Далей пясочніцы

Добраўпарадкаванне Нумары

У рэдакцыю паступіла тэлефанаванне ад жыльцоў дома № 3-а па вуліцы Цэнтральнай у Стоўбцах. Іх хвалюе праблема добраўпарадкавання. На  тэрыторыі, што прылягае да дома,  адсутнічаюць тратуарныя дарожкі, хаця побач знаходзяцца школа, гандлёвы аб’ект. Пешаходам, у тым ліку мамам з калясачкамі, прыходзіцца ісці па праезджай частцы. Апошняя – вузкая, на ёй цяжка размінуцца, і з мноствам калдобінаў…

У мінулым годзе жыльцы гэтага 100-кватэрнага дома ўжо звярталіся ў аб’яднанне камунальных службаў з калектыўным пісьмом-просьбай. Але справа добраўпарадкавання іх двара, як і суседняга двара дома № 6-а, так і не зрушылася з месца.

Мы звязаліся з аб’яднаннем камунальных службаў і высветлілі, што сур’ёзных зрухаў  не плануецца і сёлета. «Гэта не ад камунальнікаў залежыць, – папярэдзіла намеснік дырэктара прадпрыемства па жыллёвай гаспадарцы Галіна Гараднік. – Са свайго боку мы не раз узнімалі гэта пытанне, прапаноўвалі яго комплекснае вырашэнне. Як і жыльцы дамоў, з задавальненнем уключылі б дваровыя тэрыторыі ў планы па добраўпарадкаванні. Аднак патэнцыяльных аб’ектаў многа, а на ўсіх іх недастаткова фінансавання. Рамантуем у першую чаргу дахі і сістэмы ацяплення ў дамах, ліквідуем  аварыйныя сітуацыі».  

Так, у бягучым годзе згодна з планам фінансавання прадугледжана выдзеліць аб’яднанню камунальных службаў 808 мільёнаў бюджэтных рублёў. Гэтыя сродкі паступова, адпаведна з графікам, асвойваюцца. Галіна Гараднік пералічвае сёлетнія аб’екты жылога фонда, у якіх вядуцца рамонтныя работы:

– У аграгарадку Заямнае па вуліцы Сонечнай, 1 ужо зроблены бягучы рамонт даху дома. Закупляюцца матэрыялы і вядзецца падрыхтоўка для ажыццяўлення такога ж рамонту даху па вуліцы Спартыўнай, 2 у Наваколасаве. У Наваколасаве, акрамя таго, вядзем замену ўнутрыдомавых сетак,  

У бягучым годзе запланаваны рамонт фасадаў па вуліцах Сацыялістычнай, 117 і 119, Багінскага, 4, а таксама замена каналізацыйных выпускаў па вуліцы Цэнтральнай, 13. У Наваколасаве працягнецца распачаты ў мінулыя гады рамонт балконаў. Так, сёлета ў дамах па вуліцы Школьнай мяркуецца аднавіць іх яшчэ 13. А ў цэлым сродкаў запатрабуюць работы па падрыхтоўцы да асенне-зімовага ацяпляльнага перыяду 2015-2016 гадоў, у прыватнасці тыя, якія звязаны з уцяпленнем трубапровадаў і цеплавузлоў.  

Добраўпарадкаванне закране дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі, але толькі тры ў нашым горадзе – па вуліцах Цэнтральнай, 17 і 2-а, Энгельса, 3. Пры гэтым варта папярэдзіць, што з улікам невялікіх памераў выдзеленай сумы чакаць нечага шыкоўнага не варта. Верагодней за ўсё, што камунальнікі проста аздобяць іх некалькімі, найбольш запатрабаванымі, элементамі. Да прыкладу, пясочніцай, каруселькай, лавачкай… Сціплымі можна назваць і бягучыя планы адносна добраўпарадкавання вуліц, тратуараў. Затое падыход да ўборкі іх, своечасовага навядзення парадку застаецца куды больш прынцыповым. І прыемна, калі ў рэдакцыю паступаюць тэлефанаванні такога кшталту, як, напрыклад, ад жыльцоў дамоў №№ 1 – 6 па вуліцы Свярдлова. Яны дзякавалі камунальнікаў, што іх вуліца напярэдадні Вялікадня ад чысціні проста заблішчэла.

Калі вярнуцца да тэмы дваровых тэрыторый, у прыватнасці па вуліцы Цэнтральнай, 3-а, то праблема, як правільна заўважаюць людзі, надзённая і не губляе сваёй актуальнасці.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 

Стоўбцам – ад лесаводаў і меліяратараў

Актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні Стоўбцаў бяруць лесаводы і меліяратары раёна.

Адзін з аб’ектаў, якія запатрабаваў да сябе грунтоўнага падыходу, – гарадское возера. Пакуль не надышоў сезон масавага адпачынку, у яго прыбярэжнай зоне высадзілася брыгада Рубяжэвіцкага лясніцтва. Яна займалася валкай і абрэзкай старых дрэў, праводзіла высечку кустоўя. Работа гэта аб’ёмная, назапашаная на працягу многіх гадоў, бо навядзеннем парадку вакол возера ў такім фармаце  – капітальным, а не бягучым – раней ніхто не займаўся.

Пра сур’ёзны размах сведчыць і прыцягненне да работ прадпрыемства меліярацыйных сістэм з яго спецыялізаванай тэхнікай. Працуе яна побач з возерам і сёння – вядзецца ачыстка меліярацыйных каналаў, выкарчоўваюцца спілаваныя дрэвы. У выніку гарадское возера набывае дастойны выгляд. Заслугу ў гэтым Стаўбцоўскага доследнага лясгаса і Стаўбцоўскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм падкрэсліла і начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Таццяна Юнцэвіч.        

Лясгас, акрамя таго, аказаў істотную дапамогу і ў добраўпарадкаванні прыбярэжнай зоны на рацэ Нёман. Работнікі адміністрацыі і Апечкаўскага лясніцтва вырэзвалі кусты лазы ў раёне чыгуначнага маста, што ідзе на Новы Свержань. Пр. 

Для вывазу адходаў

Днямі парк спецтэхнікі аб’яднання камунальных службаў папоўніўся двума новымі аўтамабілямі, прызначанымі для збору і вывазу цвёрдых бытавых адходаў.

Набытыя «смеццявозы» –  на базе аўтамабіля «МАЗ» і з бакавой загрузкай, што асабліва зручна пры цэнтралізаваным зборы адходаў. Аўтамабілі пасля рэгістрацыі ў органах ДАІ будуць курсіраваць па ўсім раёне. Як і дзеючыя на даны момант у аб’яднанні камунальных службаў 14 машын-«смеццявозаў», яны будуць абслугоўваць арганізацыі і прыватны сектар у адпаведнасці з графікам. Пр.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *