Ахова правапарадку

Ахова правапарадку Нумары

image_pdfimage_print

Сезон двух колаў

З надыходам вясенне-летняга перыяду ўзрастае колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам вадзіцеляў матацыклаў і іншых двухколавых транспартных сродкаў.

З 6 па 20 красавіка для павышэння ўзроўню бяспекі дарожнага руху, зніжэння цяжкасці наступстваў дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам матацыклістаў і вадзіцеляў Дзяржаўтаінспекцыя раёна праводзіць прафілактычную акцыю пад дэвізам – «Колаў менш – небяспекі больш!»

Рэйдавыя групы ў складзе супрацоўнікаў ДАІ і дружыннікаў працуюць паблізу месцаў адпачынку, вадаёмаў і рэк, забаўляльных, спартыўных і іншых масавых мерапрыемстваў для моладзі, асабліва ў вячэрні і начны час, каб спыніць парушэнне вадзіцелямі правілаў дарожнага руху, а таксама выявіць канструктыўна змененыя і незарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку матацыклы і мапеды.

Варта нагадаць, што кіраванне мотатранспартам забаронена да дасягнення 16-гадовага ўзросту. Пры дасягненні гэтага ўзросту ўладальнікі мотатранспарту могуць атрымаць вадзіцельскае пасведчанне ў парадку самападрыхтоўкі. Для гэтага неабходна ведаць правілы дарожнага руху і асновы аказання першай медыцынскай дапамогі. Пры станоўчых выніках здачы экзамена МРЭА аддзела ДАІ выдае вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі АМ і падкатэгорыі А1. Тыя, хто дасягнуў 18-цігадовага ўзросту, могуць атрымаць вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі А. Для гэтага трэба вытрымаць тэарэтычны экзамен па правілах дарожнага руху (ён праводзіцца ў МРЭА ў чацвер, пятніцу і суботу з 09.00 да 12.00, у 15.00) і практычны – па ваджэнні. Рэгістрацыя транспартных сродкаў, у тым ліку і мотатранспарту, праводзіцца ў МРЭА з аўторка па суботу.

Нельга не звярнуць увагу і на адміністрацыйную адказнасць. Кіраванне транспартным сродкам вадзіцелем без вадзіцельскага пасведчання караецца штрафам у памеры ад 900 000 да 5 400 000 рублёў, а пры паўторным на працягу года факце – ад 3 600 000 да 9 000 000 рублёў. За кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення вадзіцелю пагражае штраф ад 9 000 000 да 18 000 000 рублёў, і пры аналагічным паўторным факце ў адносінах да вадзіцеля ўзбуджаецца крымінальная справа, і транспартны сродак належыць канфіскацыі, незалежна ад таго, хто з’яўляецца яго ўладальнікам.

Просім грамадзян спыняць спробы кіравання матацыкламі, скутарамі, мапедамі людзьмі, у якіх няма права кіравання або якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення. Паведамляйце аб гэтым  па тэлефонах 102, 5-19-15.

Віктар САЧУК, інспектар аддзела ДАІ райаддзела міліцыі

 

Не рвіце першацветаў

Першацветы – упрыгажэнне нашых лясоў, але іх колькасць няўхільна скарачаецца. У вясенні перыяд асабліва востра паўстае праблема аховы гэтых і іншых раслін.

На Беларусі растуць такія першацветы, як ветраніца лясная, прастрэл лугавы або сон-трава, пралеска высакародная, падснежнікі, ландыш майскі і т. п. Акрамя таго, да першацветаў адносяцца расліны, уключаныя ў Чырвоную кнігу Беларусі.

З сярэдзіны красавіка да канца мая на рынках можна сустрэць свежую чарамшу – пранае зяленіва, знешне падабнае да ландыша, а па смаку – да часнаку. Можа не ўсе ведаюць, што чарамша або цыбуля мядзведжая – рэдкая расліна, занесеная ў Чырвоную кнігу, і збор яе забаронены. Менавіта неабмежаваны збор і вытоптванне прывялі да скарачэння месцаў вырастання данага віда раслін.

У сувязі з гэтым Стаўбцоўская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя паведамляе, што ў адпаведнасці з артыкулам 24 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб раслінным свеце» забаронены самавольны збор або знішчэнне дзікарослых раслін, якія адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь і іх частак, або іншыя дзеянні, якія могуць прывесці да іх знішчэння, скарачэння колькасці або парушэння асяроддзя вырастання.

Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжаны штрафныя санкцыі за самавольнае вырыванне або знішчэнне дзікарослых раслін-«чырвонакніжнікаў» у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь. 

 

 

Увага: нераст!

Тэрміны вясенняй забароны на лоўлю рыбы ў гэтым годзе, згодна з новай рэдакцыяй Правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, дыферэнцыраваны па рэгіёнах. У Брэсцкай і Гомельскай абласцях забарона дзейнічае з 20 сакавіка па 18 мая, у Мінскай, Магілёўскай і Гродзенскай абласцях – з 1 красавіка па 30 мая, у Віцебскай вобласці – з 10 красавіка па 8 чэрвеня. Гэта звязана з тым, што на поўдні Беларусі пацяпленне, а значыць, і нераст пачынаецца раней у параўнанні з цэнтральнымі  і, тым больш, паўночнымі рэгіёнамі.

У перыяд забароны дазволена рыбачыць адной вудачкай з адным кручком або адным спінінгам, аснашчаным штучнай прыманкай, з адным адзінарным, двайным або трайным кручком у светлы час сутак з берага (без заходу ў ваду) або з лёду.

Згодна з новымі Правіламі, рыбачыць цяпер можна і са штучных збудванняў (за выключэннем чыгуначных і іншых мастоў, плацін, шлюзаў, помпавых станцый і іншых гідратэхнічных збудаванняў, у адносінах да якіх устаноўлены абмежаванні і забароны на гаспадарчую і іншую дзейнасць, і на адлегласці бліжэй чым 50 метраў у абодва бакі ад іх). А вось маламернымі суднамі па-ранейшаму ў перыяд забароны карыстацца нельга.

За кожную незаконна здабытую асобіну рыбы парушальнікі Правілаў абавязаны будуць кампенсаваць нанесеную прыродзе шкоду, якая падчас забароны вылічваецца ў трохкратным памеры. Напрыклад, шчупак або лешч абыйдуцца браканьеру ў 1 620 тысяч рублёў, лінь або язь – у 3 240 тысяч рублёў. Акрамя таго, парушальнікі могуць быць аштрафаваны на суму да 50 базавых велічынь або прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, калі памер шкоды перавысіць 100 базавых велічынь.

Дзмітрый ЦЯРЭШКА, намеснік начальніка Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету   

 

 

Калі жывёла на падворку

Гаспадары ўласных падвор’яў, хто гадуе свіней, павінны строга прытрымлівацца ветэрынарна-санітарных правілаў. А іменна, тэрыторыя падсобных гаспадарак грамадзян павінна быць агароджана для недапушчэння пранікнення дзікай жывёлы і ўтрымлівацца ў чысціні. З памяшкання, дзе стаіць прадуктыўная жывёла, неабходна рэгулярна выдаляць гной і складзіраваць яго на спецыяльна адведзеных пляцоўках для біятэрмічнага абеззаражвання. Кармушкі і паілкі трэба ачышчаць, мыць і дэзынфіцыраваць згодна з патрабаваннямі, якія прадугледжаны ветэрынарна-санітарнымі правіламі. Не дапускаць пранікнення ў памяшканне грызуноў.

На працягу ўсяго перыяду вырошчвання жывёлы ў падсобных гаспадарках грамадзяне абавязаны пастаянна весці назіранне за станам яе здароўя, кантраляваць паводзіны, ужыванне кармоў і вады. Пры падазрэнні на захворванне жывёлы: адмова ад ежы, павышэнне тэмпературы цела, неадэкватныя паводзіны, а таксама падзяжу грамадзяне абавязаны без прамаруджвання паведаміць аб гэтым ветэрынарнаму ўрачу зоны абслугоўвання або ў раённую ветэрынарную станцыю па тэл. 4-63-53, 4-67-83.

Усе віды кармоў, якія выкарыстоўваюцца для кармлення свіней (бульба, буракі, гарбузы, мука і інш.), вада для паення свіней, павінны прайсці тэрмічную апрацоўку (кіпячэнне). Катэгарычна забараняецца выкарыстанне на корм свінням прадуктаў, якія ўтрымліваюць мясныя кампаненты або кампаненты, што атрыманы пасля кулінарнай апрацоўкі мяса (вада пасля мыцця мяса, мясарубкі, нажоў, апрацоўчых дошак, сталоў і інш.).

Забараняецца выкідваць трупы жывёлы, адходы ад утрымання і перапрацоўкі на звалкі, абочыны дарог. Захаванне і знішчэнне трупаў жывёлы павінна ажыццяўляцца ў адпаведнасці з ветэрынарна-санітарнымі правіламі.

Парушэнне правілаў утрымання жывёлы ва ўласных падсобных гаспадарках грамадзян цягне за сабою папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да дваццаці базавых велічынь. За стварэнне ўмоў для ўзнікнення і распаўсюджвання заразных хвароб, у т. л. афрыканскай чумы свіней, законам прадугледжана як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасць.

Анатолій ГУСАЧОНАК, галоўны ветэрынарны ўрач раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *