Абаронім дзяцей – абаронім будучае

Адукацыя Нумары

На VІІІ раённы бацькоўскі сход па тэме «Адказнае бацькоўства – залог бяспекі дзяцей» у зале СШ № 3

г. Стоўбцы сабраліся людзі, нераўнадушныя да дзіцячых лёсаў, – бацькі, педагогі, кіраўнікі адукацыйных устаноў, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, свяшчэннаслужыцелі, спецыялісты розных структур і ведамстваў, грамадскіх арганізацый.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна Белановіч у сваім выступленні акрэсліла актуальнасць гэтага пытання. У нашым раёне налічваецца 5122 сям’і, у якіх выхоўваюцца 7263 дзіцяці. У гэтым ліку 449 шматдзетных сем’яў, 828 – няпоўных.

Сур’ёзным крокам у стварэнні сістэмы работы па абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей стаў Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях».  Міжведамаснае ўзаемадзеянне зацікаўленых службаў дазваляе прымаць аператыўныя меры рэагавання па пастаноўцы на ўлік і арганізацыі прафілактычнай работы з такімі сем’ямі. І гэта вельмі важны ўчастак работы, таму што ёсць сем’і, якія не забяспечваюць дзецям паўнацэннага дзяцінства. За час дзейнасці раённага сацыяльнага прытулку рэабілітацыю ў ім прайшлі 420 дзяцей, з якіх 295 вернуты ў кроўныя сем’і, 90 прынялі прыёмныя і апякунскія сем’і. У сучасны момант у нашым раёне 73 дзіцяці засталіся без апекі бацькоў. З іх  толькі 14 з’яўляюцца біялагічнымі сіротамі. З гэтага ліку 25 дзяцей выхоўваюцца ў 15 прыёмных сем’ях, 48 – у 41 апякунскай сям’і, восем дзяцей – у дзіцячым доме сямейнага тыпу.

Застаецца праблемай здзяйсненне правапарушэнняў непаўналетнімі. У 2014 годзе зарэгістраваны 20 такіх злачынстваў, у нецвярозым стане затрыманы 27 школьнікаў.

Зыходзячы з прыведзенай статыстыкі важна гаварыць аб прыярытэце сям’і ў выхаванні дзяцей. Удзельнікі сходу былі аднадушныя ў меркаванні, што ніякая прафілактычная работа ўсіх зацікаўленых ведамстваў не заменіць сямейнае выхаванне, якое максімальна можа быць заснавана на станоўчым прыкладзе, сямейных традыцыях, любові, увазе і павазе ўсіх членаў сям’і.

Таццяна Белановіч назвала тыя ўстановы адукацыі, дзе назапашаны цікавы вопыт арганізацыі пазаўрочнай дзейнасці сумесна з бацькамі. Адзначаліся Засульская, Заямнаўская, Вішнявецкая, Коласаўская, Горкаўская, Рубяжэвіцкая сярэднія школы, Мікалаеўшчынскі  і Залужскі вучэбна-педагагічныя  комплексы  дзіцячы сад – сярэдняя школа, СШ № 2, 3 г. Стоўбцы і іншыя. Сумеснай даследніцкай дзейнасцю вучняў і бацькоў адметныя ўстановы адукацыі райцэнтра, Дзераўнянская, Нававёскаўская школы. Сямейныя клубы паспяхова працуюць у Горкаўскай, Шашкоўскай, Дзераўнянскай СШ, гімназіі № 1. Клуб «Буслянка» збірае прыёмныя сем’і. У цэнтры такога саюза сям’і і школы знаходзяцца інтарэсы дзяцей.

Аб важнасці ўзаемадзеяння сям’і са школаю гаварылі з трыбуны сходу свяшчэннаслужыцелі – айцец Георгій Кур’ян і ксёндз Адам Врубель. Тыя нормы, той уклад, якія створаны ў сямейным ачагу, накладваюць на дзіця адбітак на ўсё жыццё. Таму свяшчэннаслужыцелі рабілі важныя акцэнты на тым, каб бацькі, нягледзячы на занятасць, знаходзілі час для сваіх дзяцей, жылі іх жыццём, пастаянна трымалі з імі сувязь, самі былі добрым прыкладам у іх выхаванні.  Звярталася ўвага бацькоў на тое, каб яны кантралявалі старонкі сваіх дзяцей у сацыяльных сетках інтэрнэта. Старонка ў сацыяльных сетках, можна сказаць, – адлюстраванне свету дзіцяці. Гаварылася аб тым, каб не дапускаць раўнадушша да лёсу чужых дзяцей, калі адчуваецца, што ўзнікла праблема. Асновай сямейных узаемаадносін павінна быць пятая запаведзь Божая аб шанаванні бацькоў. Яна заўсёды актуальная. Біблейскія ўстаноўкі, Закон Божы заўжды застаюцца нязменнымі, у Божыя запаведзі не ўносяцца папраўкі. Свяшчэннаслужыцелі пажадалі бацькам шчырасці ў адносінах са сваімі дзецьмі, быць ім добрым прыкладам у іх жыцці.

Урачы цэнтральнай раённай бальніцы Марына Цераховіч і Сяргей Карэлін у сваіх выступленнях перад бацькоўскай аўдыторыяй гаварылі аб актуальных праблемах фарміравання здаровага ладу жыцця школьнікаў. Урач-нарколаг Сяргей Карэлін расказаў аб прызнаках ужывання дзецьмі і падлеткамі наркотыкаў і псіхатропных рэчываў. Урачом былі падрыхтаваны памяткі для кожнай школы, дадзены каардынаты абласнога наркалагічнага дыспансера, куды можна патэлефанаваць у любы час сутак.

Участковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Міхаіл Турко звярнуў увагу бацькоў на адказнасць за ўжыванне непаўналетнімі курыльных сумесяў, алкаголю, аб стане прафілактычнай работы і ўзроўні падлеткавай злачыннасці ў раёне і на адказнасць бацькоў за ўчынкі дзяцей.

Даступна, нераўнадушна, з прывядзеннем прыкладаў з практыкі работы звярнулася да прысутных інспектар групы прапаганды  раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вольга Салей.

Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Марыя Афанасенка расказала аб формах занятасці вучнёўскай моладзі і аб той падтрымцы, якую можа аказаць служба занятасці ў атрыманні прафесіі і працаўладкаванні выпускнікоў школ.

Арганізатар раённага бацькоўскага сходу,  аддзел адукацыі, спорту і турызму, паклапаціўся падабраць такія выступленні вучняў са школ раёна, каб яны як мага лепш прадэманстравалі, чаго можа дасягнуць творчасць дзяцей, калі ў іх здаровыя інтарэсы. Выступілі салісты СШ № 2 і 3 г. Стоўбцы, аб’яднанне па інтарэсах «Лучик» Засульскай СШ з кранальнай духоўна-асветніцкай кампазіцыяй, члены патрыятычнага клуба «Абаронца Айчыны» СШ № 3 з паказальным выступленнем, агітбрыгада па прафілактыцы СНІДу Навасвержанскай СШ, агітбрыгада «Арэол» гімназіі № 1, выхаванцы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі з прэзентацыяй творчых ініцыятыў.

Бацькоўскі сход атрымаўся змястоўна насычаным і эмацыянальна нераўнадушным. Прыняты зварот да бацькоўскай грамадскасці Стаўбцоўшчыны, лейтматывам з якога гучаць  такія словы: «Сучасны свет параджае ўсё новыя пагрозы для самай маладой і неакрэплай часткі нашага грамадства – дзяцей. Мы ўпэўнены ў тым, што, згуртаваўшы нашы сілы, падтрымліваючы адзін аднаго і падстаўляючы сваё плячо ў цяжкай сітуацыі, мы зможам стварыць бяспечнае асяроддзе для нашых дзяцей і не дазволіць разбурыць іх свет».

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Сімпатычныя даследчыкі

Адбыўся раённы фестываль даследчых работ дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту «Я – даследчык». У ім прынялі ўдзел 40 даследчых работ дзяцей з устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і сем работ дзяцей дашкольнага ўзросту з шасці ўстаноў дашкольнай адукацыі.

Даследчыя работы малодшых школьнікаў абараняліся ў чатырох секцыях – «Матэматыка, фізіка, тэхніка», «Прыродазнаўства (жывая прырода)», «Прыродазнаўства (нежывая прырода)», «Гуманітарныя веды».

Рыхтуючыся да фестывалю, юныя даследчыкі вывучалі ваенныя падзеі ў гісторыі сваёй сям’і, геаграфію свайго роду, тайну свайго імя. Яны з цікавасцю расказвалі, навошта падводнай лодцы перыскоп, кату – вусы, ці такі просты медны купарос, раскрылі сакрэты разынак. Удзельнікі фестывалю прадэманстравалі, як прыгатаваць ледзянцы ў дамашніх умовах, зварыць мыла сваімі рукамі ці зрабіць цацку з малака.

Чатыры лепшыя работы прымуць удзел у абласным фестывалі даследчых работ дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.

Аксана ДАВЫДЗЕНКА, метадыст аддзела  адукацыі, спорту і турызму райвыканкама

 

 

Узаемадзеянне суб’ектаў прафілактыкі

У Мінскай вобласці створаны ўсе ўмовы для таго, каб з боку непаўналетніх не ўчыняліся злачынствы, таму трывогу выклікае як іх колькасны рост, так і змяненне структуры злачыннасці.  

З апошніх негатыўных тэндэнцый, якія не могуць не хваляваць, – распаўсюджванне сярод падлеткаў наркотыкаў і курыльных сумесяў.  На гэта зрабіў упор намеснік старшыні Мінаблвыканкама Віктар Сірэнка, адкрываючы пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама, якое праводзілася ў рэжыме відэаканферэнцыі. Ішло абмеркаванне пытанняў узаемадзеяння суб’ектаў прафілактыкі для правядзення эфектыўнай індывідуальна-прафілактычнай і выхаваўчай работы з непаўналетнімі з мэтай недапушчэння ўчынення імі злачынстваў і правапарушэнняў.

На сувязі з абласным выканаўчым камітэтам былі ў раённай студыі члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Сяргеем Шэсцелем.

Стаўбцоўскі раён адзначаны сярод тых раёнаў, дзе летась назіраўся рост падлеткавай злачыннасці. Пры гэтым яе характэрнай тэндэнцыяй становіцца серыйнасць, а таксама групавое ўчыненне. У сацыяльным партрэце падлеткавай злачыннасці часцей за ўсё фігурыруюць навучэнцы каледжаў і ліцэяў. Адзін з красамоўных прыкладаў, на які была звернута ўвага ўдзельнікаў відэаканферэнцыі, звязаны з ураджэнцам нашага раёна Л., навучэнцам Валожынскага прафесійна-тэхнічнага ліцэя. Заняткі хлопец не наведваў, у інтэрнаце не пражываў, але інфармацыя аб гэтым своечасова не паступіла ў камісію па справах непаўналетніх, праваахоўныя органы, хаця падлетак быў на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. У выніку, ён учыніў серыю крадзяжоў. За дапушчаныя пралікі ў рабоце  панеслі адказнасць кіраўніцтва і педагогі ліцэя.

Падчас пасяджэння было яшчэ раз нагадана, што на асобым кантролі ў суб’ектаў прафілактыкі павінны быць падлеткі, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, а таксама дзеці з тых сем’яў, дзе становішча іх прызнана сацыяльна небяспечным. Як сведчыць крымінальная статыстыка, гэтыя непаўналетнія найперш уяўляюць групу рызыкі ў кантэксце верагоднасці ўчынення супрацьпраўных дзеянняў. Ставіцца задача, каб і педагогі, і ў цэлым школа садзейнічалі ранняму выяўленню злачынных схільнасцяў у вучня. Іх нельга замоўчваць. Акрамя таго, указана на тое, што ўстановы адукацыі слаба карыстаюцца нормамі Кодэкса аб адукацыі, якія даюць ім першачарговае права ўздзеяння на вучня-парушальніка – за курэнне ў неўстаноўленых месцах, дысцыпліну і т.п. 

Летась на Міншчыне быў выяўлены 251 факт продажу падлеткам алкагольных напіткаў. Усе яны былі разгледжаны на адміністрацыйных камісіях, несвядомыя прадаўцы аштрафаваны. Аднак адказнасць за гэта не панесла ніводная юрыдычная асоба. Прапанавана разгледзець даную праблему глыбей, а менавіта падыйсці да яе так, каб паўторны факт продажу алкаголю непаўналетняму разглядаўся як грубае парушэнне ліцэнзійных патрабаванняў і, адпаведна, выліваўся для юрыдычнай асобы ў пазбаўленне ліцэнзіі. Пра даную праблему важна гаварыць услых, у самых розных аўдыторыях яшчэ і па іншай прычыне: нярэдка мы сутыкаемся з тым, што «дапамогу» непаўналетняму ў набыцці алкагольных напіткаў аказваюць… самі пакупнікі, дарослыя людзі. У такім выпадку як выглядае наш агульны менталітэт?!. Актуальнасць у маштабах вобласці набылі і факты самавольнага сыходу непаўналетніх з дому, што патрабуе выпрацоўкі адзінага для суб’ектаў прафілактыкі алгарытма дзеянняў.

Напярэдадні лета была закранута тэма занятасці непаўналетніх, у першую чаргу падуліковых. Як было заўважана, адладжаная сістэма гэтай работы існуе ў Маладзечненскім раёне, у сувязі з чым запланавана правядзенне на яго базе абласнога семінара па гэтай тэме.                     

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

Лепш спартландыя, чым «вуліца»

Каб адцягнуць стаўбцоўскіх падлеткаў ад «вуліцы», ад магчымых супрацьпраўных дзеянняў, іх паклікалі на спартландыю.

Спартыўная сустрэча ладзілася на базе сярэдняй школы № 2 паміж дзевяцікласнікамі гэтай школы і іх равеснікамі з сярэдняй школы № 3 горада Стоўбцы. Сумеснае садзейнічанне ў яе арганізацыі ўзялі на сябе аддзел адукацыі, спорту і турызму, інспекцыя па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі і раённы камітэт БРСМ.   

Спартландыя сабрала больш за 80 вучняў з дзвюх школ і ўключала ў сябе 11 конкурсных эстафет. Над іх зместам, які, дарэчы, запатрабаваў ад удзельнікаў не толькі спрыту, але і кемлівасці, дасціпнасці, папрацавалі педагогі школы № 2 – педагог сацыяльны Ю. А. Зуева і настаўнік фізічнай культуры і здароўя Ю. І. Галабурда.

Барацьба ішла напружаная. Сапернікі ішлі роўна і паслядоўна, аднак перамагла з адрывам у адзін бал каманда гаспадароў. За свае поспехі пераможцы былі адзначаны ганаровай граматай, а выдатны настрой усім гарантавала сама гульня і, безумоўна, выхад cамадзейных артыстаў з ліку вучняў школы № 2  –  спявачкі Дар’і Доўнар і танцавальнага  ансамбля «Светлячок».

Яўгенія СЛЕСАРЧЫК, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *