Кантроль, бяспека

Ахова правапарадку Нумары

У сакавіку, роўна два гады таму, прыйшоў служыць у раённы аддзел міліцыі Генадзій Масель. Малады чалавек з дыпломам выпускніка  політэхнічнага каледжа быў накіраваны на пярвічную падрыхтоўку ў Вучэбны цэнтр Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Пасля праходжання чатырохмесячнага курса Генадзія  прызначылі памочнікам дзяжурнага аператыўна-дзяжурнай службы.

Сяржант міліцыі, член БРСМ, ён зарэкамендаваў сябе ў райаддзеле з самага лепшага боку. У планах Генадзія – працягваць прафесійнае навучанне. Да 75-годдзя райаддзела міліцыі ў лістападзе мінулага года яго бацькі – Юрый Канстанцінавіч і Любоў Андрэеўна  з аграгарадка Любкаўшчына – атрымалі за выхаванне сына Падзячнае пісьмо ад начальніка упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама.

 

СЯБРУЕМ З ЗАКОНАМ

З 20 сакавіка па 20 красавіка на тэрыторыі раёна праходзіць абласная міжведамасная прафілактычная акцыя  «Сябруем з Законам!».

– З улікам міжведамаснага характару акцыі мабілізаваны адміністрацыйныя і сацыяльна-грамадскія рэсурсы для вырашэння праблем, звязаных з прафілактыкай правапарушэнняў сярод непаўналетніх, становішчам дзіцяці ў сям’і, – адзначыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Хвасько. – Акцыя «Сябруем з Законам!» паслужыць фарміраванню ў дзяцей і моладзі асэнсаваных, падуладных  закону  паводзін, прывіццю духоўных і маральных каштоўнасцяў, імкненню да здаровага ладу жыцця, у бацькоў –  адказнага бацькоўства.      

 

КАБ ПАПЯРЭДЗІЦЬ ПРАБЛЕМУ

Курыльныя сумесі, больш вядомыя пад агульнай назвай спайс, з’явіліся ў Беларусі параўнальна нядаўна – першыя пастаўкі зафіксаваны ў 2008 годзе. У нашым раёне першыя канфіскацыі курыльных сумесяў датаваны 2013 годам. За гэты час міксы поўнасцю змянілі карціну падлеткавай злачыннасці ў краіне і раёне, павялічыўшы колькасць наркаманаў і распаўсюджвальнікаў наркотыкаў у некалькі разоў. На даны момант больш чым у 80 працэнтаў крымінальных спраў, узбуджаных на тэрыторыі раёна па лініі наркакантролю, прыходзіцца канфіскоўваць курыльныя сумесі.

Галоўная небяспека спайсаў – у іх уяўнай, ілюзорнай бяспецы. Многія падлеткі і іх бацькі не ставяцца да курэння сумесяў як да нечага дрэннага. Набыць жа спайсы можна нават праз інтэрнэт. Канешне, намнога спакайней не думаць пра наступствы і не спрабаваць разабрацца ў тым, што ж знаходзіцца пад маляўнічай абгорткай смяротных пакецікаў.

А разбірацца – варта. Спайсамі называюць асобыя курыльныя сумесі, у склад якіх уваходзяць травы, тытунь і сінтэтычныя рэчывы. Сыравіну апрацоўваюць моцнадзеючымі псіхатропнымі рэчывамі, якія і выклікаюць у іх спажыўцоў некантралюемыя рэакцыі. Прымяняемыя для напылення рэчывы дрэнна вывучаны навукай, у адрозненне ад больш распаўсюджаных наркотыкаў (гераін, какаін, марыхуана і т. п.). У сувязі з гэтым прадказаць іх уплыў на псіхіку вельмі складана. А яшчэ складаней – лячыць падлеткаў, якія трапілі ў залежнасць ад спайсаў: пакуль навука вывучае асаблівасці ўздзеяння на арганізм аднаго віда сумесяў, на рынку ўжо з’яўляюцца іншыя наркотыкі з новым саставам.

Статыстыка паказвае, што курэнне спайсаў не мае сацыяльнай прывязкі: гэтаму небяспечнаму захапленню аднолькава падвяргаюцца самыя розныя слаі насельніцтва.

Прафілактыка ўжывання спайсаў павінна праводзіцца ў першую чаргу ў сям’і. Для гэтага бацькам неабходна ведаць асноўныя прыкметы, якія ўказваюць на ўжыванне курыльнай сумесі. Да іх ліку адносяцца: змяненне зрэнкаў (вельмі вузкія або, наадварот, вельмі шырокія), павышаная рухальная актыўнасць, чырвоныя бялкі вачэй, некантралюемыя перапады настрою, беспрычынныя эмоцыі (страх, эйфарыя, весялосць), невыразная размова, галюцынацыі, павышаны артэрыяльны ціск, тахікардыя, сухасць у роце.

Каб папярэдзіць праблему, важна навучыць сына ці дачку гаварыць «не» сумніўным прапановам. Трэба павышаць іх самаацэнку, бо, як сцвярджаюць псіхолагі, часцей за ўсё згаджаюцца пробаваць наркотыкі дзеці, пазбаўленыя ўпэўненасці ў сабе. Спрабуючы даказаць сябрам сваю «крутасць», яны робяць першы крок да смяротнай залежнасці. Спайсы выклікаюць прывыканне ўжо пасля першых зацяжак. Спачатку гэта псіхалагічная залежнасць, а праз два-тры месяцы – фізічная. У арганізме пачынаюцца незваротныя працэсы, якія паражаюць нервовую сістэму, змяняюць свядомасць.

Сёння праблема курэння спайсаў стаіць вельмі востра. Вырашыць яе няпроста: для гэтага патрэбны сумесныя намаганні дзяржаўных органаў і ўсіх грамадзян, зацікаўленых у захаванні здароўя нацыі і яе будучага.

Яўген КУРЫЛА, старшы оперупаўнаважаны райаддзела міліцыі

 

УЧАСТКОВЫ ІНСПЕКТАР, ЯКІ МНЕ ДАПАМОГ

У сувязі з 80-годдзем утварэння падраздзяленняў па справах непаўналетніх Міністэрствам МУС Рэспублікі Беларусь праводзіцца ІІІ Рэспубліканскі конкурс «Участковы інспектар, які мне дапамог».

Кожны жыхар краіны можа паведаміць аб выпадках узаемадзеяння з участковым інспектарам міліцыі і Інспекцыі па справах непаўналетніх (ІСН), якія пакінулі добрыя ўражанні. Аналіз зваротаў (падзяк) дазволіць выбраць тры лепшыя і накіраваць іх у Міністэрства ўнутраных спраў для ўдзелу ў фінале.

Вынікі конкурсу будуць аб’яўлены 19 чэрвеня (у дзень 80-годдзя з дня ўтварэння ІСН) на святочным канцэрце фінальнага этапу ХІ Рэспубліканскага агляду-конкурсу на званне «Лепшы ўчастковы інспектар міліцыі» і «Лепшы ўчастковы інспектар па справах непаўналетніх». У перыяд правядзення акцыі кожны жадаючы выказаць словы падзякі ўчастковаму інспектару можа накіраваць паведамленне поштай па адрасе: 220079, г. Мінск, вул. Кальварыйская, 27, каб. 501. Вы можаце адправіць і электроннае пісьмо (з адзнакай: «На конкурс «Участковы інспектар, які мне дапамог» на адрас: uopp@uvd-mo.gov.by.

 

РУХ ПАД НАГЛЯДАМ «АЎТАЎРАГАНА»

З пачатку года на дарогах Мінскай вобласці зарэгістравана 154 дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх 34 чалавекі загінулі і 146 атрымалі траўмы. 12 аварый учынены вадзіцелямі ў стане алкагольнага ап’янення.

Аналіз аварыйнасці паказвае, што адначасова з такімі прычынамі як перавышэнне хуткасці, парушэнне правіл абгону і нецвярозы стан вадзіцеля, зачастую трапляюць у аварыі асобы, якія не маюць вадзіцельскіх пасведчанняў. Як правіла, гэта маладыя людзі ва ўзросце 18-25 гадоў, але ёсць і «старэйшае пакаленне». Па віне вадзіцеляў-«бяспраўнікаў» учынена шэсць дарожных аварый, у якіх адзін чалавек загінуў і пяць атрымалі траўмы. 1960 вадзіцеляў-«бяспраўнікаў» былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Да прыкладу, 19 студзеня каля 08.30 у Вялікім Двары 47-гадовы вадзіцель-«бяспраўнік» кіраваў аўтамабілем «Аўдзі-80», выехаў на абочыну і ўчыніў наезд на пешахода. Парушаючы правілы дарожнага руху, ён пакінуў месца дарожна-транспартнага здарэння, але быў устаноўлены супрацоўнікамі аддзела ДАІ ў ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў.

Для папярэджання аварыйнасці з удзелам вадзіцеляў, якія не маюць спецыяльнага права на кіраванне транспартнымі сродкамі, з 20 па 30 сакавіка Дзяржаўтаінспекцыя праводзіла рэспубліканскую прафілактычную акцыю – «Бяпраўніку» не месца за рулём!». Супрацоўнікі ДАІ праводзяць сустрэчы ў працоўных калектывах з дэманстрацыяй відэафільмаў і фота з месцаў дарожных аварый. Акрамя таго, праходзяць спецыяльныя рэйды з прымяненнем прыбора «Аўтаўраган» і пераносных кішэнных камп’ютараў «Кулон», з дапамогай якіх у транспартным патоку вызначаюцца аўтамабілі, уладальнікі якіх былі пазбаўлены вадзіцельскага пасведчання. Да таго ж, сканер «Аўтаўраган» дае магчымасць раскрываць угоны аўтамабіляў і крадзяжы рэгістрацыйных знакаў транспартных сродкаў.

ДАІ нагадвае, што за кіраванне транспартным сродкам без вадзіцельскага пасведчання, а таксама за перадачу кіравання асобе, якая яго не мае, прадугледжаны штраф ад пяці да 20 базавых велічынь, за паўторны факт – ад 20 да 50 «базавых».

Аляксандр ТРАЦЯК, старшы дзяржаўтаінспектар аддзела ДАІ райаддзела міліцыі

 

НА ДАРОЗЕ – ГАБАРЫТНАЯ ТЭХНІКА

У сувязі з надыходам пасяўной кампаніі, з 20 сакавіка па 20 красавіка Дзяржаўтаінспекцыяй праводзяцца  дадатковыя мерапрыемствы па прафілактыцы дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам транспартных сродкаў прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу раёна.

Хацелася б прыцягнуць увагу як вадзіцеляў, так і пешаходаў да асаблівасцяў руху па аўтадарогах у цёмны час сутак або ва ўмовах недастатковай бачнасці. Калі на сустрэчным транспартным сродку на вялікай вышыні гараць габарытныя агні або ўключана святло фараў, неабходна прыняць меры перасцярогі. Гэта азначае, што трэба знізіць хуткасць руху да мінімальнай, дакладна ацаніць габарыты сустрэчнага транспартнага сродку, узяцца як мага правей на абочыну аж да спынення з уключэннем аварыйнай светлавой сігналізацыі і толькі пасля раз’езду працягваць рух далей.

Аналагічныя рэкамендацыі і пры абгоне сельскагаспадарчай тэхнікі, самаходных машын. Рэч у тым, што вадзіцелю не заўсёды могуць быць бачныя выступаючыя элементы  транспартнага сродку, які ён абганяе, асабліва ў цёмны час сутак. З імі можа адбыцца судакрананне, што прывядзе да заносу і нават перакульвання.

Важна выбіраць правільную хуткасць руху ў адпаведнасці з дарожнымі і метэаралагічнымі ўмовамі. Бываюць  выпадкі, калі няправільная ацэнка хуткасці і адлегласці да транспартнага сродку, што рухаецца ўперадзе, прыводзяць да дарожна-транспартных здарэнняў з цяжкімі наступствамі і гібеллю людзей.

Не забывайце, што сельскагаспадарчая тэхніка, якая рухаецца з вамі ў спадарожным напрамку, мае невялікую хуткасць руху ў сувязі з асаблівасцямі сваёй канструкцыі. Заўсёды будзьце на дарозе ўважлівымі і ўзаемаветлівымі!

Аддзел ДАІ райаддзела міліцыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *