Прыехала «пошта на колах»

Акцыі Нумары

На базе раённага вузла паштовай сувязі прайшла вытворчая нарада паштавікоў Мінскай вобласці, на якой абмяркоўвалася тэма дзейнасці перасоўных аддзяленняў паштовай сувязі, якасць прадастаўлення паслуг і павышэнне рэнтабельнасці.

На тэрыторыі Міншчыны сёння ўжо працуюць 27 перасоўных аддзяленняў паштовай сувязі, у тым ліку тры з іх – на Стаўбцоўшчыне. Самае першае з іх было адкрыта 1-га лістапада 2013 года. Прайшло амаль паўтара года і можна сцвярджаць, што працуе яно стабільна, рэнтабельна. Калі падмацоўваць гэта эканамічнымі паказчыкамі, то перасоўнае аддзяленне № 1 раённага вузла паштовай сувязі выйшла ў вышэйшую групу аплаты працы. Далёка не ўсе стацыянарныя аддзяленні паштовай сувязі працуюць так эфектыўна, як гэта перасоўнае. У сувязі з гэтым начальніку аддзялення Надзеі Яўсейчык была прадастаўлена магчымасць выступіць на нарадзе і падзяліцца з калегамі Міншчыны сваім вопытам.      

Сустрэліся і мы з членамі перасоўнага аддзялення сувязі № 1. Як аказалася, гэты невялікі паштовы экіпаж – сямейны. Надзея – начальнік аддзялення, яе муж Вікенцій – вадзіцель. Яму давераны аўтамабіль кітайска-расійскай вытворчасці BAW, адзіны такі ў раённым вузле паштовай сувязі, на базе якога працуе перасоўнае аддзяленне (два другія аддзяленні працуюць на базе ГАЗЕЛі і УАЗа). Дзякуючы вадзіцелю, тэхніка кожны дзень на хаду і з самай раніцы бярэ кірунак на аддаленыя Хатаву, Тонаву, пасёлак Школьны, шматлікія суседнія з імі вёскі. Такі звычайны маршрут перасоўнага аддзялення. 

Бліжэй да пяці вечара перасоўнае аддзяленне вяртаецца ў Стоўбцы, на свой адпраўны пункт. Унутры аўтамабіля Надзея падбівае рахункі за  дзень, а Вікенцій у гэты час займаецца «атаварваннем» на дзень заўтрашні. Справа рухаецца хутка, зладжана. Паміж Яўсейчыкамі, здаецца, усё зразумела без лішніх слоў. Вось што значыць сямейная салідарнасць на працоўным месцы.

– Сёння ўжо адпрацавалі? – пачынаем з рытарычнага пытання да Надзеі Мікалаеўны, якая для гутаркі запрашае ўнутр перасоўнага аддзялення.

– Так. Гэта ўчора вярнуліся з раёна позна. Падпіска ідзе! Працуем, калі трэба, і даўжэй, на час не глядзім. Да нашага аддзялення прымацаваны чатыры паштальёны – Тамара Камейша, Галіна Гарохавік, Мар’ян Лысы і Ларыса Бондар. Усе яны раней працавалі на пошце, добра ведаюць сваю справу. У сярэднім на аддзяленне ідзе больш за 500 экземпляраў газет і каля 200 экземпляраў часопісаў.

– А ваша сям’я як трапіла на пошту?

– На пошце я з 2006 года. Пачынала з паштальёна. Працавала аператарам на гарадскім аддзяленні сувязі, паштальёнам па суправаджэнні пошты. А калі адкрылася ў 2013 годзе перасоўнае аддзяленне, мне прапанавалі яго ўзначаліць. Мужа таксама перацягнула на пошту. Спачатку ён дастаўляў пошту. Цяпер, як бачыце, працуем разам.

– Вы – адзіны сямейны экіпаж на перасоўных аддзяленнях паштовай сувязі. Як вам гэта падабаецца?

– Так працаваць лягчэй. Як начальнік аддзялення, я павінна заказваць тавар на гандлёвым складзе, пералічваць яго. Муж дапамагае мне ў гэтым, і не толькі.  Правярае і выстаўляе цэннікі. На ім – і сарціроўка газет. Шафачкі, полачкі зрабіў сваімі рукамі, каб зручней было іх раскладваць. А калі з’яўляецца вольная хвіліна, глядзіць за машынай. У гэтым плане наша першая зіма была складанай. Вучыліся. Муж дабавіў фільтры і машына не замярзала, камп’ютарнае абсталяванне працуе без збояў.  

– Якія паслугі найбольш запатрабаваны вашымі кліентамі?

– Большасць нашых кліентаў – пенсіянеры. Ім трэба заплаціць камунальныя, пакласці грошы на тэлефон. Да святаў набываюць віншавальныя паштоўкі. Асартымент у нас добры, дае выбар кожнаму. Прапануем сучасныя паштовыя паслугі, калі неабходна надзейна адправіць дакументы або іншыя каштоўныя паперы. Стараемся прапаноўваць людзям і паслугі, і тавары. Тавар карыстаецца попытам больш сезонны, але мы можам выканаць любы заказ нашых кліентаў. Разлікі прымаем і з дапамогай банкаўскай пластыкавай картачкі.

– Калісьці вяскоўцы апасаліся, што з закрыццём стацыянарнага паштовага аддзялення застануцца сам-насам са сваімі праблемамі. Што яны сёння вам гавораць?

– На першым часе ў людзей, сапраўды, была трывога, што «пошта на колах» сёння прыехала, а заўтра – яе і след прастыў. А калі людзі паглядзелі, што мы курсіруем кожны дзень (акрамя выхадных – нядзелі і панядзелка) у любую пару года, што ў нас яны могуць атрымаць усе неабходныя ім паслугі – пытанне знікла само сабою.                       

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

Вуліца Міра  – з новымі тэхналогіямі

У шматпавярховыя дамы па вуліцы Міра ў Стоўбцах прыйшлі новыя тэхналогіі прадастаўлення паслуг тэлефоннай сувязі.

У чым іх асаблівасці? Што неабходна мець на ўвазе абанентам? Пра гэта мы запыталі ў спецыяліста сэрвіснага цэнтра раённага вузла электрычнай сувязі Таццяны Салавей.  

– Цяпер непасрэдна ў кватэру да абанента падводзіцца аптычны кабель (так званае»валакно»), і абанент поўнасцю карыстаецца ўсім яго рэсурсам, – тлумачыць спецыяліст. – Раней, пры існаванні аператараў дамавых сетак, канал выдзяляўся на цэлы дом і, адпаведна, ён у роўнай ступені раздзяляўся паміж падключанымі карыстальнікамі. Для падключэння да тэхналогіі хPON абаненту бясплатна ўстанаўліваем мадэм ONT (Optical Network Terminal), дзякуючы якому адбываецца падключэнне ўсіх паслуг. Такім чынам, па адным і тым жа «валакне» можна прадастаўляць увесь комплекс як базавых паслуг (тэлефонная сувязь, доступ да сеткі інтэрнэт, інтэрактыўнае тэлебачанне), так і дадатковых.   

–  У чым перавагі новай тэхналогіі хPON для абанента?

– Гэта новы стандарт хуткасцей доступу ў сетку інтэрнэт. Уваходная (ад сеткі да абанента) і зыходная (ад абанента да сеткі) хуткасці – да 100 Мбіт/с і вышэй. Галоўнае адрозненне ад ADSL-тэхналогіі – адсутнасць абмежаванняў у 512-2014 Кб/с для зыходнай хуткасці. У даным выпадку можна гаварыць пра стабільную якасць паслуг. Яна не залежыць ад такіх параметраў, як даўжыня абаненцкай лініі, сячэнне жылы, «сезоннае» супраціўленне ізаляцыі. Абаненту даступны «цяжкі» кантэнт або магчымасць свабоднага прагляду відэа ў HD-якасці, у тым ліку прагляд HD-каналаў у інтэрактыўным тэлебачанні ZALA. «Валакно» дазваляе падключаць да паслуг інтэрактыўнага тэлебачання ZALA па адной лініі адразу некалькі тэлевізараў. Для тэлефоннай сувязі характэрны лічбавая якасць, магчымасць дадатковых відаў паслуг.

Немалаважна тое, што доступ да сеткі інтэрнэт па тэхналогіі хPON прадастаўляецца пад гандлёвай маркай byfly, таму нашым абанентам даступны ўсе дадатковыя сэрвісы і паслугі высокахуткаснага доступу ў сетку інтэрнэт byfly. Напрыклад, бацькоўскі кантроль, паслугі антывіруснай абароны, відэапартал.

– Чым яшчэ можна зацікавіць абанентаў?

– З сакавіка па чэрвень 2015 года для абанентаў, падключаных па новай тэхналогіі, дзейнічаюць вельмі прывабныя акцыі. Для абанентаў byfly – акцыя «Рэкорд 50», якая азначае, што ўсе дзеючыя і новыя абаненты  byfly на лініях хPON, фізічныя асобы, якія падключыліся да гэтага тарыфнага плана ў перыяд акцыі, атрымаюць магчымасць карыстацца паслугай са скідкай на працягу 12 месяцаў.

І для абанентаў ZALA, новых і ўжо дзеючых на тарыфным плане «Проста ТВ», у перыяд дзеяння акцыі даецца магчымасць карыстання пакетам «Прэм’ера» (з тэлеканалам ТНТ) па цане пакета «Проста ТВ» на працягу двух месяцаў з моманту падключэння. Скідка дзейнічае толькі на адну кропку падключэння. Абаненты пакетных прапаноў «Оптымум», «Оптымум плюс», «Экспрэс-лайт» могуць пераключыцца на тарыфны план «Экспрэс» з хуткасцю прыём-перадача да 5/2,5 Мбіт/с і паслугі інтэрактыўнага тэлебачання. Для падключэння  звяртайцеся ў сэрвісны цэнтр (даведкі па тэл. 7-00-01, 7-34-15).                                                                                                                                                  

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *