Пасяўная кампанія на кантролі

Нумары У Камітэце дзяржкантролю

Камітэт дзяржкантролю Мінскай вобласці правёў маніторынг правядзення вясенняй палявой кампаніі ў сельгасарганізацыях Мінскай вобласці ў 2015 годзе. У ходзе кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў устаноўлена, што ў некаторых сельскагаспадарчых арганізацыях вобласці сяўба збожжавых культур вялася на непадрыхтаваных плошчах. Напрыклад, на 01.04.2015 г. ААТ «Купала-Агра» Маладзечанскага раёна ва ўрочышчы «Кліманты» няякасна правяло перадпасяўную апрацоўку глебы. У выніку – большая частка пасяўнога матэрыялу не закрыта ў глебу (14 га) і ляжыць на паверхні. Выяўлены факты шматлікіх астаткаў пачаткаў кукурузы ўраджаю 2014 года – гэта сведчыць аб няякаснай уборцы і безгаспадарчасці пры правядзенні палявых работ. Трэба адзначыць, што на асобных палях пасля ўзворвання засталася вялікая колькасць камянёў, а таксама пажніўных астаткаў і дзірвану шматгадовых траў. Такія факты адзначаны ў ААТ «Крупскі райаграсэрвіс», ААТ «Кляновічы» Крупскага раёна, ААТ «Усход» Маладзечанскага раёна і інш. Няякасная закладка насення ўстаноўлена ў 40% сельгасарганізацый, у якіх праводзіўся маніторынг (КСУП «Відзеўшчына» Маладзечанскага раёна, ААТ «Халопенічы», ААТ «Старасельскае», «Майскае-Агра», «Кляновічы» Крупскага раёна, РСУП «Пятровічы» Смалявіцкага раёна).

Факты сяўбы яравых культур без унясення фосфарных угнаенняў адзначаны ў 33% сельгасарганізацый, якія маніторыліся, без унясення азотных угнаенняў – у 20%. Такія факты існуюць у Чэрвеньскім раёне, Вілейскім раёне, у ААТ «Новая Любанія», ТАА «Нарачанская Ніва». Асноўнай прычынай павольных тэмпаў вясенніх палявых работ, што таксама нясе за сабою дадатковыя затраты на аплату работ прыцягнутай сельскагаспадарчай тэхнікі з іншых арганізацый.

У ААТ «Запольскае» на момант маніторынга (07.04.2015) знаходзілася на рамонце 6 трактароў, 4 сеялкі, у сувязі з чым сяўбу праводзілі толькі адным пасяўным агрэгатам. У ААТ «Родник Игуменщины» сяўба праводзілася таксама адным пасяўным агрэгатам (другі – на рамонце). Адсутнасць фінансавых сродкаў не дазваляе аператыўна завяршыць гэтыя работы, а таксама правесці тэхагляд 20 трактароў (100% ад наяўнасці).

У ААТ «Халопенічы» на момант маніторынга (08.04.2015 г.) на мехдвары у вёсцы Халопенічы знаходзіліся тры плугі «РАБЭ» і два ППО8-40, адзін з якіх нават не зняты з калодак. У гэтай жа гаспадарцы на мехдвары ў вёсцы Слабада знаходзяцца плугі ППО8-40, якія не задзейнічаны ў палявых работах з-за адсутнасці неабходнай колькасці трактароў.

Аб выяўленых недахопах для прыняцця мер рэагавання прафінфармаваны мясцовыя органы ўлады.

Кантроль за правядзеннем пасяўной прадаўжаецца. С. МАЦУКА, начальнік упраўлення кантролю за работай аграпрамысловага і прыродаахоўнага комплексу

 

Патрэбны ўважлівасць і асцярожнасць

Звяртаюся да кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак з просьбай аб неадкладным правядзенні  інструктажоў па тэхніцы бяспекі пры рабоце з сельскагаспадарчымі машынамі і абсталяваннем. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на неабходнасць поўнага спынення агрэгата і глушэння рухавіка пры рамонтных і рэгуліровачных работах, а таксама на выкарыстанне спецадзення. Варта забяспечыць 100-працэнтны прыборны кантроль фізічнага стану вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў перад выездам на лінію, ажыццяўляць кантроль на працягу змены і пры вяртанні ў гараж.

У многіх арганізацыях раёна маюцца трактары і бульбасаджалкі, бульбакапалкі для абслугоўвання ўчасткаў, выдзеленых работнікам гэтых арганізацый. Механізатары працуюць з падобнымі агрэгатамі некалькі дзён у годзе, таму відавочна недастатковасць вопыту. У сувязі з гэтым неабходна распрацаваць і зацвердзіць інструкцыі для пэўных відаў работ, азнаёміць з імі работнікаў пад роспіс і правесці навучанне бяспечным прыёмам працы. Нельга дапускаць падчас вытворчасці работ на машынах з агрэгатамі знаходжанне падсобных рабочых.

У жыхароў раёна таксама ёсць у асабістай уласнасці трактары, аўтамабілі і сельгасмашыны. Да моманту пачатку работ усе яны павінны быць спраўнымі, з пройдзеным тэхаглядам. Неабходна захоўваць максімальную асцярожнасць пры выкананні работ на асабістых прысядзібных участках. У зоне работы сельгасмашын не павінна быць пабочных  асоб, нельга набліжацца да машын падчас іх руху.

Віктар ФІЛІПОВІЧ, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне  райвыканкама

 

Усё тыя ж скруткі…

Парушэнне правілаў эксплуатацыі электрычнай праводкі і электраабсталявання можа прывесці да пажару. Пра гэта нельга забываць і на вытворчасці, і ў быце.

Пацвярджэннем служаць сем пажараў, зарэгістраваных раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях у мінулым годзе. У Гнецьках успыхнуў дом і гаспадарчыя пабудовы пасля таго, як адбылося кароткае замыканне электраправодкі. У Новай Вёсцы загарэўся жылы дом, дзе ў калодках электрычнага лічыльніка быў дрэнны кантакт. 22 мая ў Налібаках з-за нездавальняючага тэхнічнага стану электраправодкі пацярпела летняя кухня. У Стоўбцах адбылося ўзгаранне гаража. Прычына – кароткае замыканне ў асвятляльнай лямпе.   

Грубыя парушэнні выяўлены і пры абследаванні некаторых машынна-трактарных паркаў гаспадарак. У слясарным памяшканні майстэрні ААТ «Каганец» эксплуатуецца зношаная электраправодка, сустракаюцца скруткі на правадах зварачнай устаноўкі. У ААТ «Рубяжэвічы» не патурбаваліся пра зазямленне корпуса зварачнай устаноўкі. У ААТ «Рочавічы» – усё тыя ж злашчасныя скруткі.

У адносінах да названых сельгаспрадпрыемстваў, і не толькі іх, характэрны агульны недахоп – не праводзяцца электрафізічныя вымярэнні электраправодкі. Часта пры абследаванні прыходзіцца нагадваць пра адсутнасць электраахоўных сродкаў і надпісаў на размеркавальных устройствах… Для ўхілення гэтых і іншых парушэнняў выдаюцца прадпісанні.       Аляксандр АЛЯШКЕВІЧ, інспектар Стаўбцоўскага міжраённага аддзялення «Энерганагляд»  

 

Сем адзінак зброі

Жыхарамі раёна ў добраахвотным парадку здадзены сем адзінак незарэгістраванай зброі, з іх тры – наразной, а таксама 66 боепрыпасаў.

Такія вынікі спецыяльных комплексных мерапрыемстваў «Арсенал», якія прайшлі напрыканцы сакавіка.

– Усе гэтыя грамадзяне, як і прадугледжвалася ўмовамі «Арсенала», вызвалены ад крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, – падкрэсліў інспектар па дазвольнай рабоце райаддзела міліцыі Аляксандр Пархімовіч і патлумачыў, што падобныя мерапрыемствы служаць «раззбраенню» ад незаконна захоўваемых зброі, боепрыпасаў, выбуховых прыстасаванняў і рэчываў, папярэджваюць злачынствы з прымяненнем зброі.

Па пытаннях, звязаных з рэгістрацыяй зброі і яе захоўваннем можна звяртацца па тэл. 5-14-88 або ў райаддзел міліцыі ў прыёмныя дні: серада і пятніца – з 08.00 да 13.00, аўторак і чацвер – з 15.00 да 20.00, субота – з 09.00 да 13.00. Пр.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *