Навіны Стаўбцоўшчыны

Год моладзі Нумары

Сад вялікай перамогі

Дзяніса Пашкевіча, аднаго з актыўных «кэвэншчыкаў», ведаюць не толькі на Стаўбцоўшчыне. Нядаўна менавіта яму выпаў гонар быць дэлегатам на рэспубліканскім форуме працоўнай моладзі, арганізаваным ЦК БРСМ.

– Калі паўстала пытанне, каго дэлегіраваць на такі высокі форум ад моладзі Стаўбцоўшчыны, мы не сумняваліся, што дастойным кандыдатам будзе той, хто  нераўнадушны да маладзёжнага жыцця ў раёне, каму неабыякава ўсё, што адбываецца вакол нас, – адзначае першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская. 

І сапраўды, у размове Дзяніс Пашкевіч, адзін з членаў каманды КВЗ «Кароткае замыканне» і, пры гэтым, намеснік начальніка службы рэлейнай аховы і аўтаматыкі Стаўбцоўскіх электрасетак, падкрэслівае актуальнасць у сваім жыцці такой маладзёжнай арганізацыі як БРСМ, важнасць жывых кантактаў і зносін маладых людзей, якія прадаставіў у тым ліку і форум. Удзел у  ім бралі дэлегаты з кожнага раёна нашай рэспублікі. Паколькі моладзь сабралася з працоўнага асяроддзя, то і сустрэча пачалася на адным са сталічных прадпрыемстваў – заводзе колавых цягачоў. Адразу ўсіх запрасілі на экскурсію па заводзе.

– Праграма форуму была вельмі насычанай, цікавай, – дзеліцца ўражаннямі Дзяніс Пашкевіч. – У нас адбыўся адкрыты дыялог пад дэвізам «Моладзь Беларусі: традыцыі і будучае» з першым сакратаром ЦК БРСМ Андрэем Беляковым. Узнімалася шмат пытанняў, якія хвалююць, і ўсе яны былі ад жыцця, няпростыя. У Рэспубліканскім доме моладзі прайшлі інтэрактыўныя заняткі на тэму – «Стратэгія паэтапнага развіцця дзейнасці грамадскага аб’яднання «БРСМ» у працоўных калектывах». На развітанне нас запрасілі ў Белдзяржфілармонію на канцэртную праграму – «Уладзімір Высоцкі. Лепшае».

Сёлета, у год 70-годдзя Вялікай Перамогі, адметнасцю форуму БРСМ стала закладка яблыневага саду ў вёсцы Малы Трасцянец, на тым месцы, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны быў фашысцкі лагер смерці і было замучана больш за 200 тысяч мірных жыхароў. Тут захаваны і рэшткі салдатаў, якія загінулі пры вызваленні Мінска ў 44-м… Сімвалічнай пасадкай 70-ці дрэў, якія ў будучым упрыгожаць гэтае трагічнае месца пяшчотным яблыневым цветам, моладзь падтрымала новы патрыятычны праект – «Кветкі Вялікай Перамогі».

Цікава, што 20 саджанцаў для гэтай акцыі падараваў  В. М. Бялькевіч – кіраўнік фермерскай гаспадаркі «Пульвасад», якая працуе на тэрыторыі нашага раёна. Гэта яблыні розных сартоў, але сярод іх ёсць і такі сорт як «слава пераможцам».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 

 

 

ДЫПЛОМ ВАГОЮ 100 БАЛАЎ

Завяршыўся заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Наш раён на ім прадстаўлялі пяць вучняў – інфарматыкі СШ № 3 Мікіта Сазановіч, Павел Камёнка і Вадзім Ракевіч, Паліна Лапко – па працоўным навучанні з гэтай жа школы і Мікіта Голуб – з гімназіі № 1 па біялогіі.

Абсалютным пераможцам рэспубліканскай алімпіяды стаў Мікіта Сазановіч. Яго дыплом І ступені роўны ста балам на цэнтралізаваным тэсціраванні. І гэта неаднаразовая перамога Мікіты Сазановіча на прадстаўнічых алімпіядах, якая вызваляе яго ад здачы ўступнага экзамену па інфарматыцы. Мікіту застаецца выбраць вышэйшую навучальную ўстанову. А яго выкладчыка Уладзіміра Радзіона можна павіншаваць не толькі з перамогай вучня, але і з такой важкай нагоды – Уладзімір Радзіон атрымаў тытул «Чалавек года Міншчыны».

Пр.

 

 

НА КОНКУРС ІМЯ І. ЖЫНОВІЧА

Вучні Стаўбцоўскай школы мастацтваў паўдзельнічалі ў прэстыжным конкурсе выканаўцаў на народных інструментах – занальным туры VІІ Рэспубліканскага конкурсу імя І. Жыновіча.

Стаўбцоўская дзіцячая школа мастацтваў была прадстаўлена Ганнай Абрамовіч (выкладчык Л. С. Крамко), Дзмітрыем Хвалеем (выкладчык С. В. Крамко), Палінай Міткевіч і Лявонам Несялоўскім (выкладчык Г. У. Несялоўскі). Усе чатыры вучні выступілі дастойна, паказалі свой выканальніцкі  ўзровень і высокае  майстэрства.

Па ўмовах конкурсу на вобласць праходзяць толькі чатыры вучні ад рэгіёна. Пераможцамі сталі Ганна Абрамовіч, Дзмітрый Хвалей, Лявон Несялоўскі і хлопчык з Заслаўя.

Цяпер у іх напружаны час падрыхтоўкі да  далейшага этапу конкурсу.

Пр.

 

У СПІСЕ ЯРКІХ ІМЁН

У Мінску адбыўся чарговы этап рэспубліканскага вакальнага конкурсу «Новыя імёны Беларусі», які праводзіцца Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі пры падтрымцы Міністэрства культуры і Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.

У адборачным раённым туры конкурсу былі вызначаны тры выканаўцы, якія прадстаўлялі Стаўбцоўшчыну на адборачным закрытым этапе абласнога конкурсу: Аксана Каратыш са Стаўбцоўскай школы мастацтваў, Анастасія Пахомава з райспажыўтаварыства і Дар’я Валадзько з Наваколасаўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Як расказвае старшыня раённага аб’яднання арганізацыі прафсаюзаў Галіна Шапецька, усе нашы канкурсанткі выдатна выступілі на конкурсе. Увагу журы прыцягнула песня «Аве Марыя» ў выкананні Дар’і Валадзько – педагога па вакале Наваколасаўскай школы мастацтваў. Цяпер Дар’я Валадзько знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку па доглядзе  дзіцяці. Як бачым, нягледзячы на такія абставіны, у яе атрымліваецца жыць актыўным творчым жыццём, рэалізоўваюць свой талент.

Дар’я Валадзько выйшла ў наступны этап конкурсу – адкрытага абласнога, які пройдзе ў Маладзечне 10 красавіка. Пажадаем таленавітай вакалістцы паспяховага выступлення.

Пр.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *