Не адчуваць сябе чужымі

Нумары Соцыум

Не адзін раз за размову Аксана Пасечнік паўтарыла: «Як своечасова мы  ўцяклі ад вайны?! Гэта – цуд!..»

І такі шчымлівы боль, хваляванне ў словах гэтай жанчыны, шматдзетнай маці, бо Украіна – гэта радзіма яе і яе дзяцей…

Усе трое дзяцей у сям’і ўкраінцаў Івана і Аксаны Пасечнікаў нарадзіліся ў горадзе Канстанцінаўка Данецкай вобласці. Малодшай з дзяцей, доўгачаканай дачушцы Эльміры, цяпер два з паловай, а, калі пераязджалі, малышцы не было і годзіка. Там у іх быў вялікі ўласны дом. Было ўсё… Радзіма, побач – бацькі, браты з сем’ямі, шчасце… Для яго паўнаты сям’і не хапала толькі стабільнай работы і, адпаведна, заробку, каб гадаваць дзяцей. «Ваня застаўся без працы, а наш Станіслаў (сярэдні сын) якраз сур’ёзна траўміраваў руку. Быў момант, што нават не было за што лячыць дзіця», – прыгадвае Аксана сітуацыю, якая ў прынцыпе доўжылася далёка не адзін год. Работа – яна нібыта ёсць, але заробку наймальнік не плаціць месяцамі. «Ды і паветра ў нас нельга назваць здаровым «, – дадае Аксана.

Словы жонкі ўдакладняе Іван: «У нас адны тэрыкоты са сланцавым газам. Бліжэйшы лес – за 70 км. Наш Стас пакутаваў ад алергіі». 

Тады яшчэ ніхто і ў страшным сне падумаць не мог пра ўзброены канфлікт на Данбасе… Таму і трывожылі толькі прычыны эканамічнага ды экалагічнага характару… Выйсце з іх нечакана падказаў Пасечнікам іх стрыечны дзядуля са Стоўбцаў. Ён адшукаў іх пасля шматгадовага перапынку. Па тэлефоне. Разгаварыліся. «Як няма за што лячыць дзіця?..» – не адразу зразумеў дзядуля Аксаніну «навіну». А ўжо ў наступнай тэлефоннай размове прапанаваў сваім украінскім сваякам: «Дык, можа, варта паспрабаваць з работай у нас, у Беларусі?!.»

Так Іван, зваршчык са стажам, выправіўся ў пошуках работы за паўтары тысячы кіламетраў. Спадзяваўся на вахтавы метад. Але, калі ўладкаваўся на працу на ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы», стаў стабільна атрымліваць зарплату, а ў ведамасным добраўпарадкаваным інтэрнаце яму выдзелілі месца, зразумеў, што яго варыянт адпадае. Нехта з кіраўніцтва прадпрыемства падкінуў Івану ідэю: «А чаму б не прывезці сюды і сям’ю?..»

Сям’і Пасечнікаў выдзелілі ў інтэрнаце цэлы блок. Гэта нешта накшталт двухпакаёвай кватэры. Пад вокнамі – абсталяваная дзіцячая пляцоўка. Недалёка – лес, куды яны ходзяць гуляць. Дарэчы, у васьмігадовага Стаса знікла алергія. «Магчыма, вы не заўважаеце, а мы атрымліваем асалоду ад вашага паветра», – не можа стрымаць эмоцый Аксана.

У маі 2014 года яна, як і яе муж, пайшла працаваць на завод. Спачатку – прыбіральшчыцай у інтэрнаце (работы па яе спецыяльнасці – інжынер-тэхнолаг сілікатнай прамысловасці – у Стоўбцах няма), што дало ёй магчымасць атрымліваць не толькі заробак, а і 50 працэнтаў дзяржаўнай дапамогі па догляду за маленькай Эльмірай, а з лютага бягучага года перавялася ў адзін з асноўных цэхаў завода, дзе асвойвае прафесію штампоўшчыцы. Ад кіраўніцтва завода пра гэтую сям’ю – толькі добрыя водгукі.

Жыццё, здаецца, наладзілася. Іван і Аксана працуюць, сыны-школьнікі займаюцца ў  школе. Хлопчыкі добра вучацца (нават нашу мову «схапілі») і наведваюць гурткі па інтарэсах. Дачушка – у дзіцячым садку. Нядаўна аддзел адукацыі, спорту і турызму  даў перавод дзяўчынцы з Навасвержанскага садка ў гарадскі № 6. Для сям’і Пасечнікаў гэта яшчэ адно пацвярджэнне, што тут у іх невырашальных праблем няма. Раней, калі звярталіся па медыцынскую дапамогу, у іх цікавіліся: «А від на жыхарства ў вас ёсць?» Цяпер сям’ю добра ведаюць. Старэйшаму Уладзіславу прапануюць падлячыцца ў санаторыі (на момант нашай сустрэчы Уладзіслава дома не было, ён  ляжаў у бальніцы).  Сям’я перасяленцаў з Украіны Івана і Аксаны Пасечнікаў можа пахваліцца не толькі відам на жыхарства, а і атрыманнем статуса шматдзетнай сям’і Беларусі.

– Заглядваць далёка на будучае не хочацца. Украіна з яе вайной навучыла нічога не планаваць… – з асцярожнасцю выказваюцца Пасечнікі. –  На Стаўбцоўшчыне нам вельмі добра. Не адчуваем сябе чужымі. Мы прывезлі з сабою толькі дзіцячыя рэчы, мэблю, цацкі, але добрыя людзі дапамаглі нам маральна і матэрыяльна. Дзякуй ім. Завод дапамог сабраць сыноў у школу, выдзеліў дапамогу для іх аздараўлення ў лагеры «Церамок».

Але колькі бяссонных начэй было ў Пасечнікаў, калі даведаліся пра ваенныя дзеянні ў раёне Данецка?! Гэта цяпер у іх ёсць інтэрнэт, магчымасць звязвацца з роднымі па скайпе… У лістападзе мінулага года Аксана ўпершыню пасля перасялення з’ездзіла на радзіму. Прывезла з сабою ў Стоўбцы ката і шатландскую аўчарку, па якіх усе сумавалі. Не бачыліся пасля перасялення. І сваякі з Украіны таксама пабывалі ў іх у гасцях. Засталіся задаволены тым, як уладкавалася сям’я.  

Аксана Пасечнік сказала пра цуд у сэнсе таго, што яны своечасова ўцяклі ад вайны. Сапраўды, гэта варта таго, каб пачаць жыццё з чыстага ліста. Цудам яны з мужам лічаць і тое, што ім, як шматдзетнай сям’і, прапанавалі льготнае будаўніцтва ўласнай кватэры ў Стоўбцах.     Таццяна ПЯТКЕВІЧ 

 

Жыць здаровым –  здорава!

На базе вучэбна-педагагічнага комплексу «Рочавіцкі дзіцячы сад – сярэдняя школа» аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама сумесна з раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, сацыяльна-педагагічным цэнтрам аддзела адукацыі, спорту і турызму, інспекцыяй па справах непаўналетніх РАУС, раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях, раённым тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва быў праведзены Дзень прафілактыкі негатыўных з’яў у маладзёжным асяроддзі – камп’ютарнай залежнасці, ужывання псіхатропных рэчываў, захавання правілаў пажарнай бяспекі, матывацыі на вядзенне здаровага ладу жыцця, фарміравання паважлівых адносін да традыцыйных сямейных і духоўных каштоўнасцяў.

Былі выкарыстаны такія формы работы, як гутарка за «круглым сталом», заняткі з элементамі трэнінгу, выступленне святара – настаяцеля каталіцкага прыхода ў г. Стоўбцы ксяндза Адама.

Мерапрыемства праходзіла напярэдадні Сусветнага дня здароўя, таму была закранута тэма «Бяспека харчовых прадуктаў», што таксама вельмі актуальна ў маладзёжным асяроддзі.

Закончыўся Дзень прафілактыкі традыцыйным правядзеннем спартландыі, у якой прынялі ўдзел не толькі школьнікі, але і працуючая моладзь. Каманды былі ўзнагароджаны граматамі, прызамі і спартыўным інвентаром.              

Ала ШЫДЛОЎСКАЯ,  валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *