Дапаможам зямлі папрыгажэць

Калонка Рэдактара Нумары

Вясна… Гэта час абнаўлення, абуджэння, навядзення чысціні і парадку. Ужо з’явіліся першакветкі, набухлі пупышкі дрэў і вось-вось з’явяцца першыя лісточкі… Абуджаецца прырода, ажывае ўсё жывое. І вось, каб наша траўка зазелянела хутчэй, каб горад і населеныя пункты сустрэлі нас вясенняй чысцінёй, каб дыхалася лягчэй ды і воку было прыемней, – гэта залежыць ад нас, жыхароў Стаўбцоўшчыны.

Многім жыхарам не патрэбна нагадваць, што снег ужо даўно сышоў і неабходна падмесці каля свайго дома, сабраць лісце, якое засталося з восені, выкінуць мінулагодняе смецце. Безумоўна, гэта работа не аднаго дня. Нездарма ў нас у раёне аб’яўлены месячнік па навядзенні парадку. Радуе, што неабыякавыя да гэтай справы і нашыя школьнікі. Калі бачыш, што групка хлопчыкаў і дзяўчынак бягуць з граблямі ў руках, то ведаеш, што яны ідуць прыбіраць сквер ці парк. А як прыемна будзе пасядзець на лавачцы ў цяньку сярод дрэў!

У рэдакцыі раздаецца званок: «На тэрыторыі райбальніцы спілоўваюць дрэвы». Так, тут многа дрэў. Гэта добра, але апаўшыя лісты і сухія галіны дастаўляюць столькі непрыемнасцяў. Ды і выглядаюць неэстэтычна. Затое, як прыемна будзе хворым людзям выйсці на вуліцу, палюбавацца на чысціню і парадак, а старыя дрэвы заменяць сучасныя экзатычныя расліны. Чым не гаспадарскі падыход?

Увогуле, у мяне заўсёды выклікаюць павагу тыя людзі, якія наводзяць парадак не толькі каля свайго дома, а хто шчыруе на тэрыторыі прадпрыемстваў, каля прыдарожных палос, абочын палёў, прыфермскіх тэрыторый, паркаў, лясных угоддзяў, месцах адпачынку, могілак…

9 Мая ўся наша краіна будзе святкаваць 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а ў красавіку – чэрвені ў Мінскай вобласці пройдзе эколага-патрыятычны марафон, прысвечаны 70-годдзю Перамогі і Году моладзі. З гэтай нагоды ў нашым горадзе і раёне пройдзе таксама шмат мерапрыемстваў, акцый, конкурсаў. Будуць закладзены тэматычныя алеі, скверы. Асаблівую ўвагу мы павінны ўдзяліць месцам захаранення загінуўшых у гады Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, абеліскам, устаноўленым у памяць ахвяр фашызму.

Чысціню і парадак патрэбна наводзіць усюды і падтрымліваць абавязкова. Выйдзіце на паслязімовую ўборку разам са сваімі дзецьмі, унукамі, раскажыце ім пра сваіх бацькоў, бабуль, дзядоў, пра наш горад. Давайце будзем захоўваць сваю спадчыну, берагчы тое, што маем і рабіць усё для таго, каб наш край прыгажэў, квітнеў і працвітаў. А калі ідзеш па чыстым горадзе, то і душа радуецца. Хіба вы не згодны са мной?

Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *