І гала-канцэрт для лаўрэатаў

Культура Нумары

Яркая зорачка Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, вучаніца СШ № 3 г. Стоўбцы дзевяцігадовая баяністка Анечка Абрамовіч  у ліку лаўрэатаў Першага міжнароднага конкурсу юных музыкантаў «Палескі агеньчык», які прайшоў у Драгічыне ў мінулым годзе, была запрошана напрыканцы сакавіка бягучага года прыняць удзел у гала-канцэрце пераможцаў – баяністаў, акардэаністаў і піяністаў.

Канцэрт адбыўся ў Мінску ў шыкоўнай канцэртнай зале «Верхні горад» з прадстаўнічай публікай. Якім жа сюрпрызам і для Ані, і для яе таленавітага педагога Людмілы Станіславаўны Крамко была абвестка, што Ані выпаў гонар адкрыць канцэртную праграму. Канешне ж, дзяўчынка хвалявалася, яе юны ўзрост і талент пакарыў публіку, і зала выказала прыхільнасць і дабразычлівасць да абаяльнай артыстычнай музыканткі.

Як заўсёды, яна сыграла бездакорна граматна, кранальна чула,  уклала ў выкананне твора не толькі свае веды, але і сваю душу. Патрабавальная Людміла Станіславаўна засталася задаволенай ігрой. А публіка падарыла Анечцы свае гарачыя апладысменты і любоў.

За тры гады вучобы ў Стаўбцоўскай дзіцячай школе мастацтваў Аня Абрамовіч дасягнула высокіх вынікаў – яна ўладальніца 10 лаўрэацкіх дыпломаў міжнародных, рэспубліканскіх, абласных конкурсаў. Дзяўчынка іграе ў аркестры, спявае ў хоры. У мінулым годзе Ганна Абрамовіч стала стыпендыянткай спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ, фота Васіля ЗЯНЬКО

 

Іна Афанасьева на нашай сцэне

Напрыканцы сакавіка ў нашым горадзе прайшоў канцэрт адной з самых яркіх зорак беларускай эстрады, выдатнай спявачкі Іны Афанасьевай. Жыхары нашага горада з нецярпеннем чакалі гэтай падзеі. Канцэртная зала раённага Цэнтра культуры была запоўнена прыхільнікамі яе творчасці.

  Іна Афанасьева пачала свой творчы шлях у 10 гадоў, падчас удзелу ў дзіцячым калектыве «Вясёлка» Магілёўскага палаца піянераў і школьнікаў. Удзел у розных конкурсах, лаўрэацтва і прызёрства ў іх дапамаглi Іне развіць свае музычныя здольнасці. Яна становіцца ўсё больш і больш вядомай, любімай гледачамі. Шматлікія ўзнагароды, прэміі, перамогі ў музычных конкурсах, фестывалі, гастролі – Іна Афанасьева стала адным з самых знакамітых беларускіх выканаўцаў. Яе незвычайны, прыгожы голас шырокага дыяпазону даўно вядомы як і ў Беларусі, так і за яе межамі.

 Я ўзрадавалася, калі Іна Афанасьева дала згоду на інтэрв’ю для раённай газеты. Дзякуючы размове з Інай Афанасьевай, я пераканалася, што яна не толькі выдатная спявачка, але і цікавы чалавек.

– Скажыце, якім абяцае быць сённяшні канцэрт?

– Спадзяюся, што ён будзе ў добрым настроi, душэўным, з добрымі песнямі і станоўчымі эмоцыямі.

– Ці можаце назваць канцэрт, якi  найбольш запомнiўся з усіх тых, на якіх Вы выступалі?

– Цяжка сказаць, таму што ўсе канцэрты вельмі розныя. Нейкія асаблівыя канцэрты вылучыць вельмі складана. Яны заўсёды абсалютна не падобныя адзін на другі, таму што ў зал прыходзіць розная публіка, з розным настроем. Ды і ў мяне таксама бывае розны настрой. Часам хочацца пажартаваць, павесяліцца, часам хочацца пафіласофстваваць, паразважаць. Таму ўсе канцэрты, на якіх я выступала, вядома, неаднолькавыя. Складана вылучаць нейкі адзін.

– Раскажыце, калі ласка, аб самім забаўным выпадку з Вашага творчага жыцця. Ці быў які-небудзь вясёлы інцыдэнт на Вашых канцэртах?

– Неяк ішоў канцэрт у невялікім горадзе. Я выйшла, праспявала першую песню, другую. Зразумела: людзям падабаецца, але рэагуюць вельмі стрымана. Пасля другой песні я і кажу: «Вось я не магу зразумець, што ў вас за настрой? Ці то я такая прыгожая, ці то я такая страшная? І тут з залы даносіцца такі дзіцячы галасок: «Ды не, вы страшна прыгожая!» Гэта настроіла залу. А мне гэта запомнілася як  адзін з самых забаўных выпадкаў.

– Якая з Вашых песень самая пранікнёная?

– Для кожнага чалавека песня, якую ён чуе ці хоча пачуць, з’яўляецца індывідуальнай, незвычайнай, таму што ў гэтай песні ён чуе частку свайго жыцця, частку сваёй гісторыі. І ты не можаш прадугадаць, якая з тваіх песень можа глыбока пранікнуць у душу.

– Можа, Вы раскажаце пра гісторыю стварэння якой-небудзь з Вашых песень?

– Я сама не пішу песні, не ствараю, таму ўсё, што мне прапануюць, мне  цi падыходзіць, цi не падыходзіць, ці падабаецца, ці не падабаецца.

– Вы супрацоўнічалі з многімі выканаўцамі, спявалі дуэтам, і скажыце, які з іх найбольш Вам запомніўся?

– Я са многімі спявала ў дуэтах, таму складана сказаць. Але, можа быць, дуэт з Іскуі. Яна вельмі даўно хацела са мной праспяваць, напісала песню, мы выканалі яе дуэтам. Зараз мы сябруем, і, уласна кажучы, я лічу, што гэты дуэт – самы яркі.

– Мне вядома, што з 2002 па 2003 год Вы працавалі тэлевядучай на канале СТВ. Скажыце, ці не хацелі б Вы працягнуць сваю кар’еру тэлевядучай?

– Ну, калі будуць прапановы, я думаю, можна будзе іх разгледзець.

– А якія ўражанні былі ў Вас пасля ўдзелу ў тэлепраграмах?

– Здымкі праходзілі з гумарам. Былі такія моманты, калі ты не запамінаеш тэкст, суфлёраў тады яшчэ не было. Было нямала непрадказальных сітуацый, з якіх патрэбна было выйсці дастойна. Заўсёды цікава сябе паспрабаваць у той справе, у якой ты не ўсё разумееш, але якая па прыродзе ў цябе можа атрымацца.

– Вядома, што знакамітыя людзі, а тым больш артысты, на віду ў публікі, яны заўсёды акружаны ўвагай. І не толькі на сцэне, але і ў звычайным жыцці. Як Вы да гэтага ставіцеся?

– Адказна (смяецца).

А потым быў канцэрт, які прайшоў выдатна. Станоўчыя эмоцыі, весялосць, драйв. Людзi, якія сядзелi ў зале, не хавалі свайго захаплення, чаму спявачка была вельмі рада. Яна дзякавала гледачам, работнікам нашага Цэнтра культуры за тое, што быў аказаны ёй такi цёплы прыём. А жыхары Стоўбцаў у сваю чаргу дзякавалi Іну Афанасьеву сваімі гарачымі апладысментамі і ўсмешкамі за выкананыя ёю любімыя песні – «Уверх», «Калі-небудзь», «Чуеш, я іду да цябе», «І толькі сны», «Перачытай», «Я цябе не забуду», «Першы снег», «Я не права», «Родны беражок», «Рэчанька», «Горыч-ягада», «Сарамлiвая дзяўчынка», «Буду з табой», «Выбірай». Канцэрт упрыгожыў шоу-балет артысткі.   

Увогуле, выступленне Іны Афанасьевай у нашым горадзе стала выдатнай падзеяй. І мы спадзяемся, што ў будучым яна яшчэ не раз парадуе нас канцэртамі.

 Кацярына   IГНАТОВІЧ, вучаніца СШ № 3 г.Стоубцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *