Веснавое ажыўленне

Нумары Спорт

З вясной пачынаецца новы футбольны сезон. Ажыўлена і на стаўбцоўскім стадыёне «Юнацтва». Напрыканцы сакавіка прайшлі гульні абласнога занальнага  турніру па праграме Алімпійскіх дзён моладзі. Нашы хлопцы 2000-2001 гадоў нараджэння паказалі атакуючы, выніковы футбол. Але ў цэлым выступленне выйшла няроўным. З разгромным лікам 8:0 юныя стаўбчане перамаглі каманду Дзяржынскага раёна, 7:2 – так гучна адолелі клецкіх равеснікаў. Аднак зборнай Нясвіжскага раёна ўступілі 0:1 і выхаванцам Капыльскай ДЮСШ  – 2:3. У выніку трэцяе месца.

Штучны зялёны газон футбольнага поля ў Стоўбцах прыцягвае і даволі знакамітыя каманды іншых гарадоў. Трэніровачныя гульні правялі на стадыёне «Юнацтва» футбалісты з  Баранавіч, Узды, Мінскага раёна. Гэтыя калектывы выступяць у рэспубліканскім першынстве. А як стаўбчане?

Ужо практычна вызначана – «Нёман-Агра» працягне ўдзел у чэмпіянаце вобласці. Важная ўмова выхаду «на рэспубліку» – фінансавыя гарантыі. Зразумела, першую ролю адыгрываюць і спартыўныя паказчыкі. Нагадаем, што стаўбцоўская каманда ў першынстве Мінскай вобласці 2014 года заняла сёмае месца. Значыць, трэба імкнуцца да чэмпіёнскага звання, якое, нагадаем, стаўбчане заваёўвалі ў 2010 і 2011 гадах, ці хаця б трапіць на прызавую прыступку. Так, каманда «Маладзечна-ДЮСШ-4», якая па выніках мінулагодняга першынства Міншчыны заняла трэцяе месца, цяпер значыцца сярод удзельнікаў чэмпіянату рэспублікі ў другой лізе. Там жа будуць спаборнічаць калектывы з Узды, Дзяржынска, Клецка. У першай лізе футбол рэгіёнаў Мінскай вобласці прадставяць Гарадзея, Смалявічы, у вышэйшай – флагман беларускага футбола БАТЭ з Барысава, каманды Салігорска, Слуцка, Жодзіна. Будзем спадзявацца, што на наступную футбольную прыступку зробяць крок і Стоўбцы.

Як патлумачыў старшыня абласной федэрацыі футбола Алег Чыкун, у бліжэйшы час вызначыцца, па якой сістэме пройдзе першынства Міншчыны-2015. З падзелам на дзве групы ці ў адным турніры – гэта будзе залежаць ад колькасці ўдзельнікаў. Спадзяёмся, што нашы будуць сярод лідараў.                  

Ф. БАНДАРОВІЧ



Tagged

1 комментарий по теме “Веснавое ажыўленне

  1. А что снова в Деревном будут играть? Стадион же не готов — нет скамеек для зрителей.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *