Праз 23 гады даведаліся пра брата

Вялікай Перамозе прысвячаецца Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Нумары

Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны яшчэ доўгі час будзе захоўваць патаемныя старонкі, якія змогуць адкрываць імёны герояў ваенных падзей будучым пакаленням.

Мы сёння хочам расказаць аб адной з такіх гісторый. Сярод адметных помнікаў у нашым раёне – абеліск Авакуму Мамантаву, які стаіць у цэнтры вёскі Аталезь. Гэтая вёска была звязана з партызанскім рухам. Тут і загінуў 20 мая 1944 года  сакратар падпольнага Стаўбцоўскага райкама камсамола Авакум Мамантаў. Архіўныя дакументы пацвярджаюць, што ён не толькі сам быў гераічным змагаром, але і ўмеў падняць моладзь на свяшчэнную вайну з захопнікамі, з фашызмам.

Родам ён з далёкай расійскай Поўначы – з Архангельскай вобласці.  23 гады пасля Вялікай Перамогі родныя лічылі, што Авакум прапаў без вестак. Людзям, якія згубілі сваіх родных  і не ведаюць, дзе яны пахаваны, зразумела, што гэта за боль. Вось і Авакум Мамантаў лічыўся на радзіме прапаўшым без вестак.

Аднойчы ў газеце «Правда Севера» сёстры Авакума Ніна і Юлія і брат Клаўдзій убачылі артыкул, які расказваў пра іх брата. Яны даведаліся падрабязна аб усім, што звязана з іх братам. У гэты момант яны перажылі мінуты вялікага хвалявання, былі вельмі ўзрушаныя, ашаломленыя. І разам  з тым, яны былі ўдзячныя за  звесткі. Артыкул быў падпісаны: «А. Турко, заг. аддзела прапаганды і агітацыі Стаўбцоўскага райкама партыі. Мінская вобласць, БССР».

Так завязалася перапіска Аляксандра Турко з роднымі Авакума Мамантава. Пераацаніць уклад Аляксандра Міхайлавіча ў аднаўленне важных старонак гісторыі ваеннага і пасляваеннага часу нашага краю немагчыма. Гэта яго стараннямі было адкрыта імя Авакума Мамантава, вядомага больш па падпольным імені Мікалай у партызанскай брыгадзе Жукава, у якую ўваходзіла каля 700 чалавек.

Пачаў даследчую работу Аляксандр Турко яшчэ  будучы студэнтам гістарычнага факультэта БДУ. Пасля заканчэння ВНУ ён вярнуўся ў свой раён, працуючы  на розных пасадах – настаўнікам гісторыі,  загадчыкам аддзела райкама партыі, палітруком РАУС, ён працягваў работу ў партархіве інстытута гісторыі Кампартыі Беларусі пры ЦК КПБ, у іншых архівах. Яго даследчыя матэрыялы, сабраныя на працягу дзесяцігоддзяў, скаладаюць вялікі архіў. Добрая частка іх запатрабавана пры напісанні раённай кнігі «Памяць», а таксама ўстановамі і прадпрыемствамі раёна, якія складалі свае архівы.

Што ж датычыць Авакума Мамантава, то Аляксандр Турко першы пачаў даследаваць яго дзейнасць, пранікся яго лёсам. Аляксандр Міхайлавіч глыбока да сэрца прыняў тое, што радзіма Авакума Мамантава – далёкая Поўнач, а апошнім прыстанкам стала яму наша стаўбцоўская зямля. Свае нераўнадушныя, пранікнутыя любоўю да героя артыкулы Аляксандр Міхайлавіч друкаваў у раённай газеце «Прамень», у рэспубліканскіх выданнях нашай краіны. Больш таго, знаходзячыся на пасадзе ў райкаме КПБ, Аляксандр Турко падаў ідэю збору сродкаў на ўзвядзенне помніка камсамольскаму важаку Авакуму Мамантаву. Яе падтрымаў першы сакратар райкама ЛКСМБ Уладзімір Радзевіч.  На гэтую ініцыятыву адгукнуліся  і моладзь  былога калгаса «Чырвоны партызан»,  камсамольская і піянерская арганізацыі Аталезскай СШ, якія звярнуліся са зваротам да ўсёй моладзі нашага раёна. Сродкі былі сабраны, заказаны помнік. Абеліск быў устаноўлены да святкавання 30-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Да гэтай падзеі далучыліся родныя Авакума Мамантава, якія прыехалі з Архангельскай вобласці, – брат Клаўдзій, судовы механік, з жонкай Зояй Дзямідаўнай.

Нават толькі з-за аднаго гэтага адкрытага імя салдата вайны, што лічыўся прапаўшым без вестак, можна сказаць, што Аляксандр Турко правёў работу, якая залатым радком упісана ў гісторыю роднага краю. Аднак на рахунку даследчай дзейнасці Аляксандра Міхайлавіча шмат іншых важных адкрыццяў, многіх дзён карпатлівай працы, праведзенай у розных архівах. Гэта ўсё дазволіла запоўніць канкрэтнай інфармацыяй белыя плямы гісторыі раёна.

І цяпер у сваім шаноўным 77-гадовым узросце Аляксандр Міхайлавіч мае вялікі інтарэс як да гісторыі роднага краю, так і да жыцця раёна. Ён часта прыходзіць да нас у рэдакцыю, працягвае публікаваць на старонках «Праменя» свае гістарычныя артыкулы. Лічыць абавязкам перад нашчадкамі, доўгам свайго сэрца выдаць гістарычны нарыс, змясціць у гэтую кнігу свае даследчыя працы. Як бы было добра, каб у гэтай  справе ён атрымаў падтрымку. Кніга ж гэтая будзе скарбам для раёна.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фотарэпрадукцыі з архіва: Авакум Мамантаў;

у партызанскім атрадзе



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *