За каштанамі – вуліца Калініна

Добраўпарадкаванне Нумары

Веснавое сонейка паспяшалася аздобіць цяплом наваколле, падмацаваўшы жаданне гараджан як мага хутчэй навесці чысціню і парадак на вуліцах нашага райцэнтра, ачысціць  тэрыторыі ад зімовага смецця. Вось і ў мінулую суботу працоўныя калектывы з энтузіязмам, узброіўшыся венікамі ды рыдлёўкамі, бензапіламі ды граблямі, весела ўзяліся за «санітарныя справы». Хто прыбіраў ля адміністрацыйных будынкаў, хто ля жылля, а работнікі электрычных сетак, напрыклад, навялі парадак вакол гарадскога возера, падчысціўшы кусты, выкарчаваўшы старыя дрэвы. Побач уздоўж стальных шляхоў працавалі, наводзілі чысціню, чыгуначнікі. Аддзелу адукацыі райвыканкама, педагогам  дастаўся ўчастак прыдарожных аўтамабільных шляхоў.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

За каштанамі – вуліца Калініна

Апошнім часам значна пасвятлела і папрыгажэла тэрыторыя каля дзіцячага садка № 4 у нашым горадзе.

У цэнтры Стоўбцаў, побач з садком па вуліцы Калініна, растуць каштаны, якія даўно патрабавалі абрэзкі. Неабрэзаныя ў свой час галіны глядзеліся неахайна, ды і дадавалі на працягу сезона мноства дадатковых клопатаў – у выглядзе ўборкі апалых пладоў, абільнай лістоты.

З даўно набалелым пытаннем бацькі наведвальнікаў дзіцячага садка № 4, а таксама супрацоўнікі гэтай дзіцячай дашкольнай установы звярнуліся ў аб’яднанне камунальных службаў. Дырэктар прадпрыемства Уладзімір Дыскант, дарэчы,  прызначаны на  пасаду не так даўно, аднёсся да просьбы людзей з разуменнем. Для вырашэння праблемы Уладзімір Раманавіч распарадзіўся выдзеліць аўтавышку і брыгаду з шасці чалавек. Такім чынам, за дзень дрэвы былі абрэзаны і набылі годны эстэтычны выгляд. На наступны дзень было вывезена галлё і, здаецца, непазнавальна змяніўся выгляд вуліцы Калініна.

У адказ работнікі дзіцячага садка таксама не засталіся стаяць убаку – услед за камунальнікамі правялі абрэзку яблынь на сваёй тэрыторыі. Так вось адна добрая і патрэбная справа запусціла ланцужок падобных спраў. Усе яны служаць аднаму – каб наш горад быў дагледжаным і заставаўся ўтульным для жыцця.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *