Уладзімір Радзіон – чалавек года Міншчыны

Нумары Соцыум

Напрыканцы сакавіка ў Жодзіне адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння штогадовай прэміі Мінскага аблвыканкама «Чалавек года Міншчыны». Сярод 20 прадстаўнікоў вобласці гэтай высокай узнагароды ўдастоены настаўнік інфарматыкі СШ № 3 г. Стоўбцы Уладзімір Радзіон.

На працягу многіх гадоў імя гэтага настаўніка, выпускніка Рубяжэвіцкай сярэдняй школы, дзвюх вышэйшых навучальных устаноў – Мінскага радыётэхнічнага інстытута і Мінскага педінстытута, які больш за 30 гадоў аддае свой талент дзецям, пастаянна з’яўлялася на старонках нашай газеты. Аб ім самім мы заўсёды пісалі хоць і з любоўю, але скупа, а вось аб яго вучнях – пераможцах міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд – з клічнікам. Калі ж прадаставілася магчымасць з нагоды прысваення тытулу «Чалавек года Міншчыны» сказаць аб Уладзіміру Сяргеевічу слова, мы зноў сутыкнуліся з той жа сітуацыяй – ён стаў гаварыць аб сваіх вучнях. І гэта фактура настолькі важкая і яркая, што ўпусціць яе нельга.

Мяркуйце самі. Яго вучні 122 разы станавіліся прызёрамі раённых, 99 разоў удзельнікамі і 61 раз – прызёрамі абласных алімпіяд, 57 разоў – удзельнікамі і 24 разы – прызёрамі рэспубліканскіх алімпіяд, былі ўзнагароджаны дыпломамі на Усерасійскіх алімпіядах школьнікаў па інфарматыцы і праграмаванні ў Санкт-Пецярбургу і Маскве. Некаторыя ўдзельнічалі і перамагалі неаднаразова. Як Мікіта Сазановіч, які заваяваў чатыры дыпломы Усерасійскіх алімпіяд, два з іх – першай ступені. Сем разоў вучні Уладзіміра Радзіона з’яўляліся кандыдатамі  ў каманду рэспублікі для ўдзелу ў міжнародных алімпіядах. Раман Удавічэнка прывёз два сярэбраныя медалі з міжнародных алімпіяд. Вучні Уладзіміра Радзіона пяць разоў станавіліся дыпламантамі рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцый школьнікаў (Міхаіл  Харламаў у гэтым годзе стаў дыпламантам ІІІ ступені), два разы – прызёрамі рэспубліканскіх конкурсаў «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт» і «Юны праграміст».  Юрый Кукота быў узнагароджаны дыпломам за лепшы даклад сярод школьнікаў і студэнтаў на Міжнароднай канферэнцыі маладых вучоных, якая прайшла ў Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь.

Дзесяць яго вучняў – Уладзімір Каршакоў, Яўгеній Рубан, Андрэй Малюшкін, Дзмітрый Аляшкевіч, Артур Максімовіч, Дзмітрый Нікіцін, Раман Удавічэнка, Аляксей Русецкі, Андрэй Бірук, Уладзіслаў Сазановіч як прызёры рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд паступілі ў БДУ, БДУІР, універсітэт ІТМО Санкт-Пецярбурга. Такое ж права атрымаў адзінаццацікласнік, выпускнік 2014/2015 навучальнага года Мікіта Сазановіч, абсалютны пераможца рэспубліканскай алімпіяды бягучага года па інфарматыцы. Гэтыя студэнты былі ці з’яўляюцца лідарамі і ў ВНУ па праграмаванні і інфармацыйных тэхналогіях. Вучні Уладзіміра Радзіона працуюць у самых прэстыжных ІТ-кампаніях нашай краіны і замежных. Практычна ўсе вучні, якія сістэмна займаюцца праграмаваннем і інфармацыйнымі тэхналогіямі, выбіраюць спецыяльнасці па гэтым профілі.

Кожны разумее, што дасягнуць такіх вынікаў вучні маглі толькі пад таленавітым кіраўніцтвам настаўніка, які сам пастаянна развіваецца, не толькі паспявае за часам, але і апераджае яго. Уладзімір Радзіон у пастаянным пошуку  найбольш аптымальных форм арганізацыі сістэмнай работы з вучнямі па інфарматыцы, у няспынных распрацоўках новых тэхналогій. Ён прайшоў у 2001 годзе курсы «Інтэрнет-адукацыя» ў Маскве. Распрацаваў і ўкараніў у вучэбны працэс шэраг праектаў. На базе СШ № 3 у 1999 годзе была пачата  рэалізацыя  праекта «Школа юных інтэлектуалаў», які  ўяўляе сабой арыгінальную форму арганізацыі сістэмнай пазакласнай работы з адоранымі вучнямі школы №3 горада і раёна ў цэлым.       Пры ШЮІ паспяхова працуе Школа юных праграмістаў. Папярэднічалі гэтым важкім праектам стварэнне факультатыўнага курса «Матэматыка-інфарматыка», сістэмы інтэлектуальна-развіваючых мерапрыемстваў. З 1993 года на базе СШ № 3 стаў працаваць летні вучэбна-аздараўленчы лагер «Эрудыт».

Вопыт Уладзіміра Радзіона як педагога запатрабаваны на ўзроўні вобласці і рэспублікі. Ён неаднаразова выступаў з дакладамі на канферэнцыях, семінарах, у тым ліку на міжнароднай канферэнцыі па профільным навучанні. Яго навуковыя артыкулы публікаваліся ў перыядычных выданнях. На працягу 1994-2007 гадоў Уладзімір Радзіон штогод быў у журы абласных алімпіяд, займаецца распрацоўкай заданняў для раённых і рэгіянальных алімпіяд Мінскай вобласці. Ім распрацаваны таксама вучэбныя курсы і праграмы па інфарматыцы, выдадзены аўтарскія вучэбна-метадычныя дапаможнікі, зборнікі задач. Таленавіты педагог стаў пераможцам Другога рэспубліканскага конкурсу «Адкрыты ўрок» у 2004 годзе, прызёрам рэспубліканскага конкурсу «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнет» у 2006 годзе. У 2004-2006 гадах Уладзімір Радзіон падрыхтаваў і правёў аўтарскія курсы для настаўнікаў інфарматыкі Мінскай вобласці.

Уладзімір Радзіон быў дэлегатам І з’езда настаўнікаў Рэспублікі Беларусь. З дакладам  па тэме арганізацыі сістэмнай пазакласнай работы з адоранымі вучнямі па інфарматыцы неаднаразова выступаў на рэспубліканскіх семінарах і канферэнцыях. У 2001-2002 Уладзімір Радзіон быў суіскальнікам пры аспірантуры Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка па спецыяльнасці «Тэорыя навучання і выхавання (інфарматыка)». І цяпер працягвае самастойна працаваць над тэмай «Методыка навучання вучняў сярэдняга школьнага ўзросту асновам алгарытмізацыі і праграмавання».

Шматгадовая праца таленавітага настаўніка не адзін раз адзначалася. У 2006 годзе Уладзімір Радзіон быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, у 2010 годзе – нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі». Уладзімір Сяргеевіч удастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў.

Слухаць Уладзіміра Сяргеевіча заўсёды вельмі прыемна. Ён нераўнадушна расказвае аб вучнях, праектах, дзеліцца сваімі назіраннямі – чалавек, які жыве сваёю справаю.

–       Адным з важных адкрыццяў, якія я для сябе зрабіў, –  гаворыць Уладзімір Сяргеевіч, – гэта тое, што да кожнага школьніка патрэбна адносіцца з разуменнем таго, што ён у нечым таленавіты. Аднак адкрыць здольнасці да пэўнага віду дзейнасці ў школе не заўсёды прадастаўляецца магчымым. У рамках школьнай праграмы вучань вывучае 20-30 прадметаў ці вучэбных курсаў, а прафесій і спецыяльнасцяў – тысячы. Таму за гады вучобы ў школе, асабліва ў старэйшых класах, вучань павінен вызначыцца, якая галіна дзейнасці яму па душы, і выдзеліць для сябе тыя вучэбныя прадметы, веды і ўменні, якія яму спатрэбяцца ў большай ступені. Дапамагчы вучню ў гэтым павінны настаўнікі і бацькі. У 5-9 класах ён павінен паспрабаваць займацца ў розных гуртках, факуль- татывах, секцыях, мець дакладнае ўяўленне аб сваіх здольнасцях і зрабіць усвядомлены выбар свайго будучага прафесіянальнага накірунку. Адна з функцый Школы юных інтэлектуалаў –  фарміраванне ў вучня важнасці развіцця сваіх здольнасцяў.

У жыцці самога Уладзіміра Радзіона былі людзі, на якіх яму хацелася раўняцца, якія сталі маяком на яго жыццёвым і працоўным шляху. У ліку іх Уладзімір Сяргеевіч называе былога дырэктара СШ № 3 светлай памяці Міхаіла Лянцэвіча, які прыярытэтам ставіў развіццё ведаў вучняў, іх інтэлектуальных здольнасцяў, падтрымліваў усе пачынанні у рабоце з таленавітай моладдзю. Дзякуючы гэтаму дальнабачнаму курсу Міхаіла Лянцэвіча і атрымала такое развіццё Школа юных інтэлектуалаў. У ліку сваіх настаўнікаў Уладзімір Радзіон з павагай  называе заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь па шахматах Івана Корсака, які выкладае гэты прадмет у Школе юных інтэлектуалаў. На ўсё жыццё ў сэрцы ён носіць падзяку класнаму кіраўніку Людміле Цімафееўне Турко, светлай памяці Баканоўскаму Валянціну Мікалаевічу – настаўніку матэматыкі і ўсім настаўнікам Рубяжэвіцкай СШ, кіраўніцтву і калегам з СШ № 3.  І тут нельга не сказаць і яшчэ пра аднаго чалавека. Уладзімір Сяргеевіч выказвае бязмежную ўдзячнасць сваёй жонцы Аксане Сяргееўне за яе падтрымку ва ўсіх жыццёвых сітуацыях.

А мне асабіста хочацца пакланіцца Уладзіміру Радзіону за яго талент, які ён развівае вялікай працай па самаўдасканаленні, за яго адносіны да сваёй настаўніцкай справы, якая стала сэнсам яго жыцця, за яго самаахвярнасць у рабоце з вучнямі, якім ён аддае не толькі ўвесь свой час, але і сваё жыццё, якое ў апошнія гады можна назваць хрысціянскім подзвігам.                                                                        Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *