Вясна красуе на палях

Нумары Сельская гаспадарка

Вясна з кожным днём усё актыўней прадастаўляе палявую  шыр для хлебаробскіх спраў земляробам ААТ «Жацерава», якія плённа працуюць зараз на абцепленых красавіцкім сонцам гонях, стараючыся максімальна і па-гаспадарску аператыўна выкарыстаць добрыя пагодныя ўмовы.

Асабліва спяшаюцца своечасова загарнуць зерне ў веснавую пульхную глебу са спадзяваннем на будучы добры ўраджай мясцовыя сейбіты. 410 гектараў састаўляе пасяўны веснавы збожжавы клін. Вопытны механізатар таварыства Сяргей Бандаровіч (на здымку справа ўверсе) дасяваў апошнія запланаваныя гектары. Сюды з гаспадарскім хваляваннем за ход работ у чарговы раз за доўгі светавы дзённы час завітаў дырэктар таварыства Іван Краўчук (здымак злева ўнізе). А размова яго з механізатарам Аляксандрам Ганчарэнкам і старэйшым вадзіцелем, што заняты на падвозцы зерня, Мікалаем Дударэвічам, безумоўна ж, аб пасяўной, якая закладвае фундамент будучаму хлебаробскаму поспеху, аб працавітасці мясцовых людзей, што ўвішнай кагортай робяць важную неадкладную справу, сярод якіх палявод Зянон Маляўка (другі здымак справа).

 Тым часам на суседнім полі са стараннем  працаваў на культывацыі малады механізатар Максім Ляўкавец (верхні здымак злева). Нібы прыклад гаспадарлівага старання, упраўляючы сталёвым агрэгатам, увіхаецца, падкормліваючы мінеральнымі ўгнаеннямі, механізатар Уладзімір Марчык, за плячамі якога дзесяцігоддзі хлебаробскай працы (на  здымку справа ўнізе).

Васіль ЗЯНЬКО

 

Гвардыя «Вялікага Двара»

Маладыя механізатары і вопытныя, спрактыкаваныя – усе яны маюць канкрэтныя заданні і старанна, умела іх выконваюць. Працуюць шчыра, з адказнасцю за лёс будучага ўраджаю.

Пярэдні фронт у ААТ «Вялікі Двор», як і ў іншых гаспадарках,  – гэта сяўба. Умела кіруе сваім «Атласам» з пасяўным агрэгатам Сяргей Сенька. Бесперабойна падвозяць насенне Ігар Мядзведзь і Сяргей Каробка. На момант напісання матэрыялу сяўба яравых у таварыстве набліжалася да фінішу.

У аптымальныя тэрміны належыць правесці сяўбу і пасадку прапашных культур. Таму дакладна вяліся работы па ўнясенні арганічных і мінеральных угнаенняў. Тут пастараліся Юрый Мазур, Улад Малашка, Сенат Саітгарэеў, Іван Цімашэнка, Анатоль Стэфаноўскі. На пагрузцы арганікі пашчыравалі Мікалай Тарабеш, Вячаслаў Курдун, Генадзь Райскі, які разам з Уладзімірам Рулевым актыўна вялі і ворыва. Важны агратэхнічны прыём – культывацыя, выраўноўванне палёў. Старанна працуюць Уладзімір Печаноў, Вадзім Дзянісаў, Васіль Лучык, Аляксей Кызынгашаў. Механізаваны і збор каменняў з палеткаў, гэтую справу выконвае Васіль Панкратаў.

У ААТ «Вялікі Двор» прыбытковым з’яўляецца вырошчванне цукровых буракоў. Сяўбу іх распавёў Сенат Саітгарэеў.

Веснавы дзень год корміць. Спрадвечная хлебаробская ісціна. А каб шчырая праца прынесла добры плён, патрэбны ўменне, старанне, высокая вытворчая дысцыпліна.

У дакладным рытме працуюць земляробы «Вялікага Двара». Умелае кіраўніцтва, надзейныя і майстравітыя кадры – усё гэта павінна паспрыяць поспеху ў барацьбе за высокі ўраджай 2015 года.

Пр.

 

Сок гаючы

Стаўбцоўскім філіялам ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» ужо нарыхтавана больш за 750 тон бярозавага соку, у той час як за ўвесь леташні сезон – крыху больш за 300 тон.

– Працуем напружана, круглыя суткі і без выхадных. Ідзе прыёмка і перапрацоўка ляснога напітку, – зазначае інжынер па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні філіяла Аксана Мудрагелава.

Пастаўкі яго ажыццяўляюць шэсць лясгасаў – Уздзенскі, Валожынскі, Капыльскі, Клецкі, Навагрудскі і Стаўбцоўскі. Перапрацоўшчыкі выпускаюць сок у чыстым выглядзе і з дабаўленнем душыцы, іншых сокаў, да прыкладу, трапічнага, апельсінавага. Разліў прадукцыі вядзецца ў бутэлькі 0,75 л, а таксама ў інавацыйную ўпакоўку bag-in-box аб’ёмам пяць і дзесяць літраў. У планах завадчан –  рэалізацыя бярозавіку на экспарт.                                

Пр. 

 

Джын… з каўбаснай абалонкі

У фірменных магазінах філіяла «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат» можна набыць мясныя далікатэсы са скідкай у 7-10 працэнтаў.

Скідкі зроблены на прадукты рубленыя са свініны і ялавічыны, сыравэнджаныя і сыравяленыя, якія даўно палюбіліся пакупнікам і сталі брэндам стаўбцоўскіх мясаперапрацоўшчыкаў. Да прыкладу, гэта «Стаўбцоўскі пачастунак», «Свініна славянская», «Бабулін ласунак», «Бабуліны прысмакі», «Венецыянскі», «Пармскі».

– Скідкі на гэтыя прадукты вышэйшага гатунку дзейнічаюць з 16 сакавіка і, у сувязі з набліжэннем Вялікдзеня, мы вырашылі іх працягнуць, – адзначыла начальнік аддзела збыту і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння філіяла Валянціна Бурдзейка.     

Да шчодрага велікоднага стала мясаперапрацоўшчыкі падрыхтавалі і цікавыя навінкі. Сярод іх – каўбасныя вырабы вышэйшага гатунку «Аўстрыйская» і «Брауншвейская». У састаў паўсухой  «Брауншвейскай» уваходзіць свініна, ялавічына, шпік разам са спецыямі – перцам чорным, часнаком, кумінам, чаберам. Салямі «Аўстрыйская»  складаецца са свініны, шпіка, перца , карыандра і – сапраўднага джына.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *