Сельскі час

Нумары Сельская гаспадарка

 

ШЧЫРУЮЦЬ РУБЯЖЭВІЦКІЯ ХЛЕБАРОБЫ

Напружаная цяпер пара ў рубяжэвіцкіх хлебаробаў. Яравы клін у гаспадарцы сёлета немалы, неабходна пасеяць 1106 гектараў ранніх яравых збожжавых.

Першым вывеў на палеткі энерганасычаны трактар «Беларус-3022» з камбінаваным пасяўным агрэгатам адзін з лепшых механізатараў таварыства Пётр Гурын (на здымку справа). Менавіта на гэтага сумленнага працаўніка і прыпадае большая нагрузка. Працуе ў адной звязцы з Пятром Фёдаравічам вадзіцель Аляксандр Весялоў (на здымку злева). Ён шчыруе на загрузчыку насення. Гэты чалавек перасяленец з Украіны, з Данбаса. Прыехала яго сям’я ў таварыства ў жніўні мінулага года. Атрымалі жыллё. Муж і жонка, якая працуе цялятніцай, зарэкамендавалі сябе з лепшага боку.

Заняты на сяўбе і механізатар Аляксей Гусарэвіч. Камбінаваны пасяўны агрэгат да яго энерганасычанага трактара кіраўніцтва гаспадаркі арандавала ў ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Кругласутачна заняты на ворыве глебы і магутны трактар «Беларус-3523» з райаграсэрвіса, на якім рупяцца два механізатары. Пастаянна дапамагаюць тэхнікай і дарожнікі, у прыватнасці ДРБУ № 135, а таксама не адмаўляе кіраўніцтва племптушкарэпрадуктара «Бройлер».  Варта будзе дадаць, што на мінулым тыдні таварыствам набыта пяць новых трактароў вытворчасці Мінскага трактарнага завода, якія ўжо стаяць на машынным двары і чакаюць сваіх гаспадароў, каб уключыцца ў работу. Такім чынам недахоп тэхнікі будзе ліквідаваны.

Справіцца з сяўбой у ААТ «Рубяжэвічы» разлічваюць за два тыдні. На 640 гектарах пасеюць ячмень двух сартоў – «бровар» і «стратус». Пшаніца зойме 150-гектарную плошчу, з якой на 20 гектарах размесціцца новы айчынны сорт «бамбона». Пад авёс адведзена 40 гектараў, а астатнюю плошчу зоймуць зернебабовыя.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара

 

ПРАФІЛАКТОРЫЙ ДЛЯ ЦЯЛЯТ

На МТФ «Засулле» ААТ «Каганец» у разгары будаўніцтва драўлянага памяшкання для ўтрымання маленькіх цялят. Узводзіцца яно каля збудавання новай фермы. Ужо заліта падлога, накрыты дах. Сцены таксама будуць зроблены з дошак. Замест акон установяць шторкі, якія будуць адчыняцца, каб у памяшканне трапляла свежае паветра. Разлічаны прафілакторый на 58 жывёлін. Цяляткі будуць стаяць тут у індывідуальных клетках. Летась такое памяшканне пабудавалі на МТФ «Зарэчча».

Пр

 

Няма небяспечнай вытворчасці – ёсць нядбайныя людзі

На веснавых палявых работах звычайна задзейнічана вялікая колькасць людзей, і абавязак наймальніка – стварыць работнікам бяспечныя ўмовы працы, не дапусціць траўматызму і няшчасных выпадкаў. На гэтую тэму ў Капыльскім раёне прайшоў міжрэгіянальны семінар па ахове працы пад назвай «Бяспечная праца – залог пасяўной кампаніі 2015», які быў арганізаваны Камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама сумесна з абласнымі кантрольна-нагляднымі органамі, структурамі аблвыканкама і Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў. У мерапрыемстве, якое праводзіцца штогод, прынялі ўдзел спецыялісты па ахове працы, галоўныя інжынеры сельгаспрадпрыемстваў, спецыялісты па ахове працы ўпраўленняў па сельскай гаспадарцы і харчаванні і ўпраўленняў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне з шасці раёнаў вобласці. Ад нашага раёна прысутнічалі ўсе адказныя за стан аховы працы ў гаспадарках аграпрамысловага комплексу.

Адкрыла семінар першы намеснік старшыні Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Таццяна Дамарацкая, якая адзначыла, што ўзровень траўматызму на вытворчасці застаецца высокім. Летась у вобласці загінулі 34 чалавекі, 128 чалавек атрымалі цяжкія траўмы. Пры гэтым амаль палова траўміраваных і практычна трэцяя частка загінуўшых прыходзіцца на прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу. У параўнанні з леташнім няшчасных выпадкаў са смяротным зыходам стала менш, аднак горшай стала  статыстыка з цяжка траўміраванымі. Пры гэтым  у палове выпадкаў траўматызм адбыўся па віне кіраўнікоў, спецыялістаў і саміх пацярпелых. Аб гэтым трэба задумацца і скіраваць увагу на абучэнне работнікаў, правядзенне інструктажоў і праверак ведаў па ахове працы. Нярэдка сустракаюцца факты, калі да гэтага адказныя асобы падыходзяць фармальна. Калі і пагутараць з людзьмі, то не запісваюць у журналах, што правялі абучэнне. Рабіць жа гэта трэба абавязкова, каб не трапіць у непрыемную сітуацыю, каб не прыйшлося затым даказваць сваю правату. Прыводзілі прыклады. Крытыка прагучала і ў адрас нашага раёна, а канкрэтна – ААТ «Каганец», «Рочавічы» і «Рубяжэвічы».

Выступоўцы завастралі ўвагу і на наступных парушэннях, якія сустракаюцца даволі часта і патрабуюць асобнага вывучэння. У прыватнасці, паўсюдна вароты ў жывёлагадоўчыя памяшканні, рамонтныя майстэрні не маюць спецыяльных запорных прыстасаванняў. Адчыненыя створкі хістаюцца ад ветру, адрываюцца, што прыводзіць да няшчасных выпадкаў.  Эстакады для пагрузкі жывёлы не абсталяваны праходамі для пагоншчыкаў.

Звярталася ўвага на абавязковае правядзенне перадрэйсавых медыцынскіх аглядаў вадзіцеляў і механізатараў. Робіцца гэта не заўсёды і не ўсюды. Летась былі пазбаўлены вадзіцельскіх правоў 103 механізатары. Удзельнікі семінара паглядзелі фільм аб шкодзе п’янства і прытрымліванні санітарна-гігіенічных правілаў.

Тэхніка павінна выходзіць на лінію спраўнай, укамплектаванай аптэчкамі, вадзіцелі павінны мець пасведчанні на права кіравання. У сувязі з гэтым прыводзіўся трагічны выпадак, які адбыўся летась у ААТ «Рочавічы».

Вялася размова аб павышэнні кваліфікацыі спецыялістаў па ахове працы.  Пераважная большасць з іх не маюць адпаведнай адукацыі, таму курсы, якія арганізоўваюцца, якраз дарэчы, каб папоўніць веды. Аднак не ўсе кіраўнікі аб гэтым клапоцяцца і  накіроўваюць спецыялістаў на вучобу.

Прытрымліванне супрацьпажарнай бяспекі ў ліку галоўных правілаў. Яно павінна выконвацца, каб не здараліся пажары. Падкрэслівалася, што за мінулы год у аграпрамысловым комплексе гарэў 31 аб’ект, у т. л. 10 – вытворчага прызначэння, што на 69 працэнтаў больш, чым за адпаведны перыяд летась. Агульныя страты ад пажараў склалі 10,7 мільярда рублёў. Адна з галоўных прычын – выкарыстанне самаробных воданагравальнікаў. Не вытрымлівае нагрузак і старая праводка на жывёлагадоўчых фермах. Таму для ўсіх ставілася задача – абавязкова правесці электрафізічныя вымярэнні.

Пад кантролем работа механізатараў у ахоўных зонах паветраных ліній электраперадач, перавозка аўтатранспартам небяспечных грузаў.

Акцэнтавалася ўвага і на тым, каб унесці ў калектыўныя дагаворы або кантракты пункт, які дазваляе запрасіць у органах унутраных спраў канфідэнцыяльную інфармацыю пра вадзіцеля або механізатара, які ўладкоўваецца на працу ў арганізацыю. Справа ў тым, што здараліся выпадкі, калі чалавека бралі на працу, а ён ужо быў пазбаўлены вадзіцельскіх правоў.

Вялася размова аб ажыццяўленні прафесійнымі саюзамі грамадскага кантролю за прытрымліваннем заканадаўства аб працы. Падкрэслівалася, што грамадскія інспектары не выконваюць спаўна ўскладзеную на іх ролю.

Былі таксама акрэслены асноўныя патрабаванні працоўнага заканадаўства ў галіне арганізацыі работы па ахове працы  і прыцягненні да работы непаўналетніх.

Аб рэалізацыі мерапрыемстваў па паляпшэнні ўмоў працы расказала начальнік упраўлення дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы і аховы працы Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Аксана Кавалёва. Яна згадала, што па вобласці на мадэрнізацыю вытворчасці патрачана больш за два трыльёны рублёў. На паляпшэнне ўмоў і аховы працы – 498 мільярдаў рублёў. Тры тысячы рабочых месцаў, на якіх заняты пяць тысяч чалавек, прыведзены ў адпаведнасць з санітарна-гігіенічнымі нормамі.

Падчас работы семінара сваю прадукцыю, прызначаную для аховы працы, прадставіў Цэнтр аховы працы і прамысловай бяспекі. Спецадзенне рэкламаваў Капыльскі РКБА.

Віктар ФІЛІПОВІЧ, галоўны спецыяліст упраўлення па працы і сацыяльнай абароне райвыканкама,

Надзея БАТАЛКА, карэспандэнт райгазеты



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *