх аштрафаваны на 4,5 мільёна рублёў. Так, пенсіянерка з аграгарадка Вішнявец прыцягнута да адказнасці за тое, што на выкупленым аб’екце – былой ферме ў Падзерычах – не прыступіла да будаўніцтва, а тэрыторыя самога аб’екта захламлена будаўнічымі адходамі. Штрафныя санкцыі накладзены і на стаўбчаніна, вадзіцеля адной з прыватных фірмаў, які вывез цвёрдыя камунальныя адходы на нядзеючы міні-палігон у Залужжы.

З юрыдычных асоб «засвяцілася» ААТ «Дзераўное». «Сельгаспрадпрыемства  не прыняло мераў па ліквідацыі будаўнічых адходаў з сельгасугоддзяў, за што і панесла адказнасць», – патлумачыў начальнік інспекцыі Аляксандр Сарока.

З Дзераўной, на жаль, звязаны і яшчэ адзін негатыўны выпадак. Інспекцыяй распачаты адміністрацыйны працэс па факце забруджвання дзяржаўнага ляснога фонду паблізу аграгарадка. У лес былі вывезены ў поліэтыленавых мяхах цвёрдыя камунальныя адходы аб’ёмам каля кубаметра. Устаноўлены парушальнік. Ім аказаўся мясцовы жыхар, да якога таксама прыменены штраф у  памеры 4,5 мільёна рублёў.

Ва ўсіх названых выпадках сумы накладзеных штрафаў  жорсткія, моцна «б’юць» па кішэні (імёны падобных «герояў» варта называць на старонках газеты, але на момант падрыхтоўкі матэрыялу да друку яны не былі прадастаўлены ў рэдакцыю), каб адбіць усякую ахвоту засмечваць навакольнае асяроддзе. Як падкрэслівае Аляксандр Сарока, у нашых населеных пунктах, да прыкладу, у той жа Дзераўной, жыхар якой павёз смецце ў лес, створаны ўсе неабходныя ўмовы для цывілізаванага пазбаўлення ад цвёрдых камунальных адходаў: вядзецца збор у кантэйнеры  (іх устаноўка і абсталяванне пляцовак у сельскай мясцовасці працягваюцца), а таксама шляхам планава-рэгулярнага вывазу адходаў, які ажыццяўляецца аб’яднаннем камунальных службаў. У сувязі з надыходам вясны і, безумоўна, са з’яўленнем кантэйнерных пляцовак –  дадатковага і альтэрнатыўнага спосабу збору цвёрдых камунальных адходаў, у кожным сельсавеце ў бліжэйшы час будзе пераглядацца графік іх планава-рэгулярнага вывазу.

Варта нагадаць і сельвыканкамам, вясковым старастам: неабходна больш працаваць з людзьмі, уплываць на іх свядомасць і культуру жыцця, даводзіць да кожнага прадугледжаныя законам меры адказнасці за засмечванне тэрыторый і навакольнага асяроддзя.

Пр

 

КАНАЛ ПАТРАБУЕ АЧЫСТКІ

На прамую лінію да намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Цывакі паступіла   тэлефанаванне ад Людмілы Высоцкай, жыхаркі вуліцы Варашылава ў Стоўбцах. Яе пытанне датычыла нездавальняючага стану меліярацыйнага канала, які праходзіць паўз вуліцу.

Як адзначыў Аляксандр Цывака, два гады таму работы па добраўпарадкаванні канала, які служыць для адвядзення з горада ліўневых водаў, праводзіла прадпрыемства меліярацыйных сістэм па заказе аб’яднання камунальных службаў. Гэтым прадпрыемствам даручана аднавіць нармальную работу канала, у прыватнасці, правесці яго ачыстку.

 

ВІДЭАНАЗІРАННЕ… У ЛЕСЕ

Стаўбцоўскі доследны лясгас закупіў фота- і відэаабсталяванне, якое дапаможа змагацца з тымі, хто засмечвае лясныя масівы.

Як адзначае інжынер аховы і абароны лесу Віталь Расол, да пачатку вясенняга сезона такія своеасаблівыя фота- і відэапасткі будуць устаноўлены ва ўсіх лясніцтвах. Знаходжанне іх будзе набліжана да месцаў масавага адпачынку грамадзян, якія найбольш засмечваюцца,  аб чым будзе папярэджваць таблічка з адпаведным зместам – «Вядзецца відэаназіранне». Раённым выканаўчым камітэтам дадзены дазвол на выкарыстанне інфармацыі з гэтых камер з мэтай далейшага прыцягнення парушальнікаў да адміністрацыйнай адказнасці.  Падобныя меры былі ініцыіраваны Міністэрствам лясной гаспадаркі рэспублікі.

Для ачысткі лясоў пасля зімы арганізавана і акцыя «Тыдзень лесу-2015». Акцыя будзе праходзіць да 5-га красавіка. Удзел у ёй могуць узяць усе жадаючыя. Чым больш набярэцца такіх добраахвотнікаў, тым лепш. Нашы лясы і месцы масавага адпачынку на іх улонні павінны радаваць прыгажосцю прыроды, птушыным шчэбетам, свежым паветрам. Давайце берагчы гэтае багацце!

 

ЯК ПАЗБАВІЦЦА АД ЦВЁРДЫХ КАМУНАЛЬНЫХ АДХОДАЎ

Сярод асноўных правілаў для акуратнага і дбайнага гаспадара Стаўбцоўшчыны варта вылучыць наступныя:

Неабходна заключыць дагавор са Стаўбцоўскім аб’яднаннем камунальных службаў на вываз і абясшкоджванне цвёрдых камунальных адходаў.

Цвёрдыя камунальныя адходы можна выкідваць ва ўстаноўленыя кантэйнеры і (або) выносіць запакаванымі ў мяшкі для планава-рэгулярнага вывазу (тэхніка курсіруе па графіку, які вывешаны ў людных месцах населенага пункта). Да прыезду тэхнікі мяхі з адходамі неабходна захоўваць у сваім двары, а не выстаўляць іх на вуліцу.   

Калі ў вас устаноўлены кантэйнер, неабходна ажыццяўляць раздзельны збор адходаў (шкло, пэт-бутэлька, змешаныя цвёрдыя камунальных адходы).

Увага! Калі кантэйнер перапоўнены, сігналізуйце ў дыспетчарскую службу АКС па тэл. 5-54-49, у санэпідслужбу раёна, раённую інспецыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. 

Аб’яднанне камунальных службаў, а таксама райспажыўтаварыства закупляюць другасныя матэрыяльныя рэсурсы (паперу, пэт-бутэльку, шкло). Зрабіць гэта можна на стацыянарных пунктах збору: на тэрыторыі былой воінскай часці ў Стоўбцах, у Дзераўной, Наваколасаве, а таксама на перасоўным пункце, які курсіруе па раёне згодна з графікам, у магазінах райспажыўтаварыства.

Калі ў вас узнікла неабходнасць у вывазе буйнагабарытных адходаў, неабходна звярнуцца ў дыспетчарскую службу аб’яднання камунальных службаў па тэл. 5-54-49 і зрабіць заяўку на іх вываз.

Старыя тэлевізары, халадзільнікі і іншую бытавую тэхніку можна пакінуць побач з кантэйнернай пляцоўкай або, па жаданні, самім прывезці на пункт сарціроўкі, размешчаны на тэрыторыі былой воінскай часці.       

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *