З жывым словам

Нумары Прамая лінія

Жыхары раёна мелі магчымасць атрымаць адказы на пытанні па арганізацыі сацыяльнага абслугоўвання падчас работы прамой тэлефоннай лініі з дырэктарам раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святланай Блашко.

Адно з тэлефанаванняў утрымлівала цікавасць да работы аддзялення дзённага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту.

Святлана Блашко:           

–       Згодна з Пастановай калегіі Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама і рашэннем райвыканкама, з 5 студзеня 2015 года ў тэрытарыяльным цэнтры стала функцыянаваць аддзяленне дзённага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту. Яно вельмі запатрабавана пажылымі людзьмі – 53 чалавекі на пастаяннай аснове наведваюць яго. Працуюць тры клубы па інтарэсах – «Гады – не бяда», музычна-паэтычная гасціная «Ліра» і ўніверсітэт трэцяга ўзросту. Акрамя гэтага, пажылыя людзі маюць магчымасць наведваць шэсць гурткоў – па вывучэнні камп’ютарнай граматнасці «Пазнанне», па вырабе сувенірнай прадукцыі ў гуртку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Кожны дзень – свята», творчую майстэрню «Жыццё без граніц», гурток «Гаспадыня». Стаў працаваць гурток духоўных зносін «Жывое слова», які вядзе протаіерэй Аляксандр Марцінчык. Супрацоўнікі Цэнтра банкаўскіх паслуг № 624 Беларусбанка вядуць заняткі па вывучэнні эканамічнай граматнасці. Такім чынам, пажылыя людзі могуць не толькі сустрэцца, прыемна правесці свой вольны час разам, але і многаму навучыцца.

Што змянілася апошнім часам у рабоце аддзялення дзённага прабывання інвалідаў?

–       Аддзяленне пераехала ў будынак фізкультурна-аздараўленчага комплексу. На першым паверсе для яго выдзелены два кабінеты. У аддзяленні ўведзены пасады загадчыка, спецыяліста па сацыяльнай рабоце, кіраўніка гуртка і інструктара па працоўнай тэрапіі. Аддзяленне наведваюць 27 чалавек, з іх маладых інвалідаў – 19, ва ўзросце старэй за 30 гадоў – восем. Чатырох чалавек з парушэннямі апорна-рухальнага апарата спецыялісты наведваюць дома. Аддзяленне заклікана праводзіць комплексную рэабілітацыю дзяцей, падлеткаў і маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Функцыянуе клуб «Сваё кола», у рамках якога праводзяцца сустрэчы і мерапрыемствы для выхаванцаў і іх бацькоў. У мінулым годзе, напрыклад, было праведзена 50 культурна-масавых мерапрыемстваў. Наколькі творча працуюць гурткі «Цуды сваімі рукамі» і «Умелыя ручкі», засвядчае выстава творчых работ. У панядзелак, сераду і пятніцу праходзяць заняткі ў арт-майстэрні «Карусель», два разы на тыдзень – заняткі па рытміцы, адзін раз на тыдзень – рэпетыцыі творчых нумароў. Спецыяліст па сацыяльнай рабоце праводзіць групавыя і індывідуальныя заняткі па курсе «Сацыяльна-бытавая адаптацыя». Арганізуюцца культурна-масавыя мерапрыемствы, паездкі, экскурсіі.

З наступленнем вясны многіх цікавіць: якія  сацыяльна-бытавыя паслугі аказвае цэнтр?

–       Згодна з нарматыўнымі дакументамі сацыяльнымі работнікамі аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання тэрытарыяльнага цэнтра аказваюцца разавыя сацыяльна-бытавыя паслугі для непрацаздольных грамадзян – адзінокіх, адзінока пражываючых пенсіянераў і інвалідаў, якія пастаянна пражываюць і зарэгістраваны на тэрыторыі нашага раёна. У пералік паслуг уваходзяць пакупка і дастаўка на дом прадуктаў харчавання, аплата камунальных паслуг, мыццё вокнаў, абклейванне аконных рам, набыццё лекавых прэпаратаў паводле заключэння ўрача, дастаўка вады, распальванне печаў, прыгатаванне стравы, мыццё посуду, уборка ў доме, мыццё і прасаванне бялізны, здача і дастаўка рэчаў у хімчыстку, рамонт, масляная пафарбоўка сцен, падлогі, радыятараў, столі, дзвярэй, замена шпалераў на сценах, столі. У вяснова-летні перыяд аказваюцца паслугі па апрацоўцы прысядзібных участкаў, скошванні газонаў мотакасою, уладкаванне (рамонт) каркаса цяпліцы, пакрыццё цяпліцы плёнкай і т. п. Усе паслугі аказваюцца па сацыяльна нізкіх цэнах. Для заключэння дагавору на аказанне разавых сацыяльна-бытавых паслуг неабходны вусная заява, дакумент, што пацвярджае асобу, дакумент устаноўленага ўзору аб праве на льготы. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне 5-42-93.

Як можна атрымаць сацыяльныя паслугі дома, і хто мае на іх права?

–       На надомнае абслугоўванне прымаюцца непрацаздольныя грамадзяне, якія дасягнулі 60-гадовага ўзросту, інваліды І і ІІ груп, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Сацыяльныя паслугі прадастаўляюца бясплатна, на ўмове частковай і поўнай аплаты згодна з пералікам бясплатных і агульнадаступных сацыяльных паслуг. Бясплатна паслугі прадастаўляюцца адзінокім малазабяспечаным грамадзянам (сем’ям), сярэднедушавы даход якіх не перавышае зацверджанага ва ўстаноўленым парадку пражытачнага мінімуму на душу насельніцтва. На ўмовах частковай аплаты – калі сярэднямесячны даход не перасягае 200 працэнтаў  бюджэту пражытачнага мінімуму на душу насельніцтва. На ўмовах поўнай аплаты сацыяльныя паслугі прадастаўляюцца адзінокім, адзінока пражываючым непрацаздольным грамадзянам (сямейным парам), інвалідам І і ІІ груп. Кошт аднаго візіту ў горадзе складае 9150 тысяч рублёў, у сельскай мясцовасці – 13350 тысяч рублёў. Для залічэння на надомнае абслугоўванне патрэбна прадаставіць заяву, дакумент, які пацвярджае асобу, акт матэрыяльна-бытавога стану, медыцынскую даведку аб стане здароўя, даведку аб месцы жыхарства і складзе сям’і, дагавор аказання сацыяльных паслуг на даму, даведку аб даходах, дакумент, што пацвярджае інваліднасць, звесткі аб адсутнасці догляду за грамадзянінам, звесткі аб адсутнасці дагавору рэнты ці дагавору пажыццёвага ўтрымання. У нашым раёне ўсяго 742 адзінокія грамадзяне, на надомным абслугоўвані знаходзяцца 213 чалавек, 3186 – адзінока пражываючых, з іх на надомным абслугоўванні – 635 чалавек.

Чулі, што ў цэнтры працуе «крызісны пакой». Хацелі б больш падрабязна даведацца аб такой паслузе.

Рашэннем райвыканкама раённы тэрытарыяльны цэнтр аказвае паслугу часовага прытулку, часова размяшчае грамадзян, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. У «крызісны пакой» размяшчаюцца асобы, якія знаходзяцца ў стане, небяспечным для здароўя і жыцця, у канфлікце з іншымі членамі сям’і, хто падвяргаецца псіхафізічнаму насіллю ці сталі ахвярамі гандлю людзьмі.  Падставай для размяшчэння ў «крызісны пакой» з’яўляюцца пісьмовая заява грамадзяніна і дагавор на аказанне паслуг, зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку.

Тэлефанаванне з Халаімаўшчыны акрэсліла такую праблему. У вёсцы – пяць грамадзян пажылога ўзросту, якія маюць патрэбу ў сацыяльным абслугоўванні. Раней іх абслугоўваў Ю. Я. Душкевіч, які вельмі старанна выконваў свае абавязкі, падключаў сваю сям’ю, каб апекавацца аб пажылых людзях.

– Пакуль вярстаўся матэрыял да друку, з дапамогай старшыні Вішнявецкага сельвыканкама Н. І. Гурыновіч удалося знайсці сацыяльнага работніка з ліку мясцовых жыхароў, які будзе працаваць у Халаімаўшчыне. Сацыяльны цэнтр набыў веласіпед, што аблегчыць дарогу з адной вёскі ў другую.

Пажылая жанчына з вёскі Літва пацікавілася, як можна аформіць догляд за ёю? 

–              Неабходна звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Аднак найперш патрэбна атрымаць заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі аб тым, што вам патрэбен догляд пабочных асоб.

 Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *