Любая справа па сіле

Людзі і лёсы Нумары Факты, падзеi, людзi

Аператар па вырошчванні рамонтных цялушак ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» Тамара Ігнацьева па выніках работы за мінулы год была прызнана пераможцам раённага спаборніцтва. Збіраючыся на ўшанаванне ў раённы Цэнтр культуры, Тамара Вячаславаўна вельмі хвалявалася, бо на такое важнае мерапрыемства яе запрасілі ўпершыню. Закалацілася сэрца, калі назвалі яе прозвішча. Але справілася з нервамі і ўпэўненым крокам праз усю залу выйшла на сцэну.

Прыемна было пачуць шчырыя словы падзякі за нялёгкую і плённую працу ад намесніка старшыні райвыканкама, начальніка райсельгасхарча Дзяніса Колесеня. І, зразумела, атрымаць заслужаную прэмію. Адно кароткае імгненне, а такое атрымала задавальненне і вялікі зарад бадзёрасці!

Тамара Ігнацьева працуе на МТФ «Яблынаўка». Даглядае і корміць 250 галоў жывёлы. Набірае ў групу цялятак месячнага ўзросту і гадуе іх. Мае вопыт у гэтай справе, бо ў жывёлагадоўлі шчыруе нямала часу. Пераехала з мужам у яго бацькоўскую хату і адразу прыйшла на ферму. Працавала  спачатку загадчыцай, але зарплата была невялікай, і жанчына пайшла  аператарам на свінарнік. А як вытворчасць скасавалі, то бычкоў адкормлівала. Але сур’ёзна захварэў муж, трэба было яго даглядаць, таму работу гэтую прыйшлося кінуць. Уладкавалася прыбіральшчыцай на запраўцы. Але ненадоўга… Вярнулася на ферму ўжо ўдавою.  

– Працую тут тры гады, – расказвае Тамара Вячаславаўна. Сярэднясутачныя прывагі неблагія атрымліваю, нават вышэй кілаграма бываюць. Таму і зарплата добрая, у горадзе столькі не заробіш. Прыходжу раніцаю, накармлю сваіх гадаванцаў і – дадому. Мне тут недалёка. Другі раз іду пасля абеду. Зразумела, праца нялёгкая. Да таго ж, трактар у памяшканне не заходзіць, кармы прыходзіцца раздаваць уручную. Прывожу сянаж сама, на коніку. Але гэта не праблема, галоўнае, што ёсць чым карміць жывёлу і камбікармоў дастаткова. Значыць, паказчыкі будуць і грошы таксама. Кіраўніцтва прадпрыемства адносіцца да нас з павагай. У канцы кожнага месяца па таннейшай цане прадуктовы набор прывозяць. І са святамі віншуюць, а на Новы год заўсёды накрываюць стол з тортам, цукеркамі і шампанскім.

Тамара Ігнацьева – жанчына працавітая і сумленная. Любіць жывёлу і даручаную работу ніколі абыякава не выканае. Хваліць яе намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі Уладзімір Жукаў, маўляў, з такімі работнікамі любая справа па сіле.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *