Узрадавацца Госпаду

Духоўная і гістарычная спадчына Нумары

У чацвер Светлай пасхальнай сядміцы наш горад сустракаў епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага Паўла. Уладыка ўзначаліў Бажэственную Літургію ў кафедральным саборы праведнай Ганны ў г. Стоўбцы. Урачыстасць прайшла з удзелам старшыні райвыканкама Юрыя Горлава і яго намесніка Сяргея Шэсцеля.

Уладыку саслужылі благачынны цэркваў протаіерэй Аляксандр Марцінчык, клірыкі Стаўбцоўскага благачыння.

Пасля Бажэственнай Літургіі епіскап Павел звярнуўся да прыхаджан, сардэчна павіншаваў усіх з Пасхай Гасподняй. Уладыка гаварыў аб тым, што кожнаму патрэбна сачыць за сваёй душой, назіраць за сваімі дзеяннямі – якія плады мы прыносім? Плады міру, любові, цярпення, ці плады раздражнення, гневу, зайздрасці. Калі мы тварым дабро, любім усіх, умяшчаем у сваё сэрца, не жадаем нікому зла, то становімся дзецьмі Божымі. Калі ж гневаемся, зайздросцім, ненавідзім, то робім справы ворага роду чалавечага. Сутнасць душы хрысціяніна – прыносіць сябе ў ахвяру за бліжніх сваіх. Епіскап Павел у гэтыя светлыя святочныя дні заклікаў усіх тварыць дабро, міластыню, любоў, дапамагаць бліжняму, вучыцца ахвяраваць сваім часам, сваімі амбіцыямі на карысць бліжнім сваім, і гэта ўзнагародзіцца ў сто разоў яшчэ ў гэтым зямным жыцці. Уладыка падзякаваў усім за сумесную малітву, сваё прызнанне выказаў прадстаўнікам свецкай улады за ўдзел ва ўрачыстасці.

Выхаванцы нядзельнай школы пры кафедральным саборы праведнай Ганны пад кіраўніцтвам выкладчыка Таццяны Ігумнавай падарылі епіскапу і ўсім удзельнікам святочнага богаслужэння сваё пасхальнае выступленне. Уладыка падзякаваў дзецям сардэчным словам і шакаладам. Усе ўдзельнікі святочнай урачыстасці атрымалі на малітоўную памяць іконкі праслаўленага ў ліку святых Паісія Святагорца.

Усе, каму надарылася магчымасць пабыць на архіерэйскай службе, узрадаваліся ангельскім спевам царкоўнага хору, у складзе якога ў гэты святочны дзень былі лепшыя рэгенты благачыння Святлана Родчанкава, Ганна Валерштэйн, Наталля Нікалаева.

І пасхальным звонам разносілі дабравест па горадзе царкоўныя званы. На працягу ўсёй Светлай пасхальнай сядміцы благаслаўляецца кожнаму прыходзіць і званіць. Кожны можа ўсцешыцца пірам веры.

Святлана ЖЫБУЛЬ,

фота аўтара і Васіля ЗЯНЬКО

 

Да месца памяці

Прафсаюзны камітэт філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» выступіў з ініцыятывай у раённае аб’яднанне прафсаюзаў у дзень рэспубліканскага суботніка прывесці ў належны парадак мемарыял загінуўшым ў Вялікую Айчынную вайну яўрэям – ахвярам фашызму, у лясным масіве паблізу Стоўбцаў.

Для рупціўцаў прадстаяў вялікі ўчастак работы. Патрэбна было дагледзець помнік, пафарбаваць агароджу вакол насыпу, прыбраць галлё і іншае смецце, ачысціць ад прарослай травы заасфальтаваныя  сцяжынкі.

Члены прафсаюза прыклалі нямала працы, каб да 70-годдзя Вялікай Перамогі прыбраць як належыць гэта святое месца памяці.  Пр.

 

Пасхальны перазвон

Так прыгожа была названа святочная сустрэча ў аддзяленні дзённага прабывання грамадзян пажылога ўзросту раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Сустрэча прайшла ў аўторак Светлай пасхальнай сядміцы. На яе быў запрошаны настаяцель стаўбцоўскага Свята-Уваскрэсенскага прыхода протаіерэй Віталій Шаркоў.

Айцец Віталій сардэчна павіншаваў усіх са светлым святам Уваскрэсення Хрыстовага. З прывітальным словам да прысутных звярнулася дырэктар раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Блашко.

Далей размова ішла аб хрысціянскіх традыцыях святкавання Святой Пасхі, аб сімвалах свята і іх гісторыі. Арганізатары сустрэчы паклапаціліся падрыхтаваць да віктарыны такія пытанні, каб яны цалкам акрэслілі падзеі Свяшчэннай гісторыі, звязаныя з гэтай урачыстасцю. Прысутныя маглі задаць святару пытанні, якія іх хвалююць, і атрымаць адказы, адрасаваныя ім з любоўю.

Мастацкі калектыў Наваколасаўскага дома культуры «Світанак» пад кіраўніцтвам  Людмілы Сінькевіч пастараўся стварыць прысутным сапраўды святочны настрой. Яны маглі паспяваць велікодныя песні, паўдзельнічаць у гульнявой праграме. Інтэр’ер удала дапаўняла выстава работ дэкаратыўна-прыкладной творчасці гурткоў, якія працуюць пры гэтым аддзяленні. Выстава экспанавалася ў цэнтральнай  раённай бібліятэцы, а перад святам вярнулася ў цэнтр. Тры мастацкія работы прымуць удзел у выставе, якая адкрываецца ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна і прымяркоўваецца да 70-годдзя Вялікай Перамогі.                Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

 

Душу вылечыць дабрыня

Вось і дачакаліся мы гэтага дарагога кожнаму сэрцу веруючага свята. Усе рыхтаваліся да Вялікадня: ачышчалі хаты, двары, кветнікі. Але ж у першую чаргу стараліся ачысціць свае сэрцы і душы. Людзі прыходзілі ў Царкву маліцца, сабаравацца, прычашчацца. Некаторыя вернікі сабраліся ў паломніцкія паездкі, ад якіх засталіся незабыўныя ўражанні.

Асабліва важна ў гэтыя светлыя пасхальныя дні аказваць дапамогу абяздоленым, бо такім чынам належыць нам выканаць Закон Хрыста. Прыкладаў таму можна прывесці шмат, але я раскажу аб выпадку падчас паездкі вернікаў у Дзівеева. Адна з жанчын пасля акунання ў купелі са святой крыніцай заўважыла, што ў яе прапаў кашалёк. Гэтыя расійскія грошы ёй далі знаёмыя з просьбай купіць пасцельную бялізну.

Мы ўсе таксама былі засмучаны. Айцец Віталій, які суправаджаў нас, прапанаваў паломнікам дапамагчы чалавеку. Хто сколькі змог даў, сабралі грошы, і ў выніку ўсё страчанае было вернута. Вярнуліся не толькі грошы, вярнулася да ўсіх тое душэўнае цяпло, радасць жыцця, якую дае Божая благадаць. І мы шчаслівыя вярнуліся дамоў.

Я магла б доўга расказваць пра сілу малітвы, але зноў прывяду адзін просты прыклад. У аднаго свяшчэнніка студэнты папрасілі адкрыць дзверы ў свой пакой, бо згубілі ключ. Яны і раней прыходзілі да яго за дапамогай, таму што замок той ён адкрываў і сваім ключом. Але тут не атрымалася.  І раптам ён сказаў: «Гэта я вінаваты. Забыў папрасіць благаславення ў Госпада». Адышоў у бок і ціхенька памаліўся. І  дзверы адразу адчыніліся.

Прыклад і сімвалічны – малітвай можна адкрыць дзверы ў, здавалася б, недасягальнае. Пра гэта я прачытала ў адной з кніг. Дарэчы, і пра літаратуру. У фонд раённай бібліятэкі паступіла шмат тэматычнай літаратуры, якая, вядома, будзе запатрабавана чытачамі. Гэта, перш за ўсё, грунтоўныя альманахі выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя»: «Праваслаўныя храмы Беларусі» і «Каталіцкія храмы Беларусі». А таксама «Біблія для дзяцей», «Поўны каляндар праваслаўных святаў», «Нацыянальны структуарый Маці Божай Будслаўскай», «Цудатворныя іконы» і іншыя.

Бібліятэкары аформілі тэматычную выставу «Душу вылечыць дабрыня». Гэтым выслоўем шмат чаго  сказана.

Аляксандра БІБІКАВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *