З «проСВЕТлением»

Год моладзі Нумары

17-04-2015-32

У пярэдадзень светлага Хрыстова Уваскрэсення Стаўбцоўшчына прымала ўдзельнікаў маладзёжнага фестывалю-выстаўкі Мінскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «БРСМ».

Маладзёжны фестываль-выстаўка «проСВЕТление» –  так крэатыўна называўся  гэты праект, мэтай якога стала не толькі дэманстрацыя лепшых творчых і кулінарных работ моладзі Міншчыны, прысвечаных Вялікадню, але і заахвочванне дзяцей і моладзі да праваслаўнай культуры, садзейнічанне іх духоўна-маральнай асвеце і выхаванню, прыцягненне ўвагі грамадскасці да аднаўлення храмаў і адраджэння царкоўных рамёстваў. Сімвалічна, што разам з актывам БРСМ на фестываль-кірмаш былі запрошаны і валанцёры, моладзь, якая паказала сябе ў рэспубліканскай акцыі «Аднаўленне святынь Беларусі». Сярод іх пашчасціла быць і Дар’і Борыс, вучаніцы 9 «Б» класа гімназіі № 1 г. Стоўбцы.       

Для ўдзелу ў фестывалі-кірмашы, які праходзіў на базе раённага Цэнтра культуры, зарэгістраваліся прадстаўнікі 19-ці раёнаў Міншчыны. Яны прыехалі са сваімі вырабамі, а некаторыя – і разам з народнымі ўмельцамі, якія дзяліліся сакрэтамі велікоднага роспісу яек, фігурнай лепкі з цеста, бісерапляцення. Стаўбцоўскі раённы камітэт БРСМ прадстаўлялі надзвычай арыгінальныя работы выкладчыка Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў Ганны Мартыненка (у яе калекцыі велікодных яек – яйкі тэкстыльныя, скраббукінгавыя, бісерныя), а таксама педагогі Стаўбцоўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Аўгусціновіч і Аляксандра Клышка. Яны, майстрыцы работы з глінай, правялі для жадаючых майстар-клас. Забягаючы наперад, варта агучыць радасныя вынікі агляду выстаўкі: велікодная кампазіцыя нашага раённага камітэта была аднесена да ліку пяці, прызнаных пераможцамі, за што першаму сакратару Анастасіі Калодзінскай уручана Грамата Мінскага абласнога камітэта БРСМ. 

Сваі прывітанні ўдзельнікам маладзёжнага фестываля-кірмашу адрасавалі намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель, в. а. першага сакратара Мінскага абласнога камітэта ГА «БРСМ» Кацярына Канановіч і свяшчэннік кафедральнага сабора праведнай Ганны ў г. Стоўбцы Георгій Кур’ян. З удзелам святара і актыву абласнога камітэта ГА «БРСМ» ладзіўся адкрыты дыялог «Маладосць. Традыцыі. Будучае», на якім абмяркоўвалася тэма моладзі і яе месца ў сучасным грамадстве, гучалі адказы на хвалюючыя для маладых пытанні: узаемаадносіны з равеснікамі, дружбы і кахання, стварэння сям’і. Маладзёжным лідарам Міншчыны свяшчэннік падараваў брашуры, якія прынясуць карысць для душы.

Падчас маладзёжнага фестывалю-кірмашу не застаўся без увагі і старажытны кафедральны сабор праведнай Ганны ў г. Стоўбцы – сапраўднае ўпрыгажэнне нашага горада і цэнтр яго духоўных памкненняў. Нікога не пакінула раўнадушным экскурсія па храму, знаёмства з укладам жыцця праваслаўнай моладзі, якой, дзякуючы дзейнасці пры храме нядзельнай школы, праваслаўнага клуба, бібліятэкі, становіцца ўсё больш. Вось і для юнакоў і дзяўчат-валанцёраў у сценах храма знайшоўся такі цікавы і нестандартны «дыялог», як брэйн-рынг на рэлігійную тэматыку, з уручэннем дапытлівым і кемлівым салодкіх прызоў.

–  Фестываль «проСВЕТление» – гэта пацвярджэнне гатоўнасці моладзі жыць па законах маралі, быць адкрытымі для творчасці, пазнання і любові да ўсяго, што створана Усявышнім. Гэта асэнсаваны выбар на карысць міру, дабра і гармоніі, – падвяла вынік першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская і выказала ўдзячнасць за дапамогу ў правядзенні свята на высокім узроўні благачыннаму цэркваў Стаўбцоўскай акругі протаіерэю Аляксандру Марцінчыку, Шашкоўскай дзіцячай школе мастацтваў, Стаўбцоўскаму цэнтру творчасці дзяцей і моладзі, раённаму Цэнтру культуры, аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

Нельга не сказаць пра адну з традыцый, якая робіць Стаўбцоўшчыну сапраўды моцнай духоўна – гэта дзейнасць і развіццё абрадаў валанцёрскага руху ГА «БРСМ» «Добрае сэрца». У кожнай школе раёна створаны з ліку вучняў добраахвотныя атрады. У гарадскіх школах сфарміраваны валанцёрскія атрады: «Рука в руке» – у гімназіі № 1, «Брадобрей» – у сярэдняй школе № 2 і «Горящие сердца» – у сярэдняй школе № 3. Дзяўчаты і хлопцы наведваюць ветэранаў вайны і працы, дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў, дамы-інтэрнаты, каб аказаць пасільную дапамогу. Яны займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі школы і сваіх населеных пунктаў, месцаў воінскіх захаванняў і помнікаў, берагоў рэк і азёр, збіраюць другасныя матэрыяльныя рэсурсы.           

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота Васіля ЗЯНЬКО

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *