Яшчэ адзін лялечны тэатр

Культура Нумары

У нашым раёне з’явіўся яшчэ адзін яркі дзіцячы калектыў – тэатр «Батлейка» пры нядзельнай школе стаўбцоўскага Свята-Уваскрэсенскага прыхода.

Ініцыятарам і арганізатарам лялечнага тэатра стала Святлана Шайнова. Яна вырабіла дэкарацыі, лялькі і касцюмы. Гэта таленавітая майстрыца заявіла аб сабе і ў народным клубе майстроў народнай творчасці «Пралеска» са сваімі адметнымі прыгожымі сувенірамі ў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. 

Творчую дзейнасць Святланы Шайновай з выхаванцамі нядзельнай школы благаславіў настаяцель Свята-Уваскрэсенскага прыхода протаіерэй Віталій Шаркоў. Выкладчык нядзельнай школы Андрэй Ліпніцкі таксама падтрымаў гэты накірунак дзейнасці і, як можа, спрыяе развіццю аматарскага калектыву.

Усіх парадаваў паспяховы ўдзел тэатра «Батлейка» ў двухдзённым, першым у Беларусі, адкрытым рэгіянальным фестывалі  «Цудоўнае святло батлейкі», які прайшоў у г. Смаргонь Гродзенскай вобласці. У ім прынялі ўдзел 11 калектываў з Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай абласцей. На суд журы і гледачоў стаўбцоўскі тэатр «Батлейка» прадставіў спектакль «Нябесны госць».

Атрымаць дыплом на такім прадстаўнічым фестывалі, у якім прымалі ўдзел калектывы са званнем «узорны», для стаўбцоўскага калектыву, які робіць свае першыя крокі ў мастацтве, было высокай узнагародай.

Рэжысёрам тэатра з’яўляецца Вольга Жыбуль. 40 гадоў Вольга Васільеўна аддала педагагічнай працы ў Заямнаўскай сярэдняй школе, дзе яна выкладала ў пачатковых класах. Цяпер яе талент, вопыт, уменне працаваць з дзецьмі запатрабаваны ў нядзельнай школе. Вольга Васільеўна дапамагае Андрэю Ліпніцкаму весці заняткі, рыхтуе святочныя праграмы да вялікіх хрысціянскіх святаў і цяпер вось працуе яшчэ з тэатрам.

У час фестывалю ў Смаргоні тэатр «Батлейка» з дабрачынным спектаклем выступіў у бальніцы сястрынскага догляду. Пажылыя людзі са слязамі на вачах глядзелі спектакль. Дзяцей гэта вельмі ўсхвалявала. Незабыўнае ўражанне для выхаванцаў нядзельнай школы і іх настаўнікаў пакінула экскурсія ў літаратурны музей-сядзібу М. К. Агінскага.

Спектакль «Нябесны госць»  аб дабры і міласэрнасці маглі паглядзець вучні СШ № 2 і стаўбцоўскай гімназіі № 1 у час свята кнігі ў раённай дзіцячай бібліятэцы.

Акцёры Раман Шайноў, Ульяна Борыс, Мікалай, Валерый, Ганна Лапіны, Марыя Саладуха, Ганна Пальчэўская,  Кацярына Ліхачэўская вельмі адказна выконваюць ролі, умела кіруюць лялькамі. Спектакль атрымліваецца жывы і выклікае інтарэс у гледачоў.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Гастролі дзераўнянскай «Батлейкі»

Сакавік выдаўся вельмі плённым для творчых выступленняў узорнага дзіцячага тэатра «Батлейка» Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў.

Тэатр паўдзельнічаў у юбілейнай 20-й выставе-кірмашы «Казюкі-2015» у Гродне. «Казюкі» падтрымліваюць спадчыну старадаўніх кірмашоў, якія праводзіліся на тэрыторыі Беларусі, Польшчы, Літвы стагоддзі назад. Лепшыя майстры з усёй краіны і бліжняга замежжа сабраліся на выставе – больш за 150 умельцаў. Вязаныя шалі, гліняныя свісткі, драўляныя бочкі для квашання капусты, медныя фігуры з аметысту – усё гэта можна было набыць на працягу святочнага дня.

У гэтым годзе арганізатары мерапрыемства вырашылі максімальна прыблізіць наведвальнікаў выставы да беларускай культуры. Старшыня Гродзенскага аддзела ГА «Саюз палякаў на Беларусі», суарганізатар выставы-кірмашу «Казюкі-2015» Казімір Знайдзінскі сустрэў калектыў па гасцінным на Гродзеншчыне звычаі – свежавыпечаным караваем, правёў пазнавальную экскурсію па гістарычных месцах  Гродна. Удзельнікі тэатра пабывалі ў драматычным тэатры, у фарным касцёле святога Францыска Ксаверыя, у Старым і Новым замках, у старэйшай дзеючай харальнай сінагозе, прайшліся па каменнай пешаходнай вуліцы Савецкай. Незабыўныя ўражанні ў дзяцей і настаўнікаў пакінула наведванне аквапарку.

Урачыстым і яркім было адкрыццё свята з удзелам дзераўнянскай «Батлейкі» (рэжысёр Наталля Сіняўская). Сваім  выступленнем юныя артысты Юрый Гарохавік, Анастасія Жодзік, Таццяна Касцюкевіч, Юлія Пугач, Іван Сіняўскі, Надзея Трасцянка дабавілі добрага настрою ўсім прысутным на гэтым свяце. Аргкамітэт адзначыў дыпломам высокае майстэрства акцёраў узорнага дзіцячага лялечнага тэатра «Батлейка».

Працягам гастрольнай дзейнасці тэатра стаў двухдзённы, першы ў Беларусі, адкрыты рэгіянальны фестываль батлеечных калектываў «Цудоўнае святло батлейкі» ў г. Смаргонь Гродзенскай вобласці. У фестывалі прымалі ўдзел народныя ўзорныя тэатры «Батлейка» незалежна ад ведамаснай прыналежнасці, а таксама непрафесійныя, аматарскія і дамашнія батлеечныя тэатры. Сваё мастацтва прэзентавалі тэатры-батлейкі з чатырох абласцей Беларусі: Гродзенскай, Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай – усяго 11 калектываў.

На суд журы былі прадстаўлены гумарыстычныя, бытавыя, гістарычныя пастаноўкі, пастаноўкі на падставе біблейскіх сюжэтаў, беларускія народныя казкі. Прысутныя маглі акунуцца ў атмасферу адраджэння беларускіх нацыянальных традыцый батлеечных тэатраў.

Асаблівасцю фестывалю з’яўлялася яго сацыяльнае складаемае. Калектывамі – удзельнікамі пасля заканчэння конкурснай праграмы было паказана восем дабрачынных канцэртаў у розных сацыяльных установах Смаргонскага раёна: у дзіцячым прытулку і дамах дзіцячага тыпу, у бальніцах сястрынскага догляду і доме самастойнага пражывання для адзінокіх пажылых людзей.

Для ўсіх удзельнікаў фестывалю была арганізавана цікавая экскурсія ў літаратурны музей-сядзібу М. К. Агінскага.

Узорны дзіцячы тэатр «Батлейка» Дзераўнянскай школы мастацтваў на фестывалі быў адзначаны прызам за яркае сцэнічнае ўвасабленне беларускіх казак.

Адміністрацыя Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў выказвае  ўдзячнасць начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А. В. Суднік за прадастаўленне транспарту для творчых паездак і дырэктару раённага Цэнтра культуры Г. С. Азановіч за прадастаўленыя касцюмы вядучым на свята «Казюкі».

Алена ШУЦЬКО, намеснік дырэктара Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў

 

Стаўбчане прадстаўляюць вобласць

У Салігорску адбыўся абласны тур прэстыжнага VІІ рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя Іосіфа Жыновіча.

Каля сотні юных дараванняў з усёй Мінскай вобласці змагаліся за права прадставіць свае рэгіёны на рэспубліканскім конкурсе. Вучні Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў выдатна выступілі, пацвердзілі свае таленты і атрымалі права ўдзелу ў наступным этапе музычнага спаборніцтва.

Умовамі конкурсу было прадугледжана на рэспубліканскі тур ад вобласці выбраць чатырох лепшых выканаўцаў у кожнай намінацыі. Сярод баяністаў  у гэтым складзе – тры вучні Стаўбцоўскай школы мастацтваў.

У рэспубліканскім этапе конкурсу імя І. Жыновіча, які пройдзе ў Лідзе ў маі, прымуць удзел нашы баяністы Ганна Абрамовіч (выкладчык Людміла Крамко), Дзмітрый Хвалей (выкладчык Сяргей Крамко), Лявон Несялоўскі (выкладчык Генадзь Несялоўскі). Пажадаем ім поспехаў.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *