Камітэт дзяржкантролю інфармуе

Нумары У Камітэце дзяржкантролю

ДА ПАСЯЎНОЙ ПАДРЫХТАВАНЫ НЕ ЎСЕ

Камітэтам дзяржкантролю Мінскай вобласці праведзены маніторынг ходу падрыхтоўкі і правядзення веснавых палявых работ у сельскагаспадарчых арганізацыях вобласці ў 2015 годзе. Выяўлена, што недахоп фінансавых сродкаў і складанае фінансавае становішча большасці сельскагаспадарчых арганізацый не дазволілі апошнім належным чынам падрыхтавацца да правядзення пасяўной кампаніі.

Напрыклад, на  17.03.2015 у РСУП «Саўгас Гарадок» Уздзенскага раёна не быў праведзены рамонт двух камбінаваных глебаапрацоўчых  пасяўных агрэгатаў, для чаго неабходна звыш 120 млн руб. Не завершаны рамонт камбінаванага глебаапрацоўчага агрэгата АКШ-6, адзін з чатырох энерганасычаных трактароў (Fendt-930) знаходзіўся ў няспраўным стане. Неабходна правесці рамонт двух дыскатараў АДД-Р і АПД-7,5 на суму каля 240 млн руб.

У ААТ «Зембінекі» Барысаўскага раёна гатоўнасць трактароў складала 80%, у тым ліку энерганасычаных – 25%.

Паводле даных Вілейскага райсельгасхарча па прычыне няспраўнасці на 19.03.2015 у гаспадарках раёна прастойвала 18 адзінак энерганасычаных трактароў (26,5% ад усіх трактароў). У асобных арганізацыях правядзенне рамонтных рамбот тэхнікі і сельгасмашын патрэбным чынам не арганізавана. Напрыклад, наведваючы машынны двор у ААТ Хатляны» Уздзенскага раёна (17.03.2015 у 15.00) устаноўлена, што рамонт тэхнікі і сельгасмашын не вёўся.

Факты нізкай падрыхтоўкі тэхнікі да выхаду ў поле адзначаны ў 14 з 22 (64%) падвергнутых маніторынгу сельгасарганізацый (Барысаўскага, Вілейскага, Клецкага, Лагойскага, Любанскага і Уздзенскага раёнаў).

У многіх гаспадарках не хапае насення, а калі ёсць, то пасяўны матэрыял характарызуецца нізкім рэпрадукцыйным складам. Такія недахопы існуюць у гаспадарках Любанскага раёна: СВК «Таліца-агра», ААТ «Чырвоная змена імя К. І. Шаплыкі», ААТ «Забалоцкі». А такія гаспадаркі як ААТ «Асавец-агра», СУ «Загальскі» ААТ «МАПИД», КСУП «Э/б Любанская» не забяспечаны насеннем бульбы. Факты недахопу насення ці яго нізкага рэпрадукцыйнага складу выяўлены ў 12 з 22 правераных арганізацый.

У многіх гаспадарках (СФГ «Гарадзяцічы» ААТ «Любанскі РАС», СУ «Загальскі» ААТ «МАПИД», ААТ «Рэчань») адсутнічаюць прэпараты для пратручвання насення перад пасевамі. Адсутнасць ці недахоп прэпаратаў адзначаны ў 15 з 22 (68%) арганізацый.

Трэба  адзначыць, што ў бягучым годзе тэмпы назапашвання мінеральных угнаенняў на 11% ніжэй мінулагодніх. Недахоп мінеральных угнаенняў характэрны для ўсіх арганізацый, якія падвяргаліся маніторынгу.

Вынікі праведзеных кантрольных мерапрыемстваў сведчаць аб тым, што ў некаторых арганізацыях выкананне веснавых палявых работ (па вывазцы і ўнясенні арганічных угнаенняў, закрыцці вільгаці і інш.) стрымліваецца з-за дэфіцыту паліва. Такая сітуацыя ў ААТ «Боркі-Агра», ААТ «Зембінскі» і ААТ «ДАК-Агра» Барысаўскага раёна.

Кантрольнымі мерапрыемствамі ўжо на даным этапе выяўлены выпадкі скажэння аператыўнай справаздачнасці аб ходзе правядзення веснавых работ.

Аб выяўленых недахопах для прыняцця мер рэагавання праінфармаваны мясцовыя органы ўлады. Кантроль за правядзеннем пасяўной працягваецца.

С. МАЦУКА, начальнік упраўлення кантролю за работай аграпрамысловага і прыродаахоўнага комплексаў

 

ВЫКАНАННЕ ЗАКАНАДАЎСТВА ПРЫ ПРЫМУСОВАЙ АДБУКСІРОЎЦЫ ТРАНСПАРТНЫХ СРОДКАЎ

Камітэтам дзяржкантролю Мінскай вобласці праведзены кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы па пытанні выканання заканадаўства пры правядзенні  ў 2013-2014 гадах прымусовай адбуксіроўкі (эвакуацыі) транспартных сродкаў у Мінскай вобласці. У Дзяржынскім, Лагойскім, Пухавіцкім і Слуцкім раёнах праведзены маніторынг дзейнасці арганізацый, якія аказваюць паслугі па адбуксіроўцы транспартных сродкаў і іх захоўванні.

Выяўлена, што мясцовымі выканаўчымі органамі работа ў гэтым напрамку належным чынам не арганізавана і не кантралявалася. Напрыклад, 19 з 23 райвыканкамаў і Жодзінскі гарвыканкам зацягнулі з прыняццем рашэнняў аб вызначэнні арганізацый, сродкі эвакуацыі і ахоўныя стаянкі якіх могуць быць выкарыстаны пры адбуксіроўцы транспартных сродкаў. Праз СМІ звесткі аб іх не давялі Дзяржынскі і Любанскі райвыканкамы. У Салігорскім раёне СГУВП «ЖКГ «Комплекс» завышаны ўстаноўлены Мінаблвыканкамам максімальны тарыф па прымусовай буксіроўцы з частковай нагрузкай на эвакуатар транспартных сродкаў. У Валожынскім, Дзяржынскім, Любанскім і Пухавіцкім раёнах арганізацыі займаліся эвакуацыяй і захоўваннем аўтатранспарту, не зарабляючы пры гэтым грошай. Бясплатна больш за два гады на стаянцы ААТ «Пухавіцкі райаграсэрвіс» захоўваюцца 64 аўтамабілі, на стаянцы РУП «Любанская ЖКГ» – 106 аўтамабіляў. У Бярэзінскім, Лагойскім, Старадарожскім і Чэрвеньскім раёнах работа па эвакуацыі аўтатранспарту ўвогуле не праводзілася, спецабсталяванне прастойвала. У выніку затрачаныя на яго набыццё дзяржаўныя сродкі выкарыстаны неэфектыўна. Напрыклад, у РУП «Лагойскі камунгас», РКУВП «Бярэзінская  ЖКГ» з лютага па май 2013 года прастойвала спецыяльнае навясное абсталяванне для эвакуацыі (кошт 18,6 млн руб. і 20,3 млн руб). Даную сітуацыю ў асобных раёнах выкарысталі прадпрымальныя асобы, якія ўзялі на сябе функцыі дзяржаўных арганізацый па дастаўцы і захоўванні эвакуіраванага аўтатранспарту.

Паводле матэрыялаў маніторынгу Мінскаму аблвыканкаму і райвыканкамам накіраваны прапановы (рэкамендацыі) аб упарадкаванні дзейнасці па буксіроўцы і захоўванні транспартных сродкаў, спагнанні запазычанасцяў па аплаце паслуг, а таксама пакаранні вінаватых.

Упраўленне бюджэтна-фінансавай і сацыяльнай сферы Камітэта дзяржкантролю Мінскай вобласці



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *