Правапарадак

Нумары Пракурорскі нагляд

СВАБОДНЫ ЎВАХОД ДЛЯ ЗЛОДЗЕЯ?

У структуры злачыннасці за мінулы год насцярожвае рост крадзяжоў з жылых памяшканняў. Пры гэтым у большасці выпадкаў мела месца свабоднае пранікненне злачынцы, што найперш сведчыць пра асабістую бяспечнасць іх уладальнікаў.

Сярод спосабаў крадзяжоў свабодны доступ быў характэрны ў 90 выпадках. Яшчэ 30 крадзяжоў адбыліся шляхам зрыву замкоў, 35 – пры пранікненні праз вокны. Аб’ектамі злачынных замахаў сталі прадукты харчавання і спіртное (23 выпадкі), грошы (22 выпадкі), бытавая тэхніка (20 выпадкаў), мабільныя тэлефоны (17 выпадкаў), вопратка і абутак (16 выпадкаў), транспартныя сродкі (5 выпадкаў).

Найбольшая колькасць крадзяжоў учынена на тэрыторыі Шашкоўскага, Літвенскага і Старасвержанскага сельсаветаў, аднак без іх не абышлося і ў горадзе.

Так, 3 снежня 2014 года ў райаддзел міліцыі паступіла паведамленне  ад жыхара Стоўбцаў В. І. Герасімовіча аб тым, што да яго ў дом зайшлі дзве жанчыны, якія прадставіліся сацыяльнымі работнікамі і паведамілі аб змене з новага года грашовых купюр. У сувязі з гэтым яны выманілі ў гаспадара 14 000 000 рублёў. 15 лістапада 2014 года ў райаддзел міліцыі звярнуўся і жыхар Нясвіжа Р. А. Храмогін, які паведаміў, што пакінуў на стаянцы каля магазіна «Асвея» свой аўтамабіль з незакрытымі дзверцамі і, пакуль супрацоўнікі ДАІ правяралі ў яго дакументы, з аўтамабіля прапала барсетка з 300 доларамі, 100000 рублёў і іншае. У абодвух выпадках раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджаны крымінальныя справы. Да гэтага моманту асобы злачынцаў не ўстаноўлены…

Дзесяць крадзяжоў былі зарэгістраваны ў мінулым годзе на прадпрыемствах і ва ўстановах дзяржаўнай і камерцыйнай формаў уласнасці, у тым ліку тры крадзяжы здарыліся з аб’ектаў аграпрамысловага комплексу.

Так, са службовага памяшкання ААТ «Вішнявецкі-агра» ўкрадзены сістэмны блок ад камп’ютара. З малочнатаварнага комплексу ААТ «Дзераўное» знік кустарэз. Былі ўкрадзены коні з тэрыторыі малочнатаварнай фермы ААТ «Агранёманскі». Па ўсіх гэтых фактах узбуджаны крымінальныя справы. Аднак падазраваемы ўстаноўлены толькі ў адносінах да крадзяжу коней – гэта жыхар Баранавіцкага раёна М.Ф. Вішнеўскі, раней неаднаразова судзімы, у тым ліку і як канакрад.

У ходзе папярэдняга следства па «коннай» справе ўстаноўлена, што М. Ф. Вішнеўскі ноччу 15 кастрычніка 2014 года шляхам свабоднага доступу пранік на тэрыторыю фермы ў вёсцы Слабодка, дзе тайна выкраў двух коней. Маёмасная шкода, нанесеная гаспадарцы, склала 8 454 120 рублёў. У выніку аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў удалося высветліць месцазнаходжанне падазраваемага, а таксама ўкрадзеных коней. У далейшым яны былі вернуты ў гаспадарку. Паводле  прыгавору суда Вішнеўскі асуджаны да 2,5 года пазбаўлення волі.

Органам папярэдняга следства ўстаноўлена, што адной з умоў, якая садзейнічала гэтаму крадзяжу, з’явіліся халатныя адносіны начнога вартаўніка Д. А. Яўсейчыка да сваіх непасрэдных абавязкаў, а таксама адсутнасць належнага кантролю з боку кіраўніцтва МТФ за захаванасцю жывёлы.

У мэтах прафілактыкі крадзяжоў маёмасці, у тым ліку з жылля, пракуратура раёна рэкамендуе грамадзянам умацаваць уваходныя дзверы сваіх кватэр і дамоў, абсталяваць іх якаснымі запорнымі прыстасаваннямі  і сродкамі ахоўнай і трывожнай сігналізацыі. За мінулы год пад ахову было прынята толькі 25 памяшканняў з уласнай маёмасцю грамадзян і, на даны момант, колькасць  кватэр, якія ахоўваюцца, даволі нязначная – 294. Варта не губляць пільнасці і паведамляць у праваахоўныя органы аб падазроных і старонніх асобах, якія знаходзяцца ў пад’ездах, дзяліцца звесткамі аб тых, хто часова здымае жыллё або, напрыклад, займае пустуючыя дамы.

 Аляксей КУТАС, памочнік пракурора раёна

 

ХАЦЕЛАСЯ «МОДНАГА» НАРКОТЫКУ

Напрыканцы мінулага года прыгавор суда раёна – восем гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму – прагучаў для 18-гадовага жыхара Стоўбцаў як гром сярод яснага неба. 

За  што маладому чалавеку, нашаму з вамі земляку, такі жорсткі прысуд? Частка 3 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь тлумачыць: «Незаконныя набыццё, захоўванне, перавозка і збыт аналага асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва…»

Пра тое, як гэта ўсё адбывалася, красамоўна расказваюць матэрыялы крымінальнай справы. Перагортваючы яе старонкі, міжволі думаеш: папера выцерпіць усё, нават і гэты жорсткі прысуд, а вось лёс юнака… Гэта, няйначай, катастрофа як для яго, так і для яго блізкіх.   

Здаецца, яшчэ не так даўно асуджаны Сяргей (па маральных меркаваннях усе імёны зменены) закончыў дзевяць класаў і паступіў у Клецкі ліцэй. Жыў сабе ў інтэрнаце, на выхадныя прыязджаў дамоў. Ён вадзіў сяброўства са сваімі аднагодкамі-стаўбчанамі Ігарам і Мікалаем, хаця ўсе яны займаліся ў розных групах. Пасля заканчэння вучобы хлопцы вярнуліся дамоў. Сяргей уладкаваўся на працу на прыватнае прадпрыемства. На той момант ён быў яшчэ непаўналетнім, у галаве шугалі розныя вальготныя думкі… Аднак падумаў пра матулю, пра тое, што ёй трэба дапамагаць гадаваць малалетніх братоў і сясцёр. У шматдзетнай сям’і, як вядома, лішніх грошай не бывае. Ён добра ведаў, што з сямейнага бюджэту яму выдзялялі сродкі  толькі на дарогу і прадукты. 

Але калі ў Сяргея з’явіўся ўласны заробак, то захацелася паспрабаваць «моднага» наркотыку. Таго, што курыць моладзь. У адзін з дзён пасля навагодніх святаў ён зайшоў на адзін з сайтаў, на якім прапаноўвалі курыльную сумесь. Дамовіўся. Узяў з сабою 300 тысяч рублёў і сеў у электрычку да Мінска. Продаж ішоў ва ўмовах строгай канспірацыі. Ва ўмоўленым месцы ён пакінуў грошы, а праз некаторы час на гэтым жа месцы пад дрэвам знайшоў пачак ад цыгарэт. У ім і «затаіўся» наркотык, тры грамы.

Дома, калі ўсе леглі спаць, Сяргею захацелася зацягнуцца спайсам. Ён пайшоў на лесвічную пляцоўку, зрабіў з фальгі трубку, куды і насыпаў зеленаватага парашку. Першыя адчуванні былі не з лепшых: у вачах пацямнела, галава закружылася, чамусьці паплыла лесвічная пляцоўка…

Пра гэтыя небяспечныя «вопыты» Сяргея ніхто з блізкіх не здагадваўся. Ён быў адкрытым курцом, таму матуля нічога не западозрыла. А куплены наркотык прыхаваў у тумбачцы камп’ютарнага стала. Да пары да часу наркотык ляжаў незапатрабаваным. Але праз некалькі тыдняў Сяргей накруціў з дробных грашовых купюр кулёчкаў і рассыпаў яго туды. Маўляў, хацеў, каб зручней было хаваць у дамашніх умовах, зручней карыстацца. Калі да яго завітаў Ігар, расказаў яму пра сваю «тайну» і, па яго просьбе, «пачаставаў» адным кулёчкам. Зрэшты, яны разам паспрабавалі злавіць «кайф».

А позна вечарам абкураных Сяргея і Ігара пацягнула на вулічную прагулку. На вуліцы да іх кампаніі далучыўся і Мікалай, агульны сябар. Мікалай не ўжываў наркотыку і нават не ведаў, што ён ёсць у яго сяброў, але, як сам прызнаўся і паказаў у далейшым медагляд, напярэдадні сустрэчы ўжываў спіртное. Маладых людзей з хісткай паходкай дзесьці пасля 23.00 затрымаў на вуліцы Танкістаў супрацоўнік міліцыі.

Усіх траіх даставілі ў райаддзел для разбіральніцтва. У Сяргея і Ігара падчас асабістага вобыску і былі знойдзены ў кішэнях кулёчкі са спайсам. Экспертыза засведчыла, што гэта асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва. 

Самае цікавае, што ў сваіх тлумачэннях Сяргей прызнаваўся: «Пра тое, што псіхатропныя і наркатычныя рэчывы забаронены законам, я добра ведаў. Пра гэта не раз гаварылі супрацоўнікі міліцыі і выкладчыкі ліцэя».

Безумоўна, гэтае прызнанне, а таксама раскаянне ва ўчыненым змякчаюць яго віну. Суд улічыў і станоўчую характарыстыку з месцаў работы і вучобы. З улікам таго, што злачынства было ўчынена не з карыслівых матываў, суд не прымяняў у адносінах да яго дадатковага пакарання ў выглядзе канфіскацыі маёмасці. Абвінавачванаму быў уключаны ў тэрмін адбыванння пакарання час затрымання і знаходжання пад вартай да суда.  

Сяргей раскаяўся ва ўчыненым, але штосьці змяніць ужо немагчыма… Ва ўсякім выпадку, у бліжэйшыя восем гадоў. Трэба адбываць пакаранне і моцна думаць над тым, як жыць далей.                                  

Дар’я АНІШЧУК, памочнік пракурора раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *