Названа ў гонар танкістаў

Вялікай Перамозе прысвячаецца Да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Нумары Памяць

17-04-2015-24

Сярод шматлікіх вуліц у нашым райцэнтры ёсць адна з не зусім звычнай назвай – вуліца Танкістаў. Цягнецца яна праз горад да маста на рацэ Нёман. Вакол вуліцы па абудва бакі месцяцца прыгожыя сядзібы пражываючых тут стаўбчан. Старажылы добра памятаюць гарачыя ліпеньскія дні 1944 года, калі разгортваліся жорсткія баі па вызваленні Стоўбцаў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Гітлераўцы ў раёне чыгуначнага і драўлянага мастоў на правым беразе Нёмана сканцэнтравалі значныя сілы пяхоты, зенітчыкаў, іншых родаў войск. Яны імкнуліся любой цаной спыніць наступленне нашых войск.

Баі разгарнуліся 2 ліпеня 1944 года. У іх асабліва вызначыліся танкісты 134-га танкавага палка, што ўваходзілі ў склад 30-й кавалерыйскай дывізіі, якой камандаваў генерал-маёр В. С. Галаўскі.

Як успамінаў камандзір адной з такіх баявых машын М. А. Салагуб, успаміны якога змешчаны ў кнізе «Памяць. Стаўбцоўскі раён», перад кавалерыстамі дывізіі і 134-ым танкавым палком была пастаўлена задача ажыццявіць начны 40-кіламетровы марш з-пад Глуска і Слуцка, Капыля і Старых Дарог, і на світанку 2 ліпеня авалодаць горадам Стоўбцы, пазбавіўшы ворага апошняй чыгуначнай магістралі, якая вяла на захад.

На світанку часці дывізіі ўварваліся ў левабярэжны прыгарад Стоўбцаў Новы Свержань. Удар быў ашаламляльны. Уцякаючы ў паніцы, гітлераўцы кінулі шмат баявой тэхнікі. Зусім непашкоджанымі былі і масты праз Нёман. Аднак з ходу выкарыстаць іх для вызвалення Стоўбцаў казакам не ўдалося. Усё ж колькаснай была перавага ворага. Да таго ж фашыстам удалося падцягнуць браняпоезд, які няшчадна засыпаў казакаў снарадамі.

У гэты крытычны для нашых войск момант вызначыўся экіпаж танка, якім камандаваў лейтэнант А. П. Зыранаў. Яго танк першым праскочыў мост і, ведучы знішчальны агонь, забяспечыў пераправу праз Нёман іншым танкам першай і другой ротаў. Экіпажам быў знішчаны чыгуначны вагон з гітлераўцамі. У гэтым няроўным баі танк Зыранава быў падпалены. Немцы акружылі баявую машыну і прымушалі танкістаў здацца ў палон. Але з палаючага танка экіпаж адказаў кулямётным агнём. Гераічны экіпаж у складзе лейтэнанта А. П. Зыранава, механіка-вадзіцеля М. М. Глазкова, яго памочніка У. А. Савінава, камандзіра стралковай вежы І. І. Сазонава, радыста-стралка А. М. Ягорава загінуў, але ворагу не здаўся. За гэты подзвіг танкісты былі ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны пасмяротна.

Пасля смелай атакі танкістаў Зыранава варожы браняпоезд пачаў дзейнічаць больш асцярожна. Хаваючыся ў густым дыме і пары, ён выкатваўся з укрыцця і паліваў казакаў шквальным агнём. Потым зноў хаваўся пад укрыццё чыгуначнай выемкі.

Салагуб і яго танкісты заўважылі, што ў час адыходу ва ўкрыццё з браняпоезда гублялася назіранне за мастамі. Лічаныя мінуты, і танк апынуўся каля выемкі, за якой укрываўся нямецкі браняпоезд. Аднак перад танкістамі ў гэты кароткі прамежак часу ўзнікла непрадбачаная сітуацыя: на лугавой паляне паблізу ад браняпоезда стаялі дзве варожыя гарматы і мінамётная батарэя.

Усё вырашалі секунды. Разгубленасць сярод танкістаў магла каштаваць ім жыцця. Але яны праявілі рашучасць і вытрымку. Танк пад камандаваннем Салагуба памчаўся прама на гарматы. Імгненне – і пакаробленыя гарматы засталіся ззаду танка. Наперадзе была нялёгкая схватка  з браняпоездам. Зразумела, танк па сваёй баявой магутнасці нельга параўнаць з браняпоездам, але ў руках танкістаў Салагуба была важная перавага – манёўр. Выпушчаныя танкістамі больш за 20 бранябойных снарадаў вырашылі справу, шлях на Стоўбцы быў адкрыты. Каля 11-й гадзіны раніцы горад быў у руках кубанцаў. Экіпаж танка Салагуба першым уварваўся ў горад, наносячы ворагу значныя страты.

Але супакойвацца было рана. Над горадам з’явіліся эскадрыллі варожых бамбардзіроўшчыкаў. Стоўбцы з трох бакоў былі контратакаваны танкамі і пяхотай. З боку Мінска прыбывалі эшалоны з войскамі і баявой тэхнікай. Горад патануў у густым дыме і полымі. Завязаліся ўпартыя вулічныя баі. Да ночы 2 ліпеня кавалерысты і танкісты ўсё ж выбілі фашыстаў з райцэнтра. Аднак на паўночнай яго частцы ворагу ўдалося ўмацаваць пазіцыі. Нашы байцы праяўлялі мужнасць і адвагу. Адбіваючы варожую атаку, загінуў камандзір гарматы баявой машыны «Т-34» Іван Ішкоў. Мужна змагаліся танкісты Салагуба ў вулічных баях 3 і 4 ліпеня. Разгубленыя гітлераўцы кідаліся паміж пабудоў, гінулі ад куль і пад гусеніцамі яго танка.

Вызначыўся экіпаж Мікалая Салагуба і ў далейшых баявых аперацыях. Так, 17 ліпеня 1944 года ў раёне вёскі Відомля Камянецкага раёна імі былі знішчаны чатыры варожыя танкі.

26 верасня 1944 года за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях з ворагам, Мікалаю Андрэевічу Салагубу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Стаўбчане помняць герояў танкістаў. Імёны загінуўшых залатымі літарамі напісаны на гранітных плітах на плошчы Бессмяротнасці. У гонар танкістаў названа адна з вуліц райцэнтра.                                           

Аляксандр ТУРКО

Не забуду да канца сваіх дзён

Гаротнае дзяцінства, апаленую вайной маладосць, руплівыя пасляваенныя гады і спакойную старасць падарыў лёс жыхарцы Старога Свержаня Надзеі Лапко. За свае 92 гады жыцця, а менавіта столькі споўнілася жанчыне ў сакавіку, яна вельмі многа перажыла. Глыбока запалі ў памяць успаміны   дзяцінства. Бацька, Канстанцін Радзіон, ваяваў у першую сусветную вайну. Без слёз Надзея Канстанцінаўна не змагла перадаць увесь той жах, які яму прыйшлося перанесці.

– Атручаны ўдушлівым газам, з перабітаю рукою тата трапіў у палон. Чатыры гады і сем месяцаў зняволення падкасілі яго здароўе. Двойчы ён спрабаваў уцячы. Першая спроба была няўдачнай, за што яго жорстка пакаралі. У вузкім цёмным пакоі паставілі прыстасаванне, каб ён не мог рухацца і на цемя капала ледзяная вада, – дрыготкім голасам паведала жанчына. – Другі раз пашанцавала. Неўзабаве ажаніўся. Не маючы магчымасці выконваць цяжкую працу, тата рамантаваў гадзіннікі. Так і жылі.

Надзея Канстанцінаўна паказвае зжаўцелы фотаздымак бацькі. Побач кладзе фатаграфію мужа ў ваеннай форме і пахавальную,  дзе запісана, што радавы Іван Акіндзінавіч Віхараў, праявіўшы у баі геройства і мужнасць, быў забіты 9 кастрычніка 1944 года і пахаваны на паўднёвай акраіне г. Навагруд, Беластоцкай воласці, Ломжынскага павета. 

– Пазнаёмілася са сваім нябожчыкам мужам, калі ён адбываў у нашым раёне тэрміновую воінскую службу, – працягвае расказ Надзея Канстанцінаўна. – Служыў ён пісарам у чыгуначным будаўнічым батальёне. Быў веруючым і бацькі мае таксама, таму мы вянчаліся ў царкве. На той час гэта быў рэдкі выпадак. А шлюб у ЗАГсе ўзялі праз месяц, акурат 12 красавіка 1941 года. Ваня сказаў, што трэба абавязкова распісацца, маўляў, мала што бывае.

І сапраўды, нядоўгім было шчасце маладых. Пачалася вайна і летам таго ж года Івана Віхарава прызвалі на фронт. Час быў  страшны. Разам з бацькамі Надзея Канстанцінаўна пераехала ў вёску, да сваёй дваюраднай сястры. Там зямля была і немалая гаспадарка, можна было неяк жыць.

– А праз месяц нечакана прыходзіць мой Ваня, я яго нават не пазнала. У цывільнім адзенні, з барадой. Як аказалася, выйшаў з акружэння і цудам застаўся жывым. Муж застаўся з намі, аднак пастаянна хаваўся ад немцаў. Пасля вызвалення Стоўбцаў яго прызвалі ў другі раз. І ўжо назаўсёды.

Па шчацэ Надзеі Канстанцінаўны скацілася слязінка. Любіла яна свайго Івана. Расказала, што на «гражданцы» муж працаваў бухгалтарам у канторы па нарыхтоўцы збожжа, дзе яго цанілі, бо дакументацыю вёў дакладна і беспамылкова. І чалавекам быў прыстойным.

– Пасля заканчэння школы я ездзіла на радзіму бацькі ў Валагодскую вобласць, – уступае ў размову дачка Тамара Іванаўна. –  Вельмі хацелася пабачыць, дзе ён нарадзіўся, сустрэцца з роднымі. У вёсцы Сямёнаўскае тады пражывалі тры яго сястры. А вось браты, а акрамя майго бацькі было яшчэ двое,  усе загінулі на вайне. Старэйшыя людзі, што ведалі майго тату, вельмі хвалілі яго, гаварылі, што добрым быў, усім дапамагаў.

Абдымаючы дачку, Надзея Канстанцінаўна расказала, як у акупацыю уратаваў яе крывінку ад смерці нямецкі ўрач. Тамара, якой ішоў другі год, моцна захварэла. Ніякія лекі не дапамагалі, і дзяўчынка слабела на вачах. 

– Тады тата сказаў мне, каб несла дзіця да нямецкага доктара, – успамінае пажылая кабета. – Вельмі хвалявалася, што той не пусціць мяне. Але немец не адмовіў, прыняў і параіў чым лячыць. Каб аддзячыць за кансультацыю, прапанавала яму кавалак масла. Але афіцэр падышоў да мяне, паклаў руку на плячо і сказаў: «Фрау такая худзенькая, трэба, каб яна сама з’ела гэта масла, каб мець сілы, і вылечыла дачку». Усё гэта мне перакладчык гаварыў. Дзякуючы гуманізму нямецкага ўрача Тамара выжыла, за што да сённяшняга дня вельмі яму ўдзячная. А інакш не працягнуўся б наш род.

Надзея Канстанцінаўна паказала вялікі фотаздымак, які стаіць у зале на канапе. На ім зазнята  яна сама, дачка, унучка і праўнучка з прапраўнучкай. Маленькую дачку Іван Віхараў гушкаў на руках, а вось пабачыць унукаў яму не давялося.

Пасля заканчэння вайны сям’і прыходзілася вельмі цяжка. Напярэдадні вызвалення ад нямецкай акупацыі загінуў пасля адной з бамбёжак бацька. Жылля не было. З маленькай дачкой на руках, маці і малодшай сястрой, якая атрымала ў вайну кантузію, Надзея Віхарава жыла ў гаспадыні ў Шашках. Менавіта там і пазнаёмілася са сваім другім мужам.

– Быў ён больш як на дваццаць гадоў старэйшым за мяне, – расказвае жанчына, – пазваў замуж, і я згадзілася. Надакучыла па чужых вуглах туляцца. Пражыла з Якавам душа ў душу трыццаць шэсць гадоў. Ён ніколі не крыўдзіў мяне, любіў і шанаваў Тамару, як сваю родную дачку.

Якаў Лапко таксама ваяваў, быў паранены і вярнуўся з вайны інвалідам. Ужо трыццаць тры гады прайшло, як яго няма ў жывых. Так атрымалася, што Надзея Канстанцінаўна двойчы ўдава. Напрыканцы размовы, паклаўшы рукі на калені, яна ціхім голасам сказала:

– Я пражыла нялёгкае жыццё, але дзякуй Богу дзеці і ўнукі выраслі дастойнымі людзьмі і ёсць каму ў старасці мяне даглядаць. А светлую памяць аб маіх воінах-мужчынах захаваю да канца сваіх дзён. 

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

Па вуліцах крочыць вясна

Па вуліцах крочыць вясна,

Прыроду сваёй прыгажосцю кранае.

Заўжды з Перамогаю дружыць яна,

На звонкай струне сваю музыку грае.

Чуваць незабытыя песні дзядоў,

Якія прайшлі той ваеннай дарогай.

Хай Вечны агонь і жалоба званоў

Знітоўваюць нас са святлом Перамогі.

Вось вербы схілілі галовы свае

Ля стэлы высокай,над шэрым гранітам.

Крыжамі нябёсы царква дастае,

Каб душы святлелі ад шчырых малітваў.

Далей і далей адыходзяць гады,

Што звязаны з жорсткай і страшнай вайною.

Ізноў Перамога прыходзіць сюды –

У горад наш Стоўбцы дзівоснай парою.

Нас хутка парадуе сонечны май

Зялёнай лістотай на белых бярозах.

За добрых людзей, за стаўбцоўскі наш край –

То гонар, то смутак, то светлыя слёзы…

Няхай шпацыруе і зорыць вясна! –

У гэтай хадзе многа мужнасці, сілы,

Яна Перамогу прыносіць здаўна

У родны наш кут, непаўторны і мілы.       

Яўген КАРПУЦЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *