Месца ў грамадстве

Нумары Соцыум

Тэма інваліднасці і ў нашым грамадстве, і ў сродках масавай інфармацыі лічыцца некамфортнай, непрыемнай. Многія гады інвалідаў хавалі за тоўстыя сцены кватэр, дзяцей здавалі ў інтэрнаты. Даводзіцца прызнаць, што інваліды не навучыліся ўзаемадзейнічаць з соцыумам, і соцыум не ўмее гэтага рабіць, грамадства мае патрэбу ў дапамозе  ўспрыняць людзей з інваліднасцю на роўных. Таму апошнім часам увагу прыцягвае вопыт  арганізацый, якія маюць напрацоўкі ў гэтай важнай сферы жыцця грамадства. У нашым раёне станоўча можна адзначыць раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з існуючым у ім аддзяленнем дзённага прабывання інвалідаў і маладых інвалідаў і аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, які ажыццяўляе навучанне і выхаванне дзяцей з асаблівасцямі ва ўстановах адукацыі па спецыяльных праграмах. Вялікую справу ў гэтым накірунку праводзіць калектыў цэнтра карэкцыйнага-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Дырэктар яго Святлана Сікорская ў інтэрв’ю дзеліцца сваімі назіраннямі, расказвае аб поспехах і праблемах.

 

–      Святлана Віктараўна, адразу пазнаёмце, калі ласка, нашых чытачоў з самім цэнтрам, яго функцыямі і задачамі.

–      Наша навучальная ўстанова ажыццяўляе ў спецыяльных класах і дома навучанне і выхаванне дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту з цяжкімі множнымі парушэннямі, праводзіць карэкцыйна-педагагічную дапамогу дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а таксама каардынуе дзейнасць устаноў адукацыі раёна ў накірунку сацыяльнай адукацыі. Цэнтр мае банк даных. Па стане на верасень бягучага года на такім уліку знаходзяцца 786 дзяцей, з іх 20 дзеці-інваліды.  У 41 установе адукацыі арганізавана навучанне такіх дзяцей па адукацыйных праграмах спецыяльнай адукацыі. У цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі навучаюцца 14 дзяцей з цяжкімі  парушэннямі і інтэлектуальнай недастатковасцю ўмеранай ступені, для чатырох дзяцей арганізавана навучанне дома. Рэжым работы ў класах – 10,5 гадзіны. Цэнтр мае спецыяльна абсталяваны транспарт,  прызначаны для перавозкі дзяцей з інваліднымі каляскамі. У гэтым навучальным годзе мы дастаўляем на заняткі пяць дзяцей з сельскай мясцовасці.

–      Святлана Віктараўна, за многія гады работы ў цэнтры вы, пэўна ж, маеце назіранні: наколькі наша грамадства стала больш гуманным, інклюзіўным у адносінах да праблем інваліднасці?

–      Канешне, можна гаварыць, што ёсць станоўчыя зрухі. Мы заўважаем гэта і ў нашай дзейнасці. Нашаму цэнтру 14 гадоў. Апошнім часам мы радуемся такой прыемнай з’яве. Бываюць дні, калі вельмі цяжка, узнікаюць праблемы, і тут знаходзім на рахунку цэнтра паступленні ад спонсараў. Мне здаецца, што людзі сталі больш задумвацца аб сэнсе жыцця, і ў гэтым дапамагаюць дзеці з асаблівасцямі. Калі глядзіш, як яны змагаюцца за жыццё, пераадольваюць цяжкасці, у многім паспяваюць, інакш глядзіш на праблемы, якія пачынаюць здавацца дробязямі, аб якіх не варта і думаць, а тым больш зацыклівацца на іх, большую каштоўнасць у свядомасці набывае здароўе і наогул жыццё чалавека. Арганізацыі розных формаў уласнасці аказваюць дапамогу цэнтру, з увагай адносяцца да нашых патрэб. Мне здаецца, на тое, што нас ведаюць, паўплывала і размяшчэнне ў нашым будынку выбарчага ўчастка для галасавання. Многія праяўляюць інтарэс: што гэта за ўстанова, хочуць пазнаёміцца. Мы расказваем, што можам – паказваем. І нас радуе, што да цэнтра з’явілася больш увагі. Установа мае даўніх сяброў – раённы аддзел унутраных спраў, вайсковую часць, калектыў цэнтра банкаўскіх паслуг № 624 Беларусбанка, СШ № 2 г. Стоўбцы і іншыя навучальныя ўстановы раёна. Яны з намі ў дні вялікіх святаў, адклікаюцца, калі патрэбна аказаць дапамогу, – калектыў у нас у асноўным жаночы.

–      Дарэчы, пра калектыў хацелася б пачуць больш падрабязна.

–      Карэкцыйна-педагагічную дапамогу дзецям у нашым цэнтры аказваюць педагог сацыяльны, педагог-псіхолаг,  настаўнікі дэфектолагі, выхавацелі. У ліку іх педагогі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Святлана Хадзічэнка, Святлана Казак, настаўнікі першай кваліфікацыйнай катэгорыі Святлана Гаптар, Тамара Габрусь, Марына Лустач, Галіна Гайдукевіч,  Ірына Жаўняркевіч, Юлія Гарохавік, Вераніка Прыбытка, Аксана Ажгірэвіч.  Наша ўстанова – асаблівая. Мы праводзім навучанне і рэабілітацыю цяжкіх інвалідаў, якія яшчэ нядаўна лічыліся ненавучаемымі. Цяпер ствараюцца для іх усе ўмовы, каб яны не былі адарванымі ад грамадства. Нашы настаўнікі дэфектолагі аказваюць дапамогу і тым навучальным установам, дзе патрэбна прафесійная дапамога. Праводзім абследаванне дзяцей усіх навучальных устаноў раёна. Важна сказаць і яшчэ пра адзін момант. Задача нашых педагогаў – працаваць не толькі з дзецьмі, але і з бацькамі. Ім цяжка прывыкнуць, што ў іх дзіця-інвалід. Патрэбны педагагічны талент і асаблівы стан душы псіхолага, каб дапамагчы бацькам адэкватна рэагаваць на гэтую сітуацыю, каб яны сталі больш адкрытымі, навучыліся прыняць дзіця такім, якое ёсць, і не рабіць з гэтага трагедыю. За гады навучання мы адчуваем, што дыстанцыя паміж усімі намі скрачаецца, мы становімся больш блізкімі. На ўрачыстасці з нагоды 1 верасня, іншых значных дат календара, на ўсе дабрачынныя ранішнікі да нас заўсёды прыходзяць дзеці, якія раней у нас навучаліся. Яны застаюцца нашымі. Гэта прыклад таго, што бацькі выходзяць з «цені», імкнуцца ўключыцца ў жыццё грамадства. Дзеці абдымаюць нас, дораць свае фотаздымкі, віншавальныя паштоўкі, зробленыя сваімі рукамі. Хіба дзеля гэтага не варта аддаваць свае прафесійныя навыкі і сілы душы?! Мы іх таксама любім, як сваіх родных. Вельмі важны і той момант, што на ранішнікі праходзяць з удзелам дзяцей з агульнаадукацыйных школ ці выхаванцаў Дома творчасці дзяцей і моладзі. Гэта дапамагае дзецям-інвалідам адчуваць сябе на роўных з імі, а здаровым дзецям – вучыцца ўспрымаць іх такімі ж, як і яны самі. Гэтаму садзейнічае і раўнапраўнае навучанне ў школах, сумеснае правядзенне мерапрыемстваў, сяброўства,  самарэалізацыя дзяцей з асаблівасцямі. Нашы выхаванцы паспяхова паўдзельнічалі ў абласным конкурсе «Вясёлкавы карагод» і занялі прызавое месца.

–      Святлана Віктараўна, што б вы хацелі пажадаць усім членам нашага грамадства?

–      Структурам, ведамствам і асабліва прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі хочацца пажадаць глыбей паглядзець на праблему інваліднасці, шукаць новыя шляхі падачы інфармацыі, паказваць цікавы вопыт работы.  Людзям з інваліднасцю неабходна ствараць роўныя з іншымі грамадзянамі магчымасці ўдзельнічаць ва ўсіх сферах жыцця грамадства.  Асветніцкія мерапрыемствы таксама могуць паслужыць фарміраванню станоўчых адносін да людзей з інваліднасцю, павярнуць грамадства ў бок супрацоўніцтва і пазітыўнага ўзаемадзеяння. Мы ўсе павінны ствараць грамадства, у якім ёсць месца кожнаму, незалежна ад яго спецыфічных асаблівасцяў.

Святлана ЖЫБУЛЬ,

фота Васіля ЗЯНЬКО

 

 

ПРЫЗНАЧЭННЕ СЯМЕЙНАГА КАПІТАЛУ

 

Для ўмацавання інстытута сем’яў з дзецьмі, узмацнення іх сацыяльнай абароны выдадзены Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 снежня 2014 года «Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей». Адной з такіх мераў падтрымкі з’яўляецца сямейны капітал – адначасовае выдзяленне сем’ям безнаяўных грашовых сродкаў у памеры 10 000 долараў ЗША пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга і наступных дзяцей.

Сродкі сямейнага капіталу прадастаўляюцца сем’ям для выкарыстання ў Рэспубліцы Беларусь у поўным аб’ёме або па частках у безнаяўным парадку ў адпаведнасці з заканадаўствам па адным або некалькіх напрамках: паляпшэнне жыллёвых умоў; атрыманне адукацыі; атрыманне паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, адукацыі; фарміраванне накапляльнай (дадатковай) пенсіі маці (мачысе) у поўнай сям’і, аднаму з бацькоў у няпоўнай сям’і.

Права на распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу прадастаўляецца па сыходжанні 18 гадоў з даты нараджэння дзіцяці, у сувязі з нараджэннем, усынаўленнем (удачарэннем) якога сям’я набыла права на прызначэнне сямейнага капіталу.

Права на прызначэнне сямейнага капіталу маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць у рэспубліцы: маці (мачыха) у поўнай сям’і, адзін з бацькоў у няпоўнай сям’і, усынавіцель (удачарыцель) пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей у перыяд з 1-га студзеня 2015 года да 31-га снежня 2019 года ўключна, калі з улікам народжанага, усыноўленага (удачаронага) дзіцяці (дзяцей) у сям’і выхоўваюцца не менш за трое дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. Пры гэтым дата нараджэння ўсыноўленага (удачаронага) дзіцяці (дзяцей) не павінна быць раней за 1-га студзеня 2015 года.

Рашэнне аб прызначэнні (адмове ў прызначэнні) сямейнага капіталу прымаецца райвыканкамам у месячны тэрмін з дня падачы заявы аб прызначэнні сямейнага капіталу.

Сям’я можа рэалізаваць права на прызначэнне сямейнага капіталу адзін раз.

Грамадзянін, які мае права на прызначэнне сямейнага капіталу, звяртаецца асабіста або праз свайго прадстаўніка ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў адпаведнасці з рэгістрацыяй па яго месцы жыхарства з заявай аб прызначэнні сямейнага капіталу па ўстаноўленай форме.

Адначасова з заявай аб прызначэнні сямейнага капіталу неабходны наступныя дакументы: пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які мае права на прызначэнне сямейнага капітала (копія); дакумент, які пацвярджае паўнамоцтвы прадстаўніка, – у выпадку звароту грамадзяніна з заявай аб прызначэнні сямейнага капіталу праз свайго прадстаўніка (копія); пасведчанні аб нараджэнні ўсіх непаўналетніх дзяцей, якія ўлічваюцца ў саставе сям’і (копіі); пасведчанне аб шлюбе і дакумент, які засвядчае асобу мужа (жонкі), – для поўных сем’яў (копіі); пасведчанне аб смерці мужа (жонкі) (копія), копія рашэння суда аб скасаванні шлюбу або пасведчанне аб скасаванні шлюбу ці які іншы дакумент, які пацвярджае катэгорыю няпоўнай сям’і, якім таксама можа быць дакумент, які засвядчае асобу, пры адсутнасці ў ім адзнакі аб рэгістрацыі заключэння шлюбу, – для няпоўных сем’яў; копія рашэння суда аб усынаўленні (удачарэнні) – для ўсынавіцеляў (удачарыцеляў) дзіцяці (дзяцей); пагадненне аб дзецях, копія рашэння суда аб скасаванні шлюбу (выпіска з рашэння), якое вызначае аднаго з бацькоў, з якім пражывае дзіця (дзеці), копія рашэння суда аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў некага з бацькоў або аб адабранні дзіцяці без пазбаўлення бацькоўскіх правоў, копія рашэння суда, пастановы аб судовым загадзе аб спагнанні аліментаў, пасведчанне аб смерці аднаго з бацькоў або іншыя дакументы, якія пацвярджаюць факт выхавання дзіцяці (дзяцей) у сям’і аднаго з бацькоў, – у выпадку неабходнасці пацвярджэння выхавання дзіцяці (дзяцей) у сям’і аднаго з бацькоў; даведка аб месцы жыхарства і саставе сям’і або копія асабовага рахунку, якія выдаюць арганізацыі, што ажыццяўляюць эксплуатацыю жыллёвага фонду і (або) прадастаўляюць жыллёва-камунальныя паслугі (на ўсіх членаў сям’і, зарэгістраваных па месцы жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь); інфармацыя ў адносінах да дзяцей, улічваемых у саставе сям’і, аб наяўнасці  (адсутнасці) наступных звестак: аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў, адмене ўсынаўлення (удачарэння), адабранні дзіцяці (дзяцей) з сям’і, адмове ад дзіцяці (дзяцей), устанаўленні над дзіцем (дзецьмі) апекі (папячыцельства) і іншыя дакументы і (або) звесткі, неабходныя для прыняцця рашэння аб прызначэнні (адмове ў прызначэнні) сямейнага капіталу.

Рашэнне аб прызначэнні (адмове ў прызначэнні) сямейнага капіталу афармляецца ў двух экзэмплярах, адзін з якіх выдаецца грамадзяніну.

Грамадзянін, якому прызначаны сямейны капітал, на працягу шасці месяцаў з дня прыняцця рашэння аб прызначэнні сямейнага капіталу звяртаецца ў падраздзяленне ААТ «ААБ Беларусбанк» па месцы прызначэння сямейнага капіталу з заявай аб адкрыцці дэпазітнага рахунку «Сямейны капітал».

Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва, Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам аховы здароўя будуць прыняты нарматыўныя прававыя акты, якія рэгулююць парадак выкарыстання сродкаў сямейнага капіталу па адпаведных накірунках.

Па пытаннях прадастаўлення дакументаў на прызначэнне сямейнага капіталу неабходна звяртацца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Стаўбцоўскага райвыканкама да галоўнага спецыяліста Святланы Аляксандраўны Гарбацэвіч (тэл. 5-52-94).



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *