Справа стала сваёю

Нумары Прадпрымальніцтва

Мы з інтарэсам прымаем прапанову начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне  райвыканкама Наталлі Лапко праехаць па тых адрасах індывідуальных прадпрымальнікаў, якія распачалі сваю справу, уласны бізнес з фінансавай падтрымкай службы занятасці.

Па дарозе намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне  райвыканкама Марыя Афанасенка паспявае нам расказаць, што за тры апошнія гады 26 жыхароў раёна атрымалі фінансавую падтрымку службы занятасці і адкрылі сваю ўласную справу ў сферы рознічнага гандлю, аказання розных паслуг насельніцтву, агратурызму. Тэндыцыя апошніх гадоў такая, што ў раёне павялічваецца колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца аказаннем будаўнічых, цырульніцкіх  паслуг, у перавозцы грузаў і пасажыраў. Фінансавую субсідыю пачынаючыя бізнесмены накіроўваюць на набыццё інструментаў, прыстасаванняў, абсталявання, матэрыялаў, неабходных для арганізацыі бізнесу. Каб павысіць тэарэтычную падрыхтоўку беспрацоўных, жадаючых адкрыць сваю справу, служба занятасці за кошт сродкаў фонду сацыяльнай абароны насельніцтва накіроўвае іх на курсы «Прадпрымальніцкая дзейнасць», дзе будучыя прадпрымальнікі атрымліваюць веды аб падатковым, фінансавым, працоўным заканадаўствах, распрацоўваюць бізнес-план дзейнасці, якую мяркуюць пачаць.

Антаніна Максімовіч ажыццяўляе прадпрымальніцкую дзейнасць з 2007 года. За гэты час яе прыватны магазін «Алеся» стаў для многіх стаўбчан любімым, яны прызвычаіліся рабіць тут пакупкі, прыязна ўспрымаюць прыветнасць, гасціннасць гаспадароў магазіна і прадаўца. Антаніна Іосіфаўна з удзячнасцю ацаніла дзяржаўную падтрымку, аказаную ёй на старце яе дзейнасці, і вяртае дзяржаве свае даўгі за бязвыплатную субсідыю якасным аказаннем гандлёвых паслуг, своечасовым і поўным адлічэннем падаткаў у бюджэт, за гэтыя сем гадоў яны склалі важкую суму.

Вельмі важны ўчастак для нашага райцэнтра і раёна наогул арганізавала Ірына Пяткевіч. Прафесійны майстар швейнай справы, якая доўгія гады аддавала сваё прафесіянальнае майстэрства абутковай фабрыцы «Марко», швейнай фабрыцы «Знамя индустриализма» ў Віцебску, філіялу Дзяржынскай швейнай фабрыкі «Эліз» у Стоўбцах, «саспела» для таго, каб адкрыць сваю справу. Яна скарыстала падтрымку службы занятасці, за выдаткаваную субсідыю купіла швейныя машыны, прайшла навучанне на курсах для індывідуальных прадпрымальнікаў  і стала аказваць паслугі па рамонце адзення, завужванні і пашырэнні галянішчаў, рамонце сумак, партфеляў.  Так што дзякуючы ёй, паношаныя рэчы, якія каштуюць нятанна, могуць яшчэ паслужыць іх карыстальнікам. Яе майстэрня знаходзіцца ў цокальным этажы будынку фірмы «Гном» на прывакзальнай плошчы.

Сяргей Лісімаў з Драздоў мае залатыя рукі, унаследаваў ад свайго бацькі, таксама адмысловага будаўніка, уменні. Сям’я гэта пераехала да нас на Стаўбцоўшчыну з Чарнобыльскай зоны пасля аварыі на АЭС. Сяргей Мікалаевіч мае спецыяльнасць інжынера-энергетыка пасля заканчэння тэхнікума, а потым – універсітэта. Па гэтай спецыяльнасці ён мае вопыт работы. Аднак жаданне адкрыць сваю справу пераважыла, і ён звярнуўся ў службу занятасці пасадзейнічаць яму стаць індывідуальным прадпрымальнікам. Прайшоў навучанне на курсах, за выдзеленую субсідыю набыў бетонамяшалку, будаўнічыя рыштаванні і яшчэ тое-сёе з абсталявання. Пачынаючы сваю справу, ён меў ужо практычны вопыт работы ў будаўніцтве. Майстру-прафесіяналу падуладныя любыя работы – ад закладкі падмурка да здачы дома пад ключ, а таксама добраўпарадкаванне тэрыторыі ў сучасным дызайне.

Людзі, якія адкрылі сваю справу пры садзейнічанні дзяржаўнай службы занятасці, рэальна адчулі падтрымку дзяржавы. Аб гэтым расказвае і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Лапко:

–        Аказанне фінансавай падтрымкі беспрацоўным грамадзянам для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці са сродкаў бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь рэгламентуецца пастановай Савета Міністраў. Субсідыя –  гэта аднаразовая бязвыплатная дзяржаўная грашовая дапамога, якая прадастаўляецца беспрацоўнаму для частковай кампенсацыі яго фінансавых расходаў па арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. Памер субсідыі складае на сучасны момант 11-разовую велічыню памеру бюджэту пражытачнага мінімуму – 15,7 мільёна рублёў, а пры арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці ў сельскай мясцовасці – 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму – 21 мільён рублёў. Субсідыя выкарыстоўваецца на набыццё абсталявання, інструментаў, машын і механізмаў, сыравіны, матэрыялаў, аплату паслуг і на іншыя мэты, звязаныя з арганізацыяй прадпрымальніцкай дзейнасці. Служба занятасці аказвае таксама метадычнае забеспячэнне – інфармаванне, кансультаванне беспрацоўных аб парадку і ўмовах арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, накіроўвае на прафесіянальнае навучанне, аказвае дапамогу ў падрыхтоўцы неабходных дакументаў. Прыярытэтнае права на атрыманне такой падтрымкі аддаецца тым беспрацоўным, хто ў сувязі з абстаноўкай на рынку працы не мае магчымасці атрымаць адпаведную работу і арганізуе найбольш значныя для рэгіёна віды прадпрымальніцкай дзейнасці. Беспрацоўны, які атрымаў фінансавую падтрымку, абавязаны на працягу трох месяцаў з моманту рэгістрацыі прадаставіць дакументы, якія пацвярджаюць мэтавае выкарыстанне выдзеленай субсідыі, а таксама ў абавязковым парадку плаціць  падаткі. Пры парушэнні гэтых умоў атрыманыя грашовыя сродкі належаць звароту і аплачваецца штраф.

Дзяржаўнай праграмай садзейнічання занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2015 год прадугледжана для нашага раёна аказанне падтрымкі ў арганізацыі свайго бізнесу пяці чалавекам, на гэтыя мэты запланавана выдзеліць 96 мільёнаў рублёў.

Святлана ЖЫБУЛЬ,

фота Васіля ЗЯНЬКО

На здымках: майстар па рамонце адзення Ірына Пяткевіч.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *