Стоўбцы – у дыябетычнай супольнасці

Медыцына Нумары

Члены Стаўбцоўскага аддзялення грамадскага аб’яднання «Дзіцячы дыябет» і ўрачы цэнтральнай раённай бальніцы сталі слухачамі 2-й міжнароднай інтэрнэт-канферэнцыі па пытаннях дыябету ў рамках міжнароднага інтэрнэт-праекта «Адукацыя і здароўе без межаў» – для папулярызацыі ведаў аб здаровым і бяспечным ладзе жыцця з мэтай садзейнічання фарміраванню культуры здароўя насельніцтва Расіі і краін СНД.

У даным выпадку прыцягненне інтэрнэт-рэсурсаў – новы фармат зносін медыцынскай і грамадскай супольнасцяў. Інтэрнэт-пляцоўкі для ўдзелу ў гэтай міжнароднай канферэнцыі былі падрыхтаваны ў розных рэгіёнах Расійскай Федэрацыі, Казахстана, Узбекістана і Беларусі, у прыватнасці, у такіх гарадах як Бабруйск, Дзяржынск, Мінск і – упершыню – у Стоўбцах (на базе цэнтральнай раённай бальніцы). І хаця нам яшчэ неабходна папрацаваць у плане якасці сувязі, але сам факт уключэння ў лік слухачоў міжнароднй інтэрнэт-канферэнцыі – гэта падзея, своеасаблівае прызнанне значнасці работы, што праводзіцца Стаўбцоўскім аддзяленнем грамадскага аб’яднання «Дзіцячы дыябет» на чале з Інай Міхно пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта. Райвыканкам прадстаўляла на канферэнцыі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Жыбуль.       

У сваіх віртуальных выступленнях аўтарытэтныя вучоныя і дэпутаты з розных краін акрэслівалі ўласнае бачанне падыходаў да сістэмы прафілактыкі, выяўлення і лячэння цукровага дыябету, дзяліліся назапашаным вопытам. Дыябет прызнаецца як сацыяльна значнае захворванне, якое наносіць шкоду эканоміцы. Ва ўсім свеце яно прагрэсіруе, прычым расце колькасць хворых дзяцей. Прагнозы несуцяшальныя – да 2030 года можа быць хворым на дыябет кожны дзясяты жыхар планеты. У сувяі з гэтым дыябет разглядаюць як адзін з выклікаў грамадству, пагрозу яго ўстойліваму развіццю.

Што можа змяніць сітуацыю? Неабходны заканадаўчыя акты аб сацыяльна-медыцынскай дапамозе хворым, а таксама мэтавыя нацыянальныя і рэгіянальныя праграмы, здольныя знізіць захваральнасць на дыябет, у першую чаргу, на дыябет ІІ тыпу, які непасрэдна звязаны з ладам жыцця. Невычэрпны рэсурс уяўляе сабою грамадзянская супольнасць у выглядзе грамадскіх дыябетычных арганізацый, якія дапамагаюць сацыялізацыі хворых настолькі, што яны становяцца не «таварышамі па няшчасці», а аднадумцамі, саратнікамі.

Як адзначыла ў прывітальным слове да ўдзельнікаў міжнароднай інтэрнэт-канферэнцыі начальнік Галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Алена Богдан, наша краіна адкрыта да супрацоўніцтва і гатова да сумесных праектаў і распрацовак. Яна падкрэсліла, што айчынная школа барацьбы з дыябетам пабудавана на матывацыі пацыентаў да здаровага ладу жыцця.

Асноўнымі фактарамі рызыкі развіцця дыябету (а калі глядзець шырэй, то і іншых захворванняў – атлусцення і т. п.) з’яўляюцца няправільнае харчаванне, адсутнасць фізкультуры, маларухомасць. У сувязі з гэтым кожнаму з нас неабходна з адказнасцю падыходзіць да пытанняў свайго харчавання, не ленавацца фарміраваць здаровыя звычкі ў сябе і сваіх блізкіх. І, як было прапанавана на канферэнцыі, пярвічную прафілактыку дыябету варта пачынаць са школы, з тых жа ўрокаў «Асновы бяспекі жыццядзейнасці».  

Удзельнікі міжнароднай інтэрнэт-канферэнцыі заявілі, што ёсць неабходнасць у распрацоўцы спецыяльных адукацыйных праграм, праграм узаемадзеяння і ўзаемадапамогі, якія б даносілі да людзей, што барацьба з дыябетам – гэта ў першую чаргу лад жыцця. Каб зрушыць праблему барацьбы з дыябетам з месца, трэба, каб хворыя былі «падкаваны» настолькі, што маглі на роўных размаўляць з лечачым урачом. І нездарма на медалі, заснаваным для падтрымкі людзей, хворых на дыябет, адлюстраваны бягун як алімпіец з запаленым факелам. Гэта знак трыумфу чалавека і медыцыны, бязмежных унутраных рэсурсаў кожнага чалавека.   

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

Пры сустрэчы ў былога вядомага хірурга Стаўбцоўшчыны, а цяпер урача-эндаскапіста Генадзя Сяліцкага, загадчыка хірургічнага аддзялення Ігара Яхнаўца і ўрача анестэзіёлага-рэаніматолага Сяргея Лысова размова аб справах медыцыны, новых метадах ранняй дыягностыкі, аператыўнай барацьбе з хваробамі. Гэта і абмен багатым вопытам работы, і абмеркаванне навін сучаснай беларускай медыцыны.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *