Суботнікі пайшлі – на палігоне ажыўленне

Добраўпарадкаванне Нумары

17-04-2015-35

За Новым Свержанем знаходзіцца раённы палігон цвёрдых бытавых адходаў, куды апошнім часам звозяцца адходы фактычна з усяго раёна. Цяпер, калі паўсюдна праходзяць веснавыя суботнікі, тут назіраецца прыкметнае ажыўленне. 

Адна за адной заязджаюць на выгрузку камунальныя машыны-«смеццявозы», якія цэнтралізаваным спосабам збіраюць бытавыя адходы ад насельніцтва, следам – трактары, нагружаныя як бытавымі адходамі, так і галлём, вулічным змётам.

– У раёне праходзяць суботнікі – смецця пабольшала, – адзначае майстар Стаўбцоўскага АКС Андрэй Смоўж і дае наступныя тлумачэнні: – Арганізацыі, у якіх заключаны дагавор з нашым прадпрыемствам, вязуць адходы сваім транспартам. Напрыклад, ДЭУ № 62, ДРБУ № 135, райспажыўтаварыства і іншыя. Устаноўлены вагі – груз адразу ўзважваецца. Але часцей за ўсё вадзіцель ці трактарыст прыязджае з дакументамі, у якіх ужо ёсць вага адходаў. У гэтым плане арганізацыі праяўляюць зацікаўленасць, бо ў залежнасці ад колькасці адходаў, прывезеных на палігон, ім выстаўляецца так званы экалагічны падатак.    

Усю тэхніку сустракае ля варот палігона рабочы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў Браніслаў Зубрыцкі. Падведамасная яму тэрыторыя агароджана сеткай. І для знаходжання рабочага на выпадак розных пагодных умоў прадугледжана невялікае памяшканне. 

– Правяраю дакументы і раблю адзнакі ў сваім рабочым журнале, паказваю, на якой пляцоўцы выгружацца, – тлумачыць Браніслаў Зубрыцкі свае абавязкі на працягу рабочага дня. 

Выгрузку неабходна каардынаваць, бо палігон цвёрдых бытавых адходаў раскінуўся на плошчы ў тры гектары і ўяўляе сабою шматузроўневую сістэму. Запаўняецца яна па частках, нібыта паверхі дамоў.

– Разам з тым, у гэтым напрамку яшчэ шмат прадстаіць работы, – звяртае ўвагу начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Сарока. Неаднойчы работнікі камунгаса прыцягваліся да адказнасці за парушэнне правіл эксплуатацыі палігона. У прыватнасці, за прыём драўнінных адходаў (іх можна было б выкарыстоўваць у якасці мясцовых відаў паліва на кацельнях), поліэтылену і гумаўтрымліваючых адходаў, зношаных шынаў, якія ўвогуле не захароньваюцца на палігоне (іх трэба складзіраваць асобна для далейшага накіравання на перапрацоўку). І з боку лясгаса выдаваліся папярэджанні –  за захламленасць прылеглай тэрыторыі.       

Патэнцыял палігона яшчэ не вычарпаны, аднак змяншаецца імгненна. Толькі за адзін мінулы год сюды было дастаўлена 58 тысяч м3 адходаў. Як вядома, перад камунгасам стаіць задача распрацоўкі дакументацыі для адкрыцця новага палігона. Справа гэта значная ў фінансавым плане, запатрабуе і нямала часу.  

На ўтрамбоўванні адходаў на палігоне задзейнічаны бульдазерыст Генадзь Вярбіцкі (на здымку). Усміхаецца, выйшаўшы з кабіны сваёй далёка не новай тэхнікі. І майстар выказвае задаволенасць працай Генадзя Іосіфавіча: «Работы ў яго нямала, бо разам з навядзеннем парадку на палігоне займаецца па магчымасці і рэкультывацыяй так званых міні-палігонаў на тэрыторыі раёна.  Эксплуатацыя іх забаронена з 1-га студзеня 2015 года, а да 1-га ліпеня бягучага года трэба завяршыць з рэкультывацыяй і перадачай былых міні-палігонаў новаму ўласніку.

Але, акрамя рабочага і бульдазерыста, бачым, што на палігоне завіхаюцца і іншыя работнікі. «Гэта нашы добраахвотныя памочнікі, – тлумачыць Андрэй Смоўж, калі падыходзім да іх бліжэй. – У звычайных пакетах, якія прывозяць машыны, смецце ідзе нераздзеленым, і ў іх можна знайсці другасныя матэрыяльныя рэсурсы. Яны выбіраюць шкло, а мы закупляем яго ў іх. За дзень, бывае, забіраем да адной тоны. Калі адзін кілаграм яго каштуе 600 рублёў, то выходзіць нядрэнны заробак. Разлічваемся наяўнымі на месцы напрыканцы дня».

Мясцовая жыхарка Валянціна Окунева, якая штодзень ідзе на палігон як на працу, расказала, што  яна і яе знаёмыя  здаюць не толькі шкляныя бутэлькі, а і паперу, рыззё: «Працуем цэлы дзень. Асабліва пасля святаў шмат  работы. Гэта прыработак да маёй пенсіі».

Тэма збору другасных матэрыяльных рэсурсаў выходзіць далёка за межы палігона цвёрдых бытавых адходаў. Далучыць да яе хацелася б як мага больш жыхароў раёна. Так, у Стоўбцах з’яўляецца ўсё больш  кантэйнераў, прызначаных для раздзельнага збору цвёрдых бытавых адходаў. І на тэрыторыі сельсаветаў ужо ўстаноўлена 312 кантэйнераў. У бліжэйшы час мяркуецца закупіць яшчэ 600 кантэйнераў для раздзельнага збору адходаў (200 – для збору шкла, 150 – для  пэт-бутэлек, 250 – для цвёрдых бытавых адходаў). Кантэйнеры падпісваюцца ў адпаведнасці з іх прызначэннем.              

Акрамя таго, на Стаўбцоўшчыне працуюць тры стацыянарныя (на тэрыторыі былой воінскай часці, у Дзераўной і Наваколасаве) і адзін перасоўны пункты па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў. Пры жаданні кожны можа здаць іх напрамую на гэтыя пункты або паведаміць пра сваё жаданне ў дыспетчарскую аб’яднання камунальных службаў.

З пачатку года АКС закуплена каля 80 тон шкла і 60 тон паперы. Назапашваюцца і пэт-бутэлькі, якія сплюшчваюць з дапамогай двух прэсаў. Закупленыя другасныя рэсурсы адпраўляюцца на перапрацоўку  ў  дзяржаўнае аб’яднанне «Белрэсурсы», Слонімскі кардонна-папяровы завод «Альберцін», прадпрыемства «Экарэз», з якімі ў АКС заключаны дагаворы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ   

Наколькі вядома, сёння нарыхтоўкай і здачай другасных матэрыяльных рэсурсаў займаецца кожны працоўны і вучнёўскі калектывы. З самага дзяцінства ўкараняецца светапогляд рацыянальнага і беражлівага стаўлення да таго, што мы маем, што нас акружае і з чаго ў далейшым можна атрымаць выгаду ў якасці матэрыяльных рэсурсаў.

Найбольшыя планы даведзены аб’яднанню камунальных службаў, для якога нарыхтоўка і здача другасных матэрыяльных рэсурсаў з’яўляюцца адным з напрамкаў дзейнасці. Так, мяркуецца здаць у 2015 годзе макулатуры  422 тоны, шкла – 206 тон, пэт-бутэлек – больш за 40 тон.

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *