Вяртанне добрай надзеі

Вялікай Перамозе прысвячаецца Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Нумары

Стары Янка жыў на хутары з сям’ёй сына, які быў прызваны на вайну. Заходзілі на хутар тайком партызаны, але часцей непакоілі нежаданыя госці – немцы ды паліцаі. Дзякуй Богу, што хоць не сустрэліся ў яго праціўнікі розных бакоў. На днях зноў наведаліся немцы, патрабавалі паказаць каня. Янка быў рады прыдумцы: яшчэ загадзя крыху намазаў дзёгцем бакі і ногі сваёй кабылцы. І цяпер смела вывеў яе на паказ. Тыя, агледзеўшы Сіўку і паверыўшы ў каросту, сіганулі з двара.

Але рана, відаць, радаваўся дзед, бо на другі дзень у вароты зноў грукалі. Пайшоў адчыняць. У двор неяк занадта паспешліва ўварваўся паліцай, а за варотамі стаялі двое ў абрыдлай форме. Паліцай сходу закрычаў: «Ты чаго закрываешся сярод белага дня? Запрагай каня, павязеш нас у Гарадзею!»

Стары мусіў вывесці кабылку ў двор. Падыйшлі тыя двое, пільна агледзеўшы яе бакі і ногі, відаць, не паверылі ў дзедаву прыдумку, бо надта ж злосна сталі лапатаць, звяртаючыся да паліцая і паказваючы на дзеда. Прыхвасцень, відаць, нядрэнна вывучыў іх мову, бо зароў, пагрозліва гледзячы на Янку: «Не хлусі, кабыла здаровая, пратры яе сенам і  хуценька запрагай! А не – дык атрымаеш «пух!», і ён пагрозліва патрос аўтаматам перад тварам дзеда.

Ужо седзячы наперадзе ў возе, Янка ўвесь час адчуваў пагрозу ад няпрошаных спадарожнікаў. Паліцай раз-пораз штурхаў яго ў плечы, прымушаючы ехаць хутчэй. «Куды яны так паспешліва імчацца, як са скуры не вылузваюць? Тыя чужакі, акупанты, а вось гэтае гадаўё, адкуль толькі яно бярэцца. Ім нічога не варта застрэліць мяне тут, у лесе, і ўзяўшы лейцы ў рукі паімчаць далей», – невядомае прыгнятала, сеяла страх. Убачыўшы першыя гарадзейскія хаты, дзед павесялеў. Дасць Бог, пакінуць яго гэтыя злыдні, і ён вернецца дамоў. Яго спадзяванні перарваў штуршок у плечы і крык паліцая: «Стой! Прыпыніся тут!»

Супыніўшы кабылу, Янка чакаў, калі ўсе вылезуць з воза. Але на зямлю саскочыў толькі паліцай і, ухапіўшы дзеда за руку, пачаў выштурхоўваць яго з месца фурмана.

«Усё, прыехалі, тупай дамоў, далей мы паедзем без цябе!» Выхапіўшы лейцы і ледзь не скінуўшы дзеда на зямлю, ужо сам паліцай уладкоўваўся наперадзе ў возе. «Што вы робіце? Не было ж такой умовы: забіраць кабылку. Я ж давёз вас, куды хацелі. Як жа мне жыць на гаспадарцы без карміцелькі?», – плакаў стары. «Прэч з дарогі, а то пераеду цябе тваёй кабылай! Цурык, нах хаўз! Мабыць такі, хочаш пачастунку на развітанне!», – зласліва рагатаў паліцай. Засмяяліся і немцы. Дзед, плачучы, мусіў саступіць на ўскрай лесу, зразумеўшы, што рызыкуе жыццём. Рабаўнікоў тым часам і след прастыў.

Няшчасны стары чалавек праз усю няблізкую дарогу ў пятнаццаць кіламетраў пешшу толькі і шкадаваў кабылку, якую ворагі маглі загнаць да знямогі і пасля прыстрэліць за непатрэбнасцю. Ад пякучай крыўды забалела ў грудзях. Янка прысеў на камень каля дарогі. Яркае летняе сонца шчодра сагравала зямлю. «Не паспееш азірнуцца, як восень падкіне працы, а без каня які рух у гаспадарцы? Няўжо яго зямля ўжо ніколі не будзе свабоднай, дзеці і ўнукі будуць жыць пад прыгнётам і страхам? Цяжка было на душы, але трэба ісці дамоў, дзе з трывогай чакаюць яго двое ўнукаў падлеткаў, старэйшая ўнучка і нявестка. Горка ўсміхнуўся, агледзеўшыся, што па-ранейшаму трымае пугу ў руках. Крыху супакоіўшыся, рушыў далей.

Ужо прайшоў даволі вялікі адрэзак шляху, калі пачуў, што нехта едзе на падводзе. Мільганула нават думка, што прачнулася сумленне ў паліцая і ён даганяе яго, каб вярнуць Сіўку. Але ў возе сядзеў малады хлопец. «Сядайце, падвязу!», прыпыніўшыся, запрасіў ён дзеда. Калі той уладкаваўся, хлопец запытаў, адкуль ён ідзе. Янка расказаў пра сваю бяду. Наўдзіў весела павёў гутарку малады: «Вашу кабылку можа кінуць фашысты, і яна шчасліва знойдзе сабе другога гаспадара, бо на ёй ім ужо далёка не ўцячы». «Як гэта ўсё зразумець, хлопча?», – адчуўшы нейкую надзею, зацікавіўся дзед.

«Чырвоная армія гоніць фашыстаў і іх прыслужнікаў з-пад Стоўбцаў, а казакі і партызаны ўжо вызвалілі Гарадзею, перакрылі чыгунку», – весела дзяліўся навінамі хлопец. Дзед не верыў сваім вушам: «Няўжо гэта праўда, і час вызвалення сапраўды наступіў? Адкуль ты, такі малады, усё ведаеш?», – радасна распытваў Янка. А хлопец, засмяяўшыся, сказаў: «Мне, дзядуля, сакрэт гэты лес даверыў». І ўжо не тоячыся, заспяваў, як відаць, партызанскую прыпеўку:

 «Што такое? Вас іст дас?» –

Немцы драпаюць ад нас!

Падзякаваўшы за радасную вестку і развітаўшыся з хлопцам, які павярнуў у лес, дзед з пугаю ў руках вярнуўся дамоў. Вядома ж, доўга гаравалі ўсе па сваёй Сіўцы, не раўнуючы, як па сваім блізкім, якога закінула вайна невядома куды. Але вялікая радасная вестка аб вызваленні роднай зямлі ўжо ўваходзіла ў душы і сэрцы людзей. За адну ноч зніклі няпрошаныя «кватаранты» з недалёкай вёскі Жыгалкі, і шчаслівыя людзі перабіраліся з хлявоў ды зямлянак у свае хаты.

А праз некалькі дзён зайшоў на хутар малады чырвонаармеец і пасля прывітання запытаў на рускай мове тое, што нічым іншым, як Божым спрыяннем, не назавеш: «Дедушка, может вам лошадь нужна?» Першыя, паверыўшы імгненна ў сказанае, былі ўнукі, якія радасна крычалі: «Нужна, нужна нам, лошадь, нашу фашисты забрали!» Вечарам салдат з дазволу камандзіра прывёў каня, якога на радасць малодшага, Васіля, звалі Васькам. Аддзячыўшы салдата пачастункам, дружна прыступілі да лячэння каня, у якога былі апухлыя заднія ногі. Хлопцы накапалі гліны. Дзед густа накладаў гліну на конскія ногі, зверху ўкручваў чыстымі палатнянымі анучкамі.

Праз нейкі тыдзень конь Васька ўжо сам выйшаў з хлява і піў ваду з карыта ля калодзежа. А яшчэ крыху пазней, запрэжаны ў воз, ужо вазіў снапы з поля. Вось толькі плуг ваенны кубанскі конь ніяк не хацеў цягнуць. Ён брыкаў, нават умудраўся класціся на зямлю, каб не рабіць тое, да чаго не быў прывучаны. На сямейнай нарадзе дзед прыдумаў наступнае: «Паколькі гэты конь верхавы, значыцца, яму патрэбен наезнік». Так і зрабілі. Старэйшы ўнук Жэнік спрытна залазіў на спіну каня, каб зверху кіраваць, а дзед хадзіў за плугам. Справа ў хуткім часе наладзілася. Нават суседзі з другіх хутароў прыходзілі паглядзець на незвычайную для вяскоўцаў карціну.

Яшчэ амаль год грымела за межамі Белай Русі вайна, а на хутары майго прадзеда Янкі аралі ваенным канём вызваленую ад ворага зямлю.

Алена МАСКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *