Кропля крыві, пранізаная промнямі

Нумары Соцыум

1986 год, калі здарыўся выбух на Чарнобыльскай атамнай станцыі, для Станіслава Янкоўскага надзвычай памятны – у гэтым годзе ў яго нарадзілася дачка Вольга… Кожны год, калі адзначаюць у сям’і яе дзень нараджэння, міжволі ўспамінаюць і Чарнобыль, бо бацьку амаль адразу пасля аварыі накіравалі на ліквідацыю яе наступстваў…

Станіслаў Янкоўскі, ураджэнец Гуменаўшчыны, працуе вадзіцелем грузавога аўтамабіля у аўтапарку № 17 усё жыццё. Амаль паўвека мінула, як ён закончыў аўташколу, адслужыў у арміі (дарэчы, таксама вадзіцелем) і прыйшоў працаўладкоўвацца ў аўтабазу (раней так называўся аўтапарк). І сёння працягвае круціць руль, ужо будучы на пенсіі. Вывозіць у гаспадарках арганіку, працуе на аб’ектах дарожнікаў і будаўнікоў. Яго МАЗ-«дваццацітоннік» таксама, як і вадзіцель, немалады. Служыць дзевяць гадоў і ў аўтапарку ён адзін са старэйшых аўтамабіляў. Тым не менш, з радасцю «бяжыць» у дарогу, абы толькі былі аб’ёмы работ. Тэхніка свайго гаспадара не падводзіць, у чым, напэўна, ёсць заслуга яго ўмелых рук і акуратнасці.

– Машыну падтрымлівае ў спраўным стане. Вадзіцель першага класа. Адказны і абавязковы, у калектыве ён з’яўляецца прыкладам для моладзі, – выказаўся пра Станіслава Адольфавіча галоўны інжынер прадпрыемства Іван Каратыш.

Вось і тады, напрыканцы красавіка 1986-га, ён не стаў адмаўляцца ад камандзіроўкі ў забруджаную зону. «Трэба – значыць, паеду».                        

– Нас накіравалі траіх, яшчэ Аляксандра Паўлоўскага (светлай памяці) і Мікалая Маза (ён працуе цяпер у дарожнай арганізацыі). Мы былі першымі, пасля нас вахту падхапіла другая «тройка» вадзіцеляў аўтапарка, – расказвае Станіслаў Янкоўскі.

Ім гаварылі, што камандзіроўка прыкладна на месяц, але яна расцягнулася на паўтара… Адразу ліквідатараў накіравалі на Магілёўшчыну, у Краснаполле. Потым яны працавалі ў розных населеных пунктах, пераважна сельскіх, на мяжы з 30-кіламетровай зонай.

– Дзе выявяць ачаг з моцным забруджанннем, туды і нас адпраўляюць. Вывозілі той грунт на захараненне. Падвозілі пясок, асфальт, – успамінае Станіслаў Янкоўскі. – Завіхаліся ўвесь светлавы дзень і роўна столькі, колькі трэба было, бо рэйсы за пяском нярэдка бывалі нават у Расію, у Пскоў, за 100 кіламетраў.  У мяне тады быў МАЗ-дзесяцітоннік. Настрой увогуле быў нармальны, рабочы, але маральна прыходзілася няпроста… Сярод мясцовых жыхароў назіралася паніка. Хто кідаўся ў бутэльку, хто ўцякаў з гэтых мясцін, бо дазіметр зашкальваў… Былі і такія, хто не верыў у радыяцыю і працягваў жыць па-ранейшаму. Яны рыбачылі (недалёка ж Прыпяць), частавалі і нас сушанай рыбкай. Што мы ведалі тады аб небяспецы радыяцыі?.. 

Пра ўдзел у чарнобыльскай эпапеі Станіславу Янкоўскаму нагадвае Знак «Удзельніку ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС», уручаны яму пасля вяртання з камандзіроўкі. Насіць узнагароду ён не ахвотнік, але калі-небудзь і пакруціць яе ў сваіх далонях, падкіне ў руцэ, каб адчуць вагу… «Яна зроблена як медаль, у форме крыжа. У цэнтры яго –кропля крыві, пранізаная промнямі», – стараецца перадаць яе асаблівасці мой субяседнік.

Сімвалічныя залацістыя промні ў цэнтры крыжа – не што іншае, як альфа, бэта і гама-промні, здольныя запусціць нябачны працэс атручвання крыві радыяцыяй. Адпаведна, людзі, якія зведалі на сабе крыж Чарнобыля, якія, ахвяруючы сваім здароўем, рабілі ўсё, каб радыяцыйны попел не распаўсюджваўся далей, вартыя грамадскай павагі і ўдзячнасці. Мы павінны помніць іх подзвіг, здзейснены ў мірны час. 

– Маё здароўе быццам нічога, – удакладняе Станіслаў Янкоўскі. – З бальніцы кожны год выклікаюць на медыцынскі агляд. Праўда, я не люблю хадзіць па дактарах. Гэта не вельмі добра, але іду да іх тады, калі прыцісне… Люблю працаваць. Дзеці ўжо дарослыя, а ўсё роўна хочацца іх падтрымаць.

Набірае сілу вясна, таму і ў дамашняй гаспадарцы ў Станіслава Адольфавіча турбот значна пабольшала. Жонка папрасіла ўскапаць градкі, плот вакол дома трэба паправіць. Дзякуй Богу за звычайныя чалавечыя клопаты…    

…А дачка Вольга, якая нарадзілася ў сям’і Янкоўскіх у год Чарнобыля, непрыкметна для бацькоў вырасла і звязала сваё жыццё з медыцынай. Працуе яна ў раённай бальніцы лабарантам. Сапраўды, яе прафесійны выбар глыбока сімвалічны: кропля крыві, узятая ў чалавека для даследавання, урэшце рэшт павінна быць чыстай і здаровай.       

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *