Кнігі, якія дораць цяпло

Духоўная і гістарычная спадчына Нумары

Традыцыйна ў сакавіку кожны год праводзіцца Тыдзень праваслаўнай кнігі.

У раённай дзіцячай бібліятэцы ёсць свае традыцыі правядзення гэтай значнай падзеі. У гэтым годзе ў час вясновых канікул завяршэнне Тыдня праваслаўнай кнігі лагічна супала з адкрыццём Тыдня кнігі ў час вясновых канікул. Бібліятэкары дзіцячай бібліятэкі спланавалі сумеснае кніжнае свята разам з нядзельнай школай Стаўбцоўскага Свята-Уваскрэсенскага прыхода, заняткі якой праходзяць у раённай дзіцячай бібліятэцы.

Разам з выхаванцамі нядзельнай школы ўдзел у гэтым мерапрыемстве прынялі вучні СШ № 2 г. Стоўбцы са сваімі настаўнікамі Святланай Мазанік, Марынай Лалаян, Нінай Амельчанка. Ахвотна адклікнулася на прапанову прыняць удзел у кніжным свяце намеснік дырэктара стаўбцоўскай гімназіі № 1 Святлана Андрыенка, якая таксама арганізавала дзяцей сваёй навучальнай установы на гэтую ўрачыстасць.

Адкрыла свята бібліятэкар Алена Асаёнак. Яна расказала дзецям аб гісторыі даты Дня кнігі, якая бярэ свой пачатак з гадоў Вялікай Айчыннай вайны. Дзеці ўважліва слухалі, адказвалі на пытанні, называлі дзіцячых пісьменнікаў, кнігі якіх яны чытаюць.

Настаяцель Свята-Уваскрэсенскага прыхода протаіерэй Віталій Шаркоў пазнаёміў вучняў з гісторыяй Дня праваслаўнай кнігі, расказаў аб першых друкаваных хрысціянскіх выданнях – кнігах Свяшчэннага Пісання. Айцец Віталій гаварыў аб значэнні праваслаўнай кнігі ў жыцці чалавека. Вельмі важна маладым людзям выбраць для сябе карысныя кнігі, якія б дапамаглі ім фарміравацца адукаванымі, маральна здаровымі, добрымі людзьмі. Айцец Віталій звярнуў увагу вучняў на важныя юбілейныя даты гэтага года. Адна з іх – 70-годдзе Вялікай Перамогі. Праваслаўная Царква ў 2015 годзе святкуе 1000-годдзе прастаўлення святога раўнаапостальнага князя Уладзіміра. Дзякуючы выбару вялікага князя Уладзіміра наша Айчына прыняла праваслаўную веру, якая вызначыла нашу гісторыю, наш гістарычны шлях, духоўнае развіццё на нашых землях. Святая Царква называе вялікага князя Уладзіміра роўнаапостальным – па сваёй велічы, па сваёй працы, па свайму подзвігу, па сваёй веры роўным апосталам – вучням Хрыстовым. Праваслаўная кніга абдымае сабою ўсе гэтыя падзеі.

 Удзельнікі кніжнага свята змаглі пазнаёміцца з праваслаўнай літаратурай з фондаў дзіцячай бібліятэкі. Больш за 600 выданняў утрымлівае гэты фонд. Многія з кніг былі прадстаўлены на выставе, якую падрыхтавалі бібліятэкары да кніжнага свята – Біблія і малітвасловы для дзяцей, жыція святых, мастацкія кнігі для дзецей.

Вялікі інтарэс у вучняў выклікала богаслужэбная свяшчэніцкая кніга, якой больш за 100 гадоў. Айцец Віталій дазволіў вучням палістаць гэту кнігу на царкоўнаславянскай мове, якая ўтрымлівае ў сабе столькі патаемнага. Вучні з ахвотай паспрабавалі перапісаць царкоўнаславянскія літары.

Яшчэ адзін падарунак быў для ўдзельнікаў кніжнага свята – лялечны спектакль «Нябесны госць» тэатра «Батлейка», які дзейнічае пры нядзельнай школе Свята-Уваскрэсенскага прыхода.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ,  фота Васіля ЗЯНЬКО

 

Шлях да пазнання свету Божага

Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама  правёў Тыдзень праваслаўнай кнігі.

У школах раёна былі распрацаваны праграмы тыдня, якія ўключалі адметныя мерапрыемствы. У многіх школах – Коласаўскай, Вішнявецкай, Навасвержанскай, Шашкоўскай, Заямнаўскай, Мікалаеўшчынскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-сярэдняя школа і іншых адбыліся сустрэчы са свяшчэннаслужыцелямі мясцовых храмаў. Вучні маглі даведацца аб першых друкаваных выданнях, пазнаёміцца з кнігамі Свяшчэннага Пісання, з выданнямі выдавецтва Беларускага Экзархата, з такімі праваслаўнымі дзіцячымі перыядычнымі выданнямі, як часопісы «Лучик света», «Колыбель». У школах адбыліся прэзентацыі кніг дзіцячага праваслаўнага аўтара Барыса Ганага.

Вучні  стаўбцоўскай  гімназіі № 1 і СШ № 2 г. Стоўбцы здзейснілі экскурсію ў бібліятэку кафедральнага сабора праведнай Ганны ў г. Стоўбцы. Бібліятэкар Таццяна Ігумнава пазнаёміла іх з фондам бібліятэкі, звярнула ўвагу на кнігі для чытання і выхавання  дзяцей, на праваслаўную перыёдыку, запрасіла вучняў стаць чытачамі бібліятэкі. У час экскурсіі вучні і педагогі маглі пазнаёміцца з гісторыяй кафедральнага сабора праведнай Ганны ў г. Стоўбцы, які ў бягучым годзе ў жніўні будзе святкаваць 190-ы юбілей, са старадаўнімі іконамі, на некаторых з іх, як і на царкоўных званах, сляды ад куль. Так што да 70-годдзя Вялікай Перамогі стаўбцоўская царква таксама мае непасрэдныя адносіны. Яна не толькі сведка ваенных падзей, але саўдзельніца змагання з ворагам малітвай і Божым благаславеннем.

Экскурсію ў старадаўні з векавой гісторыяй Свята-Георгіеўскі храм у вёсцы Слабодка здзейснілі вучні Цясноўскай сярэдняй школы імя Ф. Э. Дзяржынскага. Настаяцель храма свяшчэннік Мікалай Куранкоў цёпла вітаў вучняў, цікава расказаў ім пра гісторыю храма, пра святыні, якія асабліва ўшаноўваюцца вернікамі.

Тыдзень праваслаўнай кнігі садзейнічае перадачы падрастаючаму пакаленню нормаў маральнасці, хрысціянскіх установак, якія дапамогуць ім у любой жыццёвай сітуацыі захаваць хрысціянскія адносіны да навакольнага свету.                      

                                                                                                                                                        Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

 

 

На дабратворнай ніве

У Мінскім епархіяльным упраўленні з удзелам мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі і міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіла  Жураўкова падпісана Праграма супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквою на 2015- 2020 гады.

Міхаіл Жураўкоў падкрэсліў, што без традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў не было б ні беларускай нацыянальнай сістэмы адукацыі, ні беларускай дзяржаўнасці. Мітрапаліт Павел пажадаў дабратворнай дапамогі Божай у сумеснай рабоце.

У аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ёсць напрацоўкі ў гэтым накірунку работы. Найперш адзначаюць Старасвержанскую, Засульскую, Заямнаўскую, Рубяжэвіцкую сярэднія школы, дзе ажыццяўляюцца адпаведныя праграмы і працуюць факультатывы, гурткі па асновах праваслаўнай культуры.

У Заямнаўскай сярэдняй школы мы пабылі на адным з заняткаў такога факультатыва, які ўжо трэці год вядзе свяшчэннік кафедральнага сабора праведнай Ганны ў г. Стоўбцы  Георгій Кур’ян. На такія ўрокі духоўнасці імкнуцца прыйсці і настаўнікі, у каго надараецца свабодны ад заняткаў час. Аб неабходнасці выканання запаведзяў Божых, аб значэнні хрысціянскіх святаў у праваслаўных традыцыях продкаў, аб тым, як паступіць у той ці іншай жыццёвай сітуацыі, – на гэтых і іншых важных для станаўлення душы маладога чалавека тэмах акцэнтуецца ўвага ў рабоце з вучнёўскай  моладдзю. Заняткі праходзілі на другі дзень пасля вялікага хрысціянскага свята – Стрэчання Гасподняга. Гэты дзень  аб’яўлены быў яшчэ і Сусветным днём праваслаўнай моладзі. Айцец Георгій прыехаў на сустрэчу з дзецьмі з тортамі і падарункамі. І на гэта была нагода. Падведзены вынікі конкурсу на стварэнне лепшай ражджэственскай паштоўкі.  Лепшымі творчымі работамі адзначаны паштоўкі вучаніц другога класа Надзеі Харламавай, Аляксандры Язвінскай,  вучаніцы  восьмага  класа Карыны Кацярнюк і  калектыўная работа членаў гуртка «Чароўны квілінг», які  вядзе  сацыяльны  педагог  Т. Ю. Кухарчык. Пераможцы атрымалі ў падарунак іконкі і ўсе разам пачаставаліся тортам.

Айцец Георгій адзначыў, што такая творчая дзейнасць дзяцей таксама дапамагае ўпрыгожыць іх душы святлом Хрыстовым. Таму калегіяльна было вырашана аб’явіць конкурс на стварэнне лепшай паштоўкі да Пасхі.

Наступныя заняткі ў гуртку адбыліся  з наступленнем часу Вялікага посту. Айцец Георгій зрабіў акцэнты на тым, што наступае Даравальная нядзеля. Гутарка была скіравана на тое, што самым цяжкім для чалавека бывае вымавіць словы: «Даруй мне». І як важна навучыцца прасіць прабачэння і сумець дараваць крыўдзіцелю, імкнуцца жыць так, каб нікога не пакрыўдзіць.

Канешне ж, гэтыя заняткі не могуць не пакінуць добры след у душы вучняў. Як адзначаюць педагогі, дзеці чакаюць сустрэч з айцом Георгіем. І сапраўды, на занятках пануе вельмі цёплая, даверлівая атмафера, сагрэтая дабром і любоўю.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 

 

Адраджэнне душы

Надышла вясна – пара адраджэння прыроды. Пяюць птушкі, усё навокал пачынае квітнець, вада ў азёрах і рачулках зіхаціць на сонцы. А што адбываецца ў чалавечай душы ў гэты час? Ці аднаўляецца яна, ці ачышчаецца ад усяго бруднага?

Калі жыць у штодзённых клопатах, у мітусні і раздражненні на ўвесь свет, тады ўнутры будзе толькі холад і пустата. Калі пафарбаваць яйкі на Вялікдзень і думаць, што гэтага дастаткова, ён пройдзе фармальна і не пакіне нічога ў душы.

Вясною трэба хаця б на нейкі час адкласці ўсё і ўспомніць сапраўдную сутнасць гэтага свята – Уваскрэсення Хрыстова. Гасподзь выкупіў грахі ўсяго чалавецтва сваімі пакутамі, памёр за нас і ўваскрос – і гэта найвялікшае цуда ў свеце, свята ўсіх свят. Дзень вызвалення душы ад палону, дзень яе сапраўднага адраджэння.  Вясною разам з прыродай аднаўляецца і ўнутраны свет чалавека. Ачысціўшы душу пакаяннем у час Вялікага посту, памаліўшыся ў царкве ў Вялікдзень, адчуваеш такую светлую цішыню і лёгкасць, нібыта вось-вось запяеш і ўзляціш, як птушка. Нічога не прыгнятае да зямлі, няма горычы і агрэсіі – толькі цяпло і любоў да ўсяго свету.

Няхай настане вясна ў вашай душы, і вера і радасць у святочны дзень будуць шчырымі і бязмежнымі, як у дзяцінстве.

С Уваскрасеннем Хрыстовым!

Валерыя ГАЎРЫЛАВА, студэнтка Інстытута  журналістыкі БДУ

 

«Я размаўляў з Папам Рымскім»

Не кожны чалавек можа  пахваліцца тым, што ён размаўляў з высокімі духоўнымі асобамі, нават з самім Папам Рымскім або з патрыярхам. Многія мільёны людзей толькі мараць аб тым, каб хаця б аднойчы ў жыцці пабачыць гэту высокую асобу і атрымаць яе благаславенне. Аднак шаноўнаму Мікалаю Багданкевічу, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, жыхару Новага Свержаня, пашчасціла не проста пабачыць, а размаўляць з гэтай асобай на працягу некалькіх гадзін, пакуль доўжылася за сталом няспешная сяброўская бяседа…

Пры тым, што Мікалай Сцяпанавіч нарадзіўся ў Рубяжэвічах, пераважна каталіцкай мясцовасці, ён вызнае сябе праваслаўным. Талерантнасць, павага да кожнай з вераў служаць яму ў жыцці анёлам-спадарожнікам…

– У 1978 годзе мы з жонкай у чарговы раз паехалі ў Варшаву, у госці да маёй сястры Алены, –  расказвае Мікалай Багданкевіч пра незабыўную сустрэчу. – Алена трапіла ў гэты горад яшчэ да вайны, а, будучы ў апалчэнні, пазнаёмілася са сваім будучым мужам, карэнным палякам. Асеў у Варшаве, вяртаючыся з вайны, і мой брат Юзік. Сястра сустрэла яго і ўгаварыла застацца. І нездарма. Ён стаў там высокакваліфікаваным токарам. Рабіў на ваенным заводзе на англійскай устаноўцы. За сваю працу атрымаў званне кавалера Сярэбранага, а затым – Залатога Крыжа. Такіх адметных людзей было шэсць на ўсю Варшаву. Кожны год кіраўніцтва горада ладзіла прыём у іх гонар і цікавілася ў майго брата: «Ці выконваюцца тыя льготы, якія для іх устаноўлены?» На жаль, два гады таму брата не стала…

А тады, у 1978-м, мы ўсе былі разам: Алена з мужам Болекам, я са сваёй  Яўгеніяй Рыгораўнай і Юзік. Вырашылі паехаць на экскурсію ў Кракаў. Сям’я Болека і Алены сябравала з настаяцелем галоўнага кракаўскага касцёла – Каралем Вайтылам.

Памятаю, што ў дзевяць раніцы мы пад’ехалі да знакамітага касцёла, у крыпце якога пахаваны ўсе польскія каралі. Але, каб спусціцца ў падзямелле, стаяла чарга экскурсантаў. Акурат выходзіць з храма Вайтыла. Убачыў нас і цікавіцца: «Што пан Болек тут робіць? То хадзем, я вам пакажу!» – прапанаваў настаяцель нашай дэлегацыі, што стаяла побач з панам Болекам. Экскурсія прайшла паспяхова, а потым гаспадар запрасіў да сябе на «каўку». На другім паверсе дома яго памагатыя накрылі стол. Караль Вайтыла сеў побач са мной. Разгаварыліся.

– Аб чым вы тады гаварылі?             

– Пра гэта мяне пытаў і Казімір Свёнтак. З ім мы пазнаёміліся, калі ён бываў у Рубяжэвічах. Я працаваў тады ў Рубяжэвіцкай школе. І пазней, калі ён стаў арцыбіскупам, кіраўніком Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі, мы ўвесь час сябравалі, кожны год сустракаліся.

А з Каралем Вайтылам у нас былі дзелавыя размовы… У мяне на пінжаку быў значок дэпутата абласнога Савета. Магчыма, гэта паўплывала… Вайтыла расказаў, што перачытаў  У. І. Леніна і цэніць гэтага чалавека за тое, што ён знішчыў у краіне батрацтва. «Але чаму ён пачаў знішчаць касцёлы, святароў? Гэта ж – апора дзяржавы», – здзіўляўся ён. А, расказваючы пра сваё служэнне, не прамінуў заўважыць: «Некаторыя ўпэўнены, што святары – гэта людзі, якія нічога не робяць…»  А я яшчэ пытаўся ў яго: «Ваша праасвяшчэнства, чаму ксяндзам, так як і бацюшкам, не дазволіць ствараць сям’ю?».

Напрыканцы цёпла развіталіся. Караль Вайтыла пажадаў нам шчаслівай дарогі. А праз тыдзень пасля нашай сустрэчы даведаліся, што Караль Вайтыла ці, больш вядомы як Іаанн Павел ІІ, прызначаны Папам Рымскім. Ён быў першым у гісторыі пантыфікам-палякам.                  

…Лёс Мікалая Багданкевіча не скупіцца на сувязі са святарамі. Праваслаўныя святары ёсць у яго родзе. Так, стрыечны брат па мацярынскай лініі, Аляксей Курлюта, пасля вайны стаў святаром. І сёння ён служыць у галоўным храме Кузбаса – Нікольскім саборы ў горадзе Кемерава. Піша кнігі. І сын Аляксея Уладзімір пайшоў па бацькоўскіх слядах – служыць у гэтым жа горадзе настаяцелем Знаменскага сабора. Кандыдат багаслоўя. Яны не пакідаюць без увагі свайго сваяка ў Новым Свержані.

Ды і ў Мікалая Багданкевіча ёсць што расказаць, чым падзяліцца, бо не раз сустракаўся з беларускімі пісьменнікамі Якубам Коласам і Кандратам Крапівой, быў знаёмы з дзяржаўнымі дзеячамі рэспублікі. Працуе над кнігай успамінаў, сустракаецца са школьнікамі… Падтрымлівае сябе ў форме прадуктамі пчалярства («я ж пчаляр!» –  гаворыць Мікалай Багданкевіч), народнымі травамі і апаратам Фралова. Сядзіба яго напоўнена кіпучай  энергіяй жыцця, сапраўднага храма прыроды: з аднаго боку працякае Нёман, з другога – Жацераўка. Калі раптам ён трапляе ў бальніцу, то не застаецца без Божай падтрымкі. «Хворых наведвае айцец Сергій, настаяцель нашай старажытнай СвятаУспенскай царквы, – гаворыць Мікалай Багданкевіч. – Дзякуй яму за гэта!»

Няхай шаноўныя ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якія пражылі доўгае і няпростае, насычанае рознымі падзеямі жыццё, сустракаюць 70-годдзе Вялікай Перамогі з радасцю, у здароўі фізічным і духоўным!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *