Тема недели

Нумары Тэма тыдня

Анлайн-канферэнцыя «Уступная кампанія — 2015» з удзелам міністра адукацыі Беларусі Міхаіла Жураўкова і спецыялістаў ведамства прайшла 16 красавіка на сайце БЕЛТА.

На бюджэтныя месцы ў 2015 годзе плануецца прыняць у ВНУ Беларусі 27,9 тыс. абітурыентаў, у ССНУ — 40,5 тыс., у ПТВ — 34,4 тыс.

«У бягучым годзе маем намер прыняць на ўзровень вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту — 27,9 тыс. абітурыентаў, што на 1 тыс. месц менш адносна плана 2014 года, калі планавалася прыняць 28,9 тыс. абітурыентаў», — паведаміў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў.

Пры гэтым плануецца павелічэнне кантрольных лічбаў прыёму, што забяспечваюць патрэбнасць у кадрах, у тым ліку Мінабароны — на 254 месцы, МНС — на 21 месца; сельскагаспадарчай галіны — на 22 месцы; індустрыі спорту — на 30 месц. Разам з тым намячаецца скарачэнне бюджэтных месц на медыцынскія спецыяльнасці (па рашэнні Міністэрства аховы здароўя — на 85 месц), спецыяльнасці культуры і мастацтва (па рашэнні Мінкультуры — на 60 месц).

Дадатковы набор будзе ажыццяўляцца ў дзённай бюджэтнай форме з 26 па 29 ліпеня (для ВНУ «сілавога» блока — з 24 па 27 ліпеня, для «творчых» — з 30 ліпеня па 1 жніўня). Нездавальняючыя адзнакі па выніках ЦТ для асоб, якія паступаюць у асноўныя тэрміны ўступнай кампаніі, і для асоб, якія паступаюць па дадатковым наборы, прымаюцца ідэнтычнымі і змяншацца не будуць.

Прыём у 2015 годзе на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі будуць ажыццяўляць 216 устаноў адукацыі. Умовы прыёму захаваны такія, як і ў 2014-м. Плануецца прыняць 40,5 тыс. чалавек. Асноўная структура прыёму захаваецца. Такія профілі адукацыі, як «тэхніка і тэхналогія», «архітэктура і будаўніцтва», «сельская і лясная гаспадарка», «ахова здароўя» ў агульным прыёме складуць 70 працэнтаў.

Міхаіл Жураўкоў расказаў, што гэтым летам прыём у ПТВ будуць праводзіць 185 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі амаль па 300 прафесіях. Акрамя таго, прыём для навучання па рабочых прафесіях будзе ажыццяўляць 31 установа адукацыі іншых узроўняў, што рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. З улікам патрэбнасці арганізацый галін эканомікі, дэмаграфічнай сітуацыі і вынікаў працаўладкавання выпускнікоў плануецца захаваць аб’ёмы і структуру прыёму для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі практычна на ўзроўні мінулага года і прыняць 34,8 тыс. чалавек, што складзе 100,8 працэнта, у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту — 34,4 тыс. чалавек (100,5 працэнта).

Новыя спецыяльнасці і прафесіі ў інфармацыйнай сферы прапануюць у 2015 годзе ВНУ, ССНУ і ПТВ Беларусі

Як адзначыў міністр, зусім новых спецыяльнасцей вышэйшай адукацыі ў 2015 годзе няшмат. Так, абітурыенты змогуць паступаць на «інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у харчовай прамысловасці)» — гэту спецыяльнасць упершыню прапануе Магілёўскі ўніверсітэт харчавання. Спецыяльнасць «нацыянальная эканоміка» адкрыта ў Беларускім эканамічным універсітэце, «геаінфармацыйныя сістэмы» — у Беларускім дзяржаўным універсітэце і Полацкім універсітэце. Ануляваны напрамак спецыяльнасці «геаграфія» — «геаінфармацыйныя сістэмы», паколькі адкрыта цэлая спецыяльнасць.

Набор на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі праводзіцца па 172 спецыяльнасцях. Новымі для гэтага ўзроўню адукацыі (прыём пачаты ў апошнія два гады) з’яўляюцца спецыяльнасці: «абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў», «мікра- і нанаэлектронныя тэхналогіі і сістэмы», «электроніка механічных транспартных сродкаў», «тэсціраванне праграмнага забеспячэння», «абсталяванне мэблевай вытворчасці», «мехатроніка» (кваліфікацыя рабочага з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй — «мехатронік 5 разраду (вытворчасць прадуктаў харчавання)», «мехатронік 5 разраду (халадзільнае абсталяванне)». Упершыню ў 2015 годзе будзе ажыццяўляцца набор на новую спецыяльнасць сярэдняй спецыяльнай адукацыі «праграмуемыя мабільныя сістэмы» ва ўстанове адукацыі «Мінскі дзяржаўны вышэйшы радыётэхнічны каледж». Пасля заканчэння навучання спецыялісты атрымаюць кваліфікацыю «тэхнік-электронік».

«Акрамя таго, у гэтым годзе мы адкрылі падрыхтоўку па запатрабаваных прафесіях рабочых у трох установах сярэдняй спецыяльнай адукацыі, падпарадкаваных Міністэрству адукацыі, па прафесіях машыніст горных вымальных машын, дзяжурны электраслесар (слесар) і па рамонце абсталявання — у Салігорскім горна-хімічным каледжы, электраманцёр ахоўна-пажарнай сігналізацыі — у Віцебскім політэхнічным каледжы, слесар па рамонце дарожна-будаўнічых машын і трактароў, машыніст самаходнага катка — у Гомельскім дарожна-будаўнічым каледжы», — сказаў міністр.

«У структуры прыёму плануецца захаваць тэндэнцыі мінулага года: спецыяльнасці рэальнага сектара эканомікі складуць амаль 80 працэнтаў», — падкрэсліў Міхаіл Жураўкоў. У мэтах удасканалення структуры падрыхтоўкі з улікам патрэбнасцей рэгіянальных рынкаў працы ў 2015 годзе плануецца спыніць прыём па 185 незапатрабаваных прафесіях і адкрыць падрыхтоўку па 174 новых для асобных устаноў прафтэхадукацыі прафесіях. Пры гэтым апошнія тры гады адкрыта падрыхтоўка па новых кваліфікацыях (па якіх раней падрыхтоўка не ажыццяўлялася): «аператар часальнага абсталявання», «аператар аўтаматызаванага раскройнага комплексу», «аператар аўтаматызаванага насцілачнага комплексу», «вырабляльнік марожанага», «аператар механізаваных і аўтаматызаваных складоў», «агент па арганізацыі абслугоўвання аўтамабільных перавозак».

Выпускнікі 11-х класаў у 2015 і 2016 гадах будуць здаваць толькі сучасную гісторыю Беларусі

«У 9-м класе гісторыя Беларусі заканчваецца 1917 годам, а сучасны этап вывучаюць у 10-11-х класах. Таму экзамен і перанесены на 11-ы клас, каб вучань здаў экзамен за ўвесь курс гісторыі. Гэта прафілізацыя па гісторыі ўведзена ў 2008 годзе. Тыя школьнікі, якія будуць у 2015 і 2016 годзе здаваць выпускныя экзамены, будуць здаваць гісторыю за 10-11-ы класы. Тое, што яны здалі ў 9-м класе, ім цяпер здаваць не трэба», — растлумачыў міністр.

У цэнтралізаванае тэсціраванне ў Беларусі ўключана кітайская мова

Аб гэтым паведаміў начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Раманюк.

Плануецца, што ЦТ будзе праводзіцца з 14 па 27 чэрвеня. Рэзервовы дзень — 2 ліпеня. Акрамя таго, у адзін дзень (27 чэрвеня) плануецца здача двух прадметаў — сусветнай гісторыі навейшага часу і геаграфіі.

Сяргей Раманюк паведаміў таксама, што па даручэнні Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі Мінадукацыі распрацаваны і ўнесены ў Савет Міністраў праект пастановы, дзе прадугледжана павелічэнне аплаты за рэгістрацыю на ЦТ. Аплата ўстанаўліваецца ў памеры 0,1 базавай велічыні (раней аплата рэгістрацыі не прывязвалася да базавай велічыні і складала Br10 тыс.).

Таксама ўводзіцца норма, якая дае магчымасць падаваць дакументы на рэгістрацыю, атрымліваць сертыфікат ЦТ прадстаўнікам абітурыентаў у выпадку адсутнасці па ўважлівай прычыне такой магчымасці ў саміх абітурыентаў (раней — толькі асабіста) і рэгламентаваны ўмовы і парадак выдачы Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў дублікатаў сертыфікатаў ЦТ.

Што датычыцца пытання аб адзнаках, прыраўноўваемых да нездавальняючых па выніках ЦТ, то гэты дакумент таксама распрацаваны, сказаў Сяргей Раманюк. У параўнанні з 2014 годам зменены падыход да вызначэння «ніжніх парогавых» балаў ЦТ. Ён дыферэнцыраваны адносна ўзроўню ведаў абітурыентаў па вучэбных прадметах, якія адпавядаюць профільным іспытам — першаму і другому. Пры гэтым «ніжнія парогавыя» значэнні па першым профільным прадмеце пакінуты на ўзроўні 2014 года, а «ніжнія парогавыя» значэнні прахадных балаў па другім профільным прадмеце — на 5 балаў ніжэйшыя, чым у 2014 годзе. Напрыклад, па першым профільным прадмеце па фізіцы, матэматыцы, хіміі, біялогіі — 15 балаў, а па другім профільным прадмеце па тых жа прадметах — 10 балаў.

Так, у 2015 годзе нездавальняючымі адзнакамі ўстаноўлены: па першым прадмеце профільнага іспыту — матэматыка, фізіка, хімія, біялогія — ад 0 да 14, а па прадметах гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя навейшага часу, грамадазнаўства, геаграфія, замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) — ад 0 да 19. Па другім прадмеце профільнага іспыту — матэматыка, фізіка, хімія, біялогія — ад 0 да 9; гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя навейшага часу, грамадазнаўства, геаграфія, замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) — ад 0 да 14. Па рускай і беларускай мовах нездавальняючыя адзнакі — ад 0 да 10 балаў.

Так званыя парогавыя значэнні ў ВНУ Мінабароны, МНС, Дзяржпагранкамітэта; на ваенныя факультэты дзяржаўных ВНУ; у дзяржаўныя ВНУ па групах спецыяльнасцей «вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства», «жывёлагадоўля, рыбаводства, пчалярства», «сельскае будаўніцтва і добраўпарадкаванне тэрыторый», «меліярацыя і водная гаспадарка», «аграінжынерыя» і ў ВНУ МУС на месцы дадатковага набору ўстаноўлены ад 0 да 4 балаў.

Мінадукацыі нагадвае аб змяненні пераліку профільных уступных іспытаў у ВНУ

З гэтым пералікам можна азнаёміцца на партале Міністэрства адукацыі.

«Мы былі абавязаны на падставе Правіл прыёму вызначыць пералік груп спецыяльнасцей і адпаведных ім профільных іспытаў не пазней як за 10 месяцаў да пачатку рэгістрацыі на ЦТ. Пастанова Мінадукацыі нумар 91 аб уступных іспытах на 2015 год была зацверджана яшчэ 1 ліпеня 2014 года і шырока асвятлялася ў сродках масавай інфармацыі», — сказаў Міхаіл Жураўкоў.

Міністр нагадаў, што па некаторых спецыяльнасцях зменены профільныя іспыты, па некаторых — прыярытэты профільных экзаменаў. Напрыклад, асобы, якія паступаюць на спецыяльнасць «пачатковая адукацыя», будуць здаваць біялогію (раней матэматыку), і гісторыю Беларусі, на групы спецыяльнасцей «права» — грамадазнаўства і замежную мову (раней матэматыку), на «грамадскае харчаванне» — хімію (раней фізіку) і матэматыку.

Медалісты і пераможцы алімпіяд у Беларусі могуць паступаць без экзаменаў на 22 педагагічныя спецыяльнасці

«Абітурыенты маглі загадзя падумаць аб кар’еры педагога, паколькі пералік педспецыяльнасцей, пры паступленні на якія залічваюцца без уступных іспытаў асобныя катэгорыі абітурыентаў па рэкамендацыі ўстаноў адукацыі, дзе яны навучаліся, зацверджаны пастановай Мінадукацыі яшчэ ў 2014 годзе, і на гэты раз змяненні ў гэты нарматыўны прававы акт не ўносіліся», — сказаў міністр.

Паводле яго слоў, у пералік спецыяльнасцей увайшлі так званыя вострадэфіцытныя спецыяльнасці, запатрабаваныя цяпер у рэспубліцы, — дашкольная і пачатковая адукацыя, гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны, біялогія, хімія, геаграфія, матэматыка, інфарматыка, фізіка, тэхнічная творчасць, беларуская мова і літаратура, руская мова і літаратура, тэхнічная праца і прадпрымальніцтва, абслуговая праца, выяўленчае мастацтва, лагапедыя, сурдапедагогіка, тыфлапедагогіка, алігафрэнапедагогіка, сацыяльная педагогіка і інш. Усяго ў спісе 22 спецыяльнасці, з імі можна азнаёміцца на партале Міністэрства адукацыі.

Важна ведаць абітурыентам і яшчэ адну акалічнасць — пастановай Мінадукацыі ад 13 красавіка 2015 года нумар 20 зацверджана форма рэкамендацыі педагагічнага савета ўстановы адукацыі, у якой навучаўся абітурыент.

У Беларусі ў 2015 годзе захаваюцца пэўныя льготы пры паступленні на сельгасспецыяльнасці

«Пэўныя льготы на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, як і ў мінулым годзе, застануцца. Гэта значыць бал цэнтралізаванага тэсціравання па профільных прадметах пры паступленні ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю будзе ніжэйшы, чым у іншыя ўніверсітэты. Так, мінімальны бал, які павінен набраць абітурыент, — не ніжэйшы за 5», — адзначыў кіраўнік ведамства Міхаіл Жураўкоў.

Ён звярнуў увагу, што ў гэтым годзе льгота пры паступленнi на педспецыяльнасці без экзаменаў для школьнікаў, якія маюць залаты або сярэбраны медаль, таксама застаецца. «Мы шмат размаўлялі з рэктарам нашага мінскага педагагічнага і іншых педуніверсітэтаў. Яны з задавальненнем адзначаюць, што гэта падзейнічала — прыйшлі добрыя, моцныя па ведах абітурыенты, якія льготай скарысталіся», — канстатаваў міністр.

Як паведамлялася, у Беларусі ў 2015 годзе на 22 педагагічныя спецыяльнасці медалісты і пераможцы алімпіяд могуць паступаць без экзаменаў.

У Беларусі павялічаны тэрмін прыёму дакументаў на бюджэтныя месцы

Усе дакументы Мінадукацыі, якія рэгламентуюць правядзенне ў 2015 годзе ўступнай кампаніі, знаходзяцца на юрыдычнай экспертызе і будуць апублікаваны ў бліжэйшы час.

«Пакуль жа магу сказаць, што ў мэтах больш поўнага задавальнення патрэбнасцей абітурыентаў прадугледжана развядзенне па тэрмінах прыёму за кошт сродкаў бюджэту (больш раннія часавыя рамкі) і прыёму на платнай аснове (больш познія). Рэгламентаваны часавыя рамкі арганізацыі прыёму на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, паступленне на якія магчыма толькі пасля завяршэння сельгасработ», — расказаў начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Раманюк.

У параўнанні з 2014 годам павялічаны на 2 дні тэрмін прыёму дакументаў на бюджэт — з 8 па 15 ліпеня (уступныя іспыты ва ўстановах вышэйшай адукацыі пройдуць з 16 па 21 ліпеня), рэгламентаваны тэрміны прыёму дакументаў, правядзення гутаркі і залічэння на вакантныя месцы грамадзян Луганскай і Данецкай абласцей Украіны (у адпаведнасці з указам ад 30 жніўня 2014 года нумар 420) — з 26 ліпеня па 1 жніўня. Грамадзяне Луганскай і Данецкай абласцей будуць удзельнічаць у конкурсе на бюджэтныя вакантныя месцы ў ходзе дадатковага набору, пасля залічэння грамадзян Беларусі.

Прыём дакументаў для грамадзян рэспублікі на платнай аснове ў ВНУ пройдзе з 8 ліпеня па 2 жніўня. Грамадзяне Луганскай і Данецкай абласцей змогуць удзельнічаць у конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі на ўмовах аплаты, прадугледжаных для беларускіх грамадзян, — па 15 кастрычніка.

Прадугледжана задавальненне інтарэсаў абітурыентаў, якія не прайшлі па конкурсе на спецыяльнасці, што патрабуюць спецыяльнага прафесійнага адбору (творчыя, ваенныя). Для іх устаноўлены больш раннія часавыя рамкі прыёмнай кампаніі.

Кошт навучання ў беларускіх ВНУ і ССНУ павышацца ў разы не будзе — Жураўкоў

«Калі я скажу, што кошт навучання зусім не будзе змяняцца, то гэта, напэўна, няправільна. Кошт навучання будзе змяняцца, асабліва для навучэнцаў першага курса, але гэта ўсё звязана са змяненнем тарыфнай стаўкі першага разраду. Будзе змяняцца стаўка першага разраду — будзе змяняцца кошт навучання. Але ў разы, зразумела, не павялічыцца», — адзначыў Міхаіл Жураўкоў.

Паводле яго слоў, гэта пытанне ўзгадняецца з Міністэрствам фінансаў і Міністэрствам эканомікі, а таксама сур’ёзна абмяркоўваецца ў Савеце Міністраў і Адміністрацыі Прэзідэнта.

На пытанне аб тым, ці сапраўды расіяне, якія навучаюцца ў Беларусі, плацяць значна больш, чым беларусы, кіраўнік ведамства заўважыў, што яны «маюць магчымасць навучацца ў нас па розных так званых уступных праграмах». У прыватнасці, ім прадастаўлена права паступаць у навучальную ўстанову на тых жа правах, што і беларусам. «Гэта значыць, калі абітурыент паспяхова здае цэнтралізаванае тэсціраванне, то праходзіць на бюджэт. Калі не хапае балаў, можна ісці на платнае навучанне таксама на правах беларуса. І кошт навучання будзе такі ж, як і для беларуса», — растлумачыў ён.

Акрамя таго, расіянам можна навучацца ў Беларусі як замежным грамадзянам, не здаючы ЦТ. «У гэтым выпадку грамадзянін Расіі аплачвае вучобу як іншаземец, — сказаў Міхаіл Жураўкоў. — Часта гэтыя паняцці блытаюць, гавораць: «Я расіянін і плачу больш», але пры гэтым хітруюць, што не здавалі ЦТ, а проста прайшлі гутарку».

Ён таксама дадаў, што беларускія студэнты, якія хочуць навучацца ў Расіі, у сваю чаргу здаюць Адзіны дзяржаўны экзамен.

Колькасць ВНУ ў Беларусі ў бліжэйшы час не будзе зменшана

«Удасканаленню няма мяжы, і мы, зразумела, займаемся аптымізацыяй сістэмы адукацыі ў цэлым, вывучаем вопыт нашых суседзяў, вопыт, які назапашаны ў нас. Але цвёрда заяўляю, што ў бліжэйшым будучым колькасць вышэйшых навучальных устаноў у Беларусі не будзе зменшана», — адзначыў міністр.

Паводле слоў Міхаіла Жураўкова, аптымізацыі сістэмы вышэйшай адукацыі дапаможа сеткавая арганізацыя навучання ў ВНУ. «Сеткавая арганізацыя азначае, што нашы ўніверсітэты кааперыруюцца ў навучальную сетку па профільным прынцыпе. Мы вельмі хацелі б, каб прафесура вядучых універсітэтаў выязджала ў рэгіянальныя ВНУ або ўніверсітэты, у якіх навучаюцца студэнты па тых жа спецыяльнасцях, для чытання спецыяльных курсаў і была ўнутраная міграцыя студэнтаў. Напрыклад, студэнты з Брэста, Гродна, Гомеля прыязджалі ва ўніверсітэты ў Мінску або ў іншых рэгіёнах на семестр для праслухоўвання пэўных лекцый, каб паглядзець лабараторныя работы або прайсці практыку на спецыяльным высокатэхналагічным прадпрыемстве. І гэтя курсы будуць залічвацца ў іх навучальным працэсе, а далей студэнты вяртаюцца назад. Пры гэтым будзе добра відаць, якія ўніверсітэты ў нас больш моцныя, дзе ёсць добрыя кадры і што карыстаецца папулярнасцю ў студэнтаў», — растлумачыў ён.

Міністр адукацыі падкрэсліў, што ВНУ павінны імкнуцца павышаць якасць адукацыйнага працэсу. «У адваротным выпадку мы будзем ставіць пытанне, каб такія вышэйшыя навучальныя ўстановы былі не ўніверсітэтамі, а напрыклад, інстытутамі ў складзе нейкай вядучай ВНУ або нават пераходзілі на прыступку ніжэй і станавіліся каледжамі, што, вядома, дрэнна. Але ў бліжэйшыя год-два мы не ставім ніякіх пытанняў аб закрыцці або скасаванні ўніверсітэтаў», — рэзюмаваў ён.

Больш за 90 працэнтаў бюджэтнікаў у ВНУ Беларусі размяркоўваюць па заяўках работадаўцаў

«Больш за 90 працэнтаў бюджэтнікаў ва ўсіх універсітэтах размяркоўваюцца па заяўках, па некаторых універсітэтах гэта лічба дасягае 95-96 працэнтаў. Мы гэтым пытаннем займаемся пастаянна і плануем правесці разам з Мінэканомікі і Мінпрацы спецыяльную нараду, якая будзе прысвечана пытанню планавання колькасці неабходных спецыялістаў для задавальнення патрэбнасцей работадаўцаў. Яна павінна адбыцца літаральна праз некалькі тыдняў», — растлумачыў міністр адукацыі.

Міхаіл Жураўкоў падкрэсліў, што вызначэнне неабходнай колькасці студэнтаў па спецыяльнасцях заўсёды пачынаецца загадзя — фарміраванне заказу на спецыялістаў адбываецца за некалькі гадоў. У гэтым працэсе задзейнічаны і спажыўцы спецыялістаў (работадаўцы), і Міністэрства адукацыі, і кожны ўніверсітэт, кожны факультэт і кафедра, якія збіраюць заяўкі ў патэнцыяльных работадаўцаў аб патрэбнасці ў спецыялістах па гадах. Потым гэтыя веды акумулююцца ў Мінадукацыі. «Праўда, напэўна, няма такой галіны, у якой на сто працэнтаў можна было б прадугадаць патрэбнасць у спецыялістах на 5-6-10 гадоў наперад. Заўсёды ёсць верагоднасць не трапіць у дакладную колькасць. Гэта і следства нейкіх аб’ектыўных акалічнасцей: напрыклад, рэзкі скачок патрэбнасці ў нейкіх спецыялістах. Ёсць і суб’ектыўныя прычыны: спецыяліст, калі заканчвае навучанне, жэніцца або выходзіць замуж, выязджае», — канстатаваў міністр.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *