Участковы інспектар і яго каманда

Добраўпарадкаванне Нумары

Участковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі Міхаіл Турко арганізаваў на сваім адміністрацыйным участку суботнік. Пакуль першы такі маладзёжны суботнік у гэтым годзе.

Возера ў аграгарадку Стары Свержань – месца прыцягальнае. Моладзь цягнецца сюды, бо тут можна палавіць рыбку, у сезон – пакупацца і адпачыць з сябрамі. А калі прыходзіць пара развітання са школай, учарашнія школьнікі таксама імкнуцца менавіта сюды – на сустрэчу світанка…       

Так, зрэшты, было і ў Міхаіла Турко, які калісьці быў вучнем Старасвержанскай школы, а згаданае возера палюбіў з ранняга дзяцінства. Цяпер родныя яму мясціны сталі і месцам міліцэйскай службы. Фактычна гэта яго адміністрацыйны ўчастак, тэрыторыя, за якую ён нясе адказнасць і будучае якой – і ад яго, участковага інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх, залежыць.

Праязджаючы ўздоўж берага,  Міхаіл Турко наткнуўся на звычайную  пасля зімы малапрывабную карціну. У прыбярэжнай зоне –  горы бутэлек, узгоркі смецця. Пакуль не зазелянелі кусты ды дрэвы, яны ўсе навідавоку і ліквідоўваць іх лягчэй. «Можна ж не толькі ачысціць бераг, а і падняць пад нагамі каштоўныя матэрыяльныя рэсурсы!» – вырашыў інспектар.

Яго ініцыятыву аб правядзенні суботніка падтрымалі ў роднай школе, выдзеліўшы каманду старанных памочнікаў-добраахвотнікаў. У ёй аказалася чацвёра хлопцаў – Андрэй Лябедзька, Аляксей Мазур, браты Уладзіслаў і Уладзімір Шчацініны, а таксама дзве дзяўчынкі – Юлія Цобкала і Ганна Прышчэпа.

– Прыкладна на працягу двух урокаў мы з імі плённа папрацавалі: усё смецце з берага зносілі ў кантэйнер, а бутэлькі, паперу змяшчалі ў мяхі. Калі пагрузілі гэтыя мяхі на прычэп да легкавога аўтамабіля, атрымалася багата другаснай сыравіны, якую завезлі ў школу, на склад, – расказаў Міхаіл Турко. 

За сваю працавітасць удзельнікі суботніка былі аддзячаны раённым камітэтам БРСМ і інспекцыяй па справах непаўналетніх цукеркамі. Імпэт у рабят ёсць і на новыя справы.

– Будзем і далей працягваць уборку возера, прыбярэжнай зоны на рацэ Нёман, – зазначае Міхаіл Турко.

Вясною клопатаў па добраўпарадкаванні нашых населеных пунктаў і папулярных месцаў адпачынку  сапраўды шмат і, мяркуючы па адным канкрэтным прыкладзе, на Стаўбцоўшчыне можа нарадзіцца цікавая традыцыя: калі і ў іншых школах раёна ўчастковыя інспектары па справах непаўналетніх стануць, як Міхаіл Турко, ініцыятарамі падобных працоўных акцый, суботнікаў разам са сваімі  падлеткамі. Сярод непаўналетніх, магчыма, будуць і іх падуліковыя рабяты, з якімі неабходна найперш знайсці агульную мову, заваяваць іх давер. А сумесная праца навучыць і прыроду любіць, і знаходзіць сабе патрэбны і карысны занятак.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ           

 

І вопыт – як слайд

На базе Цэнтра навучання пажарнай бяспецы раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях прайшло навучанне прадстаўнікоў суб’ектаў прафілактыкі.

Сярод запрошаных  – старшыні сельвыканкамаў, работнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму, райаддзела міліцыі, цэнтральнай раённай бальніцы, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аб’яднання камунальных службаў, райгаза, міжраённага аддзялення «Энерганагляд».

У сваім выступленні намеснік начальніка РАНС Аляксандр Полацкі закрануў асноўныя патрабаванні артыкула 15 Закона «Аб асновах прафілактыкі правапарушэнняў». Падчас слайд-лекцыі звернута ўвага на асноўныя моманты пры правядзенні пажарна-прафілактычнай работы ў жылым сектары: няспраўнасці пячнога ацяплення, электраправодкі і электраабсталявання, неасцярожнае абыходжанне з агнём і дзіцячае свавольства. Прадэманстраваны відэафільм па тэме аглядаў жылых дамоў і выяўлення ў іх парушэнняў правіл пажарнай бяспекі.

Сустрэча прайшла прадуктыўна: ад суб’ектаў гаспадарання паступалі пытанні, яны дзяліліся напрацаваным за многія гады вопытам. Усім уручаны прафілактычныя лістоўкі і брашуры. Пр.

 

Гарыць трава…

З пачатку сакавіка ў Мінскай вобласці зафіксавана 748 выпадкаў загарання сухой расліннасці. У нашым раёне выратавальнікам ужо прыйшлося выязджаць 41 раз на тушэнне загаранняў травы. Ёсць адзін пацярпелы –  60-гадовы дачнік, які з апёкамі знаходзіцца ў бальніцы.

Нагадаем, што за выпальванне сухой травы, якое пагражае пажарамі і няшчаснымі выпадкамі, прадугледжаны штраф ад 10 да 40 базавых велічынь. Нягледзячы на забарону выпальвання, папярэджанні работнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях аб небяспецы развядзення кастроў у ветранае надвор’е і шматлікія  рэйдавыя мерапрыемствы некаторыя гаспадары працягваюць наводзіць парадак на сваіх прысядзібных участах з «дапамогай агню». 

– Кожны з нас павінен разумець, што спальванне смецця або сухастою можа прывесці да плачэўных вынікаў. І толькі мы самі будзем несці матэрыяльную і маральную адказнасць за тое, што адбылося, – адзначае начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын. – Толькі разам можна дабіцца станоўчых вынікаў у рабоце па папярэджанні пажараў і гібелі людзей ад іх. 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *