Дубкі ў гонар юбілею

Нумары Соцыум

На мінулым тыдні на Стаўбцоўшчыне  прайшла экалагічная акцыя па азеляненні аб’язной дарогі ва ўрочышчы Сінява.

Гэта адзін з аб’ектаў, на якім у апошні час завіхаюцца дарожнікі ДРБУ № 135. Іх сіламі вядзецца добраўпарадкаванне дарогі, у тым ліку ўздоўж яе былі прыбраны старыя аварыйныя дрэвы. На змену ім і былі высаджаны па правым баку, бліжэй да Нёмана, маладыя дрэўцы вярбы і дуба. Саджанцаў вярбы было падрыхтавана 30, а дубкоў – 70, у гонар сёлетняга 70-годдзя Вялікай Перамогі. Пасадачны матэрыял вырашчаны ў базісным лясным пітомніку Стаўбцоўскага доследнага лясгаса. Лясгас прадаставіў таксама калы для падвязкі дрэўцаў.

Акрамя дарожнікаў і прадстаўнікоў лясгаса, удзел у пасадцы прынялі  работнікі раённага выканаўчага камітэта на чале з намеснікам старшыні Сяргеем Шэсцелем, райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, раённай арганізацыі КПБ. Адгукнулася і аб’яднанне камунальных службаў, якое забяспечыла  паліў насаджэнняў. 

Акцыю нельга ўявіць без юных памочнікаў – школьнікаў. Вучні гімназіі № 1 і школ №№ 2 і 3 горада Стоўбцы працавалі разам з дарослымі, кіраўнікамі арганізацый і ведамстваў, каб у Сінявы заўсёды было сваё аблічча – непаўторнае іспаконвечнае, падобнае дубу-асілку. Пасаджаным тут дрэўцам –  зелянець і набірацца жыццёвых сілаў.                                                         

 Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

 

Сталі роднымі Рубяжэвічы

Для заатэхніка-селекцыянера ААТ «Рубяжэвічы» Валянціны Астапчык леташні год выдаўся адметным не толькі ў працоўным плане, яна прызнана лепшай у сваёй прафесіі сярод калег у раёне. Жанчына адзначыла ў снежні і свой чарговы жыццёвы юбілей.

Прыехала Валянціна Мікалаеўна ў Рубяжэвічы з Цюменскай вобласці дваццаць шэсць гадоў назад. Сама з патомных сібірачак, а муж беларус. Магчыма, надакучылі яму холад і зімовыя пейзажы, пацягнула на Радзіму – у сінявокі край балот і лясоў?

– Важкая прычына на пераезд заўжды знойдзецца, – адказала Валянціна Мікалаеўна, – а ў нас дзеці яшчэ былі непаўналетнія, і мы павінны былі захоўваць іх здароўе. Садавіну рэдка калі ўдавалася купіць, некаторыя яе віды яны нават не бачылі ў вочы. А арганізму, які расце, вітаміны вельмі патрэбныя.

Не ў белы свет ехалі, бліжэй да радні мужа, на Стаўбцоўшчыну. У райсельгасхарчы сямейнай пары параілі паехаць на працу ў Рубяжэвічы. Краявіды местачковыя спадабаліся, Валянціна Мікалаеўна засталася задаволена і жыллём. Кіраўніцтва гаспадаркі прапанавала вакантную пасаду загадчыцы фермы. Вопыт работы ў жывёлагадоўчай галіне жанчына мела неблагі, апошнім часам працавала начальнікам участка на буйным свінагадоўчым комплексе. І спецыяльную адукацыю таксама – за плячыма быў сельскагаспадарчы тэхнікум. А чаму выбрала менавіта гэту прафесію?

Валянціна Мікалаеўна расказвае, што прыехаў у школу выкладчык з тэхнікума агітаваць выпускнікоў, каб паступалі да іх вучыцца. Гаварыў вельмі прыгожа, і яна згадзілася. Здала экзамены і стала навучэнкай.

Дзесяць гадоў Астапчык узначальвала калектыў МТФ «Гнецькі», а затым атрымала павышэнне – перавялі заатэхнікам-селекцыянерам. Работа гэта нялёгкая і адказная. Прыходзіцца ездзіць па ўсіх фермах, а налічваецца іх пасля аб’яднання пяць, і кантраляваць работу тэхнікаў-асемянатараў. Нямала і папяровай працы, усе дакументы павінны быць у парадку. Валянціна Мікалаеўна заўжды работу сваю выконвае  сумленна, бо працаваць дрэнна не дазваляе характар. І балюча ўспрымае крытыку.

– Калі такое здараецца, то стараюся хутчэй выправіць дапушчаную памылку, – гаворыць спецыяліст. – А ўвогуле працаваць можна, толькі вось здароўе апошнім часам падводзіць.

На свой юбілей Валянціна Мікалаеўна запрасіла родных. Яны прыехалі яе павіншаваць і як бы прывезлі з сабою часцінку мілай сэрцу старонкі, па якой у жанчыны да сённяшняга дня ў душы настальгія. Магчыма, і вярнулася б назад, але дзеці і ўнукі жывуць у Мінску. Значыць, і яе месца побач. 

Надзея БАТАЛКА

 

З акордамі вясновага «Світанка»

З надыходам 70-й мірнай вясны віншавалі жанчын пажылога ўзросту.

У тэрытарыяльным цэнтры для іх, наведвальніцаў клуба «Гады – не бяда» і ўніверсітэта трэцяга ўзросту, ладзілася свята – «Слаўныя, добрыя, мілыя». Яны сталі і яго актыўнымі ўдзельніцамі літаральна з першых акордаў, калі з агульным натхненнем падхапілі песню пра гаманлівыя вясновыя ручаі… Мастацкую праграму аздобіў калектыў «Світанак» Наваколасаўскага цэнтральнага дома культуры (кіраўнік – Людміла Сінькевіч).

– Усе віншавалі жанчын з вясной, і яны самі віншавалі адна адну, дарылі вершы і ўзнімалі настрой жартоўнымі мініяцюрамі, удзелам у конкурсах і віктарынах, – расказаў загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, вядучы свята Сяргей Есіс.

Жанчын запрасілі на чаяпіцце і ўручылі кожнай прэзент ад рэалізуемага ў раёне праекта «Расшырэнне магчымасцяў пажылых людзей у прыняцці рашэнняў па пытаннях іх паўнацэннага ўдзелу ў жыцці грамадства» пры падтрымцы Мінскай абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа, Еўрасаюзу і Аўстрыйскага Чырвонага Крыжа. Пр.

 

Адносна сацыяльнай справядлівасці

Дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» цяпер на слыху ва ўсіх. І, відаць, успрымаецца неадназначна. Тыя, хто сумленна працуе, поўнасцю «за». Яны маюць стабільную матэрыяльную аснову для жыцця і ў той жа час належна ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў. Аднак жа, як падлічылі, да 400 тысяч чалавек (насельніцтва абласнога цэнтра!) у рэспубліцы афіцыйна ў працоўнай дзейнасці не ўдзельнічалі. Толькі, як і ўсе, смела праходзяць лячэнне, ведаючы, што за гэта плаціць ім не давядзецца. Вучаць дзяцей на «бясплатным бюджэце». І камунальныя «жыроўкі», якія больш чым напалавіну фінансуюцца дзяржавай, ці ты «укалваеш» на прадпрыемстве, гаспадарцы, ці ні ў якой працоўнай сферы не пазначаны, аднолькава расцэньваюцца. Усе мы роўныя па веданні сваіх правоў, але ці роўныя па выкананні абавязкаў.

Дармаедства можа нават больш трапнае слова, чым рускае «тунеядство». Здаўна высмейваецца, крытыкуецца, але ж жывучая, не абцяжараная сумленнем, з’ява гультайства. «Не раблю, бо рабіць не хочацца…» Можа і мала такіх, хто прама такое скажа. Але ж калі кормяць пераростка бацькі, занадта шкадуе сваё «золатка» жонка, то, пэўна, лягчэй ляжаць на канапе, чым рабіць рукамі, думаць галавой. Той-сёй нядрэнна прыстасоўваецца і ў працоўным калектыве. Непрыгожа не лепшым словам прыгадаваць былога калегу. Але ж у якасці тыповага прыкладу… Было, рэдактар  заходзіць у кабінет, хуценька «руплівы журналіст» хапаецца за ручку, нешта крэмзае на паперы. Адышоўся начальнік, дурыць ён галаву сваімі байкамі, размаўляе гадзінамі па тэлефоне. Быццам бы мітусіцца, а аддачы мізэр. У іншай сферы свая спецыфіка, але ўсюды трэба, каб нехта воз цягнуў.

«Піў, п’ю, бо хочацца…» Гэтая з’ява вельмі няпростая, для многіх, хто з ёй сутыкаецца, балючая. Кагосьці трэба лячыць, кадзіраваць. Добра яшчэ, калі сам разумее, не працівіцца патугам тых, хто хоча выцягнуць яго з багны. Нярэдка ж бывае, што ад п’яніцы церпіць сям’я. Ды і на рабоце аматар спіртнога, як пакаці-вецер, на адным месцы доўга не ўжываецца, можа месяцамі мець клопат толькі пра тое, калі і хто налье. Як кажуць, не прывядзі Бог.

Цяпер гутарка аб тых, каго называць утрыманцамі язык не павернецца. Чалавек пры справе, можа нават выдатны спецыяліст. І апрануты па модзе, і ў шыкоўным аўто раз’язджае, а, праверыўшы, афіцыйна на якім-небудзь працоўным участку не значыцца. Ні на дзяржаўнай службе, ні ў прыватным бізнесе. За што ж жыве?

Народная лексіка і тут дае сваю класіфікацыю. «Калымшчыкі», якія прыйдуць, нешта «зварганяць», грошы — у кішэню, і абы было ціха. «Гастралёры», што збяруцца брыгадай нават у блізкае замежжа, скажам, у Расію. «Гандляры з рук», якія, асцерагаючыся міліцыі ды падатковай, паспешліва стараюцца сунуць тавар у рукі ў бліжэйшай падваротні. Маўляў, плаці, не думай, якасць высокая, цана нізкая. Часам і «карабейнікі» з ладнымі сумкамі завітваюць. Не пытайце толькі, не прасіце адказу, ад каго працуюць, куды падаткі плацяць.

Вядомай стала і такая праява, як «зарплата ў канверце». Можаш на месцы грошы і пералічыць, толькі ні ў ніякай ведамасці распісвацца не трэба. Работадаўца задаволены, «канвертнай падачкай» ён пазбягае падатковых вылічэнняў. Атрымальнік жа рызыкуе недалічыцца працоўнага стажу для атрымання ў будучым належнай пенсіі. Цяпер жа пры такім раскладзе можа і патыліцу пачухае перш, чым згадзіцца.

А хіба не ўзнікае падазрэнне: калі чалавек на работу не ходзіць, а жыве багата, ці ў ладзе ён з законам.

Супрацоўнікі падатковых органаў знаёмы з такім паняццем, як несумленны бізнес. «Двайныя бухгалтэрыі», продаж «з-пад палы» – без адпаведных на тое дакументаў і іншае. З увядзеннем дэкрэта спецыялістам, якія займаюцца спагнаннем і зборам, будзе тут весці кантроль лягчэй.

У СМІ апошнія месяцы вялася дыскусія па аспектах чакаемага прававога дакумента аб сацыяльным утрыманстве. Ім і стаў дэкрэт № 3 Прэзідэнта Беларусі. У аснову яго пакладзены ясныя, дакладныя прынцыпы. Грамадзяне Беларусі, пастаянна пражываючыя ў рэспубліцы, замежныя грамадзяне ці асобы без грамадзянства, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш як 183 каляндарныя дні ў годзе, абавязаны выплаціць збор у памеры 20 базавых велічынь.

«Абураным праўдалюбам» тлумачаць, што гэта не супярэчыць Канстытуцыі Беларусі. Так, ёсць права на працу, але і вызначана, што кожны грамадзянін абавязаны ўдзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных расходаў. Рабіць уклад у фонд, з якога выплачваюцца пенсіі, гарантуюцца сацыяльныя льготы і субсідыі, якімі ўсе мы карыстаемся.

Такім чынам, працаздольны грамадзянін, які адпрацаваў хаця б паўгода, мае законнае права лічыць, што ён свой абавязак выканаў. Маеш нейкую іншую крыніцу даходу? Тады, калі ласка, рабі свой уклад, разлічаны, зыходзячы з агульнай гадавой сумы на сённяшні паказчык базавай велічыні, у 3 мільёны 600 тысяч рублёў. Выходзіць па 300 тысяч у месяц.

Зразумела, што ад такога збору, і гэта агаворана ў дэкрэце, вызваляюцца недзеяздольныя грамадзяне, інваліды, тыя, хто мае пенсійны ўзрост – жанчыны ў 55 гадоў і больш, і мужчыны – ад шасцідзесяцігоддзя. Улічана і падтрымка маці ў выхаванні дзяцей. Нават калі малы наведвае садок, да яго сямігадовага ўзросту непрацуючая маці вызваляецца ад збору. Выхаванне траіх і больш непаўналетніх дзяцей таксама залічваецца як удзел у фінансаванні дзярждаходаў.  Ад выплаты збору вызваляюцца і людзі, якія даглядаюць пенсіянераў, старэйшых за 80 гадоў, інвалідаў першай групы. Ёсць і некаторыя іншыя моманты ў рэалізацыі дэкрэта, якія датычаць захавання прынцыпу дзяржпадтрымкі для сацыяльна неабароненых катэгорый насельніцтва.

Наўрад ці магчыма, хаця б у аглядны перыяд, зусім ліквідаваць беспрацоўе. Бывае так, што спецыяліст не можа знайсці рабочага месца па яго атрыманай адукацыі. Грамадзянін становіцца на ўлік ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Прапануецца навучанне беспрацоўных грамадзян па запатрабаваных на рынку працы спецыяльнасцях. Нават стыпендыя выплачваецца тым, хто жадае набыць тую ці іншую прафесію. Выбар шырокі, можна асвоіць справу вадзіцеля пагрузчыка і ліфцёра, муляра і тынкоўшчыка, швачкі і цырульніка, і яшчэ добры дзясятак прафесій, маючы якія, без справы сядзець не будзеш. Было б жаданне.

А калі хто выбера іншы шлях, разлічваючы, што можа пражыць, не ходзячы на работу, то вольнаму воля. Толькі давядзецца разам з усімі грамадзянамі прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных даходаў. Падатковыя, а пры неабходнасці, і іншыя органы, тут будуць весці пільны кантроль.

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *